сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Савельеўна ГЕНАШ — старшы метадыст, выкладчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Валянціна Іванаўна СМЫКОЎСКАЯ — метадыст, дацэнт кафедры белоруской літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Кандыдат філалагічных навук(1967). Роднае слова 7.2002

"Ён і сёння з намі, наш Купала"

Сцэнар літаратурна-музычнай кампазіцыі

Своеасаблівым падагульненнем ведаў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы, адной з формаў выяўлення асабістых адносінаў школьнікаў да выдатнага песняра Беларусі і яго творчай спадчыны можа стаць вечарына, праведзеная ў форме літаратурна-музычнай кампазіцыі. Поспех мерапрыемства шмат у чым будзе залежаць ад энтузіязму настаўніка і вучняў, умення мэтанакіравана і зладжана ажыццяўляць сувязь паміж навучальнымі і пазакласнымі заняткамі. I падрыхтоўка да вечарыны, і сама арганізацыя свята павінна стаць дзейсным сродкам духоўнага і ідэйна-эстэтычнага выхавання.

У фае і актавай зале школы, дзе будзе праходзіць вечарына, арганізуецца выстава твораў пісьменніка, крытычных артыкулаў пра яго творчасць, дэманструецца літаратурная насценгазета. Карысна аформіць фотавітрыну "Слова пра Янку Купалу" (фотаздымкі купалаўскіх мясцінаў, вокладкі кніг паэта, фотарэпрадукцыі) і выстаўку лепшых вучнёўскіх прац, прысвечаных Янку Купалу (сачыненні, ілюстрацыі да твораў, вершы і інш.). Пажадана падрыхтаваць і літаратурную карту, дзе чырвонымі сцяжкамі можна адзначыць мясціны, з якімі быў звязаны жыццёвы
творчы шлях народнага песняра.
На сцэне актавай залы (або памяшкання, у як будзе праводзіцца вечарына) — партрэт Янкі Купалы, пад ім даты — 1882 — 1942, ніжэй па цэнтры — лічба 120. Актавая зала афармляецца плакатамі наступнага зместу:

Паэзія Янкі Купалы — гэта квітнеючы і чароўны сад, дзе сабраны водар беларускай зямлі.
Якуб Колас

Яго песні будуць пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Яго вершы будуць узорамі для новых песняроў беларускага народа. Яны будуць абуджаць у сэрцы лі дзей лепшае пачуццё і лепшыя чалавечыя імкненні ясных сонечных дзён, аб якіх часта пісаў паэт і дзе заўсёды будуць праўда і справядлівасць.
Якуб Колас

Янка Купала — гонар беларускага народа. Нельга ўявіць беларускі народ без такой велічнай постаці,., Янка Купала.
Пятрусь Броўка

Ён палымяна любіў свой народ, якому аддаў усе і сілы, усе свае думкі, — і народ даў яму права гаварыць яго імя.
Паўло Тмчына

Яго імя не вырваць з нашых сэрцаў
Ні часу, ні нягодам, ні бядзе.
Сяргей Законнікаў

Гучыць мелодыя песні "Радзіма мая дарагая" (верш Алеся Бачылы, музыка Уладзіміра Алоўнікава).
Адкрываецца заслона. На сцэне — удзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі, апранутыя ў беларускія наянальныя строі.
Мелодыя песні заціхае, адзін з удзельнікаў чытае радкі.

Радзіма мая дарагая,
Красуйся і ў шчасці жыві.
Я сэрцам табе прысягаю
У шчырай сыноўняй любві.

Паказваюцца кадры з дакументальных фільмаў пра сучасную Беларусь. У гэты час пачынае гаварыць вядучы.

1-ы вядучы. Сёння наша Беларусь — краіна
шматлікіх фабрык і заводаў, краіна новабудоўляў, шырокіх і ўрадлівых палеткаў. Але мы ведаем, што калісьці гэта быў лапцюжны і сярмяжны край, зямля бяды і гора людскога.
1-ы чытальнік.
Чым ты была, Беларусь мая родная, —
Хіба ж не бачылі нашыя вочы?
Вечна абдзёртая, вечна галодная,
Сонца не ведала, а толькі ночы.
2-і чытальнік.
Людзі твае, ў беднаце гадаваныя,
3 торбай жабрацкаю век дажывалі...
Злосна стагналі вятры над курганамі,
Хмары насіліся чорнаю хваляй.
Янка Купала. Беларусі ардэнаноснай.

