сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Буланда Роднае слова Май 2009 г.

"І памяць гаворыць з намі..."

Сцэнарый да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

На экране - карціна"Сустрэча. Дзьмухаўцы" Анатоля Кавалёва. (На лузе, у незвычайна бага­тым разнатраўі на пярэднім краі мы бачым ма­ленькую дзяўчынку гадоў шасці, якая нахілілася над чырвонаармейскай паржавелай каскай, працягнула да яе свае ручкі.) Адначасова на сцэну выходзяць Салдат, Медсястра і Дзяўчына-Памяць, выконваюць песню "Птушкі" (пераклад з рускай мовы Алеся Камоцкага).
Пад мелодыю песні харэаграфічная група адлюстроўвае карціну з кветкамі, матылькамі, птушкамі і дзяўчынкай, якая раптам натыкаецца на каску, бярэ яе. ў рукі і падыходзіць да Салдата і Дзяўчыны-Памяці.


Дзяўчынка.
Гуляла з матылёчкамі і кветкамі
I ў травах раптам каску я знайшла...
Скажыце, калі ласка, пазалетняя
Ці з больш даўнейшых год ляжыць яна?
Памяць (бярэ ў рукі каску, пэўны час разглядае яе).
Ёй 65 гадоў, не меней, тут яна
Ляжала, паржавелая, у красках,
Вялікая Айчынная вайна
Пакінула гранаты, міны, каскі.

Пакінула ў пажарах гарады,
3 людзьмі жывымі спаленыя вёскі,
О, колькі гора, слёз, пакут, бяды,
Якіх не змоўкнуць доўга адгалоскі.
Дзяўчынка.
Схіліла галаву сваю ў журбе,
I гэтак сумна размаўляеш з намі,
Ты, можа, скажаш, як завуць цябе?
Памяць.
Павінны ведаць вы: я - ваша Памяць.
Я ні на хвілю, ні на пядзю, ні на крок
Не адыходжу ад вайны мінулай,
Каб той усе гісторыі урок
Навечна ў сваёй памяці пачулі,

I праняслі праз ветры і дажджы,
Унукам, праўнукам далёкім расказалі,
Без гэтага як можна ў свеце жыць?
Ніколі не сцірайце з сэрца памяць.
Вера Буланда. "Гуляла з матылёчкамі і кветкамі..."

Салдат (робіць крок уперад). Памяць - сваявольная дачка Часу - ашчадна і заложна "выбудоўвае" аналы гісторыі. На жаль, у процівагу Памяці Час парадзіў бязвокую і бессардэчную пачвару - Забыццё. 3 тупой упартасцю круціць яно агромністыя жорны, перамолваючы камлыгі абыякавасці, чэрствасці, цемрашальства.

Забыццё з'яўляецца на сцэне ў шэра-чорным адзенні, вычварна танцуючы.

Дзяўчынка.
Якое брыдкае стварэнне,
Адкуль з'явілася, нашто?
Забыццё.
Ну вось, скажыце, пакаленне,
Хай пройдзе два гады і сто,
Вам трэба на усё забыцца,
Нашто вам памятаць бяду?
Калі са мною падружыцца -
Заўжды на выручку прыйду.
Дзяўчынка.
Яе мне слухаць? Падкажыце!
Калі не памятаць - то жыць як?
Салдат. Дзяўчынка, не звяртай увагі і адвярніся ад гэтай пачвары Забыцця. Сябруй з Памяццю, якая рашуча і бескампрамісна аберагае нас ад падкопаў Забыцця.
Забыццё.
Скажыце, колькі можна
Вярзці вам пра вайну,
Вы, браткі, асцярожна,
Бяспамяцтва ў віну
Не стаўце, пачакайце,
Магчыма, калі з намі
Сапраўднае ёсць шчасце,
Тады навошта Памяць?
Памяць (кладзе каску на спецыяльны пастамент).
Хаця б на тое, каб даведацца,
Чыя гэта каска
Так доўга праляжала ў красках.
1-ы чытальнік.
На ратным полі паміраў салдат.
Ён мужна біўся да апошняй кулі,
Ужо сябры яго навек заснулі,
I поруч з імі злёг і ён у рад.

