сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. Р. ЖУКАВЕЦ, настаўніца вышэйшай катэгорыі гімназіі № 2 г. Магілёва. Беларуская мова і літаратура 7/2019

Беларуская кадрыля

Літаратурна-музычная кампазіцыя для вучняў V—XI класаў

Мэта: пазнаёміць вучняў з вершамі беларускіх паэтаў пра Радзіму, родную мову, народнымі і літаратурнымі песнямі, драматычнымі творамі беларускіх аўтараў.
Задачы: спрыяць развіццю творчых здольнасцей і маўленчай культуры вучняў, удасканальваць уменне выразнага чытання вершаў на памяць; падтрымліваць цікавасць да беларускай літаратуры і культуры; выхоўваць пачуццё гонару і любові да мовы роднага народа.

Ход мерапрыемства

Сцэна стылізавана пад кватэру. Стаіць стол. За сталом сядзіць дзяўчынка Янінка. Выконвае дамашняе заданне па беларускай мове.
Янінка.
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Н. Гілевіч [5, с. 39].

(Спявае на матыў песні «Музыка», муз. Г. Струве, сл. I. Ісакавай.)
Я хачу вучыць фанетыку.
Я хачу вучыць фанетыку.
А якая ты, фанетыка?
Раскажыце мне аб ёй.
Птушак спевы — вось фанетыка.
Гукі, словы — вось фанетыка.
Вось фанетыка-разумніца,
Ты вучы яе хутчэй [4, с. 59—60].

Раптам на сцэну выбягае Пятрок. Хлопчык толькі што прыйшоў са школы. Ён вельмі раззлаваны. Кідае партфель.
Пятрок. Ну ўсё! Надакучыла мне вучоба, надакучыла гэта беларуская мова! Патрэбна яна мне як сабаку пятая лапа!
Янінка. Чаму злуешся, Пятрок? Як ты можаш так гаварыць пра нашу родную мову? Яна такая мілагучная і ласкавая.
(Спявае на матыў песні «Наш край», муз. Д. Кабалеўскага, сл. А. Прышэльца.)
То назоўнік, то прыметнік,
Дзеясловаў цэлы рой.
Мова наша — скарб вялікі,
Знойдзеш дзе яшчэ такі.
Знойдзеш дзе яшчэ такі [4, с. 59—60].

Пятрок. Які скарб?!
Янінка. Неацэнны скарб, .які пакінулі нам нашы продкі. Тысячы і тысячы людзей слоўца да слоўца, гук да гука, песню да песні збіралі і зберагалі гэты скарб. I кожнае пакаленне старалася дадаць да яго штосьці сваё, дарагое, вартае памяці. Вось ты ўчора вучыў на памяць верш. Гэты верш — таксама скарб. Моўны і літаратурны скарб. Як, дарэчы, ты прачытаў яго?
Пятрок. Ніяк.
Янінка. Чаму?
Пятрок (спявае на матыў песні «Белы ветразь», муз. Я. Глебава, сл. Б. Акуджавы).
Сарваўся голас мой высокі,
Калі на памяць верш чытаў.
Стаяў ля дошкі адзінокі,
Слязу глытаў, глытаў, глытаў [4, с. 59—60].

Янінка. Ты добра не вывучыў верш, таму і запінаўся. I вінаваты ў гэтым ты сам, а не беларуская мова.
Пятрок. Навошта мне беларуская мова? Я добра ведаю рускую і размаўляю на ёй без памылак.
Янінка. Але ж мы беларусы. Наша Радзіма — Беларусь. Наша родная мова — беларуская. Шмат стагоддзяў нашы продкі стваралі беларускую мову. Яна дасталася нам у спадчыну, таму трэба вельмі далікатна ставіцца да яе, берагчы і шанаваць. За кожным словам продкаў — іх жыццё, іх надзеі, іх пакуты і кроў, іх мудрасць і запавет. Наша Радзіма, наша мова нічым не горшая за іншыя. Калі хочаш, я дакажу табе гэта.
Пятрок. Як дакажаш?
Янінка. Сёння ў нашай гімназіі ладзіцца свята «Беларуская кадрыля», на якім я буду выступаць. Хадзем са мною. Там убачыш і пераканаешся, якая прыгожая беларуская мова, якая цудоўная наша літаратура, якія таленавітыя нашы людзі. Пойдзеш?
Пятрок. Добра. Пайшлі.
Янінка і Пятрок выходзяць.
Гучыць мелодыя. На сцэне з’яўляюцца вядучыя. Пачынаецца свята «Беларуская кадрыля». Вядучыя выконваюць верш земляка Міколы Рыхлова, супрацоўніка газеты «Маяк Прыдняпроўя».

