Галіна Уладзіміраўна ПАЖЭМЯЦКАС — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Стараюрковіцкай СШ Любанскага раёна. Роднае слова Красавік 2007
"Зялёныя сябры" чалавека
Урок - гульня
Мэты і задачы: пазнаёміць вучняў з цікавымі звесткамі пра розныя палявыя, лугавыя, агародныя расліны; дапамагчы школьнікам адкрыць і зразумець таямніцы жыцця раслін; выхоўваць у падлеткаў павагу і любоў да роднай прыроды, неадольнае імкненне зберагчы яе.
Абсталяванне: карткі з заданнямі, крыжаванка, падарункі, шкала ацэнкі заданняў I тура: 1-е пытанне - 6 балаў, 2-е пытанне - 5 балаў, 3-е пытанне - 4 балы, 5-е - 2 балы, 6-е - 1 бал, кніга "Пра гарох і буракі, бульбу, жыта, агуркі..." Змітрака Марозава.
Умовы гульні.
У гульні могуць удзельнічаць 6 чалавек або 6 камандаў. У першым туры на сталах павінны быць аркушы паперы, ручкі, каб запісваць адказы. Вядучы задае 1-е пытанне. Калі вучань напісаў правільны адказ, то атрымлівае 6 балаў, калі не - слухае пытанні далей. Калі адказаў пасля 2-га пытання - ставіцца 5 балаў і г. д. Калі ніводнага адказу няма -вучань атрымлівае 0 балаў. Пасля 6-га пытання называецца правільны адказ. Памочнікі падыходзяць да ўдзельнікаў гульні, правяраюць правільнасць адказаў, занатоўваюць колькасць балаў.
Адказы павінны запісвацца так:
1. Агурок - 6 балаў.
Альбо:
1.-
2.-
3.-
4. Агурок - 3 балы.
Пасля I тура журы падводзіць вынікі.
Вучні выконваюць (або слухаюць у запісе) песню "У бацькоўскім кутку" (верш Ніла Гілевіча, музыка Ігара Лучанка).
Заданні II тура запісваюцца на асобныя карткі, што выдаюцца кожнаму ўдзельніку гульні або камандзе. Вучань, які найхутчэй выканае, - атрымлівае 6 балаў, наступны - 5 балаў і г. д.
Выконваецца "Песня аб Радзіме" (верш Генадзя Бураўкіна, музыка Лявона Барткевіча).
Заданні III тура павінны быць падрыхтаваны загадзя. Вучні алоўкамі злучаюць правільныя адказы. За правільныя адказы - 7 балаў (7 назваў ягад - 7 балаў).
Выконваецца народная песня "Купалінка".
IV тур - крыжаванка, якая намалявана на аркушы паперы. Вучні запісваюць правільныя адказы, карыстаючыся падказкамі (літары, абведзеныя кружочкамі). Найвышэйшы бал -10. (За кожную правільную назву кветкі - 1 бал; улічваць і варыянты.)
Выконваецца песня "Беларусачка" (верш Алеся Ставера, музыка Юрыя Семянякі).
Падводзяцца вынікі, уручаюцца прызы.
Выконваецца песня "Малітва" (верш Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка).
І ТУР
1.
- Радзіма - Паўночная Індыя.
- На Беларусі - распаўсюджаная культура.
- У некаторых краінах Заходняй Азіі, дзе адчуваецца недахоп вады, людзі, ідучы ў далёкую вандроўку, бяруць з сабой, каб наталіць смагу.
- Утрымлівае карысныя для чалавека мінеральныя элементы, бактэрыцыдныя рэчывы.
- Ядуць у свежым выглядзе, марынуюць, кансервуюць, соляць.
Млечным прыпарам спавіты,
Спачывае кабачок,
На градзе, лістком прыкрыты,
Спіць шурпаты .... Агурок.
2.
- Шматкі з зерня гэтай расліны маюць назву "Геркулес".
- Выкарыстоўваецца ў народ-най медыцыне.
