сцэнарыі святаў на беларускай мове

Любоў ПАРМОН, Людміла САХАРЭВІЧ, Наталля ТРЫГУБОВІЧ. Роднае слова 05/2004

Зямля бацькоў - зямля святая

Сцэнар літаратурна - музычнай вечарыны

На сцэне карта Мінскай вобласці, ручнік і васількі. На адной калоне-ўзвышэнні - гняздо з бусламі, на другой - кветкі. Выходзяць дзеткі, садзяцца на “лужку” і плятуць вяночкі. Залятае “бусел”, кружыць па сцэне. Яму насустрач выходзіць хлопчык.

Хлопчык.
Бусел, бусел, клёка-клёка,
дзе ты жыў?
Бусел.
Я жыў далёка.
За гарамі, за лясамі,
Там, дзе Ніл, на поўдні самым.
Авяр’ян Дзеружынскі. Бусел.
Дзяўчынкі (паміж сабой).
- Што такое Бацькаўшчына, знаеш?
- Гэта рэчка, сцежачка лясная, гэта ў лузе залатая пчолка, а ў вачах тваіх - вясёлка.
- Бацькаўшчына - гэта дом твой, школа, гэта песні, што звіняць наўкола.
- Гэта тата твой і мама і сябры твае таксама.
А. Касценка.
Што такое Бацькаўшчына, знаеш?
Гучыць песня “Белая Русь” (словы Дануты Бічэль- Загнетавай, музыка Алега Чыркуна).
Вядучы. Чым далей адыходзіць маленства, тым усё даражэйшым і даражэйшым робіцца той край, дзе ты нарадзіўся, дзе некалі ўпершыню пачуў птушыныя песні, убачыў кветкі, дзе вымавіў першыя словы і самастойна зрабіў першы крок,, дзе першы раз засмяяўся ад радасці ці заплакаў ад крыўды.
Паводле Алеся Шашкова.
Вядучы. Вось я нарадзіўся ... . А адкуль прыехаў ты да нас?
Падчас інтэрв’ю з залай на сцэну выходзіць і садзіцца за стол шляхціц Завальня. На стале свечка, пакуль не запаленая. Чуюцца грымоты, навальніца. Шляхціц Завальня ходзіць па сцэне, тупае, злуе.
Завальня. Навальніца збіраецца. Усе даўно паснулі, а мне вось не спіцца. І каму ёсць справа да старога шляхціца Завальні, што не прывык засынаць без цікавай гісторыі ці незвычайнага аповеду? А можа, запаліць свечку, і які падарожны да мяне завітае ды раскажа мне што-небудзь цікавае? (Запальвае свечку.)
Голас з-за сцэны.
Як лёс, шалее завіруха -
Аж слёзы выспелі ў вачах.
Вандроўнік, бачыш? Да прытулку
Табе агеньчык меціць шлях.
Не, нездарма мігала свечка!
Пашана хаце — добры госць!
Заходзь, вандроўны чалавеча,
І ў бессмяротнасць уваходзь!
Людміла Рублеўская. Шляхціц Завальня.
Заходзяць госці.
Завальня. Адкуль вы будзеце?
Госць з Узды.
Адтуль, дзе Нёмана вытокі-карані,
Дзе зямля спявае ў зорнай цішыні,
Маёй песні там цудоўнейшы радок -
Там Узда стаіць, мой родны гарадок.
Не праславіў яе знатны княжы род,
Просты, шчыры, працавіты ў нас народ.
Ды шырока разлілася ў краі ў нас
Твая слава, беларускі наш Парнас.
Хлопцы здатныя Паўлюк твой і Кандрат
Між пісьменнікамі сталі ў першы рад,
У кожнай хаце тут паэзія гучыць,
Бо паэтаў тваіх цяжка і злічыць.
