сцэнарыі святаў на беларускай мове

Соф'я ГАЛАВІНА, музычны кіраўнік ясляў-сада ВА "Даламіт" Віцебска. Пралеска 4-1993

Зялёная хустачка, шэрая сукеначка.

Сцэнарый забавы для дзяцей сярэдняга і старшага ўзросту

Вядучая.
А зараз, усім на здзіўленне,
Будзем глядзець прадстаўленне!
Але ж, госцейкі, спачатку
Адгадайце вы загадку:
Гародніна-беларусачка,
Пекная паненачка,
Зялёная хустачка,
Шэрая сукеначка.

(Дзеці адказваюць, што гэта бульба. У батлейцы з’яўляецца Бульбінка).
А вось і я, добры дзень усім,
Але ж не ведаю зусім,
Што мне сярод вас рабіць
I як жа мне быць?
Я ж такая простая, зрэбная
I нікому тут не патрэбная...

Вядучая.
Ты, сястрыца, кінь журыцца,
Дарагія гледачы, трэба тут дапамагчы.
Хай той запляскае у ладкі,
Хто любіць з бульбы аладкі,
А за ім па парадку,
Хто любіць зразы і бабку,
Хто клёцкі, бульбяную кашу, салянікі,
А потым, хто любіць дранікі!
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Будзем бульбінку вітаць!
Бульбу ўсе у нас шануюць,
Ёй заўжды гасцей частуюць!
Стравы розныя гатуюць.

Бульбінка. А як гэта?
Вядучая. А вось так!

(Беларускі народны танец "Бульба”.)

А зараз пакажу вам Янінку,
Прыгожая гэта дзяўчынка.

Янінка.
Шмат чаго рабіць магу,
Ўсім заўжды дапамагу!
Але ж братка мой Цімошык
Працаваць зусім не можа,
Не ўяўлю сабе ніяк,
Ну ў каго такі лайдак?

(З’яўляецца Цімох.)

Цімох.
Я — Цімошык! Добры вечар,
Зранку сплю на цёплай печы.
Потым ем, ў акно гляджу,
I на печы зноў ляжу!

(Да Яніны.)
Янінка, а ты есці наварыла?
Янінка Цімошык, а ты дроў накалоў?
Цімох. Нават у лес не хадзіў!
Янінка А што ж ты цэлы дзень рабіў?
Цімох. Мух лічыў.
Янінка I шмат налічыў?
Цімох. А ўсе мае! А ты, Янінка, бульбы натушыла?
Янінка А ты печ запаліў?
Цімох. Нават дроў не накалоў.
Янінка А што ж ты цэлы дзень рабіў?
Цімох. А камароў давіў.
Янінка I шмат задавіў?
Цімох. А ўсе мае.
Янінка Дык, можа, ты хоць вады нанасіў?
Цімох. Нават вядзерца не наліў.
Янінка Дык што ж ты цэлы дзень рабіў?
Цімох. А лынды біў!
Янінка I колькі ж набіў?
Цімох. А колькі трэба?
Янінка А каб на ўсіх хапіла!
Цімох. Не, столькі не набіў, бо так стаміўся, ледзь з печы не зваліўся!
Янінка Ну і Цімошык, ну і лайдак, тое не гэтак, гэта не так... Ну зусім, як той Юрка.
Цімох. Які Юрка?
Янінка А такі ж, як ты сам, толькі спіць ды спіць, на ўвесь свет сапе.
Цімох. А ці можна яго ўбачыць?
Янінка А як жа, глядзі. Як убачыш, дык заплачаш.

(Танец "Юрачка".)

Янінка Ну, Цімошачка, нагледзеўся?
Цімох.
Столькі жаху нацярпеўся.
Як пайду я зноў ляжаць
I мяне будзеце паліваць?

Янінка А гэта ідэя! Дзеткі, можна мне яго вадзіцай папырскаць? Дасцё мне лейку?
Цімох.
Не, не трэба мяне пырскаць,
Не, не трэба паліваць,
Сам я буду працаваць!
I дровы рубіць,
I печку паліць,
I ваду насіць,
I... і... і... лыжкі мыць!

(Раптам азіраецца.)
А вунь у хлопцаў лыжкі нямытыя!
Хлопчыкі. Мытыя!
Цімох. А тады навошта ў зале схавалі? Яны ж нямытыя.
Хлопчыкі. Мытыя!
Янінка
Тады трэба зайграць!
Калі нямытыя — будуць скрыпу даваць.
А мытыя, тыя добра гучаць,
Не брынчаць!

