сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна МІХАЙЛАВА, метадыст, Людміла ЖДАНОВІЧ, выхавацель, Аксана КУПРЭЕВА, музычны кіраўнік. Пралеска.

І слова гучала — чароўнае слова

Літаратурна-музычная кампазіцыя "Сустрэча з кнігай і творчасцю беларускіх пісьменнікаў". Для дзяцей старэйшай групы

Праграмны змест: пашыраць веды дзяцей аб шляхах, якімі людзі ішлі да друкаванай кнігі, аб першым беларускім друкару- асветніку Ф. Скарыне, замацоўваць веды дашкольнікаў аб творчасці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, працы мастакоў-ілюстратараў; выхоўваць пачуццё пашаны да гістарычнай і літаратурна-фальклорнай спадчыны свайго народа, роднай мовы, фарміраваць пачуццё нацыянальнай годнасці,
Папярэдняя работа: знаёмства дзяцей з першым беларускім друкаром-асветнікам Ф. Скарынам, чытанне і расказванне ўрыўкаў з кнігі А. Клышкі "Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга", знаёмства з творчасцю класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, творчасцю сучасных беларускіх паэтаў В. Віткі, М. Чарняўскага, С. Сокалава-Воюша, А. Дзеружынскага, А. Вольскага, В. Жуковіча і інш.; з работамі мастакоў-ілюстратараў дзіцячых кніг А. Лось, У. Басалыгі, Н. Паплаўскай, Т. Беразенскай, С. Волкава, М. Селяшчука, А. Аблажэя і інш.
Абсталяванне: выстава кніг, дзе найбольш поўна прадстаўлена беларуская дзіцячая кніга сёння, выстава "Кніга даўней" (кніжка- васкоўка, з гліняных таблічак, скрутак з бярозавай кары), гусінае пяро, завостраная палачка, імітацыя кнігі на металічным ланцугу, калыска, касцюмы для персанажаў казкі "Каза-манюка", грамзапісы песні на словы Я. Купалы "Спадчына”, П. І. Чайкоўскага "Красавік".

План літаратурна-музычнай кампазіцыі

1. "Францыск Скарына, альбо
Як да нас прыйшла кніга" (выхавацель робіць экскурс у гісторыю ўзнікнення друкаванай кнігі).
2. Літаратурная віктарына:
а) інсцэніроўка верша В. Вярбы "Пралеска";
б) драматызацыя смяшынак- замалёвак П. Кавалёва;
в) чытанне верша-калыханкі Ф. Багушэвіча ў музычным суправаджэнні;
г) беларуская народная песня "Хадзі, хадзі, жонка";
д) пантаміма беларускай народнай казкі "Каза-манюка";
е) чытанне верша В. Жуковіча "Ф. Скарына".
3. Сустрэча з пісьменнікамі і ілюстратарамі дзіцячых кніг.

Ход заняткаў

Гучыць грамзапіс песні "Спадчына" (музыка I. Лучанка, словы Я. Купалы) у выкананні ансамбля "Песняры".
Выхавацель. Сёння, дзеці, мы трапілі з вамі на выставу. Паглядзіце, колькі кніжак тут: маленькіх, вялікіх, з прыгожымі вокладкамі, добра ілюстраваных. (Дзеці і выхавацель разглядаюць кнігі) Вы, пэўна, думаеце, што кнігі былі заўсёды. А між тым быў час, калі ні кніг, ні паперы, на якой іх друкуюць, не было. На чым жа пісалі людзі? (Падыходзяць да століка, дзе прадстаўлена даўнейшая кніга: на бярозавай кары, на васкоўках, скурах цялят, ягнят, казлянят, на гліняных таблічках.) Людзі размочвалі гліну і палачкай рабілі на ёй знакі, запісы. Цікавая "папера", ці не праўда? Нават у агні не гарыць. Але калі б вашы кніжкі былі напісаны на такіх гліняных таблічках, узяць у рукі вы б іх не змаглі, таму што такія кнігі вельмі цяжкія. Уявіце сабе першакласніка, якому вязуць гліняны буквар. Быў час, калі кнігі навязвалі на металічныя ланцугі, бо былі яны надта дарагія — таму што іх перапісвалі ад рукі, а каб выразна перапісаць адну кнігу, трэба было затраціць цэлы год. Старонкі такой кнігі былі са скуры цялят ці ягнят. Цэлы статак жывёлы ішоў на такую кнігу. Людзі ўвесь час думалі, на чым зручней пісаць і як зрабіць, каб не перапісваць ад рукі кнігі, а друкаваць іх. Першым чалавекам, які пачаў друкаваць кнігі на нашых землях, быў беларус Францыск Скарына. Ён быў вельмі адукаваны, ведаў 5 моў. Жыў ён даўно, але мы памятаем і шануем яго імя, імя першага друкара, таму што дзякуючы яму свет убачыла беларуская друкаваная кніга. (Экскурс у гісторыю могуць зрабіць дзеці. Уваходзіць Несцерка.)
Несцерка. Добры дзень, шаноўны люд. Ці сюды я трапіў?
Выхавацель. А куды табе трэба?
Несцерка. У дзіцячы сад.
Дзеці. Мы цябе чакалі. 3 чым ты сёння да нас прыйшоў, Несцерка? Што прынёс у сваёй торбе?
Несцерка. Прынёс нешта ў торбе, але мы яе развяжам крыху пазней, а зараз давайце пагуляем. (Беларуская народная гульня "А мы проса сеялі".) Добра гулялі, малайцы! Чуў я, дзеці, што вы цудоўна ведаеце вершы, казкі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Уладкоўвайцеся зручней і слухайце мяне ўважліва: я буду нагадваць вам вершаваныя радкі, а вы мне адкажаце, хто іх напісаў.

