сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зоя ШЧУПЛЯКОВА — настаўніца СШ № 1 п. Дружны Пухавіцкага раёна. Роднае слова 2/2006

“Ад чаго пасівеў ты, бусел?..”

Вечарына, прымеркаваная да 20-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы

На сцэне вядучыя і вучань-чытальнік.
Гучыць сумная мелодыя.

1-ы вядучы. Чарнобыль...
2-і вядучы. Чорнае слова, як чорнае сонца, бязлітасна ўскацілася на беларускі небасхіл.
1-ы вядучы. Яно, нібы чорнае зацьменне, усё пачарніла - і зялёную траву, і празрыстую ваду, і блакітнае неба.
2-і вядучы.
Склон назоўны.
Што за слова,
якое дваццаць гадоў назад,
26 красавіка 1986 года,
уварвалася
ў кожны наш дом?
Вучань. Бяда.
1-ы вядучы.
Склон родны.
Як добра,
каб,
пачынаючы з 26 красавіка 1986 года,
ніколі больш не было —
чаго?
Вучань. Бяды.
2-і вядучы.
Склон давальны.
Чаму ты даў
сваё блаславенне,
26 дзень красавіка 1986 года?
Вучань. Бядзе.
1-ы вядучы.
Склон вінавальны.
Што мы бачым перад сабой,
калі адгортваем у календары
26 лісток красавіка?
Вучань. Бяду.
2-і вядучы.
Склон творны.
Чым не радуе нас
26 красавіка 1986 года?
Вучань. Бядой.
1-ы вядучы.
Склон месны.
Аб чым гаворым мы
вось ужо дваццаць гадоў,
калі ўспамінаем 26 красавіка 1986 года?
Вучань. Аб бядзе.
2-і вядучы.
А цяпер па парадку Усе паўторым спачатку:
Бяда,
Бяды,
Бядзе,
Бяду,
Бядой,
Аб бядзе.
1-ы вядучы.
Куды яна вядзе?
І што за ёй,
бядой,
ідзе?

Анатоль Зэкаў. Урок скланення чарнобыльскай бяды.

Вучань пакідае сцэну. Вядучы цытуе ўрывак з аповесці “Эвакуацыя” Ніны Рыбік.
1-ы вядучы. “Світанак выспеў у росную звонкую раніцу. Сонца ўжо далёка адарвалася ад вершалін дрэў і забаўлялася, запальваючы рознакаляровыя ліхтарыкі ў трапяткіх кропельках, што блішчалі на маладым мурагу. Дзень абяцаў быць пагодлівым, як і ўчарашні...”
2-і вядучы. Гэтыя словы прысвечаныя вёсцы Уласы Хойніцкага раёна, цяпер нябожчыцы, і яе жыхарам, раскіданым па свеце чорным ветрам Чарнобыля.
Мелодыя ўзмацняецца, а потым гучыць прыглушана.
1-ы вядучы. 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны 58 секунд пачалася серыя выбухаў, што разбурыла рэактар і будынак 4-га энергаблока ЧАЭС.
2-і вядучы. У момант аварыі на ЧАЭС працавалі 176 чалавек. Яшчэ 300 чалавек начной змены былі заняты на будаўніцтве наступнай чаргі АЭС на адлегласці 1 км.
Уключаецца запіс гучання званоў. Вядучыя саступаюць месца чытальнікам. Верш “26 красавіка 1986 года” Анатоля Зэкава гучыць на фоне сумнай мелодыі.
1-ы чытальнік.
Звычайны дзень,
ці ж вінаваты
хоць на імгненне ён у тым,
што стаў аднойчы чорнай датай,
каб ёй застацца назаўжды?
2-і чытальнік.
А самі ж мы ці вінаваты,
што мусім жыць у краі тым,
дзе выбухнуў бядой рэактар,
ўказаўшы шлях нам на клады?
1-ы чытальнік.
Ці ж вінаваты ў тым бабулькі
і пасівелыя дзяды,
якім не возяць дочкі ўнукаў —
каб толькі далей ад бяды!
2-і чытальнік.
А хіба ж вінаваты дзеці,
што, не адведаўшы жыцця,
ужо зірнулі ў вочы смерці -
о, як ім многае няўцям!
1-ы чытальнік.
А мой сусед
ці ж вінаваты
у той трагедыі, скажы,
што з імем грозным - ліквідатар,
нібы з кляймом,
павінен жыць?
2-і чытальнік.
Ці ж вінаваты лес і рэчка,
ці птушкі, рыбы і звяры
у тым,
што розум чалавечы
бяды бяздумна натварыў?
1-ы чытальнік.
Даруйце ўсе,
каго я згадваў...
Мо запытаць хіба ў вятроў:
няўжо ніхто не вінаваты,
ніхто ні ў чым?
Няўжо ніхто?

