сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. С. ЗУБКО, настаўніца вышэйшай катэгорыі Пліскай дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. Беларуская мова і літаратура 5/2016

Гульня «Гаворым па-беларуску»

для вучняў VII—IX класаў

Мэта: выхоўваць у навучэнцаў патрыятычную самасвядомасць і грамадзянскую культуру праз асэнсаванне духоўных каштоўнасцей, абуджэнне павагі і пачуцця любові да роднай мовы, ствараць умовы для творчай і сацыяльнай самарэалізацыі кожнага з дзяцей.
Задачы: фарміраванне ўяўлення пра духоўныя каштоўнасці і іх ролю ў жыцці чалавека; развіццё моўнай чуйнасці, цікавасці да вывучэння беларускай мовы; выяўленне і падтрымка творчага патэнцыялу кожнага вучня.
Эпіграфы:
1) Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!
Пімен Панчанка.
2) Мілая, адзіная
Нам, нашчадкам, дадзена
Любаю радзімаю
Ад дзядоў і прадзедаў.
Уладзімір Мазго.
3) Магчыма, гэта і не нова,
Што слова — зерне на сяўбе,
А хто не любіць роднай мовы,
Той любіць толькі сам сябе...
Сяргей Грахоўскі.

Ход мерапрыемства

Першы вядучы.
Прывітанне вам, гульцы —
I дзяўчаты, і хлапцы.
Гледачоў усіх вітаю,
Добра бавіць час жадаю.
Вам, гульцы, пабольш адказаў,
Ды парупцеся ўсе разам!
I, як песня жаўрукова,
Будзе вечнай наша мова.

Другі вядучы. Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. I вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Першы вядучы. Вельмі важна шанаваць і вывучаць мову свайго народа.
Сёння ў нас ёсць магчымасць паглыбіць уласныя веды, падвысіць моўны ўзровень. Прапануем гэта зрабіць у час гульні «Гаворым па-беларуску».

Раўнд I. «Прадстаўленне каманд».

Капітаны прэзентуюць свае каманды.

Раўнд II. «Інтэлектуальная азбука».

Неабходна прыгадаць прадмет або з’яву на кожную літару алфавіта. Каманда атрымае па адным бале за кожнае правільна названае слова.
На экране высвечваюцца малюнкі — абажур, барабан, вясёлка, гасцініца, далонь, есаул, ёлка, жалейка, запалкі, іпадром, казанок, лазня, медальён, невад, ордэн, палатка, ракета, сейф, тралейбус, узор, фужэр, хамут, цвік, човен, шыфер, экскаватар, юнга, яхта.

Гульня з гледачамі.

Назавіце словы-назоўнікі на літару Л.
Першы чытальнік (выконвае верш А. Дзеружынскага «Спадчына» ).
Ад дзядоў і прашчураў
Засталася спадчына,
Як сівой гісторыі сляды,
Слых, пачуцці лашчыла
Мова наша матчына
I жыла. I будзе жыць заўжды.
I Скарыны слыннага,
I Купалы ўдумнага
Словы — залатыя каласы,
Словы векапомныя,
Вабныя, чароўныя —
Гэта нашай праўды галасы.
Ад дзядоў і прашчураў
Засталася спадчына...
Мова беларуская жыве,
Нібы сонца яснае,
Вечна непагаснае
Ў неабсяжнай неба сіняве.

Раунд III. «Перакладчык».

Запішыце па-беларуску словы, словазлучэнні, выканайце пераклад сказаў.

Овощи, пища, жареный картофель, оладьи из картофеля; дайте, пожалуйста, ломтик хлеба; всегда желайте приятного аппетита; лакомство, карандаш, варёное яйцо, вкусный завтрак.
Делайте так, чтобы людям, которые окружают вас, было хорошо.
Весной снег в густых ельниках ещё держался и в конце апреля.
Адказы: агародніна, ежа, смажаная бульба, дранікі (аладкі з бульбы); дайце, калі ласка, скібачку (лустачку) хлеба; заўсёды жадайце прыемнага апетыту (або: смачна есці); ласунак, аловак, варанае яйка, смачны сняданак.
Рабіце так, каб людзям, якія вакол вас, было добра.
Вясной снег у густых ельніках яшчэ ляжаў і ў канцы красавіка.

Гульня з гледачамі.
Падбярыце беларускія адпаведнікі да рускіх слоў.

