сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера БУЛАНДА настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №212 г. Мінска. Роднае слова 3/2006

“Пакуль вятры Чарнобыль раздзімаюць”

Сцэнар-эпітафія ў гонар жыхароў Чорнай Белай русі

У зале і ня сцэне прыглушанае асвятленне. Перад гледачамі справа і злева — экраны, на якія праекцыянуюцца фотаплакаты з адлюстраваннем беларускіх краявідаў — блакітных азёраў, зялёных лясоў, лугоў у разнатраўі, вясковых хат з вішнёвымі прысадамі, буслоў у блакітным небе. На прыцемненай авансцэне вымалёўваюцца сілуэты дзяцей, якія, падклаўшы далонькі пад шчаку, “салодка спяць”. Фонам гучыць песня “Калыханка” (верш Генадзя Бураўкіна, музыка Васіля Раінчыка; Роднае слова, 2001, № 8).
Перад сцэнай у павольным танцы кружацца дзеці ў касцюмах птушак і кветак роднага краю. Мелодыя “Калыханкі” паступова змяняецца на песню “Люблю цябе, Белая Русь” (верш Уладзіміра Карызны, музыка Юрыя Семянякі; Роднае слова, 1993, № 3).
На трагічных акордах “Свет помніць і сёння, як ты ваявала, / Што кожны чацвёрты ў зямлі беларус..” мелодыя рэзка абрываецца, чуецца моцны выбух, пражэктарам высвечваюцца спалоханыя твары абуджаных дзяцей, па сцэне нейкае імгненне мітусяцца чырвоныя сполахі, на фоне якіх выбягаюць устрывожаныя людзі. Некаторыя абдымаюць дзяцей, азіраюцца вакол.
На экраны праекцыянуецца фотаплакат з выявай Чарнобыльскай АЭС.


Людміла. Ці чулі, аварыя ў Чарнобылі на атамнай станцыі?..
Кацярына. Не, не чула, ні па радыё, ні ў газетах нічога не паведамляюць.
Зала і сцэна асвятляюцца. Перад вачыма гледачоў дэкарацыя вясковай вуліцы: у глыбі сцэны — фотаплакат з адлюстраваннем хат і бярозак, бліжэй — лавачкі.
Людміла. Майго Васіля нешта доўга няма. Чуе маё сэрца няладнае. Сярод ночы нейкі шум. Вызірнула ў акно. Ён убачыў мяне.
Голас (за сцэнай). Зачыні форткі і кладзіся спаць. На станцыі пажар. Я хутка буду.
Няшчырнік (з залы). А чаго вы хвалюецеся? Ды атамны рэактар — гэта самавар, гэта значна прасцей, чым цеплавая станцыя, у нас вопытны персанал, і ніколі нічога не здарыцца.
На экранах — беларускія краявіды з адзіным жураўлём у блакіце.
Людміла.
Негадана так прыходзіць гора.
У нябёсах - адзінокі жораў.
То ўзмахне крыламі, то застыне,
трубны голас коціцца ў святлыні.

Фонам гучыць мелодыя песні “Жураўлі” Яна Фрэнкеля.
Голас (за сцэнай).
Колькі сілы маю - пагукаю,
варагоў і родных пасклікаю
на высокі круг свой развітальны,
на апошні покліч даравальны.
Азірнуся з неба, пакружуся:
без мяне вам жыць на Беларусі...
Ала Канапелька. Развітальны.

Дзеці вызваляюцца з абдымкаў дарослых, падымаюць з памоста чорныя плашчы, накідаюць іх сабе на плечы, садзяцца на лавачкі. Яны — адначасова сведкі і ўдзельнікі пастаноўкі (чытальнікі).
1-ы чытальнік.
Крычы,
Не крычы,
Журавель у блакіце...
Каліна
Над рэчкай цвіце.
1-я чытальніца.
Вада гэта сыдзе,
І цвет ападзе,
І дзень дагарыць
На вячэрняй вадзе...
2-і чытальнік.
А стронцый
3 калінаю не адцвіце...
І пах медуніц
На палянах лясных...
2-я чытальніца.
І смутак
Крыла жураўлінага
Цяпер назаўжды
3 гэтай самай вясны...
Усе разам.
Ра-ды-е-ак-тыў-ны-я...
Міхась Башлакоў. Калінкавічы.