(Ансамбль лыжкароў.)
Вядучая. Ну, Янінка, якія ў нас лыжкі?
Янінка Мытыя. I дзеткі спраўныя. А вось яшчэ да нас музыканцікі спяшаюцца.

(Танец "Полька Янка" з бубнамі і дудкамі. З’яўляецца бабуля. Яна ўважліва прыглядаецца, быццам кагосьці шукае.)

Бабуля. Дзеткі, вы дзеда майго не бачылі?
Дзеці. Не!
Бабуля.
Відаць, мяне не знайшоў,
У другі бок пайшоў.
(3 другога боку выходзіць дзед.)
Дзед. Дзеткі, бабулю маю не бачылі?
Дзеці. Не!
Дзед.
Відаць, мяне не знайшла,
у другі бок пайшла,
Куды ж гэта мне бегчы,
Каб бабулю дагнаць?

Бабуля. Дзеткі, дзядулю майго не бачылі?
Дзед. Бабулю маю не бачылі? Дзеткі, дзе ж мая бабуля?
(Раптам дзед і бабуля сутыкнуліся.)
Дзед. Ой, бабуля, куды ж ты падзелася? Я ж табе хацеў расказаць, што надоечы ў полі бачыў.
Бабуля. I што ж ты там бачыў?
Дзед (спявае).
Шпарка па двары хадзіў,
Дзёўбаў зерне кракадзіл.
Што за дзіва, што за цуд,
Ў рэчцы плавае вярблюд.
Рыкае ды лае, хвосцікам віляе.
Есць кабыла сала, а мужык авёс,
Кабыла села ў сані,
А мужык павёз.
Кошка мышку сустракала,
З’ем цябе — яна сказала,
Сядзіць кошка у нары,
Мыш гуляе па двары.

Бабуля.
Ды не па двары яна завіхаецца,
А ў цябе пад кашуляй хаваецца.

Дзед.
Ратуйце, дапамажыце,
Ад лютага звера абараніце.

(Мышка ўцякае.)
Ой, ой, ледзь не памёр ад жаху!
Бабуля.
Бачу нешта яшчэ, дзядуля,
Ты хаваеш пад кашуляй!

Дзед. Назбіраў я кветак.
Бабуля. Для мяне?
Дзед. Для дзетак.
Бабуля. А для мяне?
Дзед. Паглядзі ў той куток. Ну, што ўбачыла?
Бабуля. Вянок.
Дзед.
Хто смяшынкі прыгадае,
Той вянок і атрымае.

С м я ш ы н к i

1.
Жылі-былі дзед і баба,
Высеклі яны ляда,
Пасеялі аўса —
Вось і казка ўся.

2.
Збаіць табе казку пра белага лася?
— Збай.
— Вось і казка ўся.
— Збаіць табе казку пра белых авец?
— Збай!
— Ды вось і байцы канец!

3.
— Сказаць табе навіну?
— Ну!
— Кошка з’ела травіну!
— Ну?

4.
— Не плач, не плач,
Мама спячэ калач,
Маслам памажа,
I табе не скажа.

(Бабуля плача.)
Дзед. Ты чаго, бабуля?
Бабуля.
А таго, дзядуля,
Усіх вянкамі павіталі,
Ну а мне вянка не далі!
Дзед.
Так, задачка для дзядулі,
Дзеткі, даць вянок бабулі?
Як вы там спявалі?
Я вяночак узяў, я вяночак узяў,
I вяночак той бабулі
На галоўку паклаў.
Гэй, дык ты ж мне пацешку не расказала, прыпеўку не праспявала.

Бабуля.
Хай пакажуць хлопцы, дзеўкі,
Хто з іх лепш пяе прыпеўкі.

(Дзеці спяваюць прыпеўкі.)
Вядучая. Чым ленавацца, лепш працаваць. Давайце мы на памяць усе разам зробім што-небудзь карыснае.
Дзеці. А што?
Вядучая. А, напрыклад, дрэва пасадзім.
Дзеці. А якое?
Вядучая. А хай сабе і грушу!
(Дзеці імітуюць пасадку грушы.)
Бабуля.
Сціхла дудка, спіць жалейка,
Зачыняецца батлейка.

Дзед.
Усё ў нас добра атрымалася,
Як, дзятва, вам спадабалася?
I шкада, а ўсё ж бывайце,
Толькі нас не забывайце.
Хутка расціце,
Добра жывіце, край свой любіце.
Не таму любіце, што за ўсё цяплейшы
Ці прыгажэйшы,
А таму любіце, што за ўсё мілейшы,
За ўсё даражэйшы.