Тут калісьці і Шыдлоўскі песні пеў,
Песні слухаць ноччу сонейка ўстае,
І да поўдня ў небе зорачкі гараць,
Б’юць у ладкі, просяць песні паўтараць.
У якой ні апынуся ў старане -
Васількі тваіх усмешак сняцца мне.
Я хачу, каб песні гучныя плылі
Аб цудоўнай нашай уздзенскай зямлі.
Вячаслаў Шнуркевіч. Мой родны гарадок.
Завальня. Вясёлыя, вясёлыя вы людзі. Ну, падыдзі бліжэй. Дык дзе ж гэтая мясціна на карце знаходзіцца?
Госць з Узды. Вось яна, Узда. (Паказвае на карце лазерным ліхтарыкам.) Вы гэтага не ведалі? Дык, можа, вы не ведаеце, чаму яна Уздой называецца?
Кажуць, ехала царыца
Мо пяцьсот гадоў назад.
Захацелася напіцца,
Аддала такі загад:
“Ехаць к рэчцы у карэце,
Па дарозе, прама ў брод...”
За карэтай бягуць дзеці,
Сабіраецца народ.
Коні з горкі тузанулі,
Паскакалі у галоп
І... карэту павярнулі,
І царыцу з ёю - гоп!
Усю ноч чынілі снасці,
Каб царыцы дагадзіць,
А яшчэ, каб не прапасці,
Тут вуздэчку сталі шыць.
Вось пашылі, паказалі.
Твар царыцы пасвятлеў.
Засвяціліся каралі,
Як лакей каню надзеў.
Вось тады Уздой назвалі
І мястэчка, і раку.
І цякуць Уздзянкі хвалі
Ад пасёлка у баку.
Мікола Кароль. Сказ пра Узду.
Завальня. Заслужылі вы сёння салодкі начлег. Праходзьце, калі ласка. (Завальня застаецца адзін, налівае з самавара гарбату і п’е.)
Голас з-за сцэны.
І свечка на акне варушыць
Сваю маленькую далонь.
І новы госць ужо ля брамы
Прыйшоў на ласку і цяпло.
Людміла Рублеўская. Шляхціц Завальня.
Заходзяць іншыя госці пад музыку песні “Мой родны кут”.
Завальня. Якую цудоўную музыку я пачуў. А яшчэ каб словы загучалі ды пад гэтую мелодыю!
Госць са Стоўбцаў. Дык слухайце. Мы гэтыя словы добра ведаем.
Гучыць песня “Мой родны кут” (тэкст Якуба Коласа, музыка Ігара Лучанка).
Завальня. Цудоўная песня, цудоўная! (Да залы.) Сябры мае, а ці ведаеце вы, хто аўтар гэтых слоў?
Галасы з залы. Якуб Колас.
Завальня. А дзе ж Радзіма гэтага слаўнага паэта?
Госць са Стоўбцаў. Дзядзечка, дык гэта ж наш зямляк. Мы ж да Вас са Стоўбцаў прыехалі. (Паказвае на карце ліхтарыкам.) На месцы, дзе цяпер стаяць Стоўбцы, быў лес. У гэтым лесе нейкі князь пабудаваў манастыр, і доўгі час там жылі манахі. Аднаго году Яны ўсе вымерлі ад чумы. Манастыр апусцеў. Вырашылі, што гэта Божая кара. Манастыр разбурыўся. А на тым месцы ўкапалі тры “стоўбікі” і назвалі гэтае паселішча Стоўбцы.
Гучыць песня “Мае родныя Стоўбцы” (верш і музыка Тамары Барэхавай).
Завальня.
Добра знаю ваш раён,
Недалёка, побач ён.
Маёй хаты не мінайце
Ды часцей вы заязджайце.
Гасне святло.
Вой, што за цемра? Што гэта зрабілася?
На экран праз эпідыяскоп дэманструюцца віды Нясвіжскага замка.
