сцэнарыі святаў на беларускай мове

Наталля КАЗЛОЎСКАЯ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, Таццяна КРАСОЎСКАЯ, выхавальнік-метадыст, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 г.Гродна. Пралеска 04/2016

Вялікдзень - свята сонца i вясны

Сцэнарый фальклорнага свята для дзяцей старшай групы (5-6 гадоў)

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні пра народнае свята Вялікдзень; развіваць творчыя здольнасці дзяцей; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных традыцый і абрадаў на аснове актыўнага ўдзелу ў святах і сумеснай творчай дзейнасці з дарослымі.
Матэрыял і абсталяванне: макеты сонца, птушак, беларускай хаткі, птушынага двара, выстава велікодных яек, муляж велікоднага яйка вялікага памеру, музычныя інструменты (бубны, трохвугольнікі, дудкі, маракасы), дошкі (2 шт.), лыжкі (2 шт.), муляжы яек (2 шт.) з дрэва, столік, кошыкі (2 шт.), кошык з пафарбаванымі яйкамі, мультымедыйная прэзентацыя «Стравы беларускай народнай кухні з яек», экран, камп’ютар, касцюмы Курыцы, Пеўня, дзіцячы я касцюмы куранят (7 шт.), беларускі нацыянальны жаночы касцюм, дзіцячыя вышыванкі (3 шт.), аўдыязапісы: беларускай народнай музыкі, карагодаў: «Дачакаліся цяпла» (сл. і муз. Я. Жабко), «Ручаёк» (сл. А. Русака, муз. Ю. Семянякі), «Куточак зямлі» (сл. і муз. Я. Жабко), аркестра «Велікодная песня» (бел. нар. пес- ня) і «Хлапчукі» (бел. нар. мелодыя «Саўка ды Грышка»), песні-танца «Ходзіць курачка» (сл. і муз. народныя, апрац. В. Сярых), танца «Вясеннія вяночкі» (бел. нар. песня «Ой, рэчанька, рэчанька»).
Дзеючыя асобы: Гаспадыня, Курыца з куранятамі, Певень.

Ход мерапрыемства

Музычная зала прыбрана ў выглядзе беларускай хаткі. Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці і бацькі ўваходзяць у музычную залу, іх сустракае Гаспадыня і дзеці ў вышыванках.

Гаспадыня.
Сёння ў нашым садзе свята,
Як жа тут гасцей багата!
Усіх на свята запрашаю!
Я сардэчна вас вітаю —
I дарослых, і дзяцей,
I шаноўных усіх гасцей.
Шанаванне добрым людзям!
Хай вам радасці прыбудзе!
1-е дзіця.
Шчыра запрашаем кожнага ў госці,
Хто да нас ні зойдзе — сабе месца знойдзе!
2-е дзіця.
Вялікдзень, Вялікдзень —
Цудоўнейшы дзень!
Як сонейка ўзыдзе,
Адступіцца цень!
3-е дзіця.
Хто ў нядолі,
Хто ў бядзе —
Сонейка да тых ідзе,
Бо шануе нас усіх,
Як дзяцей сваіх.
Дзеці (разам).
Вялікдзень, Вялікдзень —
Цудоўнейшы дзень!
А. Вольскі

Гаспадыня. Вялікдзень — самае значнае і прыгожае свята славянскіх народаў, свята сонца, адраджэння прыроды, надыходу цяпла і больш працяглага дня.

Карагод «Дачакаліся цяпла»
(сл. і муз. Я. Жабко)

Пасля карагода дзеці ў вышыванках сядаюць на свае месцы.

Гаспадыня.
Дзень самы светлы — Велікодны,
Час росквіту ўсёй зямлі.
Каб чалавек быў добры, годны,
Каб мы шчаслівымі былі.

Аркестр «Велікодная песня»
(бел. нар. музыка)

Дзеці іграюць на музычных інструментах: бубнах, трохвугольніках, дудках.