Музыка змаўкае.
1-ы вядучы. Падзеям чарнобыльскай трагедыі прысвечана кніга - “Прайсці праз зону”.
2-і вядучы. Аўтары кнігі неаднаразова пабывалі ў зоне адчужэння.
1-ы вядучы. Наша вечарына яшчэ раз нагадае вам пра трагічныя старонкі чарнобыльскай бяды.
Гучыць запіс арганнай музыкі, урачыстай, жалобнай.
3-і чытальнік.
Агонь, радыяцыя люта звярэлі,
Кіпелі графіт і смала,
Не грэшнікі, слаўныя хлопцы гарэлі...
І зона маўчання была.
Адлік пачынаўся нязнанае эры
Змагання жыцця з небыццём.
І грукаўся, грукаўся кожнаму ў дзверы
Чацвёртага блока разлом.
Скакалі і ў Швецыі стрэлкі прыбораў,
Еўропу трывога гняла.
Зашкальвала ўсё чалавечае гора...
І зона маўчання была.
4-ы чытальнік.
Пляваўся атрутнаю параю кратэр,
Злавесныя хмары плылі.
А людзі ў Нароўлі да майскага свята
Двары, тратуары мялі.
У вёсках гароды рабілі жанчыны,
Чаромха буяла, цвіла...
Кацілі ад Кіева прэч лімузіны...
І зона маўчання была.
Сяргей Законнікаў. Чорная быль.

Чытальнікі пакідаюць сцэну.
Інсцэнізацыя ўрыўка з аповесці-былі "Майдан" Івана Канановіча
Мікола. Расказвай, што на станцыі робіцца. Арсен. Ты хіба сам не бачыш, якое зарава там палыхае. (Гаворыць з несхаванай трывогай у голасе.) Думаю, браце, рэактар ірванула. Мікола. А што вам у райкаме сказалі? Арсен. Нічога. Супакоілі, параілі захоўваць пільнасць і не верыць забугорным галасам, пра рэактар - ні слова.
Мікола (пасля паўзы). Ты ўпэўнены, што рэактар пыхнуў?
Арсен (устрывожана). Не дах жа загарэўся, звычайны пажар даўно можна было патушыць. А то ўсю ноч палыхае тым агнём, на які я тры гады глядзеў на атамным палігоне, калі ўзрываліся бомбы, снарады і міны.
Мікола (заклапочана ўздыхае і гаворыць разгублена). Тады гэта сур’ёзна. Што ж нам рабіць?

Мікола і Арсен становяцца збоку сцэны. Да іх выходзяць два чытальнікі.
3-і чытальнік.
Паўзлі між людзей нечуваныя чуткі,
І пухла ад іх галава.
Глядзелі з надзеяй на радыё: “Хутка
Усё растлумачыць Масква”.
Ішлі піянеры ў святочных калонах,
Звінела парадная медзь.
Стаялі ў чаканні нямым эшалоны:
“Як грымне,
ці зможам паспець?..”
4-ы чытальнік.
А мне і цяпер не хапае азону,
Не выбрацца з даўкага тхла...
Яшчэ не было адгароджанай зоны,
А зона маўчання была.
Сяргей Законнікаў. Чорная быль.