Першы вядучы.
Пасвятлела. Марозец на вуліцы.
Аднавіўся па-новаму край.
Што задумаў — няхай тое збудзецца.
Толькі шчыра сабе загадай.

Другі вядучы.
Думкі-мары мае, вы — бясконцыя,
А вакол — цішыня і спакой.
I любуюся промнямі сонца я
I чаруючай рэчкай Лахвой.

Першы вядучы.
Грузавік — нібы конь той стрыножаны,
На калюжынах руль не ўтрымаць,
За кабінай бярозкі дарожныя
Пад фатой, як нявесты, стаяць.

Другі вядучы.
I дубы сустракаюцца гордыя,
Як праўдзівасць, магутнасць сама.
Пералескамі, полем, прыгоркамі
Беласнежная крочыць зіма.

Першы вядучы. Добры дзень, сябры!
Другі вядучы. Мы рады бачыць вас у гэтай зале.
Першы вядучы. Сёння мы сабраліся, каб згуляць «Беларускую кадрылю».
Другі вядучы. Так-так! Менавіта згуляць, таму што кадрыля — не проста танец. Кадрыля — шматграннае дзейства. Вясёлае і лірычнае, сур’ёзнае і камічнае.
Першы вядучы. Запрашаем вас быць не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі нашага вечара.
Другі вядучы. Вельмі хацелася б, каб вы разам з намі смяяліся, жартавалі і спявалі.
Першы вядучы. «Беларуская кадрыля» пачынаецца.
Гучыць мелодыя кадрылі. Танцавальная група выконвае першую частку кадрылі. Адзін з танцораў гучна аб’яўляе:
— Калена першае — этнаграфічнае!
Танцавальная група пад музыку пакідае сцэну.
Выходзяць вядучыя.

Першы вядучы. Працоўны год здаўна падзяляўся на дзве паловы: летнюю і зімовую —
і пачынаўся звычайна з першага веснавога месяца — сакавіка.
Другі вядучы. Поры года нашы продкі ўяўлялі ў выглядзе жывых істот.
Першы вядучы. Вясну — прыгожай, статнай, добрай і ласкавай дзяўчынай.
Другі вядучы. Лета — блакітнавокай дзяўчынай ці прыгожай маладой жанчынай.
Першы вядучы. Восень — сталай жанчынай, шматдзетнай, багатай і шчодрай.
Другі вядучы. А зіму?
Першы вядучы. У старажытных беларусаў зіма — гэта казачны Зюзя, Ён уяўляецца старым невялікага росту, з белымі валасамі і доўгай сівой барадой. Ходзіць Зюзя босы, з непакрытай галавой, у белым адзенні, носіць жалезную булаву, якой стукае па дрэвах. Калі з’явіцца ў ваколіцы, абавязкова прынясе сцюжу. Яго жонка — злая мачаха- завіруха.
Другі вядучы. Бр-р! Ад твайго аповеду адразу холадам павеяла.
Першы вядучы. Зразумела! На вуліцы снежань — пачатак зімы. У старых хроніках і вуснай народнай творчасці сустракаюцца такія назвы гэтага месяца: «студзіла», «зімнік», «хмурань». У снежні наступалі самыя доўгія вечары, якія нагадвалі жанчынам пра кудзелю і піліпаўскія вячоркі.
Другі вядучы. Я ведаю, што на вячоркі дзяўчаты наймалі хату (за плату) да самай вясны. Збіралася ў ёй дзяўчат пятнаццаць, не больш. Усё прадуць і шчыра спяваюць.
Першы вядучы. Прыходзілі і хлопцы паглядзець на дзяўчат, паслухаць іх спевы. Нярэдка на вячоркі траплялі хлопцы з суседніх вёсак, а большая частка сваіх хлопцаў хадзіла ў іншыя вёскі, часам ажно за дзесяць вёрст.
Другі вядучы. Мерна гудзяць прасніцы, круцяцца ў дзявочых руках верацёны, і гучыць песня...
Гучыць народная песня «Ой, рэчанька, рэчанька».
Першы вядучы. На працягу зімы дзяўчаты рабілі тры-чатыры «вечарынкі». Наймалі музыкаў са скрыпкаю і бубнам, прыносілі ежу, пачастункі.
Другі вядучы. Звычайна вечарынкі пачыналіся раніцой і прадаўжаліся да позняй ночы.
Першы вядучы. Там спявалі, скакалі, у розныя гульні гулялі.
Другі вядучы. У час імпэтных скокаў гучалі вясёлыя і дасціпныя прыпеўкі.
Першы вядучы. Паслухайце ў выкананні нашай вакальнай групы беларускія прыпеўкі.
1. Гарманісцік, весялей,
Нашых ножак не жалей.
Нашы ножкі не баляць,
Яны хочаць пагуляць.