Абрываецца музыка. Чуецца курлыканне жураўлёў.

Людміла.
Крычаць расстайна ў небе жураўлі...
Мне горкі сум іх не дагнаць ніколі.
Кацярына.
Няўжо на гэтай выстылай зямлі
Не будзе больш ні шчасця і ні долі?..
Міхась Башлакоў. Ты памаліся, маці, за мяне.

На экранах — фотаздымкі апусцелых хат, будынкаў сельсаветаў (іх можна сканаваць з кнігі: “Чарнобыль: Погляд праз дзесяцігоддзе ’, Мінск: БелЭн, 1996).
Няшчырнік (з залы). Не падносьце да самай зямлі дазіметры, мерайце як мага вышэй. I ўсё будзе ў парадку: норма!
Прайдзісвет. Паверце: радыяцыя карысная.
1-я Маці (абдымаючы Людмілу). Ці чуеце - пераконваюць нас няшчырнікі: ваша радыяцыя - гэта тыя самыя радонавыя ванны: яна лекавая.
2-я Маці (прыцягвае да сябе “сваё" дзіця). І не ўводзь нас, Божа, у спакусу.
Бабуля (увесь гэты час стаяла на каленях, малілася на абразы, павярнулася з Бібліяй у руках да гледачоў і зрабіла некалькі крокаў наперад).
“Трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі”.
На экранах — фотаплакат “ Катастрофа” з кнігі “Чарнобыль” (с. 23).
Людміла. Чаму так доўга няма Васіля? Уключыце радыё, трэба даведацца праўду.
Голас (за сцэнай). В настоящий момент обстановка нормальная. Так что... слухи о серьёзной радиационной обстановке не имеют под собой никаких оснований... Кто находится в 30-километровой зоне: обратитесь в любую поликлинику... Речь идет не о какой-либо угрозе вашему здоровью, а об обязательной мере профилактического характера...
Кацярына. Хто-небудзь можа сказаць праўду?
Карэспандэнт (выходзіць з залы). Я скажу.
Прайдзісвет (з залы). Мы не супраць галоснасці, але тое, пра што вы скажаце, павінна насіць аб’ектыўны характар.
Няшчырнік (з залы). Ад вас залежыць, як будзе фармавацца агульная думка людзей.
Бабуля. І ўратуй нас ад нячысціка... Разумны чалавек заўсёды ратуе свой народ, а дурны яго забівае...
Карэспандэнт. 26 красавіка 1986 г. у 1 гадзіну 23 хвіліны 58 секундаў распачалася серыя выбухаў, што разбурыла рэактар і будынак 4-га энергаблока Чарнобыльскай АЭС. Чарнобыльская аварыя сталася самай буйной тэхнагеннай катастрофай XX ст. Людзі ўсяго свету хвалююцца за наша здароўе, не разумеюць, як у Краіне Саветаў могуць трымаць у сакрэце такую буйную катастрофу...
Вытрымліваецца паўза для вывучэння табліцы “Размеркаванне ападкаў па тэрыторыі Беларусі з 26 красавіка да 10 мая 1986 г.,мм” (“Чарнобыль”, с. 37), што праекцыянуецца на экраны, адначасова фонам гучыць мелодыя “Аvе Маrіа” Ігара Лучанка.
Прайдзісвет (з залы). Хутка тут будзе жыць бяспечна. Дайце час, і вашы мястэчкі стануць самымі чыстымі ў Еўропе.
Смяльчак (з залы). Я паверу ў гэта толькі тады, калі вы тут пабудуеце сабе дом адпачынку і прыедзеце сюды на ўсё лета са сваімі ўнукамі.
Прайдзісвет (устае з месца, шукае поглядам смельчака). Як ваша прозвішча?..
Смяльчак. Не ўсё роўна вам? Як і ўсё роўна тое, што вы казалі, быццам нічога не ведаеце! Выдатна ведаеце абстаноўку, выдатна! Мы карыстаемся тымі самымі прыборамі, што і японскія спецыялісты. А версія пра тое, што ў нас няма чым вымяраць радыяцыю, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Смешна чуць такое. Уключаю радыё - песні і скокі, Тэлебачанне - “широка страна моя родная”. І - ніякага намёку на трывогу.
Прайдзісвет (прысаромлены, садзіцца).
Смяльчак (выходзіць у залу і, гледзячы на Прайдзісвета, чытае).
Амаль пятроўскім быў твой кліч халодны:
“Найпрыгажэйшы горад будзе тут!”
Казаў яшчэ: “Любіце Брагін родны,
Аварыя не закранула кут”.