Голас з-за сцэны. Нясвіжскі замак. Ноч. Нястомныя гадзіннікі, што адзванілі 15 хвілін таму поўнач, зноў парушаюць цішыню велічных маўклівых пакояў, і, быццам народжаныя з гэтага шматгалосага рэха, на лесвіцы чуюцца лёгкія жаночыя крокі. Бліжэй... Бліжэй... Бліжэй...
Гасне святло, чуецца моцны грукат. З’яўляецца Чорная дама.
Голас з-за сцэны. Каго шукае ў пустых пакоях прывід Барбары Радзівіл? 3 кім марыць спаткацца светлавалосая прыгажуня, у выразных карых вачах якой знайшлі прытулак адчай і туга? Не, не па кароне плача каралева польская, вялікая княгіня літоўская, руская, мазавецкая, жмудская - плача яна аб сваім загубленым жыцці і нязгасным каханні, непадуладным нават смерці...
Дэманструецца партрэт Барбары Радзівіл.
Госць з Нясвіжа. Князёўна Барбара Радзівіл рана выйшла замуж, а ўжо ў 22 гады аўдавела. Барбара была вельмі прыгожая і разумная, і ў яе закахаўся княжыч, пляменнік і спадкаемца вялікага князя літоўскага Жыгімонт. Барбара была старэйшая за яго на тры-чатыры гады.
Падчас аднаго з таемных спатканняў чэлядзь усхапілася і падняла страшэнны вэрхал. Жыгімонту не было куды дзецца, і ён таемна абвянчаўся з княгіняю ў Вільні. Неўзабаве Жыгімонт стаў польскім каралём (Жыгімонтам Аўгустам ІІ). Польскі сейм і духавенства не жадалі прызнаваць уладаркай Барбару Радзівіл. Яны хацелі, каб каралевай стала прынцэса каралеўскага роду. Але Жыгімонт дамогся свайго — Барбару прызналі каралевай.
Яна засталася бяздзетнай, а праз год пасля каранацыі памерла. Казалі, што яе атруцілі. Смерць Барбары вельмі засмуціла караля, і ён перастаў цікавіцца дзяржаўнымі справамі. Жаніцца ж ён больш не захацеў, бо моцна кахаў сваю Барбару.
Прыдворныя і духоўнікі запрасілі з Англіі чарнакніжніка, каб ён выклікаў дух Барбары, які загадаў бы каралю зноў узяць шлюб.
І вось аднойчы ў залу, дзе сядзелі кароль і яго світа, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кінуўся да яе: “Басенька, мая Басенька”, - і схапіў яе за рукі. Але тут адразу нешта грымнула, і ўсё знікла.
Пасля гэтага казалі, што дух Барбары ў выглядзе Чорнай дамы пасяліўся ў Нясвіжскім замку. Казалі людзі і такое, што калі ўзыходзіць месяц, апоўначы ў замку з’яўляецца Чорная дама. Яна нібы спрыяе закаханым і заступаецца за бяздзетных жанчын: на каго зірне, таму выпадае шчасце.
3 легенды пра Чорную даму.
Завальня. Ну і настрашылі вы мяне сваёй загадкавай і таямнічай гісторыяй.
Чуецца стук.
А вось і новыя госці. А куды вы шлях свой трымаеце?
Госці з Маладзечна.
1-ы госць. Едзем мы ў роднае Маладзечна. Нашы мясціны славяцца мурожнымі лугамі, сасновымі барамі, светлымі бярозавымі гаямі.
