сцэнарыі святаў на беларускай мове

I. А. БУТОРЫНА, настаўніца СШ № 189 г. Мінска. Пачатковая школа 8/2007

Ох, і сеяла Ульяніца лянок

Пазнавальнае мерапрыемства

На сярэдзіну прыгожа аформленай залы выбягае хлопчык — Лянок. Ён апрануты ў ільняную кашульку, у руках — каробачкі льну.
Лянок. Прывітанне! Давайце пазнаёмімся. Вас цікавіць маё імя? Тады адгадайце пра мяне загадку:
Білі мяне, білі,
Білі-капацілі,
I ў расе мачылі,
I ў цяпле сушылі,
На кавалкі рвалі,
А пасля сушылі,
А тады круцілі,
Ды яшчэ маталі,
А затым бялілі,
Ды яшчэ качалі,
А нарэшце сшылі
Ды на стол паклалі.
(Дзеці адгадваюць.)

Сапраўды, імя маё — Лён, або Лянок, як ласкава называюць мяне людзі. Напэўна, вы пра мяне шмат чулі. Сёння мы з Ульяніцай таксама раскажам вам шмат цікавага пра беларускае золата — лён.
Уваходзіць Ульяніца, таксама ў ільняным уборы.
Ульяніца. А ці ведаеце вы, дзеці, як людзі вырошчваюць лён? Вы, пэўна, заўважылі: загадка, якую прапанаваў вам Лянок, была вельмі доўгай. Здагадаліся, чаму? Каб вырасціць багаты ўраджай ільну, трэба прыкласці шмат намаганняў, уменняў, працы.
1-ы вучань. Вядома, што 9 тысяч гадоў таму ў далёкай Індыі вырошчвалі лён і выраблялі з яго цудоўныя тканіны. 3 Індыі лён трапіў у Егіпет. Старажытныя егіпцяне загортвалі муміі спачатку ў шарсцяныя, а потым у льняныя тканіны.
2-і вучань. Існуе легенда, што фараон Амазіс неяк прынёс у падарунак адной з багінь такую дзівосную тканіну, кожная нітачка якой была сплецена з 360 танюткіх валаконцаў. Калі верыць легендам і міфам, то лён быў створаны багамі для саміх жа багоў.
3-і вучань. 3 Егіпта лён трапіў у Старажытны Рым і Грэцыю, а адтуль — у Заходнюю Еўропу. У Расію
ён прыйшоў з Сярэдняй Азіі яшчэ да ўзнікнення Кіеўскай Русі. Рабілі з яго адзенне, коўдры, ветразі, вілі канаты і вяроўкі. У вядомым Статуце Яраслава Мудрага гаварылася, што чалавека, які ўкраў лён, трэба караць вельмі жорстка.
4-ы вучань. Славяне шанавалі, пеставалі лён у полі з вясны да восені. Пра яго складалі вершы і песні, прыказкі і прымаўкі.
Вучні прыводзяць прыклады прымавак:
• Лён — кашуля ў полі.
• Лён усіх апранае.
• Лён вымолотит, лён и озолотит.
• Лён для льновода золото, с ним и старый дышит молодо.

Ульяніца. А яшчэ народ прысвяціў вырошчванню льну шмат танцаў і карагодаў. Напрыклад: дзяўчаты і хлопцы выстройваліся ў два рады тварам адно да аднаго. Спачатку юнакі танцавальнымі рухамі імітавалі сяўбу льну. Потым дзяўчаты ілюстравалі, як лён палолі, ірвалі, мялі, трапалі, пралі, снавалі, ткалі, бялілі, адбівалі, мылі, рассцілалі, скручвалі. Юнакі прытупвалі ў такт песні. Запрашаем усіх у карагод!
Гучыць беларуская народная песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, запісаная Г. Цітовічам. Вучні спяваюць і танцуюць, імітуючы ўсе згаданыя дзеянні.
Ох, і сеяла Ульяніца лянок,
Ох, і сеяла Іванаўна лянок.
Прыпеў (паўтараецца пасля кожнай страфы):
Ох, сэрца лянок,
Мая радасць ты, лянок,
Усё бялюсенькі кужадёк!

Ох, палола Ульяніца лянок,
Ох. палола Іванаўна лянок.

Ох, ірвала Ульяніца лянок,
Ох, ірвала Іванаўна лянок.