Няшчырасцю абпоенае слова
Прайшло па душах спорным болем спрэс.
Ты глянуў так, бы век глядзеў сурова,
Прысудны век. Жахотны, як АЭС.

І ўжо не толькі жорсткасцю прагрэсу
Даваў усходы ядзерны засеў,
Бяздушнасцю тваёй на кроны лесу
І на душу атрутны стронцый сеў!

Ты быў скупым. І не было спагады,
Мальба не далятала да вушэй,
Бо ведаў ты адзін закон улады:
Абы цішэй... Абы было цішэй...

Далёка страх ад вокнаў тваёй хаты,
І ты занёс на боль чыноўны бот.
Ды ведаю, што прыйдзе час адплаты
І для такіх - калюча стане дрот.
Мікола Мятліцкі. Паводле адной сустрэчы.

Карэспандэнт. І я ўпершыню пачуў па радыё “Свабода”, што здарылася ў нас на Чарнобыльскай АЭС. Аказваецца, радыенукліды ад станцыі пашырыліся далёка за межы Беларусі і Украіны, шмат небяспечных для чалавека хімічных элементаў выпала на тэрыторыю маёй рэспублікі,.. Я схапіўся за галаву, уявіўшы памер трагедыі. Хіба мы, беларусы, у гэтым свеце нічога не вартыя?!.
На словах “шмат небяспечных для чалавека хімічных элементаў выпала на тэрыторыю маёй рэспублікі” на экранах з’яўляюцца табліцы “Колькасць радыенуклідаў у паветры над ЧАЭС, %”, "Радыеізатопны састаў выкіду” (кніга “Чарнобыль”, с. 34 — 35, №№6, 7).
Карэспандэнт. Звярніце ўвагу: перыяд паўраспаду радыенуклідаў розны. Калі ў стронцыя-89 ён - 50,6 сутак, то ў плутонія-239 - аж 24 390 гадоў.
Бабуля (перахрысцілася). Божа, пачуй маю малітву!.. Няўжо ніхто не адкажа за такую сакрэтнасць?
Фонам гучыць пачатак песні на верш Янкі Купалы “А хто там ідзе?” Расчыняюцца дзверы, у залу ўваходзіць некалькі чалавек.
1-ы чытальнік.
А хто там ідзе? А хто там ідзе?
У агромністай такой грамадзе?
Грамада.
Беларусы.
1-я чытальніца.
А што яны нясуць на сваіх плячах?
Грамада. Радыяцыю.
Людзі з грамады падымаюцца на сцэну, адны стомлена выціраюць з твару пот, садзяцца тут жа на авансцэне, іншыя прысаджваюцца на лавачках, некаторыя становяцца ля парталаў сцэны.
Людміла (падыходзіць да аднаго з іх, зазірае ў вочы). А дзе Вася мой?
1-ы чалавек (унікаючы глядзець ёй у вочы). Яны выканалі свой абавязак да канца: сяржант Мікалай Вашчук, старшы сяржант Мікалай Ціцянок, сяржант Уладзімір Цішчура, лейтэнант Уладзімір Правік, лейтэнант Віктар Кібянок і твой, Людміла, муж - старшы сяржант Васіль Ігнаценка.
Людміла (у роспачы). Няма майго Васілёчка? Не можа быць!
2-і чалавек (абдымае яе за плечы). Не плач, пакуль што рана плакаць, жывы яшчэ твой Васіль, толькі...
Людміла. Што “толькі”?
Жанчына. У Маскву іх сёння адправілі самалётам. Мала, кажуць, надзеі (абдымае Людмілу, якая ў слязах прыхінулася да яе грудзей).
Спявачка выконвае песню “Што ж ты, каліначка...” (верш Міхася Башлакова, музыка Алены Сінюковіч; Роднае слова, 1997, № 3).
На экранах — прыгожыя беларускія краявіды з рэчкай, калінай над ёй і разнатраўем.