Уключаецца запіс арганнай музыкі. Удзельнікаў інсцэнізацыі змяняюць вядучыя. Некалькі хвілінаў яны стаяць у маўчанні. Музыка сціхае.
1-ы вядучы. Адзін супрацоўнік, які праводзіў вымярэнні ў памяшканні пад рэактарам, загінуў імгненна пры выбуху, другі ад траўмаў і апёкаў памер праз некалькі гадзінаў.
2-і вядучы. Адсутнасць у пажарных і супрацоўнікаў АЭС дазіметрычных прыбораў і інфармацыі пра ўзровень выпраменьвання сталі прычынай смерці 28 чалавек ад вострай прамянёвай хваробы.
1-ы вядучы. У выніку катастрофы на ЧАЭС 70% радыенуклідаў выпала на тэрыторыі Беларусі.
Гучыць песня “Доўгая пакута” (верш Л. Дранько-Майсюка, музыка Я. Паплаўскай; Роднае слова, 1997, №10).
Інсцэнізацыя ўрыўка з рамана "Злая зорка" Івана Шамякіна
Азар Шуба з непрыкрытай лысай галавой сядзіць у плеценым з лазы крэсле ў новай кашулі, босы. Уваходзіць Пыльчанка.
Пыльчанка (узлаваўшыся). “Артыст”, лысіну накрый.
Шуба. А навошта?
Пыльчанка. Нукліды сядуць.
Шуба. А што гэта за храновіна?
Пыльчанка. Нябачныя часціцы, што вылецелі з атамнага рэактара і гоняць адтуль людзей.
Шуба. Як ты назваў? Нукліды? Прыгожа.
Пыльчанка. Прыгожа, каб не было так сумна.
Шуба. Перажывем, Паўлавіч.
Пыльчанка. Перажывем, канешне. Але даўно народ сказаў: беражонага Бог беражэ. Трэба ехаць.
Шуба. Я не паеду.
Пыльчанка. Азар Філімонавіч, не рабі спектакля, хапае ў нас клопатаў без цябе. Я адказваю за людзей.
Шуба. Мяне выкраслі са свайго спісачка. Я сам па сабе.
Пыльчанка. Слухай! Сказаў бы я табе, каб на паляванні. А тут пасада мая не дазваляе.
Шуба. Кажы. Людзей няма.
Пыльчанка. Што ты хочаш даказаць тым, што застанешся?
Шуба. Нічога. Бачыў я, Паўлавіч, смерць на вайне, у лесе, у вадзе, у агні, у мяккай пасцелі. Хачу я на гэтую паглядзець - ад атама. Якая яна? Смерці розныя...
Пыльчанка. Як ты паглядзіш? На каго?
Шуба. На сябе.
Пыльчанка. І што ты ўбачыш? Нічога не ўбачыш. Нажывеш рак крыві, рак печані і прыпаўзеш да людзей, калі здолееш. Скуголіць будзеш, як сабака. Ды позна.
Шуба. Скуголіць я не буду.
Пыльчанка. Ды каму гэта трэба?
Шуба. Навуцы.
Пыльчанка. Ха. Ашчаслівіш навуку! Ёй толькі і не хапала тваёй задубелай скуры. Жыццё трэба аддаваць з карысцю для людзей. Як тыя пажарнікі. Чуў?
Шуба. Я блакнот у канторы ўзяў. Запісваць буду.
Пыльчанка. Скажы, калі ласка, які прафесар! Збірайся. У мяне няма часу палітграмату табе чытаць.
Шуба. Не паеду.
Пыльчанка. Слухай. Міліцыю паклікаць? Ёсць яна тут.
Шуба (устае з крэсла). Кліч. А што мне міліцыя зробіць? Вывезе ў Высокі Гай ці Прысяддзе? А я заўтра вярнуся. (Сыходзячы са сцэны.) Разорыцца міліцыя вазіць мяне кожны дзень.
Пыльчанка, незадаволена ківаючы галавой, ідзе следам.

Сцішана гучыць сумная мелодыя. На яе фоне чытаецца верш “Зона адчужэння” Эдуарда Акуліна.
5-ы чытальнік.
Зона адчужэння —
якая жахлівая назва.
Адчужэнне -
ад хаты, дзе змалку рос.
Адчужэнне -
з сабой не возьмеш
прысаду святла бяроз,
асвер* у двары, буслянку
і трох буслянят у ёй...
Апошні цалунак ганку
абцас пакідае мой.
Паўнюткія вёдры ў сенцах.
Дакуль ім з вадой стаяць?!
Да краю — трывогай сэрца.
Ці здолееш ношку ўзняць?!
Радзіма!
Слязу наўпотай
змахну за цябе ў маленні...
Не стань для майго Народа
зонаю адчужэння.
________________________
* Асвёр — журавель калодзежа.

Інсцэнізацыя ўрыўка апавядання "А травы там высокія" Барыса Пятровіча
На сцэну выходзяць дзед Пархвір і Сяргей. Сяргей садзіцца на лавачку, дзед стаіць у аддаленні.
2-і вядучы. Ля самага павароту на луг Сяргей пачуў раптам ціхі жаночы голас: “Сынок, куды ж ты едзеш? Вярніся. Навошта табе трава гэтая хворая?..”
Дзед Пархвір падыходзіць да Сяргея.
Дзед Пархвір. Кхе-кхе-кхе...
Сяргей ускочыў, агледзеўся. Побач стаяў невысокі дзядок у падранай ватоўцы і капелюшы.
Дзед Пархвір (пытае лагодна). Што, спужаўся, унучак? Не бойся, жывы я.
Сяргей. Дзед Пархвір, ці ж гэта вы? (Дзед ківае ў адказ.) А што ж вы тут робіце? Вас не эвакуявалі?
Дзед Пархвір. Эў-вакв... (Дзед спрабуе вымавіць слова, а потым гаворыць.) Вярнуліся мы з бабай... А куды ж нам было падацца? Дзяцей, ведаеш, у нас нямашака, не нажылі. Дык чаго на чужыну падавацца? Жыццё тут прайшло. І памерці тут хочацца. Завязлі нас аж пад самы Жлобін. Хату, кажуць, дадуць. Дык му не сталі ждаць. Вярнуліся цішком. А чаго нам баяцца? Му сваё аджылі. Ета вам, маладым, ад рыдакцыі той ды ад райгенаў уцякаць трэба... А нам баяцца няма чаго, сам бачыш.
Сяргей. А як жа вы тут жывяце?
Дзед Пархвір. А-а... Бульба ды сала, калодзеж ды могілкі ёсцека. А што нам яшчэ да жыцця трэба? Кароўку вось нядаўна прыдбалі — у лесе спаймалі. 3 цяляткам. Малака не п’ём, затое клопату ля іх колькі... Паслухай, а ты адтулека? (Паказвае на поўнач.)
Сяргей. Адтуль.
Дзед Пархвір. А хлеба лавачнага ў цябе нямашака? Баба свой пячэ, ды развучылася небарака. А вось лавачны быў у нас сма-ашны, помню...
Сяргей. Ёсць. (Дастае хлеб I аддае дзеду.) Дзед Пархвір. Дзякуй, дзеткі, дзякуй. Пайду бабу пачастую - парадую. (Сыходзіць.) Сяргей зажурана ідзе са сцэны.