- Высокакаларыйны корм для кароў, свіней, коней.
- Выспявае на пачатку жніўня.
- Любіць вільготныя глебы.
- Нездарма ў народзе кажуць: "Сей ... у гразь - і будзеш князь". Авёс.
3.
- Лацінская назва - тараксакум.
- У Францыі, Англіі, Галандыі, Японіі, Індыі, ЗША для харчовага выкарыстання вырошчваюць на спецыяльных плантацыях.
- У народзе называюць: багатка, малачай, ксёндз, зубнік.
- Настой на карэньчыках і лісточках ужываецца для паляпшэння дзейнасці страўніка.
- Лугавыя парасончыкі.
Каля дарог, ля рэчкі соннай,
Ва ўлонні чэрвеньскіх лугоў
Раскрылі дзіва-парасоны
Мільёны кветак....
Дзьмухавец.
4.
- Паходжанне назвы расліны звязана з казахскім словам "джэ-рабай".
- Трапіўшы ў корм для хатняй жывёлы, часта выклікае захворванне, якое нагадвае ліхаманку.
- Лекавы сродак ад 99 хвароб.
- Сок у расліны крывава-чырвонага колеру.
- На Беларусі мае назвы: зелле святога Івана, кроўка, дзюравец.
Выпі, родненькі, настой –
Сэрца заспядае,
Маладзільны ...
Цела ачышчае.
Святаяннік (зверабой).
5.
- Першыя звесткі пра гэтую расліну знойдзены ў егіпецкім папірусе.
- Расліну па-лацінску назвалі па імені Артымізіі, жонкі цара Маўзола, якая дзякуючы ёй пазбавілася ад невылечнай хваробы.
- У Старажытным Рыме пераможцаў конных спаборніцтваў узнагароджвалі сокам гэтай травы, якая вяртала страчаныя сілы.
- Земляробы лічаць пустазеллем.
- Некалькі каліўцаў, падвешаных над уваходам у хату, захоўвалі сям'ю ад ліхіх духаў.
- Самая горкая з траў.
Палын.
6.
- У перакладзе з кітайскай мовы - "чалавек-корань".
- Найбольш распаўсюджаны на Далёкім Усходзе і Каўказе.
- Не любіць яркага святла.
- Кітайская мудрасць сведчыць: "Цар звяроў - тыгр, а цар раслін -...".
- Эліксір жыцця.
Дзе пяюць лісцём прысады,
Дзе ліпнёвы, пахкі цень,
Я з табой сустрэчы рады,
Цар лясных раслін — ....
Жэныиэнь.
7.
- На Каўказе гэтую расліну адварваюць у малацэ, ужываюць у якасці начынкі для пірагоў і варэнікаў.
- У якасці корму ахвотна паядаюць свінні, гусі, качкі, куры.
- Адна замяняе сем дактароў.
- Яе сок спрыяе хуткаму загойванню ран.
- На Беларусі найбольш распаўсюджаны два віды: двухдомная і пякучая.
- Пякучая трава.
Крапіва.
8.
- Янка Брыль сказаў: "Пах ... - не проста пах, а водар жыцця".
- Бельгійцы ў сваёй сталіцы Бруселі стварылі музей гэтай расліны.
- У Беларусь яна завезена ў XVIII ст.
- Так называецца беларускі народны танец.
- Людзі гавораць: "... - хлебу падмога".
- 3 яе робяць дранікі.
Бульба.
9.
- Пра гэтую расліну пісалі народныя паэты Якуб Колас, Янка Купала, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк і Пятрусь Броўка.
- Гэтай раслінай спавіваўся першы сноп новага ўраджаю.
- Настой з пялёсткаў гэтай кветкі дапамагае пры захворваннях нырак і вачэй.
- 3 кветак вырабляюць блакітную фарбу.
- У свеце іх налічваецца каля 700 відаў.
- "Зорачкі" ў жыце.
Васілёк, валошка.
10.
- Лічыцца, што яе радзіма - Цэнтральная Азія.
- Цвет белы, а ягадкі чорныя.
