сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. К. САСІМОВІЧ, настаўніца першай катэгорыі сярэдняй школы № 3 г. Глыбокае. Беларуская мова і літаратура 2003/6

Свята нацыянальнай кухні

Літаратурная кампазіцыя “Гісторыя нацыянальнай кухні”

Мэта: выхоўваць павагу, любоў да традыцый і звычаяў нашых продкаў, да гісторыі беларускай кухні, зацікавіць прыгатаваннем спрадвечна беларускіх страў.
Афармленне: на сценах актавай залы размешчаны невялікія каляровыя плакаты, намаляваныя ў нацыянальным стылі. На іх беларускія прыказкі і прымаўкі пра стравы.

Уздоўж сцэны размясцілася выстаўка страў пад назвай “А на стале тым — рай ды годзе”.
Гучыць беларуская музыка (баян ці акардэон).

Ход свята

Удзельнікі свята спяваюць песню “Сёння ў нашай хаце свята”.
Вядучы. Сёння ў нашай хаце сапраўды свята. Яго мы прысвяцілі нацыянальнай кухні, якую ведаем вельмі і вельмі мала. Якія стравы спажывалі нашы продкі? Як яны называліся і называюцца? У якіх абрадах ужывалі іх беларусы? Якое значэнне яны мелі і маюць? Пра ўсё гэта вам раскажуць удзельнікі свята. А яшчэ вы пачуеце ўрыўкі з паэмы Я.Коласа “Новая зямля”.
Давайце паслухаем гісторыю нашай беларускай кухні.

I вядучы. Шматвяковую багатую і цікавую гісторыю мае беларуская кухня. Спрадвеку беларусы падтрымлівалі цесныя сувязі з рускімі, украінцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі. I заканамерна, што беларуская кухня зрабіла ўплыў на кухні гэтых народаў. I наадварот. Пра гэта сведчаць і агульныя назвы адных і тых жа страў, кулінарных вырабаў і напояў, розных кухонных рэчаў і посуду. Вядома, напрыклад, што літоўцы і латышы перанялі беларускае слова талакно (спецыяльна прыгатаваная аўсяная мука), а беларусы — літоўскае слова луста. Крупнік (суп з круп) мае агульную назву ў беларусаў, палякаў і літоўцаў, а традыцыйная страва беларусаў верашчака папулярная і ў Літве. Добра вядомая беларуская зацірка ў рускай, літоўскай, польскай і ўкраінскай кухнях. Аднолькавыя назвы посуду для прыгатавання цеста: у літоўцаў — dziesa, у беларусаў — дзяжа, у рускіх — дежа, ва ўкраінцаў — діжа. Такіх прыкладаў у кулінарнай тэрміналогіі мноства.
II вядучы. Беларусы, як і іншыя славянскія народы, здаўна займаліся земляробствам. Жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, гарох — найстаражытнейшыя культуры, вядомыя па матэрыялах археалагічных раскопак на тэрыторыі Беларусі. У паўсядзённым харчаванні беларусаў выкарыстоўваліся збожжавыя і гародніна, што вырошчваліся і вырошчваюцца на палях і агародах.
Там, брат, гароды — чуеш, маці?
Так ураджайны, так багаты,
I блізка, тут жа каля хаты!
Сама зямля без гною тлуста,
I надта родзіцца капуста:
3 вядро галоўкі вырастаюць,
3 трох коп кадушку накладаюць!
А мак! а рэпа! морква, бручка!
А буракі, гуркі, пятрушка —
Ўсяго, ўсяго, ну, проста — страх!
Ўсё там расце, як на дражджах.

III вядучы. Печаны жытні хлеб і іншыя вырабы з жытняй мукі на працягу многіх стагоддзяў панавалі ў харчаванні насельніцтва. У беларусаў з дзяцінства выхоўваліся да хлеба павага і беражлівасць. 3 ім ішлі на радзіны, у сваты, на вяселле і іншыя ўрачыстасці. Хлебам- соллю сустракалі дарагіх гасцей.