На фоне сумнай музыкі чытаецца верш “Трагедыя вёскі Бабчын Уладзіміра Паўлава.
6-ы чытальнік.
Трава, кавыль ды жыта дзікае,
Ды вецер свішча ў правадах.
Нібыта ў безліч глотак гікае,
Ляціць татарская арда.

Пакінутыя хаты журацца:
Чаму такая немата?
Адвыкла бабчынская вуліца
Сабаку бачыць ці ката.

Ці вы такое чулі-бачылі
(Прымі, Усявышні, крыж святы!),
Каб зараслі гароды ў Бабчыне
I абваліліся платы?

У школе, дзе вучылі злучнікі,
Гаючасць слова, боль ляза,
Між шкла набітага падручнікі
Ад слоты ўспухлыя ляжаць.

3-і чытальнік.
А тут жа рэзрух, як пры вобыску,
I ўжо вядома напярод,
Што гэтае бядзе чарнобыльскай
Трымацца дзесяць тысяч год.

А што далей, ніхто не ведае.
Адно скажу, што знаю я:
Вучы на бабчынскай трагедыі,
Вучы дзяцей сваіх, Зямля.

Iнсцэнізацыя твора "Бамжы" Міколы Капылова
Музыка сціхае. На сцэну выходзяць вядучыя і героі — Аўтар і Валера. Апошнія садзяцца на лаўку. Вядучыя прамаўляюць свой тэкст і сыходзяць.
1-ы вядучы. Трапіць у зону адчужэння, паблукаць па змярцвелых вёсках, з якіх пасля атамнай катастрофы выселілі жыхароў, мне карцела з таго дня, калі я прыехаў працаваць у брагінскую раёнку. У Мінску я шмат начуўся і начытаўся ў друку пра дзіўнае, дзікае і жудаснае. Што дзеецца ў трыццацікіламетровай зоне, пад бокам у атамнага рэактара...
2-і вядучы. Са страхам і бояззю ехаў я працаваць у Брагін. I гэта прыпала акурат на той час, калі брагінцы, ратуючыся ад атамнай бяды, пакідалі сваё роднае мястэчка. Але хутка, працуючы карэспандэнтам раённай газеты, я прагнаў страх са сваёй душы, бо прызвычаіўся, прывык да таго, як жывуць людзі на Брагіншчыне, насычанай па завязку радыенуклідамі, і сам пачаў так жыць і спаць у хаце, якую пакінула, шануючы сваё здароўе, брагінская сям’я. Радыяцыйны ж фон у ёй перавышаў дапушчальную норму ў некалькі разоў.
1-ы вядучы. Я даведаўся, што ў пакінутых перасяленцамі хатах жывуць людзі. Чарнобыльскія пустэльнікі. Тыя, каго пакрыўдзіў лёс. Людзі, якія дагэтуль не мелі свайго прытулку, месца дзе жыць, абагрэць душу. I вось цяпер дзякуючы чарнобыльскай напасці знайшлі, нарэшце, тут, за дротам, прытулак.
2-і вядучы. Што ж іх прымусіла, хаваючыся ад людзей і міліцыі, жыць у гэтым радыяцыйным пекле, чакаць дачасную смерць? Дзікую і жудасную, калі не будзе каму іх нават пахаваць - закапаць у зямлю?
Валера ўскоквае з лаўкі і крычыць са злосцю.
Валера. Мухаморы паганыя. Жыць мне не давалі ў горадзе. З’ехаў сюды. У радыяцыю. І тут дастаюць, жыць не даюць...
Аўтар. І не сумна, Валера, тут табе аднаму жыць? Аднаму і адзічэць можна.
Валера. Каб нікога не бачыць, дык і зусім добра было б... Я сам сабе гаспадар... А калі сумна стане, еду ў Чарнігаў ці Кіеў праветрыцца. (Паўза.) Грошай можна зарабіць. Толькі не трэба ленавацца. Дабра ўсякага ў пакінутых вёсках яшчэ хапае. Толькі бяры і вязі на барахолку ці кірмаш у Чарнігаў. I самому ёсць што моднае апрануць...
Аўтар. Мо і радыяцыйныя грыбы збіраем, сушым і на кірмашы прадаём?
Валера. А няхай не купляюць, калі такія разумныя. Сухія баравікі добра ідуць на продаж. Пакажаш — з рукамі адрываюць.
Аўтар. А радыяцыя?
Валера. Якая радыяцыя?
Аўтар. А чаму ты тут жывеш?
Валера. А люблю волю. За яе людзі ваююць, галовы кладуць, а ты хочаш, каб я яе за так аддаў... Не, вучоны, волю сваю я нікому і ніколі не аддам. (Сыходзіць. Аўтар за ім.)