2-і вядучы. Плач усёй Беларусі распавёў "на свет цэлы" наш пясняр. Янка Купала быў народжаны самім жыццём, тагачаснай явай.

 Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.
Янка Купала. Я не паэта...

1-ы вядучы. Паэт палюбіў зямлю Беларусі, агледзеў тут кожную травінку, кожнае дрэва, бачыў, як расцвітаюць верасы, наліваецца колас, выплывае месяц на сіні начлег.
2-і вядучы. Яго нарадзіла зямля Беларусі, каб потым паэт пачуў яе стогн і плач, убачыў гора і галечу роднага народа, занядбанасць беларускага мужыка, нішчымніцу беларускіх вёсак, каб панёс крыўду "на свет цэлы" за права "людзьмі звацца".
1-ы вядучы. У нашым народзе бытавалі паданні пра тое, што ля калыскі кожнага немаўляці збіраюцца чараўніцы і прарочаць яму лёс. Відаць, мудрыячараўніцы стаялі і ля калыскі Янкі Купалы і судзілі лёс самы слаўны, самы цяжкі і вялікі. Паэту наканавана было гадамі блукаць упоцемках і выйсці на святло, аслепнуць ад яго, але вывезці з цемры іншых.

Гучыць сумная мелодыя беларускай народнай песні паказваюцца кадры з дакументальнага фільма "А зязюля кукавала", які расказвае пра Купалаўскія мясціны.

2-і вядучы. Родная Вязынка. Мілы сэрцу бацькоўскі кут.
1-ы вядучы. Тут, на хутары Вязынка, у час свята Івана Купалы ў сям'і арандатара нарадзіўся Іван Дамінікавіч Луцэвіч.
1-ы чытальнік.
У хатцы маленькай радзіўся паэт,
Дзе чадна дыміла лучына.
Раз першы адгэтуль ён глянуў на свет
Праз вокны вось гэтай хаціны.
Канстанцыя Буйло. У Вязынцы.

2-і вядучы. Яго юнацтва пачалося з суровых будняў — будучы паэт працаваў хатнім настаўнікам, перапісчыкам у судовага следчага, прыказчыкам у панскім маёнтку, рабочым на броварах. Універсітэтам Янкі Купалы было само жыццё.
2-і чытальнік.
Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці,
Мой бацька не мог даць раскошаў такіх —
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
I дум беларускіх без школы і кніг.
3-і чытальнік.
Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.
Янка Купала. Мая навука.

Гучыць песня "Iвецер, і сокал, і я" (верш Янкі Купалы, муз. Аляксея Туранкова) або іншая песня на вершы песняра.

1-ы вядучы. Янка Луцэвіч вырас у вёсцы. Ён жыва і абвострана ўспрымаў усё навакольнае.
4-ы чытальнік.
А ён падрастаў, беларускі хлапчук,
3 прачулай, гарачай душою,
I ўсё, што пабачыў, усё, што пачуў,
У сэрца ўбіраў маладое.
1-ы чытальнік.
Народныя песні будзілі думу —
Тужлівыя, быццам шум бору...
I сталі з дзяцінства знаёмы яму
Людскія нядоля і гора.
Канстанцыя Буйло. У Вязынцы.

2-і вядучы. Беззямелле, неўладкаванасць сялянскага жыцця, прыніжэнне чалавечай годнасці селяніна-беларуса сталі прычынамі трагедыі цэлага народа, якому адмаўлялі ў праве "людзьмі звацца". Усё гэта выклікала з'яўленне Купалы-паэта, які на пачатку сваёй творчасці мужна заявіў:
2-і чытальнік.
Я не для вас, паны, о не,
Падняць скібіну слова рвуся
На запусцелым дзірване
Сваёй старонкі Беларусі,
Я не для вас, паны, о не!
Я не для вас, паны, о не,
А я для бедных і загнаных,
Я з імі мучуся ўраўне,
Ў адных закут з імі кайданах...
Я не для вас, паны, о не!
Янка Купала. Я не для вас...

Па сцэне павольна праходзіць група вучняў, апранутых у беднае сялянскае адзенне, абутых у лапці, з торбамі за плячыма.

3-і чытальнік.
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
Усе. Беларусы.
4-ы чытальнік.
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
Усе. Людзьмі звацца.