2-і госць. А яшчэ ў нас вельмі прыветныя людзі. Прыязджайце да нас! Пачастуем вас пірагамі, верашчакаю з блінамі, сырам і смятанай. Ад гасціннасці нашай памаладзееце душой.
Частуйцеся, дзядзька Завальня, маладзечанскімі дранікамі.
Завальня (спрабуе страву).
О, як смачна!
Ды маладзечанскія паварыхі
Заўсёды кулінарных спраў былі майстрыхі.
Госць з Маладзечна.
У нашым краі любому ёсць чым пахваліцца,
Што гасцям паказаць, расказаць...
Будзе вас фестываль “Маладзечна”
Песняй шчырай штогод сустракаць.
Гучаць песні “Маладэчна” (словы Леаніда Пранчака, музыка Ігара Паліводы) і “Зямля мая адзіная” (словы Аляксандра Алпеева, музыка Уладзіміра Будніка).
Завальня. Маладзечна, маладосць, малады! Памаладзеў і я з вамі, маладзечанцы, душою.
Уваходзяць сяляне і манахі.
Завальня. Ой, колькі гасцей у мяне зноў! Не раўнуючы, як дроў у лесе. Праходзьце, даражэнькія. Адкуль жа вы будзеце?
Селянін. А мы з Чэрвеня.
Завальня. 3 Чэрвеня? А дзе гэтая мясціна, штосьці я не чуў пра Чэрвень нічога.
Сёлянін. Раней Чэрвень называўся Ігуменам. А чаму ён меў такую назву, мы вам раскажам. Ужо значна пазней Ігумен сталі называць Чэрвенем.
Завальня. Цікава-цікава. 3 задавальненнем паслухаю.
ІНСЦЭНІЗАЦЫЯ
Дзейныя асобы: сяляне, Добры ігумен, Злы ігумен, манахі, вядучы.
На сцэне купкай сядзяць сяляне.
Вядучы. 3 даўніх часоў жылі тут людзі. Спачатку жылі і ніякай веры не ведалі. Але аднойчы...
1-ы селянін. Грукоча, бачыце людцы, як два молаты кавальскія б’юць адначасова. Сіла, відаць, у таго, хто гэта робіць, страшэнная. Не бачыў я такіх людзей, якія здольныя былі б так грукаць.
2-і селянін. Сапраўды так. Нешта ёсць, але што? Каб жа можна было хоць адным вокам пабачыць, тады я вам адразу і сказаў бы.
1-я сялянка. Што самае цікавае - то калі гром з маланкай узачнецца, дык не толькі па небе грукат коціцца, але і зямля брынчыць. Вось дзе загадка. Трасецца лес, вада плёскаецца.
2-я сялянка. Шанаваць тую сілу трэба, а то калі пакрыўдзім ці абразім яе нечым, дык не ўратуемся. Што мы супраць яе? Калі раз ці два па нас лупяне - мокрага месца не застанецца. Трэба неяк пакланяцца ёй, шанаваць.
1-ы селянін. Можа, зрабіць які ідал?
2-і селянін. А што гэта такое?
1-ы селянін. Ну, цурбалак дубовы ці выдзеўбаны з каменю. Каб на чалавека быў падобны. Якая сіла ні была б, але ўсё роўна яна да нас з вамі падобная...
2-і селянін. Гэта так, бясспрэчна.
1-я сялянка. Тады няхай ён і зробіць гэтага, як яго... ідала.
2-я сялянка. Ага! Чаго ўжо там - зрабі.
Сяляне разыходзяцца, а адзін з іх (1-ы) бярэ сякеру і робіць ідала. Надзявае на яго шапку. Сяляне зноў
збіраюцца, падыходзяць да ідала.