2. Нам кадрылі надаелі,
Пойдзем полечку скакаць.
Нашы дзеўкі пастарэлі,
Дзе нам новых пашукаць.

3. Ой ты, мілы, ты мой мілы,
А чаму ж ты не прыйшоў?
— Муха лямпу патушыла,
Чаравікі не знайшоў.

4. На двары стаіць бяроза.
Ад бярозы ў хаце цень.
Стаіць мілы на парозе,
А я думала — галень.

5. Знасіў боты за два злоты,
Да дзяўчыны ходзячы.
Знасіў шапку за дзясятку,
У парозе стоячы.

6. Не дай, Божа, з такім лёсам
Любіць хлопца з доўгім носам.
Каб яго пацалаваць,
Трэба нос адпілаваць.

7. Ах ты, мілачка мая,
Чым ты бровы падвяла?
Ці чарнілам, ці пяром,
Ці ў сажу памялом?

8. Прыязджалі ка мне сваты
На белай кабыле,
Азірнуліся назад —
Жаніха забылі.

9. Ах ты, мілачка мая,
Каб цябе халерыя,
Восем год цябе кахаў,
А ты мне не верыла.

10. А мой мілы лысы-лысы.
А дзе лысіну падзець?
Як люстэрка разаб’ецца —
Буду ў лысіну глядзець.

11. Мая мілка недалёка
За канаваю жыве.
Захацела пакатацца —
Села ў рэшата — плыве.

12. Мы прыпеўкі вам прапелі.
Чым яны не харашы?
А цяпер мы вас папросім
Нам пахлопаць ад душы.
Першы вядучы. А наша кадрыля працягваецца.
Гучыць музыка. Танцавальная група выконвае другую частку кадрылі. Адзін з танцораў гучна аб’яўляе:
— Калена другое — паэтпычнае!
Пад музыку танцоры пакідаюць сцэну.
Выходзяць вядучыя.

Першы вядучы. Беларускі народ вельмі таленавіты. Наша зямля нарадзіла паэтаў Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўку, Петруся Броўку, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Васіля Зуёнка...
Другі вядучы. Розныя тэмы хвалююць беларускіх паэтаў: прыгажосць прыроды, мінулае роднага краю, сучаснае жыццё, будучыня нашага народа. Актуальнай з’яўляецца тэма захавання роднай мовы, бо ў ёй жыве душа народа, яна з’яўляецца спалучальным звяном паміж пакаленнямі.
Першы вядучы. Родная мова! За гэтымі словамі — гісторыя Беларусі, яе пісьменства і нацыянальная культура.
Другі вядучы. Сардэчных і цёплых, сакавітых і вобразных слоў вельмі шмат у беларускай мове. Іх трэба адчуваць сэрцам, неабходна правільна выкарыстоўваць. 3 дапамогай роднага слова можна выказаць любую думку, любое пачуццё.
Першы чытальнік (выконвае ўрывак з верша «Словы» Юрася Свіркі).
У нас сваіх хапае слоў,
Крамяных, росных, васільковых
Ад мурагоў і ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.

У нас хапае слоў сваіх
(Іх пазычыць няма патрэбы)
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбіні ўлетку неба.

Сваіх хапае слоў у нас
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
I заклікаюць на змаганне... [9, с. 170].

Першы вядучы. Мова беларускага народа — яго люстэрка, яго гонар, веліч і сумленне. Яна стала роўнай сярод роўных. Аднак сёння нам варта задумацца пра лёс і шляхі развіцця роднага слова, трэба шанаваць мову нашага народа як святыню, як найвялікшую каштоўнасць.
Другі чытальнік (выконвае верш «Роднае слова» Ніла Гілевіча).
Пры суседзях у вёсцы нялоўка
«Невучоным» сябе паказаць,
I пільнуецца хлопец, каб слоўка
Так, як кажуць яны, не сказаць.
Мовы ён не забыўся, вядома,
Гэтых простых і сціплых людзей.
Толькі ён ужо год, як не дома,
I на дом не ўскладае надзей.
Маці песню малому спявала
Пра духмяны ў бары чабарок...
Песня сыну нялюбаю стала,
Як пакінуў бацькоўскі парог.
Ад калыскі знаёмыя рэчы
Ён па-іншаму ў хаце заве.
Маці туліць хусцінаю плечы:
«Што ж, і пэўна: не ў вёсцы жыве».
Ёй не ў крыўду сынкова пагарда:
Друг высока абучаны мой!
Сёння матчынай мовы, а заўтра
Засаромішся маці самой?
Ведай: роднае слова грымела
У крывавым агні барыкад,
За свабоду адважна і смела
Заклікала ў паход, як набат.
Родным словам мы грознай парою
Гуртавалі рады змагароў,
3 родным словам на вуснах герояў
Запякалася алая кроў.
За яго паміралі і гіблі,
Каб на здзекі і глум не аддаць,
Каб маглі сёння песні і гімны
Пра шчаслівую долю складаць [1, с. 182].