Чытаецца верш “Адвярнуліся іншыя нацыі...” Анатоля Грачанікава.
7-ы чытальнік.
Адвярнуліся іншыя нацыі,
Ці самі - добраахвотна ад іх
Мы, заложнікі радыяцыі
І эксперыментаў сляпых.

Цішыня над старонкай лясною.
За якія ж грахі гэткі здзек?
Беларусы!
Нас белай крывёю
Пазначае бязлітасны век.
8-ы чытальнік.
Няўжо мала чырвонай, пякучай
Мы за долю сваю пралілі,
Каб застаўся наш край мілагучны
Белай плямай на грэшнай зямлі?!

Каб жа суджана мне памыліцца...
І на скрутках калючых дратоў
Я гатовы, як грэшнік, маліцца
За здароўе палескіх братоў.

За імшарамі стогне ласіха.
Без нуды замаркоціўся люд.
- Абы ціха, - гучыць, - Абы ціха...
Па селектарнай сувязі тут.

Iнсцэнізацыя з драматычнага абразка "Толькі мёртвыя не вяртаюцца" Івана Чыгрынава

Каля агароджы стаяць міліцыянеры.
Лукаш. Нам, сынок, туды трэба. (Паказвае на вёску.) Бо толькі мёртвыя дамоў не вяртаюцца.
1-ы міліцыянер. (паглядзеўшы загадкава на другога). Якраз наадварот. Мёртвым... што? Яны ўжо і так мёртвыя. (Да Лукаша.) А жывым нельга, бацька. Там жыць небяспечна.
Лукаш. А тут, паблізу? (Паказвае ў адваротны бок.) Сам жа кажаш, жывуць людзі.
1-ы міліцыянер. Каб мая воля, то я б і іх вывез адсюль.
Лукаш. А чаму вас, міліцыю, тады трымаюць тут, калі нельга людзям жыць?
1-ы міліцыянер. Мы, як палескія геолагі ў Сібіры, вахтавым метадам. Адны з нас прыязджаюць, другія ад’язджаюць. Нахапаем мілірэнтгенаў і ўцякаем. Служба, бацька.
Лукаш. Яно так... Але ж можна і на такой службе ўрэшце звесці вочы? Ну не бачылі нас, і ўсё тут!
2-і міліцыянер. Ці не намякаеш ты на ўзятку?
Лукаш (з прыкрасцю). Не лезь! (Да 1-га
міліцыянера.) Бывае ж такое?
1-ы міліцыянер. Усё бывае, бацька. Але тым не менш — у зону нельга. Не хачу ўначы прачынацца ды думаць, што вас тут паступова радыяцыя жарэ. Сумленне не дазваляе. Чалавечае сумленне, разумееш?..
Лукаш. Ды як не разумець?..
1-ы міліцыянер. А ў газетах можна што хочаш напісаць, Нават несусвеціцу. Нават глупства. Асабліва цяпер.
2-і міліцыянер (да 1-га). Паедзем, а то нябожчыца ў труне ад радыяцыі перавернецца
Лукаш (насцярожана). Як ета?
1-ы міліцыянер. Мы ў зону едзем...
Лукаш. Ну вось, самі едзеце, а нас...
1-ы міліцыянер. Чуў жа, нябожчыцу вязем. Адзін грамадзянін маці сваю прывёз сюды, на радзіму, хаваць. У яго дазвол ёсць, а ў нас - прадпісанне. Так што не можам узяць цяпер вас з сабою. Будзем вяртацца з зоны, тады забярэм вас, адвязем у сельсавет.
Лукаш. Навошта ў сельсавет?
Матруна. Ага, навошта?
1-ы міліцыянер. Тады на чыгуначную станцыю.
Матруна. І на станцыю не трэба!
Лукаш. Ага, не трэба!..
Матруна. Нам у сваю вёску край трэба!..
Лукаш. Ага, у вёску!..
2-і міліцыянер. Вы мне ўжо абрыдлі! (Да 1-га міліцыянера.) Давай пасадзім на труну ў кузаў ды пакатаем па зоне, калі гэтак хочуць.
1-ы міліцыянер. Не кажы абы-што.
Матруна. Ага. Абы-што!
2-і міліцыянер. Я б толькі так і зрабіў. Няхай бы паглядзелі на тутэйшы атол мурароц.
1-ы міліцыянер. Знайшоў каго палохаць. Нічога ты ім не пакажаш, а тым больш - не дакажаш.
2-і міліцыянер. Тады я пайшоў. Даганяй. (Ідзе назад па дарозе.)
1-ы міліцыянер. Вось што, мае даражэнькія ахвотнікі ў рабінзоны. Вы ўсё-такі пачакайце нас тут, на гэтым месцы. Трэба ж урэшце даць вашай справе нейкае рады. А далей (паказвае на агароджу) - ні кроку, зразумелі?
Лукаш. Ды ўжо ж...
1-ы міліцыянер таксама адыходзіць. Даганяе 2-га міліцыянера.
2-і міліцыянер. Усё неяк перайначылася. Кажуць, толькі мёртвыя не вяртаюцца.
1-ы міліцыянер. Куды?
2-і міліцыянер. Гэта ўвогуле. Дапусцім, дамоў ці яшчэ куды. Але ж бачыш - вяртаюцца сюды і мёртвыя, і жывыя.
1-ы міліцыянер. Жывыя, мусіць, хутчэй за ўсё таму, што недзе ім яшчэ горай жывецца.
Не паспяваюць яны схавацца за пагоркам, як старая Матруна зноў кідаецца да агароджы.
Лукаш. Можа, мы ето і праўда дарэмна, га, Матруна?
(Не дачакаўшыся адказу, Лукаш сыходзіць з дарогі, бярэ востры абломак дошкі, ступае з ім да агароджы. Да жонкі.) Патрымай дрот! (Таксама лезе пад агароджу.) А цяпер, старая, хадзем на свой двор, дарма што даўно прададзены ўжо, куплены, можна сказаць, у нас дзяржавай за немалыя грошы, а грошы тыя паспелі разляцецца.