Черника — чарніцы, одуванчик — дзьмухавец, неделя — тыдзень, карандаш — аловак, расписание — расклад, оттепель — адліга, серёжки — завушніцы, цепь — ланцуг, пуговица — гузік, одеяло — коўдра, забор — плот, ежевика — ажыны, клюква — журавіны.

Другі чытальнік (выконвае верш А. Дзеружынскага «Беларуская мова» ).
Ты расы
самай чыстай чысцей,
ты крыніц
самых звонкіх званчэй,
наша простае,
шчырае слова —
беларуская родная мова.

Нізашто лепш
не скажаш ніколі,
лепш не выкажаш
радасці, болю
у адзіным,
адным толькі слове,
як на мове сваёй,
любай мове.
Трэці чытальнік (працягвае).
Тут і шум
хваль блакітных азёраў,
тут і гоман
адвечнага бору,
спеў салоўкі,
куванне зязюлі,
голас сэрца
любімай матулі.

А ці будзеш так
сум сумаваць,
ці вясёлую песню
спяваць,
а ці рэха будзіць
у дуброве,
як на звыклай,
на матчынай мове?

Ты расы
самай чыстай чысцей,
ты крыніц
самых звонкіх званчэй,
наша простае,
шчырае слова —
беларуская родная мова.

Раўнд IV. «Тлумачальнік».

3 трох варыянтаў выберыце адзін правільны (на экране дэманструецца запіс).
I каманда. Аметыст:
1) чалавек, які займаецца вывучэннем камянёў;
✓2) каштоўны камень фіялетавага або блакітна-фіялетавага колеру;
3) старадаўняя руская трохкапеечная манета.

II каманда. Аплік:
✓1) кручок для зашпільвання вопраткі;
2) надзейная апора, цвярдыня, абарона;
3) крайняя, з аднаго боку выпуклая дошка.

I каманда. Буклі:
1) муць, асадак у вадкасці;
2) трос, на якім адно судна цягне другое;
✓3) завітыя кольцамі валасы, локаны.

II каманда. Бурун:
1) цвёрдая празрыстая смала жоўтага колеру;
✓2) пеністая хваля;
3) пупышка кветкі.

I каманда. Грабар:
✓1) землякоп;
2) ніжняя частка доменнай печы;
3) музычны апарат з рупарам для перадачы гукаў.

II каманда. Гарбар:
1) кош для пасажыраў паветранага шара;
2) крук, зачэп у багры;
✓3) спецыяліст, які вырабляе шкуры.

Чацвёрты чытальнік(выконвае ўрывак з верша Н. Гілевіча «Спадчына» ).
Часта думаю:
Што, каб не матчына песня?
Чым бы дыхаў?
На холадзе чым саграваўся б?
Папрасімцам, напэўна,
Бадзяўся б па свеце,
Жабраком
Між чужых і радні
Пабіраўся б...
.................
Я хачу зберагчы цябе,
Матчына песня,
Каб запоўніць табою
Спусцелыя душы!
Я хачу
Пасяліць цябе ў сэрцах
Нашчадкаў,
Каб ніколі мяне
Папракнуць не змаглі,
Каб было перад смерцю
Мне лёгка ад згадкі,
Што я жыў недарэмна
На роднай зямлі.

Раўнд V. «Грані слова».

Перш трэба растлумачыць значэнне фразеалагізма, затым падабраць сінонімы або адпаведнікі з рускай мовы, знайсці ў слоўніку ці ў інтэрнэце сказ з гэтым фразеалагізмам у якасці прыкладу.

I каманда. У адзін міг — ... (...вельмі хутка, адразу ж, імгненна).
Сінонімы — ... (...у міг вока, у адзін мах, у адзін момант, у імгненне вока).
У адзін міг усё змянілася (Змітрок Бядуля).

II каманда. Пускаць пыл у вочы — ... (...хлусіць, падманваць).
Сінонімы — ... (...абуваць у лапці, пускаць туман у вочы, вадзіць за нос, пакінуць з носам, абводзіць вакол пальца, напускаць туману, навешваць локшыны на вушы).
...Гэта для аматараў пускаць пыл у вочы (У. Караткевіч).

Гульня з гледачамі.