Што ж ты, каліначка,
Цветам убралася?
Што ж ты, дзяўчыначка;
Засумавалася?..
Ой да, ой да, засумавалася...

Ветры усхопяцца —
Цвет пазрываецца.
Слёзы накоцяцца.
Сэрца параніцца...
Ой да, ой да, сэрца параніцца...

Чорныя хмарачкі
Неба заслалі.
Родныя хатачкі
Там пакідалі...
Ой да, ой да, там пакідалі...

Жыта схілёнае
Нізенька долу.
3 цяжкім праклёнам
Нашая доля...
Ой да, ой да, нашая доля...

На экранах на змену папярэдняму малюнку з’яўляецца фотаздымак закаханых маладых людзей (можна ў вясельных строях).
Людміла (выцірае са шчок слёзы). Мы нядаўна пабраліся. Яшчэ хадзілі па вуліцы і трымаліся за рукі, нават калі ў краму ішлі... Я казала яму: “Я кахаю цябе”. Але я не ведала яшчэ, як яго кахала... Не ўяўляла... Жылі мы ў інтэрнаце пажарнай часткі, дзе ён служыў. На другім паверсе. А ўнізе, на першым паверсе, стаялі машыны. Чырвоныя пажарныя машыны. Гэта была яго служба. Заўсёды я ведала: дзе ён, што з ім. А цяпер я нічога не ведаю. Ды што я стаю? Трэба збірацца ў Маскву.
Паводле: Святлана Алексіевіч.
Чарнобыльская малітва.

1-я Маці. Ты яму не дапаможаш, а сама прападзеш.
Людміла. Што вы такое кажаце? Ён жа чакае мяне. Паеду.
1-я Маці. І я з табой. Бывайце, людзі добрыя.
1-я Маці і Людміла выходзяць.
3-і чалавек.
Яшчэ Матросавы не спісаны;
як дзот — няшчасце шчэрыць зубы.
І верталётчыкі завіслі
над ядзернаю амбразурай.
O, хлопцы, хлопцы... Смела крочаць
з дазіметрычнымі прыборамі...
Грамада.
Ваюем не з бядой прарочаю,
ваюем з нечаканым горам...
Сяргей Панізнік. Над ядзернаю амбразурай.

Фонам гучыць мелодыя песні “Жураўлі” Яна Фрэнкеля.
1-ы чытальнік.
Над Вялікім Борам -
Над вялікім горам
Плача ў небе жораў.
Над палын-травой,
Над зямлёй сівой
Плач праносіць свой.
Алесь Пісьмянкоў. Вялікі Бор.

1-я чытальніца.
За дротам — хворыя гаі.
Палі і хаты апусцелі.
Чарнобыльскія салаўі
Звіняць, нібыта звар’яцелі.
Мо гэта рэквіем па тых,
Што адляцелі назаўсёды?..
А мо аплакванне жывых,
Смяротна хворае прыроды?
Змітрок Марозаў. Зона.

На экранах — фотаздымкі дзяцей Чарнобыля, фотаплакат “Перасцярога” У- Прыгорніцкага, рэпрадукцыя карціны “ Пакінутыя” В. Барабанцава (“Чарнобыль”, с. 17, 247, 255).
Спявачка выконвае песню “Чарнобыльская Санта Марыя” (верш Ніны Аксёнчык, музыка Аляксандра Аўсіюка; Роднае слова, 2002, № 3).
Харэаграфічны калектыў выконвае танец “Дзеці Чарнобыля”.

Кацярына. На цэлы народ паставіў ты крыж, зненавідны наш “мірны” атам...
1-ы чалавек. I ўжо часам, калі мы распранаемся дзе ў далёкіх гасцях, нам пад ногі (о Божа!) сцелюць газету — каб не растрасалі па хаце, як вошай, свае нукліды.
2-я Маці. І ўжо ад дзетак нашых у піянерскіх летніках кідаюцца, як ад пракажоных, — каб не набрацца, вітаючыся, як каросты, незнаёмай заразы.
Бабуля. Лясы ў нас заложнікі, хаты - заложнікі, вуліцы — заложнікі, і дзеці — таксама заложнікі. Хто ж і калі вызваліць іх?!
Няшчырнік (з залы). Хопіць вам пра Чарнобыль! Упусціце ў душы радасць і прыгажосць.
Смяльчак. А як яе ўпусціць, тую радасць, калі нашы сэрцы і душы перапоўнены болем?
2-я Маці. Радыяцыя - гэта таксама вайна: нашы дзеткі, разгубленыя, напалоханыя, з клуначкамі ў руках, на чужых незнаёмых вакзалах.
1-ы чалавек. Таму яны, як і мы, гуляюць і ў эвакуацыю.
Дзеці падымаюць з-за лавачак скручаны дрот, распрамляюць яго перад сабой.
1-ы чытальнік.
Кут мой забыты, безабаронна
Зорыш пагаслых крыніц вачыма.
Некаму ты —
Ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону —
Радзіма!