На сцэне паступова гасне святло. Гучыць паланэз “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага. На фоне мелодыі чытаецца верш “Ах, Чарнобыль...” Анатоля Грачанікава.
9-ы чытальнік.
Ах, Чарнобыль...
Чарнобыль...
Чарнобыль!
Неславутая ў свеце АЭС!..
Ты ў свае праглынула вантробы
Нашу вёску, і поле, і лес.

І здаецца, не атам твой мірны
У глухіх ненажэрных катлах, -
Там гараць нашы хаты і свірны,
Там гарыць наш палескі абсяг.

Атруціла зямельку і мову,
Долю нашу скруціла ты ў крук.
І расплавіла шчасця падкову,
Што вякамі каваў паляшук.

Музыка сціхае. На сцэне вядучыя.
1-ы вядучы. Яму ўжо не скажаш: “Здароў, Віця!”, не вып’еш куфаль піва на палюбёнай ад студэнцкіх гадоў Нямізе...
2-і вядучы. Мінула больш за адзінаццаць гадоў, як Віктар Стрыжак спачыў назаўсёды на стромым беразе Дняпра ў Заспе пад Рэчыцаю, што зусім блізка ад Чарнобыля.
1-ы вядучы. І яго родныя мясціны пасыпаў атамны пыл.
2-і вядучы. А яшчэ ў жыцці Віктара Стрыжака была Ветка - забруджаная яшчэ больш, - дзе ён працаваў у раённай газеце.
1-ы вядучы. Ці не гэтая чарнобыльская бяда стала болем яго сэрца, якое спынілася так рана?..
Вучань чытае верш 'Дзе?” Віктара Стрыжака.
10-ы чытальнік.
Гэй, браты мае ў бядзе,
Гэй, чарнобыль-сёстры,
На якой стаіць вадзе
Той зялёны востраў,

Дзе змаглі б мы чыста жыць
3 іншымі у згодзе?
Пазіраю на крыжы;
Смерць за намі ходзіць...
Плача Ветка без віны
Маткай вінаватай...
А ў маны свае званы:
Мірны атам...