2-і селянін. Добры ідал, добры.
1-я сялянка. Але вось як жа на яго маліцца?
2-я сялянка. Навучы нас, майстар.
1-ы селянін. Гэтага, сябры мае, і я не ведаю. Можа, і не трэба на яго маліцца, а проста шанаваць і прыносіць яму ахвяры? Можа, і гэтага будзе дастаткова?
2-і селянін. А што, праўду чалавек гаворыць. Калі нам шанцаванне якое будзе ці свята надарыцца, то мы яму тады болей будзем падарункаў прыносіць, а калі звычайны дзень - крыху меней.
1-я сялянка. А калі гора не міне, то будзем звяртацца ўжо не з падарункамі, а маліць пра дапамогу...
2-я сялянка. Вось бачыце, як хутка ўсё разам вырашылі.
Вядучы. Так і павялося ў іх на многія дзесяцігоддзі. Ужо не толькі самі, а і дзеці, і ўнукі той дзіўнай веры трымаліся. 3 цягам часу на змену старой прыйшла новая вера - хрысціянская. Не хацелі прызнаваць людзі новай веры.
Падносяць да ідала хлеб, кветкі, нешта ў гаршчочку. З’яўляецца чалавек у чорным адзенні - манах, ён жа Добры ігумен.
1-ы селянін. Нібы груган які.
Добры ігумен. Людзі, ёсць такая зямля, дзе пакланяюцца адзінаму Богу. Не трэба яму прыносіць ніякіх ахвяр, не трэба аддаваць апошняе, а толькі маліцца. Маліцца, звяртаючыся да самога неба.
2-я сялянка. Як гэта? Ці ж так можна?
1-я сялянка. А дзе ж яны моляцца таму свайму Богу?
Добры ігумен. У храме моляцца. Гэта спецыяльная будыніна, і там шмат абразоў з лікамі святых ды апосталаў. Давайце паспрабуем, мо і вам спадабаецца.
Вядучы. Падарожны манах спецыяльна хадзіў па зямлі, каб схіляць людзей да новай веры. Ён пераканаў местачкоўцаў шанаваць Ісуса - сына Божага. Местачкоўцы ўзвялі манастыр, а ў ім цудоўны храм і пачалі пакланяцца Хрысту. У манастыры стаў жыць падарожны манах, а праз некаторы час, калі з’явіліся іншыя манахі, зрабіўся першым ігуменам.
Манахі і іх ігумен паводзілі сябе вельмі прыстойна: не бралі лішняга, не прымушалі сялян працаваць на царкоўных землях, а з усім спраўляліся самі.
Тры манахі працуюць - з матыкамі, граблямі і інш.
Ігумен быў вельмі справядлівы: калі сустракаў чалавека старой веры, то не караў яго, а імкнуўся пераканаць і далучыць яго да хрысціянства. Любілі і паважалі людзі свайго ігумена. Прайшоў час, і стары ігумен памёр.
На сцэну выходзяць два манахі.
1-ы манах. Паслухай, я вельмі разумны і займу вольную пасаду ігумена.
2-і манах. Ты - хамуйла, куды ты лезеш? Я стану ігуменам.
Сталі тузацца і біцца.
3-і манах (разнімае тых, што б’юцца). Перастаньце! Ігуменам стану я, а вы мне будзеце дапамагаць. За гэта я вам заплачу немалыя грошы. (Дае ім грошы. Яны кідаюцца, раскідваюць і збіраюць грошы.)
1-ы і 2-і манахі (збіраючы грошы). Мы згодны! Мы згодны!
Новы ігумен бярэ нагайку і кідаецца на сялян.
Злы ігумен (былы 3-і манах). Гультаі! Дармаеды! Гэц працаваць на манастырскія палі і сенажаці! (Б’е іх.) На калені! (Перадае нагайку 2-му манаху.)
Лупцуй, лупцуй іх, сын мой! Чым болей яны будуць плакаць і стагнаць, тым меней у іх усялякіх дурных думак у галаве будзе! Не шкадуй, бачыш - мы іх б’ём, а яны не скараюцца, усё роўна гнеў з вачэй бліскае! Джгані яшчэ каторага!
Вядучы. Новы ігумен быў вельмі жорсткі і люты да людзей. Здзекаваўся нават з манахаў. А сам вёў бязбожнае жыццё: не прытрымліваўся пастоў, еў і піў колькі хацеў.