Другі вядучы. 3 гонарам за беларускую мову, за літаратуру, за свой народ чытайма кнігі, напісаныя на роднай мове. Яны дапамагаюць спазнаць жыццё, адкрываюць новыя далягляды, узбагачаюць наш унутраны свет.
Трэці чытальнік (выконвае ўрывак з вер ша «А мову ледзь не затапталі...» Пімена Панчанкі).
Усе сыны усіх народаў
На памяць помняць родны верш
I ганарацца песняй роднай,
3 якой з калыскі ты жывеш.

Ну, а салдаты з Беларусі
Ці служаць, ці ідуць у бой,
Саромяцца ў юнацкай скрусе:
Не знаюць спадчыны сваёй...

Мілей мне «кнігаўка», чым «чыбіс»,
Бо голас кнігаўкі ў душы.
I бульбу смажаную чыпсам
Ты зваць па модзе не спяшы.

I я на «клюкву» «журавіны»
Не прамяняю, не аддам.
I светлы край наш жураўліны
Я дзецям ціха перадам [7, с. 166].

Першы вядучы. Як пранікнёна гучаць радкі вершаў беларускіх аўтараў, прысвечаныя роднай мове!
Другі вядучы. У нашай гімназіі таксама ёсць юныя таленты. Свае вершы прачытаюць некалькі вучняў.
Гучыць песня «Беларусь мая сінявокая».
Першы вядучы. Мы перагарнулі другую старонку нашага вечара.
Другі вядучы. Але «Беларуская кадрыля» працягваецца.
Гучыць музыка. Танцавальная група выконвае трэцюю частку кадрылі. Адзін з танцораў гучна аб’яўляе:
— Калена трэцяе — гумарыстычнае!

Першы вядучы. Беларусы — гасцінныя, шчырыя, добразычлівыя, працавітыя людзі. Але ж яны ўмеюць не толькі добра працаваць, але і весела адпачываць.
Другі вядучы. Беларус любіць трапнае слова, дасціпны жарт. Пачуццё гумару — адметная рыса нашага нацыянальнага характару.
Інсцэніроўка гумарэскі Анатоля Тамашэўскага «Жонка суп варыла...»

Першы сябар.
Ваня! Ваня! Што з табою? —
Акружылі дружбакі. —
Мо зайшліся зубы болем
Ці прадзьмулі скразнякі?

Другі сябар.
Ты ж заўчора на вяселлі
На сваім бадзёры быў:
Мы ўсе з зайздрасцю глядзелі,
Якім гогалем хадзіў
Ды нахвальваў сваю Кацю —
Прыгажосць і вуснаў смак.

Трэці сябар.
Што ж такое з табой, браце,
Ты чаго раскіс-размяк?

Ваня.
Мушу вам прызнацца шчыра,
Што мяне ўчарашні дзень
Не хвароба засмуціла —
Я б пайшоў на бюлетэнь.
Я ў сваёй каханцы Каці
Расчарован да мяжы.
Раніцою мая маці
Ўстала першай.
Мы ляжым.

Маці.
Сёння я паеду к Галі,
Бо даўно ў дачкі была.
Вы ж абед каб згатавалі —
Я ўсяго тут прыпасла.

Ваня.
Падняліся. «Я — на рэчку.
Ты, — кажу, — абед гатуй».
Каця ж стала, бы авечка...

Каця.
Ваня, родненькі, ратуй —
Я не ўмею, далі-божа,
Аніякі суп варыць.
Без цябе мне хто паможа?

Ваня.
«Перш, — кажу, — закіпяціць
У каструлі ваду трэба,
Потым бульбы пакрышы,
Дадай солі па патрэбе.
I сядзі — чытай, пішы.
Праз якіх хвілін пятнаццаць
Ты кансерву з рыбы ўкінь.
I не станеш спасылацца,
Што не ўмееш ані-ні».
I пайшоў. Ў абед прыходжу:
«Суп гатоў?»