Паказваецца рытуал сустрэчы гасцей хлебам-соллю.
IV вядучы чытае верш П.Панчанкі “Хлебныя словы”.
V вядучы. Шмат прыказак і прымавак складзена ў народзе пра хлеб:
“Хлеб над усім пануе".
“Хлеб у доме — гаспадар, на працы — друг, у дарозе — таварыш”.

Самы старажытны хлебны выраб у славян — каравай. У беларусаў каравай і ў нашы дні з’яўляецца абавязковым на вяселлі. Звычайна ён мае круглую форму, зверху ўпрыгожваецца фігуркамі птушак, жывёл, чалавечкаў з цеста. Падаецца каравай на вяселлі ў канцы ўрачыстай трапезы як сімвал матэрыяльнага дастатку.
VI вядучы. У 20—30-я гады былі распаўсюджаны такія стравы, як талакно, жур (аўсяны кісель), крупнік, пячона (каша з пшана, запраўленая ўнутраным лоем і запечаная), калатуха, поліўка, верашчака (мясная страва). 3 жытнімі і бульбянымі блінамі часта ўжывалі тоўчанае семя льну і каноплі, скваркі, агурочны і капусны расол.
I елі дружна, не драмалі,
Нарэшце ўсе па скварцы бралі.
Як верашчака ў дно спадала,
То маці есці пакідала
Ды йшла ў камору па другое,
Яшчэ больш смачнае, ядкое,
I тарабаніла сюды
Для заканчэння ўжо ядыx
Тварог, запраўлены смятанай,
Нясла з вялікаю пашанай.

VII вядучы. Шырокае распаўсюджанне ў беларускай кулінарыі да 50-х гадоў XX стагоддзя мелі замяняльнікі хлеба: сачні, драчоны, скавароднікі. Іх рыхтавалі таксама з жытняй, ячменнай і зрэдку пшанічнай мукі. Скавароднікі пяклі з кіслага цеста. Сачні рабілі больш тонкія, чым скавароднікі, але таўсцейшыя, чым бліны. Для прыгатавання сачней (тоўстых мучных бліноў) часта выкарыстоўвалі начынку: бульбу, яблыкі, вішні, слівы і інш. Для драчон бралі сыроватку або свежае малако, а таксама хлебны, кляновы або бярозавы квас. Цеста рабілі больш вадкім, чым для выпечкі хлеба.
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
I апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
I кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
I ў жар стаўлялася пякельны,
I там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,
I ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
I на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здаром.

VIII вядучы. 3 лепшых гатункаў пшанічнай мукі пяклі хрусты, каржаны, пернікі, з квашанага цеста рабілі пірагі (з грыбамі, капустай, яйкамі, ягадамі), пампушкі.
А на стале тым — рай ды годзе,
Што рэдка трапіцца ў народзе,
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы...
А пірагі, як сонца, ззялі...

3 мучных страў найбольш папулярнымі былі клёцкі, зацірка, кулеш, лапша, наліснікі, ламанцы, з крупяных — крупнік, панцак, гушча і інш. Іх падавалі з мясам, смажаным салам, малаком, маслам.
Асабліва разнастайныя ў Беларусі стравы з бульбы, якую да сённяшняга часу называюць другім хлебам. Бульбяная бабка, камы, дранікі, калдуны, капытка, поліўка, тушанка.
IX вядучы. У старабеларускіх крыніцах часта ўпамінаюцца розныя расліны, якія выкарыстоўваліся ў якасці прыпраў: пастарнак, мята, пятрушка, кмен, кроп, хрэн, мак і іншыя.
Археалагічныя даныя сведчаць пра шырокае ўжыванне мясных прадуктаў і абвяргаюць сцверджанні некаторых вучоных, быццам да X стагоддзя нашай эры славяне былі вегетарыянцамі. Здаўна найбольш спажыўным у беларусаў было свіное мяса. На сялянскім стале кілбасы, вяндліна і іншыя мясныя прадукты з’яўляліся ў святы і падчас сямейных урачыстасцей. У паўсядзённым харчаванні мяса служыла толькі “прыправай” да крупяных страў і гародніны.
3 мясных страў рыхтавалі ў сёлах пячысты, вантрабянку, студзяніну, паляндвіцу, кілбасу сялянскую.
Кілбасы-скруткі, як падковы,
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак,
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн — адно дзяржыся,
У рот паложыш — сцеражыся!