1-я чытальніца.
Сэрца пачула грознае ліха.
Ззяе крывёю спуднае ранне.
Спяць у магілах прадзеды ціха.
Горыч атруты...
Холад выгнання...

На экранах па чарзе з’яўляюцца ілюстрацыі “Смутак аб загінуўшым краі” у. Гардзеенкі. “Дарога” і “Пакінутая хатка” В. Шматава.
2-і чытальнік.
Долю зямную гнеўна караю,
Век мой абраў тут сейбішча болю!
Тут, на абсягах роднага краю,
Кінуўшы смуту шчодраму полю.
Мікола Мятліцкі. Астатні начлег.

Бабуля (садзіцца на лавачку, цяжка апусціўшы. рукі ў прыпол). Нікуды я з абжытага кутка не паеду. Тут усё мне роднае і блізкае. А там, у невядомым свеце, я не змагу жыць.
2-і чалавек. Прыйдзецца ехаць. Усім. Тут жыць нельга. Нават хлеб есці нельга.
Бабуля. Як гэта? Жыць ля хлеба і не есці хлеба? Не разумею. Жыць ля вады і не піць вады. Спяліць яблыкі і не есці іх. Бачыць траву і не хадзіць па ёй.
Кацярына. На лавачку каля хаты не садзіся. А дзе сядзець?
Жанчына. Усё мае сваю мяжу, і толькі цярпенне наша, о Божа, бязмежнае!
Бабуля. Хай свяціцца імя Тваё, хай прыйдзе Царства Тваё, хай будзе воля Твая.
Паводле: Янка Сіпакоў. Одзіум.

2-я чытальніца.
Мой родны край, ізноў прыйшла бяда...
На нівы, гарады твае, на ляды
Ідзе вясновы дождж — гаючая вада, —
А мы дажджу вясноваму не рады.
1-ы чалавек.
А мы не рады сонцу на дварэ,
Вятрам, што з поўдня лёгка прыляцелі.
Бо ёд у горле кожнага дзярэ,
І нашы дзеці раптам аблыселі.
Уладзімір Паўлаў. Прыйшла бяда.

2-і чалавек. Дарэчы, у прэсе вось што пішуць пра вецер (разгортвае газету і чытае). “26 і 27 красавіка вецер, на шчасце, дзьмуў не ў бок Кіева” (нервова складвае газету). Значыцца, на няшчасце, ён дзьмуў у бок маіх родных мясцін...
1-я чытальніца.
На Беларусь: на Брагін і Хойнікі,
Нароўлю, Гомель, Ветку і Карму
над рэкамі, лугамі, над сасоннікам
вясновы - ды атрутны! - вецер дзьмуў.
1-ы чытальнік.
Маўчалі тэле-, радыёканалы,
дубы маўчалі ў поймах рэк сівых,
і гойныя бярозы знаць не зналі,
які над кронай іх дыхнуў уздых.
2-я чытальніца.
Пяць першых дзён і пяць начэй той вецер
ішоў на Беларусь, на Беларусь,
дзе кволыя лісткі гайдала вецце,
а на палетках акрыяла рунь,
2-і чытальнік.
Была вясна, як і раней, са святам.
Не ведалі ні людзі, ні сады,
што вецер мірны разам з мірным атамам
дыхнуў на іх паводкаю бяды.
А рэкі, - дзе на нерасце ікрынкі
пад зорамі і промнямі цвілі, —
нібы прыроды поўныя слязінкі...
Не помню,
ці спявалі салаўі?
Віктар Ярац. Паўднёва-заходні вецер.