А сарваўшы, у снапочкі ставіла,
А сарваўшы, у снапочкі ставіла.

Ох, і слала Ульяніца лянок,
Ох, і слала Іванаўна лянок.

Ох, і мяла Ульяніца лянок,
Ох, і мяла Іванаўна лянок.

Ох, і прала Ульяніца лянок,
Ох, і прала Іванаўна лянок.

Ох, і ткала Ульяніца лянок,
Ох, і ткала Іванаўна лянок.

А саткаўшы, ды сарочак нашыла.
А саткаўшы, ды бялёвых нашыла.

Лянок. А ці ведаеце вы, што ёсць лён-даўгунец і лён-кудраш?
1-ы вучань. Як гаворыць сама назва, у даўгунцу доўгае сцябло. (Дэманструецца малюнак або сама расліна.) У верхняй частцы на сцябліне ўтвараецца некалькі невялікіх каробачак з насеннем.
2-і вучань. Часцей за ўсё лён-даўгунец людзі вырошчваюць, каб атрымаць з яго трывалае і прыгожае валакно. Ільняная тканіна мае шмат карысных уласцівасцей.
Лянок. Як вы думаеце, чым прывабліваюць ільняныя тканіны, якія цудоўныя якасці іх вылучаюць?
Дзеці. Трываласць, прыгажосць, высокая гіграскапічнасць, добрая цеплаправоднасць, устойлівасць да гніення. (Настаўнік тлумачыць значэнні невядомых слоў.)
3-і вучань. Пра трываласць ільняной тканіны гаворыць той факт, што знойдзеныя падчас археалагічных раскопак ільняныя пакрывалы цудоўна захаваліся, праслужыўшы больш за 5 тысяч год. Імі былі абгорнуты егіпецкія муміі. У добрым стане дайшлі да нас і старажытныя рукапісы на паперы, вырабленай з ільнянога валакна.
4-ы вучань. А што мы ведаем пра лён-кудраш? Яго насенне ўтрымлівае шмат алею, які выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці і медыцыне. А вось валакно ў яго невысокай якасці і выкарыстоўваецца, напрыклад, для вырабу радна, брызенту, паперы, кардону.
Ульяніца. Давайце крыху адпачнём і пагуляем у народную гульню “Лянок”. Яе любілі нашы продкі. Гульцы — хлопчыкі і дзяўчынкі 5 — 10 гадоў — станавіліся ў круг, чарцілі на зямлі невялікія кружкі — “гнёзды”, якіх павінна быць на 1 — 2 менш, чым усіх удзельнікаў гульні. Затым дзеці браліся за рукі, утвараючы карагод, і, рухаючыся то ўлева, то ўправа па крузе, спявалі:

Мы зярняткі веялі, веялі,
Мы зярняткі сеялі, сеялі.
Садзі лянок!