Каця.
Гатоў даўно.
Налівай, колькі захочаш.
Потым сходзім у кіно.

Ваня.
Узяў я місу, апалонік,
Па каструлі той шкрабель!
Там жа штось як заскрыгочыць,
Бы на мель сеў карабель.
Зірк у каструлю — волас дыбам:
Міна плавае ніяк!
«Што, — крычу, — ты наварыла?»

Каця.
Супакойся! Усё так,
Як казаў ты, я рабіла.
Там кансерва — даставай
Я яе не пасаліла,
Дык ты надта не ругай.

Ваня.
Смех і грэх — усё да месца:
У суп бляшанку палажыць —
Да такога не даўмецца,
Каб спачатку адчыніць.
Дык хіба ж настрой тут будзе,
А ў жыцці сямейным — рай?
Нездарма казалі людзі:
Гаспадыню выбірай [2, с. 303—305].

Першы вядучы. Жыццё пражыць — не поле перайсці. У жыцці ўсялякае бывае. Вось якая сітуацыя можа скласціся паміж людзьмі.
Другі вядучы. А цяпер паглядзіце яшчэ адну гумарыстычную сцэнку.
Інсцэніроўка п’есы Леапольда Родзевіча «Збянтэжаны Саўка»

Саўка (уваходзіць). Жонка!
Магрэта. Я!
Саўка. Магрэта!
Магрэта. Тутачкі яна.
Саўка (яшчэ грамчэй). Чарвіва качарыжка! Каб цябе маланка. Ты чаму мне палуднаваць не прынесла?
Магрэта. А доля ж мая чубатая! Ды я і так стараюся — усё з кута ў кут, то тое, то сёе, то туды, то сюды.
Саўка. Ціха, малатарня! Залапатала ўжо. Каб ты так рукамі завіхалася, як языком. I нашто ты жывеш? Толькі свет копціш.
Магрэта. Працуеш ад зары да зары, як мурашка, б’ешся як рыба аб лёд, а яму ўсё мала. (Плачучы.) Згінь ты, пропадам прападзі, жыццё гэта катаржнае! Годзіш яму, як благой скуле, на пальчыках ходзіш перад ім, а ўсё дрэнна, усё не так.
Саўка. До! Заткніся! Не магу я слухаць тваёй звягі. Ну і галасок удаўся, як у парасяці, ушчэмленага ў плоце.
Магрэта. Антыхрыст ты! Яшчэ той чалавек не нарадзіўся, які б табе ўгадзіў!
Саўка. Тра-та-та-та! Пачалося. Дык жа калі табе так дрэнна, то зробім, каб было добра. Ты пойдзеш у поле араць, а я буду дома гаспадарыць. Я чалавек згаворлівы. Калі табе тут, у запечку, дрэнна сядзець, ну дык ідзі паары, пацягай саху, папацей у дваццаць патоў, дазнайся, па чым фунт ліха. Годзе лынды біць! Усю цяжкую работу дык мужчына рабіў. Вайна — мужчына, сям’ю кармі і з цешчай агрызайся, а яны, баб’ё, сядзяць сабе на гатовенькім, кудахтаюць. I гэта называецца «доля чубатая». Ой, абскубу я вам гэту долю, будзе яна лысая, як калена. Дык жа знай: я хачу быць бабай, і канец!
Магрэта (устала). Добра, саколік, добра! Воля твая — загад для мяне!
Саўка. Ідзі, ідзі, нечага выстаўляць свой бабскі розум. Я больш забыўся, як ты ведаеш (выпіхвае Магрэту).
Магрэта (праз дзверы, а як Саўка прыгразіць — схаваецца, і так некалькі разоў). Ты ж глядзі, каб курыца не зляцела з яек, бо яны як астынуць, дык за нішто прападуць. Пасля свінням травы назбірай, курэй пашчупай, хлеб рашчыні, кароў падаі, варыва звары!
Саўка (бярэ венік). Ну, а яшчэ што?
Магрэта. Бабскі атопак, курашчуп, памыйнік!
Саўка (замахваецца венікам). Я табе зараз памыю тваю патэльню. Вось ужо дакучлівае стварэнне гэтыя бабы! (Адзін глядзіць у акно.) Цьфу ты напасць! Пайшла. Хвост у зубы і пайшла зыкуючы. (Дразнячы.) Ку-рэй падаі, свіней пашчупай, хлеб звары і яшчэ нейкую трасцу — хіба ўспомніш! Перш-наперш, папалудную, бо есці хачу, як воўк. Трэба пашукаць па сховах Магрэты, мо што перападзе. (Хоча рэзаць хлеб, але яго спыняе голас праз акно: «Саўка, а Саўка! У тваім ворыве парасяты, а гарох гусі латошаць!» )
А-яй, парасяты гусей латошаць. (Выбягае.)
Уваходзіць жабрак.

