сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. П. ОСІПАВА, прафесар, 3. М. ПАНАСЕВІЧ, старшы выкладчык. Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна. Пачатковая школа Чэрвень 2003 г.

Чароўны куфэрак

Сцэнар класнага занятку

Задачы: дапамагаць дзецям у спасціжэнні светапогляду і душы народа, яго гумару, таленавітасці і майстэрства; выхоўваць патрыятызм.

Падрыхтоўчая работа. Клас дзеліцца на творчыя мікракалектывы. Кожнаму з іх даручаецца даследаваць выслоўі, скорагаворкі, загадкі жарты, забаўлянкі, прымаўкі і прыказкі, загадкі і г. д.

Прыкладныя этапы заняткаў:

Першы этап. "Легенды і паданні".

Вядучы. Увага! Знойдзены чароўны куфэрак! У куфэрку забытыя паданні, казкі, розныя пацешкі, забаўлянкі, народныя гульні, жарты і г. д. Ці адкрываць куфэрак?
Вучань. Адкрываць!
Вядучы. А з чаго пачынаць?
Вучань. 3 легенд і паданняў!
Даецца слова мікракалектыву, які рыхтаваў легенды і паданні. Дзеці ўзгадваюць адну дзве легенды пра паходжанне бусла, зязюлькі; расказваюць, адкуль пайшлі беларусы і інш.

Другі этап. "Жарты, анекдоты, гумарэскі".

Вядучы. Беларусь! — народ кемлівы, таленавіты, які любіць і цэніць гумар. Не верыце? Слухайце.
Даецца слова мікракалектыву, які знаёміць дзяцей з сабранымі гумарэскамі жартамі. Напрыклад:

Залаты век
— Калі быў залаты век?
— Тады, калі людзі не ведалі золата.
Дзіва
— Гэта дзіва, як тыя вучоныя ўсё ведаюць, нават зацьменне сонца могуць прадказаць.
— Вось дзіва! Гэтак і я патраплю, бо пра зацьменні з кожнага календара можна даведацца.
Яшчэ не выпілі
Маці. Ты змяніла ваду рыбкам у акварыуме?
Дачка. Не, яны яшчэ не выпілі тую, што я ім учора наліла. I г. д.

Трэці этап. "Скорагаворкі".

Праводзіцца конкурс "Лепшы гаварун", удзельнікі якога чытаюць скорагаворкі тыпу:

Пекар Пётр пёк пірагі.
Ткач тчэ тканіну на хустку Антаніне.
Не любіла Міла мыла, мама Мілу мыла мылам.
Ехаў грэка цераз рэку, бачыць грэка — ў рацэ рак,
ўсунуў грэка руку ў рэку, рак за руку грэку — цап!

Вядучы. Да скорагаворак блізкія выслоўі. Нагадайце, калі ласка, іх нам!

Аднак жа, як свінню ні кліч,
Яе заўсёды выдасць лыч.
(К. Крапіва.)

Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы.

Чацвёрты этап. "Забаўлянкі".

Вучні знаёмяць прысутных з забаўлянкамі, якія сабралі. Напрыклад:

Ішоў бай па сцяне
У чырвоным каптане.
Нёс ён торбу на спіне.
Што у торбе, тое мне.

Кую, кую ножку,
Паедзем ў дарожку,
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая
Зачапілася за пень,
Прастаяла цэлы дзень. I інш.

Пяты этап. "Загадкі жарты".

Мікракалектыў знаёміць з загадкамі жартамі, запрашае прысутных прыняць удзел у іх адгадванні:

На якое пытанне нельга даць сцвярджальны адказ? (Ты спіш?)
Сын майго бацькі, але мне не брат. (Ты сам.)
Што знаходзіцца пасярэдзіне Волгі? (Літара"л".)
У бацькі тры сыны. А ў кожнага сына — сястра. Колькі ў бацькі дзяцей? (Чацвёра.)
Якое ласкавае імя хлопчыка расце ў жыце? (Васілёк.)
Чатырма літарамі напішы выраз "сухая трава". (Сена.)

Шосты этап. "Прыказкі і прымаўкі".

Удзельнікі творчай групы нагадваюць прыказкі і прымаўкі, а заканчваць іх даюць магчымасць дзецям. Напрыклад:

Родная зямелька як зморанаму... (пасцелька).
Родная зямля мякчэйшая за чужую... (пярыну).
Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай... (крыніцы).
Усюды добра, а дома... (найлепш).

Сёмы этап. "Вітанкі і зычэнні".

Удзельнікі творчых труп звяртаюцца адзін да аднаго са словамі вітання і зычання на роднай мове. Напрыклад,

"Добры дзень вам!", "Дзень добры ў хату!", "Добрага ранку!", "3 панядзелкам вас (аўторкам і г. д.)!", "Здаровенькі былі!", "Мае вам шанаванне!", "Будзьце жывы, здаровы!", "Жывіце з богам", "Будзьце жывенькі, здаровенькі!", "Каб вам вялося!", "Лавіся, рыбка, малая і вялікая!", "Сакалінага лёту!", "У добры час!", "Удачы!", "Шчасліва!", "Час добры на дарогу!", "У добры час кажучы" і інш.

Восьмы этап. "Гульні".

Вядучы абвяшчае, што ў куфэрку засталіся народныя гульні. Звяртаецца да класа з пытаннем: хто ведае, у якія гульні гулялі бабулі, дзядулі, а то і прабабулі, і прадзядулі? Прапануе арганізаваць гульню. Калі нічога не атрымліваецца, арганізуе сам. Гэта могуць быць гульні "У краскі", "Сляпы музыка" і інш.

Дзевяты этап. "Матуліна казка".

На гэтым этапе кожны з вучняў павінен успомніць беларускую казку, якую яму расказвалі ў дзяцінстве. Мікракалектыў, члены якога рыхтавалі казкі, могуць прачытаць адну з іх па ролях ці падрыхтаваць інсцэніроўку беларускай казкі, напрыклад, "Лёгкі хлеб".

Парады арганізатарам:
1. Правядзіце заняткі так, каб дзеці зразумелі, што паданні, забаўлянкі, жарты і да т. п. — духоўны скарб народа.
2. Заняткі правядзіце няспешна, размеркаваўшы матэрыял на некалькі дзён.
3. Да падрыхтоўкі заняткаў абавязкова падключыце бацькоў.