Вядучыя агучваюць споведзь Надзеі Іванаўны Барсук.
1-ы вядучы. Міцінскія могілкі ляжаць на ўскраіне Масквы.
2-і вядучы. У пярэднім радзе горбіцца адзінаццаць магіл і пакінута месца для наступных,
1-ы вядучы. Арлоў, Варсінян... Савецкім людзям гэтыя імёны вядомыя вельмі добра.
2-і вядучы. Акімаў, Парчук...
1-ы вядучы. Яны і яшчэ дваццаць сем сталі ахвярамі Чарнобыля.
2-і вядучы. Чацвёра іхніх таварышаў ляжаць у іншых месцах.
1-ы вядучы. Валерый Хадземчук, аператар машыннай залы, загінуў раптоўна падчас выбуху і быў пахаваны пад тонамі друзу. Яго астанкаў так і не знайшлі.
2-і вядучы. Трое ягоных суайчыннікаў памерлі неўзабаве пасля выбуху - іх пахавалі ў Кіеве.
1-ы вядучы. Некалькі сотняў чалавек паветраным шляхам прывезлі ў Маскву на лячэнне.
2-і вядучы. Хто-ніхто выжыў - а астатнія палеглі на вечны спачынак за халоднымі шэрымі мурамі Міцінскага могільніка.
Гучыць сумная музыка, на яе фоне вучань чытае верш “Астрагляды” Яўгена Хвалея.
11-ы чытальнік.
Былі Астрагляды.
300 хат - вёска.
Няма Астраглядаў...
Хоць хаты ў неба
Пакутна глядзяць...
Няма птушанятаў...
І школа пустая,
Як тое гняздо...
А хай шчабятала б у ёй малышня.
Паверце:
Вушы ад вусцішы глухнуць
І сэрца, -
Як ходзікі тахкаюць,
Распятыя на голай сцяне...

Музыка змаўкае. Вядучыя агучваюць словы перасяленцаў з кнігі “Тройчы з зямлі сыходзім.,.” С. Лобач.
2-і вядучы. Святлана Лобач размаўляла з перасяленцамі.
1-ы вядучы. Яны нядобрым словам успаміналі Чарнобыль.
2-і вядучы. Паслухайце іх словы.
1-ы вядучы. Усе мы, чарнобыльцы, лічы, хворыя.
2-і вядучы. Як ударыць чалавека гром - у зямлю закопваюць і адыходзіць..Мяне Чарнобыль, бы гром, убіў у сырую зямлю. І ніяк мне не адысці.
1-ы вядучы. Пасля Чарнобыля не жартуем дый смяемся рэдка.
2-і вядучы. Чарнобыль як абухом даў па галаве, усё роўна што цемянную косць пераламіў.
І нервы ў мяне аніякія.
1-ы вядучы. Мы цяпер нібыта тое серадпосце: самі тут, а душа наша там, дзе жылі да Чарнобыля.
2-і вядучы. Русалак мала хто бачыў. Кажуць, яны ператвараліся ў гусей і ляцелі. Паляцела б і я хоць якой птушкай да сябе дадому.
1-ы вядучы. Чарнобыль — такая бяда, такая навала.
2-і вядучы. Я заўважыла, што пасля Чарнобыля мы быццам другімі сталі: ці то болып жаласлівымі, ці то дабрэйшымі.
1-ы вядучы. Чорны Чарнобыль з мяне ўсе сокі павыпіў.
2-і вядучы. Мы пасля Чарнобыля нейкія разгубленыя, штосьці стараемся рабіць, а ўсё не так, рукі часам апускаюцца.
1-ы вядучы. Як цёмная хмара насоўваецца перад бурай, так на нас і Чарнобыль той насунуўся.
2-і вядучы. Пра Чарнобыль не хачу ўспамінаць у добры дзень, а толькі ў ліхі, паганы.
1-ы вядучы. Чарнобыль - мёртвы горад. І птушка аблятае яго стараною, звер аббягае гэтае гіблае месца. Толькі рака Прыпяць плыве праз яго. Бо няма ёй іншага выйсця. І нам не было. І мы, бы тыя плыты, паплылі і прычалілі да чужога берага, але не на дзень, не на гадзіну — на ўсё астатняе жыццё.
2-і вядучы. Чарнобыль - Чарнобылем, а жыць трэба, жыццё ідзе сваім ходам.
Гучыць мелодыя песні “Дзецям Чарнобыля ” (словы і музыка Г. Казловай). Вядучыя зачытваюць урывак з твора “Одзіум Янікі Сіпакова.
1-ы вядучы. Гавораць дзеці.
2-і вядучы. “Усё лета я хаваўся ад радыяцыі”, - хваліцца хлопчык з той страшнай зоны, бо пакуль што не ведае, што схавацца ад радыяцыі нельга.
1-ы вядучы. “Доктар сказаў, што ў хаце дужа многа радыяцыі”, — сумуе дзяўчынка, бо ўжо ведае: тое, што з ёй, з ёй назаўсёды - радыяцыя не прастуда, яна не выводзіцца.
2-і вядучы. “Бабулечка, родненькая мая, я так хачу да цябе ў вёску, але напішы мне, калі ж ты выганіш са свае хатачкі радыяцыю?!” — рыдае малое, бо здагадваецца: не бабулечка выгане радыяцыю, а радыяцыя выгане бабулечку з хаты.
1-ы вядучы. Не шукайце гэтых людзей на іх родных сядзібах, бо ў іх новы адрас, новае жыццё.
2-і вядучы. Першае было да Чарнобыля.
1-ы вядучы. Чорны Чарнобыль перавярнуў
іх жыццё дагары нагамі, атруціў сваёй горыччу.
Мелодыя сціхае. На сцэну выходзіць чытальнік. Ён дэкламуе верш “Ад чаго ты самотны, бусел?.,” Эдуарда Акуліна.
12-ы чытальнік.
— Ад чаго ты самотны, бусел,
у гняздзе над знямелай вёскай?
- Я сумую па Белай Русі,
дачарнобыльскай, чыстаросай.
- Ад чаго пачарнеў ты, бусел,
у палескім бары атрутным?
— Ад жалобы па Белай Русі,
зганьбаванай і шматпакутнай.
- Ад чаго пасівеў ты, бусел,
І чаму не ляціш у вырай?
- Лепш памерці на Белай Русі,
чым чужыну назваць Радзімай.
Далей на фоне арганнай музыкі дэкламуецца працяг урыўка з твора “Одзіум” Янкі Сіпакова.
1-ы вядучы. Пятая частка зямлі маёй сёння за калючым дротам.
2-і вядучы. Яна памерла жывой. І жыве мёртвая. У мёртвай зоне.
1-ы вядучы. На картах радыяцыйнай абстаноўкі палова Беларусі заштрыхавана, закрэслена,
2-і вядучы. А ўся - забруджана.
1-ы вядучы. Хатынь сабрала пад сваё неба чатыры сотні знішчаных вайной вёсак.
2-і вядучы. А колькі мёртвых, хоць і ацалелых, забярэ без вайны, праглыне Чарнобыль?
1-ы вядучы. 2670 вёсак і 27 гарадоў знаходзіцца сёння на забруджанай зямлі...
2-і вядучы. У іх жыве і на штосьці спадзяецца 2 мільёны чалавек, сярод якіх - столькі дзяцей!
1-ы вядучы. Кажуць, Чарнобыль - гэта дзесяць такіх бомбаў, што скінута на Хірасіму.
2-і вядучы. Кажуць, сем з іх упала на Беларусь.
1-ы вядучы. У Японіі ёсць ахвяры атамнай бамбардзіроўкі.
2-і вядучы. А ў Беларусі іх няма.
1-ы вядучы. Мы гулялі ў вайну, а яны гуляюць у радыяцыю.
2-і вядучы. Дзеці вайны і дзеці радыяцыі.
Гучыць песня “Дзецям Чарнобыля” (словы і музыка Г. Казловай). На сцэне 6 вучняў па слупку чытаюць верш “Прачніся, народ!” Анатоля Зэкава.

