сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. М. КАНЦАВАЯ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай і беларускай моў з методыкай выкладання БрДУ імя А. С. Пушкіна". Пачатковая школа 2.2007

Сказаў як звязаў

Свята фразеалагізмаў, прыказак, прымавак

Падрыхтоўчая работа: клас падзяляецца на дзве каманды, вучні выбіраюць капітанаў, малююць эмбле­мы, паўтараюць вывучаныя на працягу года прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы; настаўнік рыхтуе матэрыялы конкурсаў.
Вядзе мерапрыемства настаўнік, у склад журы ўваходзяць бацькі вучняў і настаўнікі іншых класаў.
— Паважаныя сябры! — кажа вядучы. — Вітаю вас сёння на свяце фразеалагізмаў, прыказак і прымавак.
Удзел у нашым мерапрыемстве бяруць дзве каманды — "Залацінкі" і "Дарадцы". Давайце іх павітаем.
Выходзяць каманды, дэманструюць свае эмблемы. —Наша мова, — працягвае вядучы, — ззяе самацветамі, лаканічнымі іскрынкамі усіх колераў і адценняў — прыказкамі, прымаўкамі, фразеалагізмамі. Яны дапамагаюць чалавеку з найбольшай выразнасцю выказваць свае думкі, перакананні, надаюць маўленню маляўнічасць і вобразнасць. А ці ведаеце вы беларускія выслоўі аб прыказках і прымаўках?
Каманды запісваюць згаданыя імі выслоўі на карткі, потым капітаны па чарзе зачытваюць іх. Перамагае ў конкурсе каманда, якая ўспомніць больш выслоўяў.


Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца.
На ўсё знойдзецца прыказка.
Прыказка як прывязка: і так добра, і так спатрэбіцца.
Рынуў прымаўкаю, як граззю ў вочы.
Сказаў казку з прыказкаю.
Умелая прыказка, як пры мяшку прывязка.
У прыказцы — праўда святая.
У прыказкі вялікія крылы.


—  Фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі, — тлумачыць вядучы, — гэтыя згусткі жыццёвага вопыту наро­да, прадстаўлены ў вобразных правілах, парадах, павучэннях. Своеасаблівая жартаўлівасць, іранічнасць і гумарыстычнасць народных выслоўяў, сур'ёзныя павучэнні, адкрытае праяўленне сімпатый і антыпатый — усё разам адлюстроўвае вялікае значэнне гэтых жамчужын народнага розуму, народнай славеснасці. Давайце ўспомнім прыказкі і прымаўкі на тэмы "Гасціннасць і хлебасольства", "Сяброўства", у якіх трапна і вобразна занатаваны і прыметы беларускага побыту, і жыццёвая мудрасць, і сама душа народа.
Камандам на картках прапануюцца тэксты, якія трэба дапоўніць прыказкамі і прымаўкамі. У конкурсе пера­магае каманда, якая ўспомніць больш выслоўяў.

Картка з заданнем для каманды "Залацінкі"

У шматлікіх беларускіх прыказках і прымаўках гаворыцца пра гасціннасць і хлебасольства. Ды гэта і зразумела. Беларусь! здаўна вядомы сваёй дабрынёю, шчодрасцю. Госць для беларуса заўсёды з'яўляўся асобай важнай... (Добраму госцю вароты самі расчыняюцца. Прыглядай гасцей, каб хадзілі часцей.)
Гаспадары да сваіх гасцей звярталіся з такімі словамі... (Прысядзь: госцем будзеш. Сядзь у нас — госцем будзеш. Чым багаты, тым ірады.)
Нашым суседзям здаўна вядома шчодрая беларуская душа... (Госця вясною частуюць мядком, а ўвосень — малачком. Хлеб на стале, рукі свае, адрэж ды еш.)
Існуюць прыказкі і прымаўкі, звязаныя з правіламі паводзін гасцей... (Госць першы дзень — золата, другі — серабро, а трэці — медзь, хоць і дадому едзь. Госць гаспадару не ўказчык. Па абедзе госць едзе. Добры той госць, які гасцюе нядоўга. У гасцях еш хоць расперажыся, але ў кішэню не хавай. У гасцінах за яду астатні прымайся, а першы пераставай.)
Госці, збіраючыся дахаты, развітваючыся з гаспадарамі, гавораць... (Пара гасцям і меру ведаць.) Кожны чалавек ведае, што... (У гасцях добра, а дома лепей.)