На апошнім слове карагод рассыпаўся, і дзеці станавіліся па аднаму ў “гнёзды”. Тыя, каму “гнязда" не хапіла, выбывалі. Астатнія ўдзельнікі зноў утваралі карагод, і гульня працягвалася да таго часу, пакуль у карагодзе не заставалася 3 — 4 чалавекі. Пагуляем?
Праводзіцца гульня “Лянок”.
Ульяніца. Ладзячы народныя гульні, дзеці не проста адпачывалі, а як бы паўтаралі справу дарослых, запаміналі ўсе працоўныя дзеянні. Як жа вырошчваюць лён?
1-ы вучань. Сеюць лён у першай палове мая, калі глеба прагрэлася да 7 — 8 градусаў. А рыхтуюць глебу з восені, уносяць угнаенні, пераворваюць.
Яшчэ да ўсходаў барануюць зямлю, каб разбурыць цвёрды слой і даць магчымасць парасткам выйсці на паверхню.
2-і вучань. Вельмі даўно, яшчэ ў I стагоддзі да нашай эры, рымскі пісьменнік Марк Тэрэнцый Варон пісаў: “...лён, пшаніцу варта размяшчаць на зямлі тлустай, бо яны маюць патрэбу ва ўзмоцненым харчаванні”.
I сапраўды, лён добра расце на глебах, дзе шмат карысных рэчываў: азоту, кальцыю і фосфару.
3-і вучань. У народзе кажуць: “Ад дрэннага семя не чакай добрага племя”. Каб вырасціць добры ўраджай ільну, патрэбна найлепшае насенне. Таму селекцыянеры і аграномы працуюць над стварэннем новых, больш ураджайных гатункаў.
Лянок. Расце лён на полі прыкладна тры месяцы. Прыгожыя блакітныя кветачкі ператвараюцца ў маленькія каробачкі з насеннем. А потым лён трэба правільна сабраць і апрацаваць.
Ульяніца. I вось настае час уборкі льну з поля.
4-ы вучань. Спачатку камбайн выцягвае яго разам з карэньчыкамі з зямлі, цярэбіць — абмалочвае каробачкі, а з саломкі вяжа акуратныя снопікі.
5-м вучань. Саломку вязуць на льнозавод, дзе яе мочаць у спецыяльных чанах, доўга і старанна мнуць на спецыяльных машынах. Прыказка раіць: “Мни лён доле, ситцу будет боле”.
6-ы вучань. Каб аддзяліць ад валаконцаў шорсткую абалонку сцябла — кастрыцу, лён апрацоўваюць у льнотрапалцы. Затым эстафету прымаюць кудзеленарыхтоўчыя машыны: кастрыцу вычэсваюць грэбенем са стальнымі зубамі. Чыста вычасанае льняное валакно называюць кужалем.
7-ы вучань. Чыстае шаўкавістае валакно адпраўляецца на прадзільна-ткацкую фабрыку, дзе з яго робяць прыгожыя тканіны.
8-ы вучань. Ільняная нітка на разрыў мацнейшая за шарсцяную ў 3 разы. Яна добра падыходзіць для вырабу тонкіх, але моцных карункаў, тканін для бялізны, сукенак. А ў прамысловаеці з яе робяць парусіну, канаты, пажарныя рукавы, радно, брызент, рыбацкія сеткі, вяроўкі, шпагат.
9-ы вучань. 3 адной тоны валакна атрымліваюць 2,5 км. тонкага палатна, 2000 ручнікоў ці 800 абрусаў. Так завяршаецца працэс апрацоўкі льну. У народзе кажуць: “Білі, капацілі, потым побач з госцем пасадзілі”. Найчасцей ільняное палатно выкарыстоўваецца для пашыву пасцельнай бялізны, настольнікаў, ручнікоў — таго, што прапануецца госцю ў хаце ў першую чаргу.
Ульяніца. Сёння ўсе работы па вырошчванню і апрацоўцы льну выконваюць машыны. А некалі ўсё рабілася ўручную. Уявім, як гэта было раней. Давайце паслухаем беларускую народную песню “Пасеялі дзеўкі лён”. (Дзеці інсцэніруюць песню ў апрацоўцы А. Рашчынскага.)
1-ы вучань. Найбольш спрыяльнымі для сяўбы льну лічыліся пятніца і субота, бо панядзелак — цяжкі дзень, у аўторак — будуць дрэнныя ўсходы, серада — злы дзень і валакно будзе шорсткім, у чацвер — лён вырасце чарвівым.
2-і вучань. Вось якія дні для сяўбы адзначаны ў народным календары: 8 мая (Станіслаў) — у народзе казалі: “Сей на Станіслава — лён вырасце, як лава”; 22 мая (Алена): “Сей на Алену — будзе кашуля па калена”; а 3 чэрвеня адзначаўся дзень ільну.
3-і вучань. Сяўба суправаджалася пэўнымі абрадамі, з ёй звязана шмат прымет. Так, каб не расло пустазелле, трэба было семя несці ў поле на чыстым белым абрусе.
4-ы вучань. Людзі верылі, што асобныя дні, калі ўшаноўвалі тых ці іншых святых, па-рознаму ўплывалі на рост ільну. “Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён”, “Росы з Хвёдара— лён уродзіць”, “На Мар’ю росна — лён будзе шэры, неўмалотны”.
5-ы вучань. Уборка і наступная апрацоўка льну таксама адлюстраваны ў народнай творчасці:
...Сей льну многа-мнагусенька,
Папі чыста-чысцюсенька
I рві хутка-хуцюсенька,
I сцялі роўна-раўнюсенька,
I тры чыста-чысцюсенька,
Прадзі тонка-танюсенька
I снуй многа-мнагусенька,
I тчы гладка-гладзюсенька,
I бялі бела-бялюсенька,
Рэж падаркі даўгусенька,