Але не марна ён аддаў свае жыццё:
Прастрэліўшы дзесяткі чорных касак,
Ён выканаў сумленна абавязак
I адыходзіў ціха ў небыццё.
1-я чытальніца.
I толькі прагна аднаго хацеў:
Апошні раз убачыць луг зялёны,
Узяць травінку кволую ў далоні,
Паслухаць зважны гоман родных дрэў.

Ды пуста навакол было зусім -
Трава счарнела, хвоі пагарэлі,
Пластом ляжалі.скошаныя елі,
I па зямлі качаўся чорны дым.
2-і чытальнік.

Як даўнія асілкі-змагары,
Ўжо на парозе цёмнае магілы
Салдат сабраў астаткі сілы
I павярнуўся тварам дагары.

Над галавой цямнеў густы блакіт.
Дзень пагасаў, і сонца памірала,
За край зямлі павольна адплывала,
Нібы плыло пад цень магільных пліт.
2-я чытальніца.
Але яго бяссмертнае святло
Паружавіла белыя аблокі,
Пазалаціла небакрай далёкі
I кожную пясчынку, і сцябло.

Нарэшце сонца ўжо зайшло на чвэрць.
Салдат глядзеў шырокімі вачыма...
Салдат.
"Якое хараство ў цябе, радзіма,
Калі так пышна убрала нават смерць!

Я не вярнуся больш да родных хат,
Але жыццё ніколі там не згасне.
Красуйся ж вечна, мілы край мой, шчасна!"
2-я чытальніца.
Так, паміраючы, казаў салдат.
На экран праецыруецца рэпрадукцыя карціны "Не вярнуўся з бою. Уладзімір Высоцкі, 1985" А. Кавалёва.
Салдат.
Мы ўсе памалу прыйдзем к небыццю.
Судзі мне, доля, мужнаму памерці
I праспяваць перад вачамі смерці
Апошняй песняю хвалу жыццю!
Пятро Глебка. Смерць салдата.

Выконваецца песня "У стоптаным жыце" (сл. М. Сурначова, муз. А. Сінюковіч).

Салдат. Гэтая песня была напісана на словы маладога паэта Міколы Сурначова, які прайшоў праз усю вайну.
Дзяўчынка. Магчыма, гэтая каска належыць Міколу Сурначову?
Памяць. Магчыма. Многія вядомыя і невядомыя беларускія паэты навечна засталіся маладымі, склалі свае галовы ў барацьбе за гонар і незалежнасць Радзімы. У Доме літаратара ёсць мемарыяльная дошка. На ёй залатымі літарамі напісаны імёны 22 пісьменнікаў, што загінулі на франтах вайны. Сярод іх імёны: Міколы Сурна­чова, Алеся Жаўрука, Андрэя Ушакова, Аляксея Коршака, Леаніда Гаўрылава, Аркадзя Гейне, Міколы Сямашкі, Уладзіміра Рагуцкага.

На экране - партрэты названых маладых паэтаў.

Салдат. У 1949 г. у Мінску выйшаў зборнік "Мы іх не забудзем" (складальнік А. Вялюгін), прысвечаны памяці пісьменнікаў-герояў, што загінулі ў час вайны.
Медсястра. Глыбока хвалюе праўдай перажывання і пачуцця "акопны спеў" таленавітага беларускага паэта Міколы Сурначова, які з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі, прайшоў з баямі ад Сталінграда да Берліна і загінуў як герой у адной з апошніх атак.
Салдат. У цяжкія месяцы адступлення, калі ўся Беларусь засталася ўжо за лініяй фронту, М. Сурначоў, салдат Бранскага фронту, паміж баямі пісаў, звяртаючыся да Беларусі:
1-ы чытальнік.
Старонка мая, з дакорам
Ты сына свайго не кляні,
Мы пройдзем любімым борам,
Здабудзем твае кляны,
Хваёвыя пералескі,
Пасек мядзвяны пах,
Узняўшыя снег пралескі
Усцелюць прад намі шлях.
Мікола Сурначоў. Старонка мая.