Бабуля. Божа Вялікі! Божа Усявышні! Дай майму краю і лекі, і сілы... (Здымае з галавы хусцінку, укрывае ёю плечы.) Не, нікуды я адсюль не паеду.
Карэспандэнт. Ехаць, хочам мы гэтага ці не, абавязкова трэба, і тэрмінова. Рэктар Гомельскага універсітэта Барыс Бокуць паведаміў, што атрымана разнарадка пасылаць студэнтаў у забруджаныя раёны вобласці на сельгасработы.
Няшчырнік (з залы). І што ён?
Карэспандэнт. Сказаў начальству, што яму сумленне не дазваляе выконваць такія загады.
Нячысцік. І што, на вашу думку, трэба зрабіць з забруджанымі мясцінамі?
Карэспандэнт. Выселіць як мага хутчэй людзей. Спыніць усялякую сельскагаспадарчую дзейнасць. І мясцовасць абгарадзіць калючым дротам. Не заходзіць, не заязджаць сюды нікому гадоў сто, а можа, і болей...
Няшчырнік. Высяляйце хоць усіх людзей з забруджаных тэрыторый, толькі рабіце гэта за кошт рэспублікі, калі маеце на тое сродкі, не патрабуйце дапамогі ў Масквы.
Карэспандэнт. Правільна! Жыць нельга, а жывём! Есці нельга, а ядзім! Маўчаць нельга, а маўчым! Горш за тое - гаворым! І што гаворым?
Бабуля, Жанчына, Маці, Чытальнікі (разам). Мы справімся сваімі сіламі! Нам не трэба ніякай дапамогі!
Карэспандэнт. І што гавораць нам?
Няшчырнік. Вы нахабнікі! Вы на Чарнобылі хочаце пагрэць рукі.
Няшчырнік і Прайдзісвет (разам). Мы вам і так ужо многа далі!
Карэспандэнт. Хіба можна многа даць народу, які гіне?
Кацярына. Прабачце, але ж не мы самі ўчынілі на сваёй зямлі гэтую бяду - нам падарылі яе ліхадзеі.
Бабуля (перахрысцілася). І пакінь нам даўгі нашы, як і мы пакідаем даўжнікам нашым.
2-я Маці.
Божа Вялікі!
Божа Усявышні!
Дай майму краю і лекі, і сілы.
Хіба ў славянскім свеце ён лішні,
Каб станавіцца брацкай магілай?
Ён і радзінны.
Ён і гасцінны.
Людствам прызнаны і шанаваны.
Мае і нафту, і соль, і лясіны.
Жыта каронай каранаваны.
Чым жа прад светам ён вінаваты?
Кім? І за што? І навошта пракляты?
Божа!
Ці прыйдзе, нарэшце, Месія?
Ці дапаможа нам гора асіліць?
Кастусь Жук. Галгофа.

Фонам гучыць мелодыя “Аvе Маrіа” Ігара Лучанка.
На экранах — ілюстрацыя “Людзі, што ж мы нарабілі?” I. Андрасюка.

1-ы чытальнік.
Ці гэта лёс, ці гэта Бог
Цябе паклаў каля дарог?
Каб ты заўсёды - ў сіняках?
Каб ты заўжды на скразняках?
1-я чытальніца.
То войны сеюць боль і зло,
То ветру чорнае крыло...
То — страх, то — жах,
То - прах, то - тло!
Тут да вайны жыло сяло,
Тут да Чарнобыля жыло...
Алесь Пісьмянкоў. Ці гэта лёс, ці гэта Бог...

На апошніх радках музыка паступова абрываецца.
Спявак выконвае песню “Белы конь” (верш Івана Ждановіча, музыка С. Лебедзева; Роднае слова, 1994, №5).
2-і чытальнік.
Няўжо і праўда новы Герадот
У нейкай новай, іншай эры
Выводзіць будзе на паперы:
“Тут беларускі жыў народ...”
Алесь Пісьмянкоў. Пытанне.