6-ы вучань. Для лепшага аддзялення валакна ад сцябла лён рассцілалі паблізу вадаёмаў, дзе ноччу выпадае багата расы, або складвалі ў вадаём, зверху накрывалі саломай і клалі каменне, каб снопікі не ўсплывалі, а вада пакрывала іх прыкладна на 10 см. Найлепшыя ўмовы вымочвання, якое працягвалася 2 — 3 тыдні, у рэках з павольным цячэннем. У народзе казалі: “Не зямля нараджае лён, а мачыла”; “Лён нараджаецца двойчы — у полі і на сцелішчы”.
Ульяніца. Для апрацоўкі льну існавала шмат прылад.
Дэманструюцца ранейшыя прылады працы ці іх малюнкі.
Пранік — прылада для абівання каробачак ільну.
Нажы (драчкі) — прылада для абрывання льняных галовак.
Церніца (мялка) — прылада для змінання сцябла.
Трапло — прылада для трапання валакна.
Грэбень — прылада для часання валакна.
Шчотка — выраблялася са свінога шчаціння і выкарыстоўвалася для часання кужалю.
Прасніца (пралка, прасліца) — прылада, на якой умацоўвалася кудзеля.
Верацяно — прылада для скручвання ніткі.
Калаўрот (самапрадка) — прылада для прадзення.
Матавіла (вітушка) — прылада для звівання пражы ў маткі.
Сноўніца (снавальня) — прылада для снавання, стварэння асновы.
Кросны — ткацкі станок. Так называюць таксама вытканае палатно: кросны ткаць.
Ульяніца. А зараз давайце разгледзім рэчы, якія вы падрыхтавалі да сённяшняй размовы. Раскажыце, калі ласка, гісторыю іх стварэння. Ці былі ў вашых сям’ях майстры ткацкай справы? (Расказы дзяцей, дэманстрацыя вырабаў з ільну.)
Лянок. Добрая размова, сябры, у нас выйшла. Спадзяюся, вы пашырылі свае веды пра лён. Паглядзіце, як мянялася маё аблічча падчас гэтай гутаркі (дэманструе): я быў насеннем, раслінай, стаў кудзеляй, кужалем, ніткамі, палатном і нарэшце — зручнай, экалагічнай вопраткай, іншымі патрэбнымі рэчамі.
Вучань чытае верш Л. Кузьміна "Лён".
Был малышок
Меньше чем с вершок.
Да в полях чуть свет
Поднял синий берет.
И давай цвести,
Подниматься, расти...

А как взрослым стал,
В переделку попал!
Колотили его,
Мяли, мыли его
И расчёсывали в пух гребёнкою,
Всё вытягивали нитку тонкую...

Вот его уж нет,
А весь мир одет
В сарафанчики мягко-нежные,
В рубашоночки белоснежные!

Уваходзяць дзяўчынкі і хлопчыкі ў адзенні з ільну: гэта можа быць сучасная вопратка ці рэчы з “бабулінага куфра”. Яны трымаюць ручнік з боханам хлеба.
Ульяніца. Госці нашай краіны з задавальненнем набываюць на памяць ільняныя рэчы: абрусы, ручнікі, сурвэткі, адзенне. А дом беларуса ўвогуле цяжка ўявіць без іх. (Засцілае стол абрусам. На стол кладзецца ручнік з хлебам.)
Наш народ славіцца сваёй гасціннасцю, ветлівасцю, хлебасольствам. Ільняны абрус і ручнік сімвалізуюць гэтыя рысы. Лён — гэта багацце нашай краіны і яе візітоўка. Нездарма гэтая расліна ўпрыгожвае наш Дзяржаўны герб.
Праводзіцца выстава вырабаў з ільну.
Літаратура
Беларускі фальклор : хрэстаматыя / склад. К. П. Кабашнікаў, А. С. Ліс, А. С. Фядосік і інш. — Мінск : Выш. шк., 1996.
Лозка, А. Ю. Летнія святы. — Мінск : Беларусь, 2001.
Осипов, Н. Ф. Про гречиху и пшеницу, кукурузу и горчицу. — М. : Дет. лит, 1977.
Ходзіць жораў па таку / склад. Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993.
Шарпков, К. Е. Как создавались культурные растения. — Мінск : Ураджай, 1976.
Энциклопедический словарь юного земледельца / сост. А. Д. Джахангиров, В. П. Кузьмищев. — М. : Педагогика, 1983.
Юрмин, Г. А. Славный город Урожайск. — М. : Дет. лит., 1974.