Жабрак. Пахвалёны ў хату. Падарыце сляпенькаму, бедненькаму, старэнькаму дзядочку. Не магу я працаваць, сіл не маю. Бог цемрай пакараў, жыву з ласкі людзей добрых. (Кашляе, стукае палкай, згледзеўшы сала і хлеб на стале, нюхае, тупае на месцы.) I хочацца, і колецца. Нікога не чуваць. (Хавае ў торбу сала і хлеб і выбягае.)
Саўка (уваходзіць). Ой, есці хочацца! А дзе ж яно падзелася? Ні хлеба, ні сала. Кусочка не ўкусіў, а ўжо не стала. Гм... I сабакі не брахалі, і сала ўкралі. Есці хачу! Трэба ў печ злазіць, мо там што абнюхаю. (Лезе ў печ, крэкчучы, і вылазіць адтуль, вымазаны ў сажу.) Няма!
Трэба навесці парадак, а то Магрэта скажа, што ў хаце беспарадак. (Змятае венікам падлогу і разважае.)
Як мая Магрэта, дык, мабыць, на цэлым свеце няма такой бабы — днём з агнём шукай — не знойдзеш ні сярод жывых, ні сярод памёршых. Да раны яе прылажы, дык рана загоіцца. Сапраўды, каб была доўгая драбіна, дык яна жыўцом бы на неба палезла.
Крык курыцы. Саўка выбягае і крычыць за бакавінамі: «Аюсь! Аюсь! Аюсь! Каб цябе маланка! Аюсь!» Уносіць скрыні з яйкамі.
Ай-яй-яй! Свіння чуць не паела. I пагнала ж яе нялёгкая! Вось трэба вучыцца ад свіней: яны заўсёды па-свінску робяць, а мы дык ніколі па-людску. А яйкі астынуць, а яйкі прападуць... Пайду лавіць курыцу... А каб яе маланка!.. (Выбягае, заве: «Ціпачка, ціп, ціп! Селачка, сел, сел! Курачка, кур, кур! Ах, каб цябе, хай цябе, каршуновы аб’едкі!» Убягае.) Ніяк не даецца!
Жыў не буду, калі не злаўлю! (Надзявае спадніцу.) Ашукаю курыную слепату — яна падумае, што Магрэта, дык і скукарэчыцца. Ой-яй-яй, а тут яйкі стынуць. (Выбягае, на хаду завязвае хустку.)
Саўка (уваходзіць змучаны, з разарванай спадніцай). Ох, няма сілачкі. Замучыла, каб яе каршун... Знямогся, знядужаў... Чуць- чуць не злавіў ужо і за хвост ухапіў — трэба ж было зачапіцца. Во і спадніцу разадраў, і нюхаўку чуць не расквасіў. А Магрэты як няма, дык няма... I трасца іх ведае, што з імі рабіць?! А яйкі стынуць, а яйкі псуюцца...
I, як я бачу, няма іншага ратунку, як самому на іх сесці. Цьфу! Да чаго дажыўся! I смех і грэх, і плач разбірае. (Садзіцца на яйкі.) Каб толькі яечні не зрабіць... Ну і папаўся, як таракан у саладуху. Я цяпер не толькі жаночую, але і курыную раблю — паскудная работа! Вух, як я сярдзіты!
Магрэта (уваходзіць, прыглядаецца да Саўкі, пазнаць не можа). Згінь, нячыстая сіла, прападзі. Няўжо гэта ён, бунтаўшчык?! Саўка, ці гэта ты?
Саўка. Я, Магрэтачка, я!
Магрэта. Што ты тут робіш?
Саўка. На яйках, жоначка, сяджу, на яйках.
Магрэта. Цьфу, паскуднік! Яшчэ жартуе,
Саўка (устае). Не да жартаў мне... Вось паглядзі... Каб не застылі, не папсаваліся... Я чалавек гаспадарчы...
Магрэта (з жахам). Сапраўды, яйкі!.. А ён у спадніцы, страшны, як чорт балотны... Стой, не падыходзь!
Саўка. Чаму, Магрэтка, клёцачка мая?
Магрэта. Стой, стой! Адыдзіся! Не ўсе дома... Ай-яй-яй, не падыходзь! (Уцякае ад Саўкі.) Людцы, ратуйце, звар’яцеў!..
Саўка хоча падысці.
Не варушыся, дурань, бо крычаць буду! Стой, кажу, стой!
Саўка (як стаяў у нявыгаднай, смешнай паставе, так і застаўся). Во арудуе.
Магрэта. Калі ты не звар’яцеў, дык скажы пацеры (малітву).
Саўка. Ой, не скажу! Забыўся, не было выпадку памаліцца.
Магрэта. А колькі табе гадоў?
Саўка. Ой, не скажу! Не было часу палічыць.
Магрэта. Стой! Стой!.. А як ты завешся?
Саўка. Бедненькі, збянтэжаны Саўка.
Магрэта. А па-мойму — дурны Саўка.
Саўка. Але, але, дурны Саўка. Цьфу, напасць! (Пяе.)
Ой, Магрэта-жонка,
Не рабі ты крыку.
Бо і так твой Саўка
Збіўся з панталыку.