- Зярняты багатыя бялкамі, крухмалам, цукрам, тлушчам.
- Лісткі дапамагаюць пры лячэнні гнайнікоў і нарываў.
- Сеяць трэба адначасова з вылетам маладых шпачкоў.
- Карысная з малаком не толькі для дзяцей, але і для дарослых.
Грэчка.
11.
- Паненка ў сямі сукенках.
- Кладоўка вітамінаў і мінеральных соляў.
- "Верасень пахне яблыкамі, а кастрычнік -...".
- Бывае белакачанная, чырвонакачанная, кітайская, кармавая, ліставая, пекінская.
- Захоўваць лепш за ўсё ў падвале пры тэмпературы ад -1да+1С°.
- Лата на лаце, а шва не знаці.
Капуста.
12.
- У Еўропу насенне культуры завезлі караблі Хрыстафора Калумба.
- Упершыню пачалі вырошчваць мексіканскія індзейцы.
- Дасягае вышыні невялікага дрэва.
- Індзейцы гэтай расліне прысвяцілі свае найлепшыя песні і легенды.
- На фабрыках і заводах з крухмалу, якога багата ў зернях гэтай расліны, вырабляюць спірт і гуму, клей, начынку для цукерак.
Замоўкла жнівеньская муза,
Жаўрук у небе не звініць.
Як лес, густая...
Лісцём шурпатым шамаціць.
Кукуруза.
13.
- Сінявокі прыгажун.
- Не толькі апранаў нашых продкаў, але і карміў іх.
- 3 насення людзі навучыліся атрымліваць залацісты алей.
- "Найчысцейшая з раслін, адзін з самых лепшых пладоў зямлі", - пісаў рымскі гісторык Апулей.
- Паўночны шоўк (так называюць яго ў народзе).
- У нашай краіне распаўсюджаны ...- даўгунец.
Лён.
14.
- У гэтай расліне ўтрымліваецца вялікая колькасць караціну.
- Ужываюць пры недахопе вітаміну А.
- 3 гэтай расліны гатуюць смачныя стравы.
- Ахвотна паядае жывёла, асабліва цяляты.
- Зеленакосая чараўніца.
- Гатункі: нанцкая, вітамінная, зімовая, шантанэ і інш.
Морква.
15.
- Зерне гэтай расліны знойдзена ў грабніцах егіпецкіх фараонаў.
- Самы распаўсюджаны ў свеце хлебны злак.
- 3 мукі, якую атрымліваюць з зерня гэтай расліны, пякуць белы хлеб, батоны, булкі, абаранкі.
- Гатункі: міронаўская-808, бярэзіна, надзея і інш.
- Жнуць камбайнамі.
- Царыца хлеба.
Пшаніца.
16.
- Авіцэна гаварыў, што гэтая расліна - "найкаштоўнейшыя лекі ад стомы, бо іх цеплыня падобная да цеплыні жывёлы".
- У казцы Ханса Крысціяна Андэрсена гэтая кветачка штораніцы з радасцю вітала сонейка і марыла, каб жаваранак спяваў толькі для яе адной.
- Людзі прысвяцілі гэтай кветцы шмат цудоўных вершаў і песняў.
- На свята Івана Купалы юнакі і дзяўчаты кідаюць у ваду вянкі з гэтых кветак.
- Сярод бяроз, каля крынічкі, Што не змаўкае круглы год, ... - сонейка сястрычкі - Вясёлы ладзяць карагод.
- Знешне кветкі нагадваюць прыгожыя, шырока расплюшчаныя вочы, якія нібы ўглядаюцца ў блакітныя нябёсы.
Рамонкі.
17.
- Кветка сонца.
- Ягоны сілас - цудоўны корм для жывёлы.
- Суквецці расліны прывабліваюць да сябе пчол.
- Насенне гэтай расліны ядуць.
- Галоўная алейная культура.
Ад клопатаў бясконцых,
Ад ліўняў і завей
... сонцам
Душу сваю сагрэй.