Дзяўчынка (задумліва паўтарае).
"Узняўшыя снег пралескі
Усцелюць прад намі шлях..."
Падобна гэта да песні,
А каска, відаць, у палях
Тады ў нямецкіх упала,
Дзе куля салдата дагнала.
Памяць. Так, шалёная куля, бомба, пажары вайны кожны дзень знішчалі людзей, не выбіраючы: стары ці малы, мужчына ці жанчына, рабочы ці паэт...
Салдат. А некаторыя маладыя паэты - Алесь Жаўрук, Андрэй Ушакоў - загінулі ў пачатку вайны і не паспелі сказаць свайго слова аб тых цяжкіх гадах. У даваеннай лірыцы А. Ушакова, напрыклад, асабліва вылучаюцца сярод іншых вершы пра каханне.

На сцэну выходзяць спевакі і выконваюць песню"Дзе ты, чарнавокая?" (сл. А. Ушакова, муз. I. Любана).

Забыццё.
Вось і спявайце пра каханне,
Пра мірны час, пра сонца ў небе,
Ці пра шчаслівае спатканне,
Пра васількі ў саспелым хлебе.
Вера Буланда. Забыццё.

Дзяўчынка. Ты што, не зразумела, што цябе тут сёння ніхто не збіраецца слухаць? Ідзі адсюль, калі ласка, пакуль па-добраму просяць.
Забыццё. Ну, калі так, пачакайце, я яшчэ прыйду і праверу, як слухаць вас будуць астатнія і што яны запомняць, а што ўсё-такі забудуць (ідзе за кулісы).
Салдат (паціскае руку Дзяўчынцы). Ты смелая дзяўчынка, бач, як цябе Забыццё спалохалася, адразу пайшло, каб не перашкаджаць нам і Памяці нашай. А каска гэтая, усё магчыма, можа быць ці Алеся Жаўрука, ці Андрэя Ушако­ва, а можа, якога другога салдата, які недаспяваў, пакінуўшы свае непражытае жыццё на полі бою.
Трагічная веліч Вялікай Айчыннай вайны непаўторная, а цана перамогі ў ёй - неймаверна вялікая. Праходзяць гады, дзесяцігоддзі, аднак перажытае ў вайну, праявы ўздымаў і падзенняў чалавечага духу, факты гераічных подзвігаў, самаахвярных учынкаў працягваюць жыць у сэрцах не толькі ветэранаў, удзельнікаў вайны, франтавікоў і партызанаў, але і іх нашчадкаў, гэта значыць, у нашых сэрцах.
Памяць. (Усе лічбы, якія прыводзяцца Памяццю, з'яўляюцца на экране.) Людскія страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вай­ны (1941 - 1944 гг.) складаюць 2 596 676 чалавек, у тым ліку загінуўшых ваеннаслужачых у баях -332 596 чалавек, у лагерах ваеннапалонных -810 091, партызанаў і падпольшчыкаў - 447 791, мірнага насельніцтва - 1 409 225 чалавек.

Салдат.
Каля пажарышч прыкурвалі,
У касках варылі гарбату,
Спявалі з вачамі пахмурнымі
Аб нівах сваіх і хатах.

Ля трупаў чужых вячэралі,
Ды зноў набівалі набоі,
Стралялі ў пацёмкі шэрыя,
Трывожачыся без бою.
Кастусь Кірэенка. "Каля пажарышч прыкурвалі..."