Магрэта (пяе).
Зачашы ж на носе,
Што розум прыходзіць
Гэткім, як ты, дурням
Па часе, па шкодзе.

Саўка (пяе).
Ой, Магрэтка-жонка,
Пакінь вычварацца,
Дай чмокнемся лепш мы,
Каб з бядой не знацца.

Магрэта. А біцца не будзеш?
Саўка. Хай мяне лепш пярун заб’е!
Абое смяюцца, абдымаюцца і пакідаюць сцэну [8].

На сцэну выходзяць вядучыя.
Першы вядучы. Перагорнута яшчэ адна старонка нашага вечара.
Другі вядучы. Але «Беларуская кадрыля» працягваецца.
Гучыць музыка. Танцавальная група выконвае чацвёртую частку кадрылі. Адзін з танцораў гучна аб’яўляе:
— Калена чацвёртае — музычнае!

Першы вядучы. Беларусы — таленавіты народ. Наша краіна спрадвеку славіцца сваёй песеннасцю, яна ўзгадавала нямала таленавітых музыкаў і спевакоў. Любяць і ўмеюць беларусы добра спяваць, танцаваць. А ў песнях і танцах перадаюць шчырыя пачуцці, хваляванні сэрца.
Другі вядучы. Паслухайце песню «Сена маладое».
Вучань спявае песню «Сена маладое» (муз. Алега Чыркуна, сл. Валянціна Мысліўца). Танцавальны. ансамбль гімназіі пад песню выконвае танец.
Першы вядучы.
Спявайце!
Як ластаўкі ў сінім абшары.
Спявайце!
I знікнуць дажджлівыя хмары.
Спявайце!
I сонейка прамянямі
Высокае неба расчыніць над вамі
(Данута Бічэль) [10, с. 119].

Другі вядучы. Вашай увазе прапануецца песня «Васільковае неба».
Вучаніца спявае песню «Васільковае неба» (муз. Яўгена Алейніка, сл. Аляксандра Вавілава). Танцавальны ансамбль пад яе выконвае танец.
Першы вядучы.
Дзетак вучаць танцаваць
Станік хораша згінаць,
Ножкай тупаць і круціцца,
Хто жадае павучыцца? [10, с. 118].

Танцавальны ансамбль выконвае танцавальную кампазіцыю «Хлеб».
Чацвёрты чытальнік (выконвае верш «Белая Русь» Дануты Бічэль).
Шчочку да вуснаў туліць,
каб таямніцу спытаць:
— Белая Русь, матуля,
гэта дзяўчынка? Так?

Як называецца дзіўна...
Ты пра яе раскажы.
— Белая Русь — Радзіма.
Перад табою ляжыць.

Крыкні — яна адгукнецца
звонам гарачых кос.
Кропля з ліста сарвецца,
ускалыхнецца плёс.

Даль захлынецца громам —
Белая Русь запяе.
I азарыцца Нёман —
чыстае вока яе [5, с. 58].

Другі вядучы (выконвае ўрывак з верша «Арлянятам» Янкі Купалы).
Нам у спадчыну ад роду
Засталіся песні,
Каб быць нашай асалодай
У жыцці прадвесні.
Каб мы пелі, не сціхалі
Ў радасці і ў горы,
Гаманілі, нібы хвалі
У бурлівым моры [6, с. 197].

Вашай увазе прапануецца песня «Спадчына».
Вучаніца выконвае песню «Спадчына» (муз. I. Лучанка, сл. Янкі Купалы).
Першы вядучы. Вось і падыходзіць да заканчэння наша «Беларуская кадрыля».
Вядучыя выходзяць. На сцэне з’яўляюцца Янінка і Пятрок.
Янінка. Ты папрысутнічаў на свяце. Што ты цяпер скажаш пра нашу Радзіму — Беларусь, нашу мову?
Пятрок.
Вось паслухай ты, Янінка,
Прыпыніся на хвілінку,
Бо ізноў я не змаўчу
I вось што сказаць хачу:
Бачыў я краі другія —
Люблю ж сцежкі дарагія,
Беларускія дарогі,
Дзе хадзілі мае ногі [3, с. 156].