Сланечнік / сланечнікавым.
18.
- Нязменны зялёны сябар і лекар падарожнікаў.
- "След белага" - так назвалі гэтую расліну паўночнаамерыканскія індзейцы.
- Налічваецца 270 відаў.
- Гэтай раслінай лячыліся Гіпакрат і Дыяскарыд.
- Авіцэна лічыў гэтую расліну добрым лекавым сродкам пры язвавых хваробах.
- Называюць у асобных мясцовасцях Беларусі плеснікам, шпарніцай, дарожніцай.
Трыпутнік (падарожнік).
19.
- Агароднае мяса.
- Гэтая расліна - цудоўны гарнір для страў.
- Адвар са стручкоў дапамагае пры захворванні нырак і рэўматызме.
- Зялёныя зярняты кансервуюць.
- Па каларыйнасці культура мала чым адрозніваецца ад мяса жывёлы.
- Суп з гэтай расліны пераўзыходзіць боршч і капусту.
Фасоля.
20.
- Грушка ў чырвоным кажушку.
- Сапраўдная скарбонка здароўя.
- Вырошчвалі яе на вялікіх плантацыях у даліне ракі Ніл.
- Сьфая, пацёртая на тарцы з яблыкамі, з лыжкай мёду дапамагае пры запаленні горла.
- ... буйная занесена ў Чырвоную кнігу.
- Кашка з гэтай расліны – эфектыўны сродак супраць выпадзення валасоў на галаве.
Цыбуля.
21.
- Ваяўнічы рыцар.
- Радзіма - раўніна з паэтычнай назвай Джунгарыя.
- Авіцэна раіў ужываць ад "усялякіх хвароб".
- Гэтую расліну выдавалі рабочым, якія будавалі знакамітыя егіпецкія піраміды (сцвярджаў старажытны філосаф і вучоны Герадот).
- Эфектыўны сродак супраць цынгі і глістоў.
Урадзілі ў цёткі Ганны
Памідоры ў парніку,
Пацісоны, баклажаны,
А... - па кулаку!
Часнок.
22.
- Ластаўчына трава.
- Гэтая расліна з'яўляецца адначасова з прылётам ластавак і пачынае вянуць з іх адлётам.
- Паводле падання, ластаўкі збіралі сок гэтай расліны, каб даць зрок сваім птушанятам, якія нараджаюцца на свет сляпымі.
- Сок расліны - жоўтааранжавага колеру, мае непрыемны пах.
- Выводзіць бародаўкі, мазалі.
- Мае назвы: жоўты малачай, чортава серабро і інш.
Падтыннік (чыстацел).
II ТУР
Перакладзіце з рускай мовы на беларускую, дадаўшы адну літару.
Вучань, які выканаў задание першым, атрымлівае 6 балаў, другім - 5 балаў і г. д.
"ХТО ХУТЧЭЙ?" Узор: ручка (рус. брюква) - адказ бручка.
- Бура - свёкла.
- Вера — вереск.
- Аліна — ветвь.
- Каса - ирис.
- Коні - кузнечик.
- Ёлкі — лекарственные травы.
Адказы:
1. Бурак. 2. Верас. 3. Галіна. 4. Касач. 5. Конік. 6. Зёлкі.
III ТУР
Злучыце стрэлкай адпаведныя назвы ягад.
- Черника. 1. Ажыны.
- Голубика. 2. Суніцы.
- Ежевика. 3. Журавіны.
- Земляника. 4. Буякі.
- Клубника. 5. Чарніцы.
- Клюква. 6. Трускалкі.
- Смородина. 7. Парэчкі.
Адказы:
1-5,2-4,3-1,4-2,5-6, 6-3,7-7.
IV ТУР
Разгадайце крыжаванку. Дапоўніце пустыя клеткі так, каб атрымаліся назвы кветак (10 балаў).

Адказы: Мімоза. Званочак. Астра. Гваздзік. Незабудка. Вяргіня. Хрызантэма. Лотаць. Пралеска. Цюльпан.