13-ы чытальнік.
У час, калі столькі турбот
і гэтулькі рознага ліха,
прачніся, мой ціхі народ,
і думку адкінь “абы ціха”.
14-ы чытальнік.
Ўзніміся, гаротны народ,
народ, не прадаўшы сумлення,
супроць апаратных ільгот
і розных пасад прывілейных.
15-ы чытальнік.
Свой голас падай сёння ты,
пакуль твая песня не спета,
і супраць прамоўцаў пустых,
і супраць жыцця без прасвету.
16-ы чытальнік.
Скінь думак чужых з сябе цень,
а май свой уласны лепш розум.
Устань жа нарэшце з калень,
зрабіся нарэшце цвярозым.
17-ы чытальнік.
Адрынуўшы безліч турбот
і скінуўшы рабскія робы,
за мёртвых ўзніміся, народ,
за тых, каго знішчыў Чарнобыль.
18-ы чытальнік.
У імя дзяцей, мацярок
павінен за праўду ты біцца,
каб болей чарнобыльскі ўрок
ніколі не змог паўтарыцца,

Гучыць арганная музыка, урачыстая, жалобная.

Сцэнар пабудаваны такім чынам, што творчы настаўнік можа мяняць фрагменты інсцэнізацый, дадаваць новыя творы, уводзіць новых удзельнікаў. На працягу вечарыны ў якасці вядучых могуць быць задзейнічаны не 2, а 4 або 6 вучняў.
Пры падрыхтоўцы, вечарыны варта звярнуць увагу на матэрыялы “Калі б не тая ноч красавіка...” Алены Аўдзеевай і “І ў дзень дачарнобыльскі дням не вярнуцца..." Івана Босага, надрукаваныя ў сакавіцкім нумары нашага часопіса за 2003 г.


Яшчэ на гэту тэму:

Наш боль - чарнобыль...     “Імя той зоркі — палын...”