Медсястра. Трагедыя, смерць закранулі кожнага тагачаснага жыхара краіны, закранулі асабіста.
Памяць. Смерць заўсёды чыясьці канкрэтна, боль ад гэтага ў кожным выпадку свой.
Дзяўчынка. Я зразумела, што радасць вялікіх і малых перамог праходзіць хутка, боль страты, пакут, жаху застаецца ў чалавека да самага скону.
Памяць. Сапраўды так. Юрый Бондараў у эсэ "Памяць" піша: "Калі гора мае свой пах, то вайна пахне агнём, попелам і смерцю. Вайна - гэта горкі пот і кроў, гэта пасля кожнага бою змешаныя спісы ў палкавога пісара, гэта апошні сухар ва ўзводзе, раздзелены на тых пяцярых, што засталіся жывыя, гэта кацялок іржавай балотнай вады і апошняя цыгарка, якую прагна дакурвае, абпальваючы пальцы, наводчык, гледзячы, як паўзуць танкі".

Тэкст эсэ Ю. Бондарава праецыруецца на экран, падпісаны словам "ПАМЯЦЬ" вялікімі строгімі літарамі.

Летапісец. Васіль Быкаў у артыкуле "Званы Хатыні" ў 1971 г. пісаў (на экране бачым партрэт Васіля Быкава і яго словы): "Вялікая Айчынная вайна сапраўды з'явілася вайной агульнанароднай з яе першага дня і да самай перамогі. Тры гады беларускі народ правёў на яе пярэднім краі ў літаральным сэнсе гэтага слова, ні дня не ведаючы хоць бы адноснай бяспекі. Фронт барацьбы з гітлераўцамі праходзіў на кожнай ваколіцы, на кожным падворку, па сэрцах і душах людзей".
Памяць. Агульнанародная вайна азначала, што кожны быў воінам з усімі яго абавязкамі і вынікамі, незалежна ад узросту, полу, нягледзячы на тое, меў ён зброю і страляў у акупантаў або толькі сеяў збожжа, і падрослыя дзеці, ды і само існаванне кожнага беларуса ў выніку былі накіраваны на барацьбу супраць акупантаў.
Летапісец. 6 верасня 1941 г. чатырнаццацігадовы Саша Тышкевіч, сям'ю якога па-зверску забілі гітлераўцы, на вуліцы Жлобіна кінуў гранату ў штабную машыну з нямецкімі афіцэрамі. Выбухам былі знішчаныя машына і ўсе афіцэры, што ехалі ў ёй. Ад асколкаў гранаты загінуў і юны герой. Аб гэтым паведаміла Саўінфармбюро, а праз некалькі дзён у Жлобіне паявіліся лістоўкі, у якіх распавядалася пра гераічны подзвіг Сашы Тышкевіча.
Памяць. Не толькі лістоўкі, але і мастацкія творы.

2-і чытальнік.
Можна боль заглушыць
і суцішыць вялікае гора,
Можна жыць у разлуцы,
далёка ад родных прастораў,
Аднаго не забыць, аднаго у душы
не закрэсліць -
Гэту нашу нянавісць, якую праз бой
мы пранеслі.
Тут спалучана ўсё: ярасць грому
і гнеў бліскавіцы,
I найлепшыя мары, і сны,
і празрыстасць крыніцы.
Ты, нянавісць, трывожыш
агнём незгасаючым сэрцы,
Ты Тышкевіча Сашу вядзеш
на дарогу бяссмерця.

2-я чытальніца.
Саша... Жвавы хлапчук...
Чатырнаццаць гадоў адзвінела,
Чатырнаццаць садоў адцвіло, -
і тады зашугала вайна.
Цераз родны парог уваходзіць у хату ён смела,
Кліча маці, ды мёртвай ляжыць на парозе яна.
Любы бацька, і брат,
і сястрычкі штыкамі заколаты,
Паламана калыска, на кнігах -
забойцаў сляды.
У такую хвіліну сівеюць ад жаху сады,
У такую хвіліну нядужы становіцца волатам.

Памяць.
Не крычаў і не енчыў, толькі вочы
заплюшчыў ад жалю,
Дзве слязінкі, як іскры,
на матчыны вусны упалі.
"Мама, мама, устань!" -
і павекі матуля раскрыла
I на помсту страшэнную
мёртвай рукой блаславіла.
I пайшоў ён у Жлобін, рашучы і узмужалы,
Па знаёмай дарозе, размолатай танкамі ў пыл.
А кругом у красе дарагая радзіма ляжала,
Зелянела атава, залацелі пад сонцам снапы.