Гаспадыня. Ці ведаеце вы, што з’яўляецца адным з галоўных прадметаў на Вялікдзень? (Адказы дзяцей.) Правільна, яйка. Хто з вас, шаноўныя, ведае, дзе ў яйка «верх», а дзе «ніз»? Пакажыце, калі ласка. (Падыходзіць да муляжа велікоднага яйка вялікага памеру.) Лічаць, што вось гэта частка яйка (паказвае на «тупую» вяршыню) нагадвае круглы купал неба, а ніжняя (паказвае на «вострую» вяршыню) замыкае свет наземны. Вось якое вялікае наша яйка, ад неба да зямлі — цэлы Сусвет! I яшчэ яно вельмі смачнае. Цікава, сябры, хто з вас больш за ўсіх ведае страў з яек?

Гульня «Назаві стравы з яек»
(з бацькамі)

Бацькам прапануецца назваць як мага больш страў з яек. Гульня суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй «Стравы беларускай народнай кухні з яек»: яйка варанае, яечня звычайная, яечня з цыбуляй, яечня-баўтанка, яечня з кілбасой, яечня з рыбай, амлет, амлет з павідлам, зацірка, драчона, катлеты з яек, руляда з яйкамі.

Гаспадыня. Ці ведаеце вы, хто маці яйка? (Адказы дзяцей.)
Наша курка
Моцна квохча,
Знесці нам яечка хоча.
А. Старынчык

Гульня «Раскруці яйка»
(з дзецьмі)

Двое дзяцей адначасова падыходзяць да стала, на якім ляжаць 2 муляжы яек, кожны бярэ яйка і раскручвае яго на стале. Перамагае той, чыё яйка будзе круціцца даўжэй. Паўтараецца 3—4 разы з рознымі дзецьмі.
Гаспадыня.
Рыжанькія кураняткі
Дружна высыпалі з хаткі.
Сонейкам падзіваваліся
Ды ад мяне схаваліся.
Зазірніце да нас у дом,
Пачастую пірагом!
Ціп-ціп-ціп!
М. Чарняўскі (апрац.)

Гаспадыня робіць выгляд, што сыпле зерне куранятам. Уваходзіць Курыца з куранятамі (7 дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту), трымае кошык з пафарбаванымі яйкамі.
Курыца.
Добры дзень таму,
Хто ў гэтым даму!
Мы прыйшлі ў госці да вас,
Будзем добра бавіць час,
Жартаваць, гуляць,
Вялікдзень сустракаць.
Мы спяваем добра песні
I гасцінцы вам прынеслі.
Гаспадыня. Дзякуй.
Гаспадыня забірае кошык з яйкамі і ставіць яго каля макета хаты.

Песня-танец «Ходзіць курачка»
(сл. і муз. народныя ў апрац. В. Сярых)

Курыца. Вось якія малайцы, мае кураняткі, добра я навучыла вас спяваць і танцаваць.
Гаспадыня. Дзякуй вам за прыгожы танец. Заставайцеся з намі, будзем святкаваць ды ў гульні гуляць.

Курыца садзіць дзяцей-куранят на стульчыкі.

Гаспадыня. Шаноўныя госці, я буду сказ пачынаць, а вы яго працягвайце. Але сказы мае не простыя — гэта прыказкі і прымаўкі пра яйкі.

Гульня «Закончы сказ»
(з бацькамі)

Яйка курыцы... (не вучыць).
Разумнейшыя яйцы за... (куры).
Бывае так, што і яйкі... (курыцу вучаць).
Сядзіць, як... (курыца на яйках).
Дай яечка, ды й... (аблупленае).
На сваім яйку курыца гразі... (не бачыць).
Да году дзіця — як яечка, да трох — як... (авечка).
Да пяці год пестуй дзіця, як яечка, з сямі — пасі, як авечку, тады выйдзе на... (чалавечка).
Не чакай, каб певень... (яйка знёс).
Носіцца, як... (курыца з яйкам).
Курыца сваіх яек не... (лічыць).