Жылі ў адным паселішчы людзі, якія пакланяліся яшчэ старому богу. Дык ігумен загадаў спаліць вёску разам з людзьМі. У тую ноч манахам прысніўся дзіўны сон - з’явіўся ў небе абраз Прачыстай Божай Маці, якая папярэдзіла, каб манахі выбіраліся, бо ім за іхняе злачынства не будзе яе спачування і дапамогі. І некаторыя манахі паўцякалі.
Злы ігумен. Сабакі! Паганцы! Паўцякалі. Я пералаўлю ўсіх і павешаю.
Вядучы. Але не паспеў зласлівец здзейсніць задуманае - наступнай ноччу манастыр праваліўся скрозь зямлю, а на яго месцы ўтварылася глыбокае возера.
Доўга баяліся людзі сяліцца ля возера, ды з цягам часу ці то забыліся, ці то пасмялелі, але сталі будаваць хаціны. Тыя манахі, што паўцякалі, заснавалі Лядскі манастыр, дзе ўсё вялося па справядлівых парадках.
Паселішча, якое ўзнікла на месцы старога манастыра, назвалі Ігуменам. Можа, у памяць пра таго добрага ігумена, а можа, наадварот, каб не забыцца, што ёсць і дрэнныя манахі. Хто яго ведае? Гэта ўжо пазней, за савецкім часам, у Чэрвень перайменавалі.
Забягае хлопчык.
Хлопчык.
Нарадзіўся я ў Мінску,
Тут я -
Гадаваны.
Родны горад - плошчы, скверы,
Вуліцы, фантаны.
Пра свой горад я складаю
Вершы-карацелькі:
“Мінск - сталіца Беларусі.
Я - мінчук маленькі”.
Леанід Пранчак. Мінчук.
(Да гледачоў.) А можа, яшчэ хто з Мінска ці з Мінскага раёна ёсць? Падыходзьце да мяне,
мае землякі.
Кажуць, у нашай вобласці столькі слаўных раёнаў, столькі прыгожых мясцін ды людзей таленавітых. Землякі мае! Хіба ж мы горшыя? Хіба нам няма чым пахваліцца, што людзям расказаць? Ёсць!
Мінчук. А вось зараз і праверым, ці добра ведаеце вы сваю сталіцу.
Дзеці адрываюць пялёсткі рамонка. На пялёстках - пытанні.
1. Якія тэатры ёсць у Мінску?
2. Якая самая салодкая фабрыка ў сталіцы?
3. У якіх парках можна цікава і весела правесці вольны час?
4. Як раней называўся горад Мінск? Чаму ён так названы?
5. Якое месца заўсёды радуе наведвальнікаў багаццем дрэў, кветак, кустоў?
6. Якія мінскія вырабы славутыя на ўсю краіну і за яе межамі?
7. Які самы хуткі сталічны від транспарту?
8. Што гэта за будынак? Як ён называецца?
Праз эпідыяскоп дэманструецца Чырвоны касцёл. Гучыць песня “Каля Чырвонага касцёла” (словы Леаніда Пранчака, музыка Леаніда Захлеўнага).
Завальня. Непаўторная наша сталіца. Славіцца яна далёка. А з гадамі ўсё болей прыгажэе і набіраецца сілы.
Гучыць песня “Родны мой горад” (словы Уладзіміра Някляева, музыка Васіля Раінчыка).
Чытальнік.
Малая радзіма... Правал паміж слоў,
хоць нехта ў іх сплаў і паверыў;
назваў нехта раптам святыню малой,
аднёс яе ў шэраг памераў.

Існуе малы пералесак, лясок,
і рэчка малая, і поле...
Куток, дзе ступіў ты найпершы свой крок,
малым не бывае ніколі.

Існуе малая трава і лаза,
крыніцы вузенькае ложа.
Куток, дзе ты першае слова сказаў,
малым называцца не можа.

Радзіма... У ёй да сканання вякоў
Прастору душа набывае.
Магчыма, бывае малая любоў,
святыні малой не бывае.
Васіль Жуковіч. Радзіма.
Гучыць песня “Голас роднай зямлі” (словы Леаніда Пранчака, музыка Генадзя Ермачэнкава).

Уздзенская санаторная школа-інтэрнат працуе са зменным кантынгентам дзяцей (школьнікі аздараўляюцца на працягу чвэрці). Пры падрыхтоўцы вечарыны выбраныя Уздзенскі, Стаўбцоўскі, Нясвіжскі, Маладзечанскі, Чэрвеньскі, Мінскі раёны, бо найбольшая колькасць дзяцей на той час была менавіта адтуль.

Яшчэ на гэту тэму:

Інтэрактыўная віктарына «Чароўны квадрат»      «Дыямент жывы вякоў»