сцэнарыі святаў на беларускай мове

Людміла НЯХАЙ, музычны кіраўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, яслі-сад № 8 г.Беразіно Мінскай вобласці. Пралеска 2012/6

Купалле набліжаецца

Сцэнарый фальклорнага свята

Музычная зала ўпрыгожана папараць-кветкамі. Уваходзяць дзеці і іх бацькі.

Несцерка.
Збірайся, дзетвара!
Пачынаецца гульня —
Будзем свята святкаваць
I Купалле сустракаць!

Паўлінка. Ну-ка, музыка, грай і гасцей заклікай!

Песня «Сёння свята»

(у выкананні ансамбля «Сябры»).
Несцерка. Мы вельмі рады бачыць вас і ўсіх вітаем у гэты час! Хай ярка свеціць сонца вам, мы сёння рады ўсім гасцям!

Карагод «Мы на луг хадзілі».

Паўлінка. Вельмі многа гадоў таму людзі прыдумалі легенду, што ў ноч на Купалле ў лесе цвіце папараць-кветка і той, хто знойдзе яе, будзе самым шчаслівым. Але хто толькі не шукаў яе, ніхто не знаходзіў.
У гэтую ноч людзі ладзілі гулянне: раскладвалі вогнішчы, вадзілі карагоды, спявалі песні, гадалі з вянкамі. Гэтая традыцыя захавалася і да нашага часу. Праводзіцца свята ў гонар Сонца, кветак і раслінаў, якіх шмат у лесе і на лузе. А якія кветкі вы ведаеце? (Адказы дзяцей.)
1-е дзіця. Каб раслі кветкі ды прыгажэлі дзеткі, трэба дожджык нам паклікаць!

Беларуская народная гульня
«Дожджык i кветачкі».

Несцерка.
На Купала Сонца грала
I на свята запрашала.
Сёння будуць музыкі граць,
Сёння будзем кастры раскладаць,
Песні спяваць, у танцах скакаць
Ды чароўную папараць-кветку шукаць!

Паўлінка. А цяпер давайце станем усе ў карагод і заспяваем пра сонейка, каб усім было цёпленька.

Карагод «Свяці, свяці, сонейка».

Несцерка.
Людзі, паглядзіце,
Купала набліжаецца!
Гэта азначае, што свята пачынаецца!
Купалінка.
Я вельмі рада бачыць вас
I ўсіх вітаю ў гэты час.
Хай ярка свеціць сонца вам,
Я сёння рада ўсім гасцям!
2-е дзіця.
Добры дзень, зямліца добрая!
Пачынаецца свята народнае!
Добры дзень, палеткі і хаты!
Добры дзень, хлопцы, дзяўчаты!
3-е дзіця.
Будзем кветкі збіраць,
У вяночкі ўплятаць.
Станем дружна ў карагод —
Заспявае ўвесь народ!

Карагод «Купалінка».

Купалінка. На Купалле распальвалі вогнішча, у якое кідалі галінкі, старыя непатрэбныя рэчы. Але ліхія сілы пільнавалі папараць-кветку і ўсяляк перашкаджалі яе ўбачыць і знайсці. Адгадайце загадку: «,Яе ўсе баяцца трошкі — яна ў лесе мае хатку на курыных ножках і ў ступе лятае?» (Адказы дзяцей.)
З’яўляюцца Баба Яга, Лясун, чэрці.
Баба Яга.
На Купалле вы сабраліся?
А нас вы спыталіся?
Мы такое Купалле вам зробім,
што ўсіх у цёмны лес загонім!
Лясун.
А вы, чэрці-лайдакі,
будзьце спрытныя і лоўкія.
Тых, хто пойдзе шукаць кветку,
залавіце ўсіх у клетку.
Ды Купалу сцеражыце,
цёмнай ночкай украдзіце.

Гульня «Бабка ёжка»

(Баба Яга ловіць у карагодзе дзяцей. Тыя, каго злавілі, потым танцуюць).

Танец «Юрачка».

Баба Яга. Добра, адпускаю вас!
Паўлінка. Ну, дык цяпер ідзіце ў гушчар і не перашкаджайце нам!
Баба Яга. Не, не — так проста мы не пойдзем. Калі вы адгадаеце нашы загадкі — тады пойдзем. А калі не, дык не будзе ў вас свята!
Лясун.
Зробім буру-непралаз, усе карані перавярнем,
Кветку шчасця схаваем і Купалінку забярэм!
Несцерка. Не, не! Мы згодны, загадвайце свае загадкі.
Баба Яга. Праз лясы і лугі спусціліся канцы дугі. (Вясёлка.)
Лясун.
Яно па небе плавае —
іскрыстае, рухавае.
Грэе моцна, свеціць ярка —
усяму свету качагарка.
(Сонца.)
Баба Яга. Гукнеш, дык адгукаецца, ад людзей хаваецца. (Рэха.)
Лясун. Добра, перамаглі нас! Пойдзем і не будзем вам перашкаджаць.
Паўлінка. Ох, слава богу! Вызваліліся ад нячыстай сілы.
Несцерка. Давайце лепш заспяваем вясёлую песню!

Песня «Зайграй жа мне, дударочку».

Купалінка. Спакон веку нашы продкі частавалі адзін аднаго стравамі купальскай вячэры.
Са святам Купальскім усіх вас вітаю —
Частую вас боханам-караваем!
4-е дзіця.
Ад шчырае нівы, ад роднай зямліцы
Мы хочам у пояс усім пакланіцца!
Купалінка. Дарагія дзеці! Як добра, што мы сустрэліся з вамі! Дзякуй вам за цудоўнае свята! Бывайце здаровы і ў шчасці жывіце,
А прыйду ў госці — дык добра прыміце!
5-е дзіця. Мы Купалле сустракалі, мы спявалі і гулялі.
6-е дзіця. Госці нас павіншавалі: шчасця, радасці жадалі.
7-е дзіця. Трэба нам цяпер часцей запрашаць такіх гасцей.
8-е дзіця. I заўжды такому святу будзем мы ў садзе рады!

Яшчэ на гэту тэму:

Купальскі карагод     Як шукалі ўлетку чароўную кветку