X вядучы. 3 глыбокай старажытнасці каровіна малако, тварожны сыр з’яўляліся ўлюбёнай стравай славянскіх народаў. Масла і смятану падавалі да аладак, дранікаў, бабкі. 3 тварагу рабілі сыр, сырніцу.
Ляжыць гарамі ў іх падножжы
Закуска, гэта міласць божа:
Тут сыр, як першы снег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсць у Беларусі.
.........................
Гасцей частуе гаспадыня
I на ўсіх чыста вокам кіне.
То сыр, то масла ім падносіць
I закусіць так шчыра просіць:
— Ну закусеце ж, калі ласка!
Вось проша сыру, проша мяска
Ці кумпячка або каўбаскі,
Ну, пірага хоць закаштуйце!
Бярэце масла, не шкадуйце!

XI вядучы. У вялікай пашане ў беларусаў былі грыбы — свежыя, сушаныя, салёныя, марынаваныя, а таксама лясныя ягады — чарніцы, дурніцы, суніцы, брусніцы, маліны, журавіны і іншыя. Садавіну і ягады сушылі, мачылі, з іх рыхтавалі разнастайныя напоі — бярозавік, мядуху, кляновік, збіцень. Сярод вегетарыянскіх страў найбольш распаўсюджанымі былі кулага з чарніц або дурніц з дамешкам пшанічнай мукі і цукру, саладуха — каша з жытняй або пшанічнай мукі і соладу.
Здаўна славянскія народы рыхтавалі напоі з мёду.
У паўсядзённым жыцці ўсе саслоўі ўжывалі квас. У Беларусі, як і ў Старажытнай Русі, квас рыхтавалі з хлеба жытняга, жытняй (іншы раз ячменнай, аўсянай, пшанічнай) мукі і соладу жытняга і ячменнага.
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы —
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй — цішком скажу між намі, —
Каб і язык не ўцёк часамі.

XII вядучы. Вельмі многія звычаі, асабліва да 1917 года, былі звязаны з прыгатаваннем спецыяльных абрадавых кулінарных вырабаў, страў і напояў. Сярод шматлікіх нацыянальных беларускіх абрадаў вядомыя вясельны, радзінны і памінальны. Самы багаты вясельны стол. А сярод сямейных урачыстасцей, прысвечаных рэлігійным святам, вылучаліся Каляды і Вялікдзень. Стол тады ў кожнай сям’і быў таксама вельмі багаты і адрозніваўся ад паўсядзённага.
I вось вячэра зачалася!..
За квасам елі верашчаку,
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы-праснакі
3 пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі —
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.
За праснакамі йшлі кампоты,
Кісель з мядоваю сытою;
Вячэру скончылі куццёю,
Але ўжо елі без ахвоты,
Абы падатак той аддаць,
Стары звычай ушанаваць.

XIII вядучы. Цікава напомніць пра застольныя традыцыі, якія існавалі з даўніх часоў. У кожнай сям’і прытрымліваліся не толькі адпаведнага рэжыму ў хатнім харчаванні, але і перш за ўсё адпрацаванага стагоддзямі этыкету. Малодшыя члены сям’і ніколі не садзіліся за абедзенны стол раней за старэйшых. У час ежы не было чуваць прыхлёбванняў, прычмокванняў. Гутарак за сталом звычайна не вялі.
А за сталом маўчком сядзелі.
Там хлопцы гыркацца не смелі,
Бо там парадак вельмі строгі,
Там падпілуюць табе рогі,
Калі парушыш дысцыпліну,
Ды пад нядобрую часіну
Дадуць там “лэмбуся” і “квасу”,
Каб не круціліся без часу.
I чуць калі што вынікала,
То бацька кідаў так, бывала,
На хлопцаў погляд выразліва,
Што тыя ў лаву баязліва
Траха са страху не ўпаўзалі,
Бо гэты погляд добра зналі.