Салдат.
Ён стаяў на рагу, непрыкметны, каля камяніцы,
I дзіцячыя чыстыя вочы
глядзелі журботна наўкол.
I не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура таіцца.
Што увесь ён напоен нянавісцю спаленых сёл.
Глуха скрыгалі танкі, грукаталі нямецкія боты,
Ён стаяў, ён чакаў, ён згараў у агні завірух.
Дзе ж яны? Дзе ж забойцы? -
і выехаў з-за павароту
Афіцэрскі аўтобус са зграяй кляймёных падлюг.

Партызан.
Надыходзь жа хутчэй, баявая святая расплата!
Дваццаць крокаў, пятнаццаць...
і помста зрываецца з рук. Банду псоў ашалелых
ушчэнт спапяляе гранатай
Мужны Саша Тышкевіч
і падае мёртвы на брук.
I стаялі над трупам тупыя ад злосці
Немцы. Страх ледзяніў іх звярыную кроў:
"Калі дзеці савецкія
гэтак бязлітасна помсцяць,
Колькі ж гневу тады і адвагі
у іхніх бацькоў!"
Пімен Панчанка. Саша.

Памяць. А колькі Хатыняў, Дальваў, Трасцянцоў памятае родная зямля!
На сцэне - вязні.

1-ы вязень.
Суайчыннік, стань!
Тут знішчалі людзей.
Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,
I ў гадзіну - па шэсць чалавек.
2-і вязень.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі...
Салдат. Памятай...
Медсястра. Памятай...
Усе разам. Памятай!!!
3-і вязень.
Нам свяціў далёкага шчасця маяк,
Мы любілі свой край залаты...
3 нас кожны быў, як маці твая...
Як каханая жонка... Як ты...
4-ы вязень.
Час адной папяросы - і попел густы
Асядаў на бяроз галлё...
І таму не верце спакою, браты,
Пакуль лётае ноч над зямлёй.
1-ы вязень. Мы - прах. Толькі сэрцы грымяць, як мячы.
2-і вязень. Каб цемра не упала на край,
3-і вязень. Мы згарэлі паходнямі ў лютай начы...
Разам. Па-мя-тай!
Па-мя-тай!
Па-мя-тай!!!
Уладзімір Караткевіч. Трасцянец.

Памяць. Лес чалавека не належыць яму самому. Яго паводзінамі, учынкамі кіруюць абставіны, мала што залежыць ад свядомасці і стану душы.
На сцэне - зацямненне, гучыць "Рэквіем" Моцарта.

Дзяўчынка.
Гарачыць, як у пекле -
Над засмяглымі травамі.
Бачаць вочы адну толькі вялую сінь.
Без ніводнай хмурынкі
Неба томіцца млявае,
Смаліць сонца, астаткі адбіраючы сіл.
Хоць бы ценю якога...
Хіба дыхаць тут можна?
Пачарнелыя вусны хоць бы ў кроплі змачыць!
Аляксей Коршак. Гарачынь.

Партызан.
Пакуль выпроствалася пад металам
Зямля і курчылася ў агні,
Мы працавалі штыкамі дбала
I моўчкі марылі аб цішыні.

Але, мы марылі не аб многім -
Адну б хвіліну нам, хоць адну!
У круг пасесці б каля дарогі,
Курыць і думаць. Не пра вайну.
Не пра вайну - праваліцца б войнам!
Каханне ўспомніць і бацькаў дом...
Кастусь Кірэенка. "Пакуль выпроствалася пад металам..."

Выконваецца песня "Последний бой" (сл. і муз. М. Ножкіна).