Растлумачце значэнне фразеалагізмаў.
Кляваць носам — драмаць, губы надзьмуць — пакрыўдзіцца, зарубіць на носе — запомніць, рабіць выгляд — прыкідвацца, разводзіць рукамі — здзіўляцца, душа ў душу — дружна, ні свет ні зара — рана, пусціць у ход — прымяніць, за дзедам шведам — вельмі даўно, гады ў рады — рэдка, як мокрае гарыць — марудна, кінуць слова — загаварыць.

Пяты чытальнік (выконвае ўрывак з верша А. Нафрановіча «Родная мова» ).
Я — беларус, і мову гэту
Да скону дзён мне берагчы.
У ёй жа для пазнання свету
Усе патрэбныя ключы.

Як лёгкім кісларод, заўсёды
Яна патрэбная так мне.
У ёй залог маёй свабоды,
3 чаго і радасць удвайне.

А моў, як і народаў, многа,
I лепшых, горшых з іх няма.
I, знаць, гавораць нездарма,
Што мова дадзена нам Богам.
Шосты чытальнік (працягвае).
Будзь гараджанін ты, вясковец,
Ні ў свеце, ні ля родных стрэх —
Нідзе не грэбуй сваёй мовай,
Бо гэта найвялікшы грэх.

I, як парою ні жылося,
Жаданым быў яе палон.
У ёй спеў ветру, шэпт калосся,
I ручайка вясёлы звон,

I веснія раскаты грому,
Празрысты пошчак салаўя...
Яна заўжды заве дадому,
Дзе б ні блукаў па свеце я.

Раўнд VI. «Адгадай мелодыю».

Гучыць музычны запіс песні, гульцам неабходна назваць яе.
I каманда — песня «Ручнікі».
II каманда — песня «Александрына».
I каманда — «Песня пра Нёман».
II каманда — «Бывайце здаровы».

Раўнд VII. «Паэтычны радок».

Прадоўжыце радкі, назавіце аўтара і верш.
I каманда
Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
(.. .Жураўлі на Палессе ляцяць. Алесь Ставер. «Жураўлі на Палессе ляцяць».)
II каманда
Было ў салдата два полі,
Поле, дзе кветкі ірваў,
Бегаў з сябрамі на волі,
(...I поле, дзе ён ваяваў. Анатоль Вярцінскі. «Два полі».)
I каманда
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —
(...Ўдзірванелы курган векавечны. Янка Купала. «Курган».)
II каманда
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
(... Сінякрылы матылёк. Максім Багдановіч. «Маёвая песня».)

Першы вядучы.
Прад табой — старонкі кніг
3 мілым, любым, родным словам,
Так бруіцца наша мова —
Мова прадзедаў тваіх.
Кніга ж — мудрасці глыток,
Палюбі яе спачатку,
I засвоіш ты, дзіцятка,
Што яна — да ведаў крок.
Кастусь Жук.
Другі вядучы. Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні. Няхай льецца беларуская мова з радыё, тэлеэкранаў, упрыгожвае старонкі газет і кніг, гучыць на вуліцах і ў розных установах.
Настаўнік. Ведайце, што найлепшы ваш твар, вопратка ваша, душа ваша — родная мова. Гаварыце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, каб людзі бачылі вашу вернасць сваёй мове. Размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах — іншыя захочуць адказаць вам тым жа. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Мова — жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведайце: учора вы яшчэ не гаварылі па-беларуску, сёння размаўляеце на «трасянцы», а заўтра будзеце гаварыць на чыстай літаратурнай мове. Гаварыце па- беларуску самі і разам з намі.

Падвядзенне вынікаў гульні.

Спіс выкарыстанай літаратуры

Дзеружынскі, А. Вернасць : вершы: для сярэд. і ст. шк. узросту / А. Дзеружынскі; прадм. М. Б. Яфімавай. — Мінск : Маст. літ., 1998. — 271 с. — (Шк. б-ка).
Сэрцам роднага слова краніся / уклад. М. Воінаў, К. Усовіч. — Мінск : Нар. асвета, 1998. — 295 с.
Я зямлю беларускую люблю : для мал. і сярэд. шк. узросту / склад. Л. Ф. Леўкіна, Н. I. Мінкевіч. — Мінск : БелЭн, 2001. — 272 с. — (Шк. б-ка).

Яшчэ на гэту тэму:

"Багата, родная ты мова..."     Падарожжа з Несцеркам па вуснай народнай творчасці