Людміла (з'яўляецца ў дзвярах з 1-й Маці, апранутая ва ўсё чорнае, нясе ў руках партрэт мужа ў чорнай рамцы, вешае на сцяну, кланяецца ўсім). Праўда. Магчыма, і раней напішуць так: “Тут беларускі жыў народ”. А я пайду і на дзвярах сваёй хаты напішу: “Тут жыў мой каханы, самы дарагі чалавек на белым свеце Васіль Ігнаценка” (плача).
Кацярына (падыходзіць да Людмілы, абдымае яе за плечы). Няма твайго Васіля?
Людміла (праз слёзы). Няма майго Васілёчка, і Валодзі Правіка няма, мама яго ўвесь час прасіла Бога: “Вазьмі лепш мяне”. Усе ляжаць у Маскве на Міцінскіх могілках. Клініка вострай прамянёвай хваробы - чатырнаццаць дзён... За чатырнаццаць дзён чалавек памірае... (галосіць). Я яшчэ не ведала, як я кахала яго!..
У час маналогу Людмілы мы бачым на экранах фотаздымак Чарнобыльскага мемарыяла на Міцінскіх могілках у Маскве (“Чарнобыль’ , с. 23).
Бабуля (падыходзіць да Людмілы). Паплач, дзіцятка, паплач, слёзы іншы раз палёгку прыносяць. І нам раскажы, як і што, а то мы тут сядзім і не адчуваем гэтай радыяцыі. Кажаш, за чатырнаццаць дзён чалавек памірае...
Людміла. Мне не дазвалялі яго абдымаць... Але я... Я падымала і саджала яго... Перасцілала пасцель... Ставіла градуснік і вымала... Мед-сёстры ўгаворвалі: ‘Гэта ўжо не чалавек, а рэактар”.
2-я Маці (спачувальна). Няўжо нічога нельга было зрабіць?
Людміла. Амерыканскі прафесар, доктар Гейл... Гэта ён рабіў аперацыю па перасадцы касцявога мозгу... Суцяшаў мяне: надзея ёсць, маленькая, але ёсць. Такі моцны арганізм, такі дужы хлопец! Старэйшая сястра Васі была донарам. “Толькі б ён жыў”, - гаварыла яна. Яны ляжалі ўпобачкі на сталах... Аперацыя доўжылася дзве гадзіны.
1-я Маці. Як скончылі, ёй было горш, чым яму, і цяпер будзе на інваліднасці. І яго не выратавалі.
На экранах— фотаплакаты “Медыцына” (“Чарнобыль”, с. 149, 161).
Няшчырнік (з залы). Усякая навука патрабуе ахвяраў, у тым ліку і чалавечых.
Бабуля. Ах ты, нягоднік, а ці не ўсе мы сталі ахвярамі не навукі, а невуцтва і чэрствасці такіх, як вы!
Людміла. Яго фатаграфавалі... Гаварылі, для навукі... А я ўсіх бы іх павыганяла адтуль! Крычала б! Усё маё... Усё любімае! Калі б я магла іх туды не пусціць! Калі б... (Зноў плача, Бабуля, 1-я Маці і Жанчына суцяшаюць яе.)
Карэспандэнт. Сапраўды, у нас гадамі дбалі пра ўсё, толькі не пра чалавека.
1-ы чалавек. І цяпер спрачаюцца некаторыя: высяляць нас ці не, бо хто ж працаваць будзе?
Людміла (задумліва). Хто ж працаваць будзе?.. Мой Вася ўжо адпрацаваў... Я штодня мяняла яму прасцінку, а да вечара яна ўся ў крыві. Падымаю яго, і ў мяне на руках застаюцца шматочкі ягонай скуры, прыліпаюць. Ніхто з медсясцёр не мог падысці, дакрануцца, калі што-небудзь трэба было, клічуць мяне. Выйду з палаты ў калідор... І іду проста на сцяну, на канапу, бо не бачу іх. Кажу дзяжурнай сястры: “Ён памірае”. Яна мне адказвае: “А што ты хочаш? Ён атрымаў тысячу шэсцьсот рэнтгенаў, а смяротная доза — чатырыста. Ты сядзіш ля рэактара”...
Бабуля. А чаму ты, дзіцятка, яго дадому не везла хаваць?
Няшчырнік (з залы). Яны цяпер героі. Яны ўжо дзяржаўныя людзі. Належаць дзяржаве...
Людміла. Горкая праўда. На маіх вачах... У параднай форме яго засунулі ў цэлафанавы мех і завязалі... І гэты мех паклалі ўжо ў драўляную труну... А труну яшчэ адным мехам абвязалі... Цэлафан празрысты, але тоўсты, як цырата... Адна фуражка наверсе засталася.
Фонам гучыць мелодыя беларускай народнай песні “Перапёлачка”.
Людміла (са слязамі на вачах напявае).
Абуй чаравічкі, перапёлачка,
Абуй чаравічкі, маладзенькая...
Ніводзін памер абутку нельга было нацягнуць... Паклалі ў труну босага (плача).

