сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна КАВАЛЁВА, музычны кіраўнік ясляў-сада № 526 Мінска. Вера ЧАМРУКОВА, музычны кіраўнік ясляў-сада № 498 Мінска. часопіс Пралеска

8 Сакавіка

Сцэнарый свята для дзяцей старэйшай групы

Гучыць музыка (грамзапіс). Дзеці заходзяць у залу, зручна рассаджваюцца і пачынаюць рыхтаваць падарункі для матуль. Як быццам незнарок у залу ўваходзіць вядучая.

Вядучая. Цікава паглядзець, што тут адбываецца, я пастаю, паназіраю.

Дзеці спяваюць песню "Сёння свята нашых мам" Р. Пукста.


Дзеці. Мы сёння будзем віншаваць нашых мам і бабулек са святам.
Вядучая. Добры дзень, мае даражэнькія! А чым гэта вы тут займаецеся?
Дзеці. Мы рыхтуемся да свята мам і бабуль. Робім для іх падарункі. Вось бачыце, якія?
Дзеці (па чарзе). Я малюю, а я вышываю...

Дзяўчынка.
А я прачнуся рана,
Калі яшчэ ўсе спяць,
Каб роднай, мілай маме
Пралесачак нарваць.
Першы хлопчык.
I я нарву пралесак
I песеньку сваю
Прыгожай самай, самай
Я мамачцы спяю.
Другі хлопчык.
Спяю пра сіні ранак,
Пра сонца і расу.
Маёй любімай маме
Пралескі прынясу.

Вядучая. Ну, тады збірайцеся хутчэй, мае даражэнькія.
Дзеці.
Праўда, праўда, не ўтрываць,
Пойдзем кветачкі шукаць.
Вядучая.
А вось вам у дарогу
I хлеба акрайчык,
I дудка-весялуха.
Да пабачэння, дзеткі!

Пад музыку дзеці ідуць па зале, прыходзяць на "лясную палянку".

Вядучая.
I ад роднага парога
У свет іх вывела дарога.
Вось ідуць яны паволі
Сцежкай, што віецца ў полі,
Раптам каля ручайка
Дзеці ўбачылі шпака,

Дзеці спяваюць песню "Прыляцелі шпакі", муз. П. Падкавырава.
Некалькі дзяцей выконваюць танец шпакоў.


Дзеці.
Даражэнькія шпакі,
Адкажыце, калі ласка,
Ці прачнуліся на ўзгорку
Яснавокія пралескі?
Шпакі.
Засумавалі кветачкі,
Засумавалі нездарма.
Хмарка неба засланіла,
Сонейка тры дні няма.
Трэба сонейка знайсці —
Кветачкам дапамагчы.
Дзеці.
А ці не можаш ты сказаць,
Дзе нам сонейка шукаць?
Шпак.
Вось Сарока тут стракоча недалёка,
А яна заўсёды рада
Усім даваць свае парады.

Некалькі дзяцей прыселі пад елачку, а ўсе астатнія пачынаюць гульню "Сарока".

Дзеці (ідуць па кругу).
Чэ, чэ, чэ, Сарока!
А дзе была?
Сарока. Далёка!
Дзеці.
На прыпечку сядзела,
Далёка глядзела,
Кашку варыла,
Дзетак карміла.
Сарока.
Гэтаму дала, (4 разы)
А гэтаму не дала.
Ён па ваду не хадзіў,
Цеста не мясіў.
Селі, паелі, (дзеці прыселі)
Крыху пасядзелі,
Шух, шух, шух —
Паляцелі!
Сарока падлятае да дзяцей.
А куды вы, дзіцяняткі,
Ідзяце адны, без маткі?
Дзеці.
Мы ідзём па белым свеце —
Сонейка тры дні не свеціць,
Ці не можаш падказаць,
Дзе яго нам адшукаць?
Сарока.
Пакуль сонца не відно,
Я не знаю, дзе яно.
Можа, ў Вожыка спытаць,
Дзе яго вам адшукаць?