I вядучы. Мы нездарма скончылі літаратурную частку свята радкамі паэмы Якуба Коласа, якія маюць выхаваўчае значэнне. Далей працягнем размову пра тое, як правільна карыстацца сталовымі прыборамі і паводзіць сябе за сталом.
II вядучы. А вы чулі, што існуе мова сталовых прыбораў? Напрыклад, ці ведаеце вы, пра што гаворыць сподачак, на якім стаіць кубак і ляжыць чайная лыжка? А што азначае сподачак, на якім стаіць кубак, у якім знаходзіцца чайная лыжка? Не? Тады слухайце нашага госця.
Выступае запрошаны на свята работнік рэстарана, які расказвае дзецям, як правільна карыстацца сталовымі прыборамі і паводзіць сябе за сталом.
III вядучы. Дарагія госці, настаўнікі, вучні, вы ўсе бачылі нашу выставу пад назвай “А на стале тым — рай ды годзе”. То ж і сапраўды — рай! I чаго тут толькі няма: і кілбаса сялянская, і бліны бульбяныя, і бліны мучныя са смятанай і варэннем, і клёцкі, і пончыкі, а караваяў дык і не злічыць! I якія ўсе прыгожыя! А назвы якія арыгінальныя! Вось караваі пад назвамі “Мой родны кут, як ты мне мілы!”, “Снег першы выпаў белы, белы...”, “Мечыцца шнурочак у паднябессі...”, а вось пірог “...Так добра макам прыняліся, у рот паложыш — абліжыся”. А вось бліны са смятанай і варэннем называюцца “Пякліся гладзенькія пліткі...”, а вось клёцкі пад назвай “Пайшлі гуляць у снежкі”. Карацей кажучы, усё, што мы тут бачым, вельмі смачнае (можна ў гэтым нават не сумнявацца, хоць мы і не каштавалі) і конкурсу не падлягае. А цяпер мы правядзём спаборніцтва на самую арыгінальную назву стравы. Для гэтага нам неабходна выбраць журы.
Ідуць выбары журы конкурсу.
IV вядучы. Пакуль паважанае журы будзе працаваць, мы правядзём конкурс прыказак і прымавак пра стравы, пра хлеб. Якая палова залы ведае іх больш, правая ці левая?
3 гледачамі праводзіцца конкурс прыказак і прымавак, падводзяцца вынікі.
V вядучы. А зараз з вамі, гледачамі, правядзём конкурс загадак. Якая палова залы лепш адгадвае загадкі? Падрыхтаваліся?
На конкурс бяруцца загадкі пра стравы ці пра штосьці ядомае.
VI вядучы. Здаецца, журы ўжо гатова і можна падвесці вынікі конкурсу на самую арыгінальную назву стравы.
Журы падводзіць вынікі конкурсу, уручае прыз, пасля чаго ўдзельнікі свята дзеляцца рэцэптамі прыгатавання страў, якія змешчаны на выставе.
VII вядучы. Вось і падышло да канца наша свята. Вельмі хочацца, каб вам, паважаныя гледачы, штосьці запомнілася, каб вы пакарысталіся нашымі рэцэптамі. На развітанне пажадаем, каб сталы ў вашых хатах былі багатымі, а душы і сэрцы — добрымі і шчодрымі, як вось гэтыя нашы сталы!

Гучыць песня “Сёння ў нашай хаце свята” якая выконваецца ўсімі ўдзельнікамі, пасля чаго ідзе частаванне гасцей беларускімі стравамі.

Колас Я. Новая зямля: Паэма. — Мінск, Нар. асвета, 1975.
Маркова Л.Д., Корзун Н.П., Василенко З.В. Белорусская кухня. — Минск: Ураджай, 1993.
Гілевіч Н. Загадкі. — Мінск: Беларусь, 1971.

Яшчэ на гэту тэму:

Беларуская нацыянальная кухня