1-я Маці. Дзве ці тры гадзіны калясілі па Маскве, па кругавой дарозе. Зноў у Маскву вяртаемся... Па рацыі: “На могілкі ўезд не дазваляем. Могілкі атакуюць замежныя карэспандэнты. Яшчэ пачакайце”.
Людміла. Бацькі маўчаць. Са мной істэрыка: “Чаму майго мужа трэба ад некага хаваць? Ён - хто? Забойца? Злачынца? Крымінальнік?”
1-я Маці. Ціха, ціха, дачушка.
Людміла. На могілках нас абкружылі салдаты... Ішлі пад канвоем... І труну неслі... Нікога не пусцілі... Адны мы былі... Засыпалі ўмомант. “Хутка! Хутка!” - камандаваў афіцэр. Нават не далі труну абняць... І - адразу ў аўтобусы... Усё крадком... (Садзіцца на лавачку, 1-я Маці хіліць яе да сябе, гладзіць па галаве.)
Паводле: Святлана Алексіевіч.
Чарнобыльская малітва.

2-і чытальнік.
Аўтобусы,
Пускаючы дым,
Далей імкнуцца.
Ім багата каго падабраць
На гэтай дарозе...
2-я чытальніца.
А мы адны застаёмся
Сярэдначы
Пасярод самай жудотнай
Пустыні свету,
Каб дачакацца,
Калі ж аўтобусы
Рушаць назад...
Калі высадзяць
І на гэтым прыпынку
Усё,
Што забралі, павезлі.
Паводле: Мікола Мятліцкі. Прыпынак.

1-я Маці. Ціха, яна заснула. Яна будзе спаць трое сутак. Урачы “Хуткай дапамогі” скажуць, што яна абавязкова прачнецца. Гэта такі страшны сон. Якую ж цяпер мне ёй калыханку спяваць?
Усе ўдзельнікі выходзяць на сцэну з запаленымі свечкамі. У зале гасне святло. Хор выконвае песню “Дзецям Чарнобыля” Ганны Казловай.

Як прыйдзе вечар, заззяюць зоркі,
Нібыта цацкі, ў маім акне.
Мілая матуля, сядай утульна
І калыханку мне праспявай.

П р ы п е ў:
Толькі ты не спявай песню пра Чорны край.
Хворая там зямля, птушак, жывёл няма.
Зорка сышла з нябёс - зорка палынная.
Выратуй, Божа, лёс дзецям Чарнобыля.
Як прыйдзе ранак, пагаснуць зоркі,

Загляне сонца ў наш родны край.
На зялёным полі, дзе кветак мора,
Аб шчаслівай долі, ластаўка, спявай.

Прыпеў.

Як дзень зайграе, ўсё расцвітае.
І льецца водар духмяных траў.
Курлычуць гусі над Беларуссю.
Аб шчаслівай долі, ластаўка, спявай.

Прыпеў.

1-ы чытальнік (разам з іншымі дзецьмі скручвае дрот).
Да кожнага з людзей заклён і просьба...
2-і чытальнік.
Пакуль вятры Чарнобыль раздзімаюць...
Усе (разам).
Глядзіце, брацця, каб было не позна
Глядзець, як беларусы паміраюць.
Уладзімір Паўлаў. Хітрун з наіўных можа пасмяяцца.

Фонам гучыць мелодыя песні “Жураўлі” Яна Фрэнкеля.
На экраны праекцыянуюцца па чарзе фотаплакат “Супраць бяды разам” і рэпрадукцыя карціны “Бусел” з трыпціха “Зона” В. Барабанцава.
3-за кулісаў выбягаюць дзеці і пускаюць у залу папяровых жураўлікаў. Удзельнікі кампазіцыі гасяць свечкі і кланяюцца.



Яшчэ на гэту тэму:

“I ў дзень дачарнобыльскі дням не вярнуцца...”     “Калі б не тая ноч красавіка...”