Выходзіць Вожык, іграючы на дудцы.

Дзеці.
Да цябе прыйшлі здалёку,
Ці не можаш ты сказаць,
Дзе нам сонейка шукаць?
Вожык.
За гарой
Вечаровай парой,
Дзе абрыў навіс круты,
Ходзіць месяц залаты.
Ён бывае ў той старонцы,
Дзе шукаць вам трэба сонца.

Выходзіць Месяц.

Месяц.
Вы паспелі ў самы раз.
Той знаходзіць, хто шукае;
Сонца ў хмарках спачывае.

Месяц запрашае ўсіх у карагод і вядзе змейкаю па зале. Выходзіць Сонейка. Выбягаюць дзяўчынкі-хмаркі. Яны спачатку калышуць Сонейка, потым накрываюць яго і садзяцца вакол.

Дзеці.
Сонца-сонейка, уставай
I цяпло-святло нам дай.
Каб сягоння на узлеску
Распусціліся пралескі.
Моцна Сонейка заснула.
Як яго нам разбудзіць?
Трэба ветра папрасіць!

Усе дзеці пачынаюць дзьмухаць. Хмаркі разбягаюцца, але Сонейка не прачынаецца. Каб разбудзіць Сонейка, дзеці вырашаюць сыграць на музычных інструментах. Гучыць музыка.

Сонейка.
Хто іграе пад акном?
Хто грукоча тут кійком?
Дзеці.
Сонца-сонейка, уставай
I цяпло-святло нам дай.
Каб сягоння на узлеску
Распусціліся пралескі.
Сонца.
Хмарка чорная хавала
Ад усіх мяне тры дні,
I гайдала, і люляла,
I казала: "Спі, засні".
Спаць мне хочацца яшчэ,
Як жа сон сагнаць з вачэй?
Вядучая.
Трэба Сонейка памыць,
Кожны знае, што-рабіць.

Дзеці "мыюць" і ўпрыгожваюць Сонейка.

Вядучая.
Сонца весела смяецца,
Сталі ўсе на Сонцы грэцца...
Сонца.
Зноў па вызваленых нівах,
Па лугах, лясах шумлівых
Лёгкай я іду хадою,
Абуджаю ўсё жывое.
Траўку з глебы выпускаю,
Ліст бярозы распускаю.
Дзе ні йду я — гляньце, дзеткі! —
Распускаюцца пралескі!

Дзяўчынкі выконваюць танец "Пралескі і сонейка".

Вядучая.
Зялёныя елачкі
Спалі на узлеску.
А сваю галоўку
Узняла пралеска.
Тоненькую ножку
3-пад пярынкі белай
На зямлю пралеска
Ставіла нясмела.
Сонца.
Зорачка лясная,
3 новым нараджэннем
Я цябе вітаю.
Вядучая.
I, пачуўшы гэта,
Дзеці закрычалі.
Дзеці.
Мы цябе, пралеска, усю зіму чакалі!

Выбягаюць усе дзеці і спяваюць песню "Пралескі" Л. Мурашкі.

Першае дзіця.
Маю маму, добрую такую,
Я са святам слаўным павіншую.
I так шчыра, моцна пацалую.
I прамоўлю ласкавае слоўца —
Мамачка засвеціцца, як сонца.
Другое дзіця.
Не пайду гуляць я сёння —
Бабка хворая мая.
Ёй ніхто на белым свеце
Не паможа лепш, чым я.
У дзень свята веснавога,
Каб ёй стала найляпшэй,
Я кажу ад сэрца шчыра:
Папраўляйся найхутчэй.

Дзеці ўручаюць матулям і бабулям свае падарункі. Пасля выконваюць танец па выбару ці заканчваюць свята музычнай гульнёй.



Яшчэ на гэту тэму:

Свята мам     «Святое матулі імя...»