1-ы вядучы. "Людзьмі звацца!" Гэты заклік стаў лейтматывам усёй дакастрычніцкай творчасці Янкі Купалы. У праніклівых лірычных вер­шах, у жыццесцвярджальных паэмах, у драматычных творах паэт падкрэсліваў, што чалавек мае права на годнае жыццё.
2-і вядучы. Спрадвечная мара "людзьмі звацца" вяла беларусаў у пошуках праўды, той папараць-кветкі, якая, як кажуць паданні, расцвітае ў купальскую ноч і прыносіць чалавеку шчасце.
1-ы вядучы. Купальскія вогнішчы. Вякамі іх нязгасны агонь ачышчальным святлом саграваў мільёны чалавечых сэрцаў і яшчэ будзе свяціць нам і нашым нашчадкам многія гады. Купальскае вогнішча асвятляла жыццёвы шлях творцы.

Гучыць народная песня "А на Купалу сонца рана іграла".

На сцэне гасне святло, імітуецца вогнішча, вакол якога — дзяўчаты-русалкі. Яны выконваюць павольны танец. З'яўляецца юнак у нацыянальным адзенні з палымянай папараць-кветкай у руцэ. Ён змагаецца з русалкамі і перамагае. Дзяўчаты апускаюцца на падлогу і быццам засынаюць, а юнак чытае верш Я. Купалы "Спадчына". Потым гучыць запіс аднайменнай песні (муз. Ігара Лучанка) у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры"*.

Сцэна асвятляецца, святло паступова ярчэе ад промняў кветкі. Песня "Спадчына" змяняецца песняй "Белая Русь" (верш Уладзіміра Карызны, муз. Юрыя Семянякі), а ў гэты час юнак-паэт, які знайшоў папараць-кветку, выводзіць за руку на сцэну дзяўчыну ў святочным убранні, з вянком на галаве. Яна сімвалізуе сабой вясну — маці-радзіму, новую Беларусь.

1-ы чытальнік.
Ясна, святочна ў красы ўбярыся,
Птушкай свабоднай сягні ў вышыну,
3 сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
Песняй распейся, славай акрыйся,
Выйдзі спаткаці вясну!
Янка Купала. Выйдзі...
Юнак звяртаецца да дзяўчыны-Беларусі.
2-і чытальнік.
Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі...
Янка Купала. Маладая Беларусь.
3-і чытальнік.
Дык жа шумі, красуй у волі, родны
Край! Звіні ў свой звон, сялянскі звон!
Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай!
Твайго Народа сёння права і закон.
Янка Купала. Шляхам гадоў.

Хор выконвае песню "Люблю наш край" (верш Канстанцыі Буйло, муз. Міколы Равенскага).

2-і вядучы. Сёння мы разумеем прычыны паэтавай маркоты, тугі і песімізму. Але якім бы жорсткім і няўмольным ні быў лёс Я. Купалы у 1930-я гады, у той жахлівы сатанінскі час, сэрца паэта не маўчала.
2-і чытальнік.
Эпохам не грукалі ў грудзі,
Аб долі сваёй не крычалі.
Казалі: "Што будзе, то будзе..."
А болей — маўчалі.
------------------------------
I думка ад холаду стыне,
I часам апусцяцца рукі:
Няўжо мы крычым у пустыні?..
Ды слова ўзыходзіць зарукай!
Не будзь жа, не будзь іншаверцам
На родным прычале,
Паўстань, паўстань, мае сэрца,
3 пустыні маўчання!
Васіль Зуёнак. Зарука.

2-івядучы. Пройдуць дзесяцігоддзі, і мы адкрыем для сябе новага Купалу — бунтара, які цвёрда верыў, што
4-ычытальнік.
I прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі, ці чарада
Зняваг мінулых нас не з'ела,
Пакінуўшы свой дым і чад,
I мы па-даўняму нясмела
Жылі не ў лад і неўпапад?
1-ы чытальнік.
Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
I дабравольна, без прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Не неслі ў петлі дум і рук?
I ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
3 якіх бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..
Янка Купала. I прыйдзе...

1-ы вядучы. Адказ на гэтае пытанне дало само жыццё — падзеі 1940-х гадоў, калі на свабоду народа замахнуўся крыважэрны вораг.

Заслона закрываецца. Па-за сцэнай у выкананні хору сцішана гучыць "Лясная песня" (верш Адама Русака, муз. Уладзіміра Алоўнікава)***. Паступова спевы мацнеюць, а на словах "Ды ўспомнім былыя гады” заслона адкрываецца, мелодыя гучыць цішэй. На сцэне ля вогнішча, — вучні, апранутыя, як партызаны. Паказваюцца кадры пра Вялікую Айчынную вайну. У час паказу гучаць словы вядучага.