Стаяў калісь тут бор стары,
I жыў лясун у тым бары.
Зрубілі бор — лясун загінуў
Во след яго ад той пары:
Свае люстэркі ён пакінуў.
М. Багдановіч. "Возера”

Рак сядзіць у нары,
Высунуўшы клешні,
I не есць ні ікры,
Ні тае яешні.
Я. Колас. "Рак-вусач"

Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я — ведай — вялікі ўжо хлопчык
I ўмею ўжо лётаць у сне.

Дзеці. Мы ведаем гэты верш Я. Купалы і можам яго прадоўжыць.
Несцерка. А можа, вы яшчэ прачытаеце творы Купалы і Коласа?
(Дзеці чытаюць вершы.)
Выхавацель. Чакай, Несцерка, пытанні задаваць справа лёгкая, а вось адказваць значна цяжэй. Давай памяняемся ролямі. Ты слухай і глядзі нашы пытанні-заданні і паспрабуй на іх адказаць.
Заданні: а) інсцэніроўка верша В. Вярбы "Пралеска"; б) драматызацыя смяшынак-замалёвак Паўла Кавалёва; в) чытанне верша- калыханкі Ф. Багушэвіча ў музычным суправаджэнні; г) беларуская народная песня "Хадзі, хадзі, жонка"; д) пантаміма беларускай народнай казкі "Каза-манюка” (Коза-дереза. Народные сказки с музыкой. М., 1969); е) чытанне верша В. Жуковіча "Ф. Скарына".
Несцерка. Ну, дзеці, вы мяне здзівілі. Прыемна было пачуць у вашым выкананні вершы В. Вярбы, Ф. Багушэвіча, В. Жуковіча. А вось хто напісаў песню і казку, не магу ўспомніць.
Выхавацель. Так, Несцерка, ёсць у гэтым заданні маленькая хітрынка, няўжо не здагадаешся?
Несцерка. Затлумілі мяне надта разумныя дзеці.
Дзіця. Мы табе дапаможам. Словы песні і казкі, якую мы паказвалі, народныя. Акрамя пісьменнікаў і паэтаў сам народ ствараў і песні, і казкі, і жарты, і гульні.
Несцерка. Вось у чым тут справа.
Выхавацель. I Несцерка, і дзеці сапраўды добра ведаюць беларускую паэзію. Зараз я задам пытанне і табе, Несцерка, і вам, дзеці. Вы на выставе бачыце шмат кніжак і ведаеце, што вершы, казкі, лічылкі, смяшынкі, якія змешчаны тут, пішуць пісьменнікі і паэты. А хто яшчэ шчыруе над тым, каб ваша дзіцячая кніжка была такой яркай, прыгожай, прывабна-цікавай і зразумелай?
Дзеці. Мастакі.
Выхавацель. Вы яшчэ не ўсе ўмееце чытаць, а выразныя малюнкі дапамагаюць вам арыентавацца ў кнізе. Скажыце, як называецца гэта кніжка? (Паказвае, напрыклад, кнігу М. Чарняўскага "Вярэнька".)
Дзеці. "Вярэнька".
Выхавацель. Як вы здагадаліся?
Дзеці. На малюнку вярэнька — гэта кошык з ручкай. Калі мы бачым гэты малюнак, адразу ўспамінаем назву кніжкі.
Выхавацель. Прозвішчы якіх мастакоў вы ведаеце?
Дзеці. Сяргей Волкаў, Уладзімір Басалыга, Таццяна Беразенская, Алена Лось, Наталля Паплаўская.
Выхавацель. Сёння мы падрыхтавалі для вас сюрпрыз: пісьменнікі і мастакі, якія пішуць і малююць дзіцячыя кніжкі, у нас у гасцях. (Запрошаныя мастакі і пісьменнікі выступаюць перад дзецьмі.)

Надыходзіць сумны час,
Нам пара расстацца,
Але просім шчыра вас
Зноў да нас з’яўляцца.

Мы жадаем нашым творцам плёну ў працы, здароўя, каб лёгка вам пісалася і малявалася.


Яшчэ на гэту тэму:

Віктарына «Што? Дзе? Калі?»     Напісанае застаецца