Таго, хто даў больш дакладных адказаў, Курыца ўзнагароджвае яйкам.
Гаспадыня. Добра справіліся!
Карціну такую ўявіце сабе:
Грае мядзведзь «Крыжачок» на трубе.
Сядзіць на пяньку пад сасной і трубіць,
Мелодыя ў небе над лесам ляціць.
I скачуць пад музыку птушкі, звяры —
Сапраўднае свята ў лясным гушчары!
В. Кудлачоў

Паслухаем наш аркестр.

Аркестр «Хлапчукі»
(бел. нар. мелодыя «Саўка ды Грышка»)

Дзеці іграюць на музычных інструментах: бубнах, дудках, маракасах.

Гаспадыня. Уваходзьце ў круг!
Скача сонца ў полі,
Больш запалу, болей!
Карагод гуляе I людзей яднае.
М. Карэм (у перакладзе Э. Агняцвет)

Карагод «Ручаёк»
(сл.А. Русака, муз. Ю. Семянякі)

Гаспадыня.
Вы адкажыце, госці, мне,
Ці вам добра тут, ці не?
Госці. Добра!
Гаспадыня.
Мы з адкрытым, шчырым сэрцам
Усіх вас сустракаем!
Караваем, мёдам, песняй
Усіх вас прывячаем!
Я. Жабко (апрац.)

Ганарыста ўваходзіць Певень.
Певень.
Ку-ку-рэ-ку, ку-ку-рэ-ку!
Певунок я, певунок,
Чырвоненькі грабянёк,
Завітаў да вас на свята.
Вельмі я люблю гуляць,
Песні спяваць і танцаваць.
Гаспадыня.
Ты курыны камандзір,
3 яркіх пер’яў твой мундзір,
Як табе не ганарыцца —
Хвост вясёлкаю іскрыцца.
3 намі, Пеўнік, патанцуй,
Пачастункаў пакаштуй!
I. Карпечанка (апрац.)

Танец «Вясеннія вяночкі»
(бел. нар. песня « Ой, рэчанька, рэчанька»)

Певень. Добра вы танцавалі, але са мной яшчэ не гулялі. Давайце пагуляем.

Гульня «Перанясі яйка»
(з дзецьмі)

Дзеці дзеляцца на дзве каманды, насупраць кожнай ставяць кошык. Тым дзецям, што стаяць першымі, даюць лыжку з муляжом яйка. Яны абягаюць вакол кошыка і вяртаюцца назад, аддаюць лыжку наступнаму дзіцяці. Пераможцам будзе тая каманда, якая хутчэй справіцца з заданнем i не ўпусціць яйка.
Гаспадыня.
Конкурс пачынаем новы!
Падыходзьце, хто гатовы?

Гульня «Кацілася яйка»
(з дзецьмі)

Адначасова ўдзельнічаюць 2—4 дзіцяці. Кожнаму з іх прапануецца скаціць яйка (муляж) з нахіленай дошкі так, каб яно не ўпала на падлогу.
Певень і Курыца. У такое вялікае свята мы прынеслі вам не прастое яйка, а велікоднае.
Певень і Курыца выносяць муляж велікоднага яйка вялікага памеру ў цэнтр залы.
Гаспадыня. Уставайце ў карагод, усе дружна заспявайце вакол велікоднага яйка.

Карагод «Куточак зямлі»
(сл. і муз. Я. Жабко)

Певень.
Са святам вас Вялікадня!
Жывіце мірна, дружна, згодна!
Няхай святло Святога дня
Вам будзе зоркай пуцяводнай!
Курыца.
Каб радасна было ісці
I твары вашы маладзелі.
Каб вам спрыялі ў жыцці
Заўсёды вера і надзея.
Гаспадыня. Вось і падышло наша свята да заканчэння. Скажам зноў і зноў мы:
Шчасця вам, багацця! Свята ў кожнай хаце!

Яшчэ на гэту тэму:

"Кацілася яечка ды з узгорачка"     Вялікдзень