2-і вядучы. Над краінай пранёсся грозны кліч паэта. "Калі вораг сарве яблык, што паспеў у нашым садзе, то яблык разарвецца ў яго руках гранатай. Калі ён сажне жменю цяжкіх каласоў, зярняты вылецяць і паб'юць яго свінцовым дажджом. Калі ён падыдзе да нашых чыстых сцюдзёных крыніц, яны перасохнуць, каб не даць яму вады..."

Мелодыя "Лясной песні" гучыць мацней, але яе перапыняе чытальнік, які звяртаецца да партызан.

2-і чытальнік.
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
Клічу вас я на пабеду,
Хай вам шчасцем свецяць дні,
Выразайце людаедаў,
Каб не стала іх і следу
На святой нашай зямлі.
Янка Купала. Беларускім партызанам.

Партызаны рашуча падымаюцца і пакідаюць сцэну. Мелодыя сціхае.

1-ы вядучы. У суровыя дні Вялікай Айчыннай вайны паэт верыў, што Беларусь не стане на калені перад ворагам.
3-і чытальнік.
Загоім раны, адбудуем
Свае сялібы зруйнаваны,
Сваю краіну маладую
Святлом асвецім нечуваным.
Янка Купала. Зноў будзем шчасце мець і волю.

2-і вядучы. Збыліся прарочыя словы паэта: вайна скончылася перамогай. Зноў закаласіліся беларускія палеткі, зазелянелі пушчы і дубровы, сады і вёскі ўзняліся з руін.

Гучыць песня "Абеліскі" (верш Міхася Ясеня, муз. Дзімітрыя Смольскага) або "Памяць сэрца" (верш Міхаіла Ясеня, муз. Ігара Лучанка).

1-ы вядучы. Янка Купала! Сёння без яго творчасці нельга ўявіць роднай беларускай літаратуры. Без яго натхнёных вершаў, без "Кургана" і Бандароўны", "Раскіданага гнязда" і "Паўлінкі. Яго паэзія адлюстроўвае шырокі свет чалавечых пачуццяў, паказвае сэнс людскога існавання. Янка Купала зразумеў народную праўду і панёс "на свет цэлы".

4-ы чытальнік.
Купала, купалле і купал нябёс,
Куванне зязюлі ля струн лозаў ніцых...
Купала — Шлях Млечны птушыных бяроз,
Жывыя званы беларускіх крынічак.
Купала жыццё і час быстрацечны,
Таму й не звядзецца ніколі наш род.
Уладзімір Карызна. Пакуль ёсць Купала.

1-ы чытальнік.
3 працы пачынаецца Купала,
3 песні, што яднала ўсіх людзей,
3 казак, дзе крыві і слёз хапала,
3 калыханкі сонца і надзей.
Пімен Панчанка. 3 працы пачынаецца Купала...

2-івядучы. Кожны, хто наведвае купалаўскія мясціны, не можа не захапляцца спрадвечнымі дубровамі, першародным блакітам азёр, багаццем беларускай зямлі.
2-і чытальнік.
Толькі пачуеш: Купала, —
Толькі прамовіш: Купала,
I паўстае прад вачыма
Уся дарагая айчына.
Кастусь Кірэенка. Памяці песняра.
3-ічытальнік.
Вітанне сонцу, што між хмар вяслуе,
Гаям, траве, падлетку-жаўруку...
Цябе, зямля Купалы, я цалую,
Як матчыну шурпатую руку.
4-ы чытальнік.
Мелі шмат мы раскіданых гнёздаў,
Дзе ні глянь — курганы, курганы.
Свет застаўся пахмурны і грозны
I пасля найвялікшай вайны.
Толькі Вязынку, хату Купалы
Наш народ захавае навек,
Бо і сёння адгэтуль нямала
Пачынаецца песенных рэк.
Пімен Панчанка. Вязынка.

За сцэнай гучыць павольная, але мажорная мелодыя, пад гукі якой чытаюцца радкі.

1-ы чытальнік.
Мы — на сваёй зямлі...
Заўсёды дома!
Нязрушна, так!.. Хоць ёсць, вядома, рух:
Даўно нас вучыць твой, Купала, дух
Ісці праз слова — у самасвядомасць!
Мікола Арочка. Слова да Купалы.

Гучыць запіс песні "Янка Купала" (верш Уладзіміра Някляева, муз. Уладзіміра Будніка)*.

* Тэкст і ноты песні змешчаны ў "Родным слове" (1994, №5).


Яшчэ на гэту тэму:

"І сняцца сны аб Беларусі..."     Купалаўскі баль