Памяць. Нязгасная вера ў перамогу над ворагам, у чаканы зварот на Беларусь надавала нашым байцам і партызанам унутраную сілу і моц.
Фонам гучыць мелодыя "Лясной песні" (сл. А. Русака, муз. У. Алоўнікава), на экран праецыруецца рэпрадукцыя карціны “Партызаны" (1963) М. Савіцкага.
Партызан.
Па ўсіх неабдымных прасторах-абшарах
Устала расплата, крывёй загула,
Знаходзіць чужынцаў суровая кара,
Грымяць Налібокі, хвалюецца Нарач,
На бераг з палону выходзіць Сула.
Пятрусь Броўка. Урывак з паэмы "Беларусь".

Летапісец. У верасні - кастрычніку 1943 г. пачалося вызваленне Беларусі. У выніку асенне-зімовага наступлення 1943 - 1944 гг. поўнасцю ці часткова вызвалены 36 раённых і 2 абласныя цэнтры - Гомель і Мазыр. 3 Чырвонай Арміяй злучыліся 44 661 партызан Віцебскага, Магілёўскага, Гомельскага і Палескага злучэнняў.
Голас дыктара. (Усе замерлі і слухаюць паведамленне Саўінфармбюро.) 23 - 24 чэрвеня Чырвоная Армія пачала Беларускую аперацыю 1944: войскі 1-га Прыбалтыйскага (генерал арміі I. X. Баграмян) і 3-га Беларускага (генерал-палкоўнік I. Д. Чарняхоўскі) франтоў знішчылі буй­ную групоўку ворага ў раёне Віцебска, 26 чэр­веня вызвалілі Віцебск, 27 - Оршу, 28 чэрвеня
(прапушчаны фрагмент тэксту)

беларускіх франтоў ажыццявілі Мінскую аперацыю 1944. 3 ліпеня вызвалілі Мінск.
Чуецца раскацістае "Ура-а-а!!!" і гучыць песня "День Победы" (сл. У. Харытонава, муз. Д. Тухманава).

Салдат.
I ў ноч, на цёмныя парогі,
У кожнае акно і дом
Упала вестка перамогі,
Нібы раптоўны першы гром.
Партызан.
Але між намі нечаканай
Яна ніколі не была:
У снах байца і партызана
Ад першых дзён вайны жыла.
Медсястра.
I ў дзень вялікаснага свята -
3 братэрскім шчырым пачуццём -
Мы помнім кожнага салдата,
Што за яе аддаў жыццё.
Пятро Глебка. Перамога.

Гучыць песня "Люблю цябе, Белая Русь" (сл. У. Карызны, муз. Ю. Семянякі).


Памяць. Магчыма, гэтая каска апошняй легла на полі бою 3 ліпеня 1944 года, яшчэ раз нам нагадаўшы аб тых падзеях, на якія забывацца нельга.
Забыццё.
Я ўсё чула тут. Прыйшла нібыта з бою,
I не месца мне у вашым краі,
I датуль не быць, пакуль герояў
Землякі сваіх не забываюць.
(Ідзе за кулісы гэтак жа спакойна-вінавата, як і прыйшла.)

Дзяўчынка.
I нічога, калі раптам плачам,
Бо забыцца нельга перамогу нашу,
I чужынцам зноў зямлі не прагнуць,
Бо тады навошта людзям Памяць?
1-ы вязень. У час, як знікнуць
звады праклятыя, -
помніце, помніце нас...
2-і вязень. У час вялікага свята, -
помніце, помніце нас.
3-і вязень. Каб заўсёды была чалавечнасць,
каб шчасце сялілася ў хатах...
4-ы вязень. Каб давеку жыла Радзіма, -
не забывайце нас.
Дзяўчынка.
I часцей няхай слаўная Памяць
Прадаўжае гаварыць з намі,
3 нашымі душамі й сэрцамі...
Разам.
Каб не сталі мы з вамі чэрствымі!

Песня "Памяць сэрца" (сл. М. Ясеня, муз. I. Лучанка). Пажадана яе выкананне ўсімі ўдзельнікамі кампазіцыі.


Яшчэ на гэту тэму:

"Жыві і помні..."     Вайна - боль і памяць народа