(Спявае на матыў песні «Родны мой горад», муз. В. Раінчыка, сл. У. Някляева.)
Родная мова — любоў мая,
Казка такая чароўная.
Ты, калі ласка, жыві ў вяках.
Ў кожнага ў сэрцы квітней
I свяці нам усім.

Янінка і Пятрок (спяваюць разам).
Родная мова — любоў мая,
Казка такая чароўная.
Ты, калі ласка, жыві ў вяках.
Ў кожнага ў сэрцы квітней
I свяці нам усім.

Янінка.
Так, цудоўны родны край —
Роднай мовы маёй рай,
Дзе жытнёвыя палеткі,
Дзе вясёлкай цвітуць кветкі.
Там, дзе хмары ўвосень плачуць,
Па траве дажынкі скачуць,
А зімой мятуць завеі,
Пяюць песні ветравеі [3, с. 158].

Пятрок.
I няма мне даражэйшай,
I няма мне цікавейшай,
Чым бацькоўская зямля.
Я сюды лячу здаля.

Янінка.
Праўду кажаш ты, Пятрок,
Твае словы — як зарок:
Не шукай зямлі чужой,
А трымайся ты сваёй.

Пятрок.
Роднай песні мелодыі звонкія
Зачаруюць, уздымуць да зор
I нясуць над радзімай старонкаю
Гукаў дзіўных і слоў перабор.

Янінка.
Быццам Вілія хвалямі чыстымі
Так ціхутка да сэрца плыве,
Як пачуецца песня ўрачыстая,
Што жыве мой народ, што жыве
[3, с. 158].

Гучыць песня «Малітва» ў выкананні ансамбля «Песняры» (муз. Алега Моўчана, сл. Янкі Купалы). Танцавальны ансамбль выконвае пад яе танец.
Пад мелодыю песні «Малітва» выходзяць на сцэну ўсе ўдзельнікі «Беларускай кадрылі».

Другі вядучы. Вось і завяршаецца наша свята. Мы будзем рады, калі яно вам спадабалася. А яшчэ вельмі хочам, каб гэта свята запомнілася.

Ад дзядоў, ад прадзедаў,
Ад вякоў сівых
Нам у памяць дадзена
Слава дзён былых.
Першы вядучы.
Каб мы зналі-ведалі,
Як даўней жылі,
Над якімі бедамі
Узрасці змаглі.
Другі вядучы.
А яшчэ каб помнілі,
Што нам бараніць:
Без якое спадчыны
Нельга нават жыць [3, с. 161].
(Віктар Кажура.)

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Гілевіч, Н. Наканаванае / Н. Гілевіч. — Мінск : Полымя, 1998. — 464 с.
2. Дняпроўскія хвалі / уклад. I. Аношкін. — Магілёў, 1993. — 368 с.
3. Кажура, В. I загучала слова... / В. В. Кажура. — Мінск : Беларус. асад. «Конкурс», 2016. — 208 с.
4. Канус, М. I. Гучы, роднае слова / М. I. Канус, Ж. Н. Прыймак. — Мінск : ТАА «Авітон», 1994. — 135 с.
5. Краіну родную люблю / уклад. М. Мінзер. — Мінск : Літ. і Мастацтва, 2010. — 280 с.
6. Купала, Я. Вершы / Я. Купала ; уклад. А. А. Сляпцова. — Мінск : Маст. літ., 1988. — 270 с.
7. Панчанка, П. Выбраныя творы / П. Панчанка ; уклад. В. Шніп. — Мінск : Маст. літ., 2009. — 238 с.
8. Родзевіч, Л. Творы: драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Л. Родзевіч ; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. — Мінск : Маст. літ., 2008. — 343 с.
9. Споведзь калосся: беларус. паэзія другой паловы XX ст. / склад. А. I. Бельскі, У. А. Дзіско. — Мінск : Беларусь, 1997. — 336 с. — (Школьная бібліятэка).
10. Хадзі, хадзі, песня родная, к нам у нашу святліцу / склад. А. М. Яновіч, Т. М. Жылач // Да юбілейных вечарын / рэд.-уклад. Л. I. Жук. — Мінск : ВТАА «Красіка-Прынт», 2003. — 128 с.