Картка з заданнем для каманды "Дарадцы"

У беларускага народа шмат прыказак і прымавак, у якіх гаворыцца пра сяброўства, сяброўскую дапамогу. Здаўна кажуць... (Не май сто рублёў — май сто сяброў. Друг даражэйшы за грошы.)
Кепска чалавеку без сябра, і нездарма складзены прыказкі... (Лепш адзін прыяцель, як дзесяць ворагаў. Хто ў бядзе не быў той сапраўдных прыяцеляў не знае.)
Існуюць народныя выслоўі і пра сяброўскую дапамо­гу... (Адзін у полі не воін. Адзін за ўсіх, усе за аднаго. I службу служы, і сябру дапамажы.)
Прыказкі раяць, як сябра выбіраць... (3 якім спазнаешся, такім станешся. Той не можа быць другам, хто ў бядзе абыдзе кругам. Прыяцеля пазнаеш у няшчасці.)
Сяброўствам трэба даражыць — раяць прыказкі... (Стары друг лепей за новых двух. Сябрамі не кідаюцца. Новых сяброў набывай, а старых не забывай.)

Аб'яўляецца конкурс капітанаў. Капітан каманды "Дарадцы" запісвае на картцы фразеалагізмы, у складзе якіх ёсць прыметнік "чорны", капітан каманды "Залацінкі" — выслоўі з прыметнікам "белы". Перамагае капітан, які згадае больш выслоўяў.
Чорнае золата, чорная кошка прабегла, глядзець праз чорныя акуляры, трымаць у чорным целе; рабіць белае чорным, чорным па белым; белая варона, не бачыць белага свету, белыя мухі, шыта белымі ніткамі.
— А зараз мы правядзём аўкцыён, — кажа вядучы. — На "продаж" выстаўлены словы "галава", "рука", "вока", "вуха".
Капітаны пры дапамозе ўдзельнікаў каманд па чарзе называюць фразеалагізмы з гэтымі словамі. Перамагае той "пакупнік" (каманда), што апошнім назаве фразеалагізм з прапанаваным словам.

Задраць галаву, хадзіць на галаве, мець галаву на плячах, з галавы да ног, з хворай галавы на здаровую,як снег на галаву, акунуцца з галавой, без галавы, біцца галавой аб сцяну, выкінуць з галавы, галава ідзе кругам.
Махнуць рукой, лёгкая рука, правая рука, рука набіта, рука не падымецца, з лёгкай рукі, сярэдняй рукі, адной рукой, з працягнутай рукой, пад рукой, набіць руку, прапанаваць руку і сэрца, пазалаціць руку, нячысты на руку, пад гарачую руку, паклаўшы руку на сэрца, рукой падаць, не пакладаючы рук, абы з рук, браць голымі рукамі, узяць сябе ў рукі, адваліліся рукі.
Вока гарыць, вока набіта, пакласці вока, краем вока, на свежае вока, з вока на вока, губляць з вока, адным вокам, акінуць вокам, мераць вокам, аж іскры з вачэй пасыпаліся, вачэй не адарваць, вачэй не паказваць.
3 вуха на вуха, краем вуха, мядзведзь на вуха наступіў, рэжа вуха, над самым вухам, і вухам не весці, навастрыць вушы, вушы вянуць, аж за вушамі трашчыць, за вушы не адцягнеш, прапусціць міма вушэй.

Праводзіцца конкурс "Якія фразеалагізмы не могуць без мяне існаваць". Вядучы вывешвае плакат, на якім намаляваны язык, палец, нос, ногі. Перамагае ў кон­курсе каманда, якая ўспомніць больш фразеалагізмаў з намаляванымі часткамі цела.

Востры на язык, праглынуць язык, трымаць язык за зубамі, цягнуць за язык, часаць языком, язык без касцей, язык добра падвешаны, язык доўгі, язык не адваліцца, язык праглынеш, злыя языкі, малоць языком, бойкі на язык, вісець на языку, язык прысох.
На мезены палец, палец аб палец не ўдарыць, палец у рот не кладзі.
Адвярнуць нос, вадзіць за нос, высоўваць нос, з вераб'ёў нос, нос не дарос, з-пад носа, трымаць нос па ветры, камар носа не падточыць, зарыць носам, кляваць носам, круціць носам, перад носам, з мухамі ў носе, бубніць пад нос, застацца з носам.
Без задніх ног, валіцца з ног, збівацца з ног, не чуць ног пад сабой, ледзь ногі цягаць, падымацца на ногі, ногі не носяць.

— Увага! Наступны конкурс, — кажа вядучы, — называецца "Зразумей мяне". Падрыхтаваныя вучні будуць паказваць пантамімы па фразеалагізмах спусціўшы рукавы, намыліць шыю, пераліваць з пустога ў парожняе, абвесці вакол пальца. Перамагае каманда, якая пазнае больш фразеалагізмаў і правільна растлумачыць іх значэнне.

Спусціўшы рукавы — без належнай стараннасці, абы-як рабіць што-небудзь.
Намыліць шыю— біць каго-небудзь, сурова распраўляцца з кім-небудзь.
Пераліваць з пустога ў парожняе— займацца бескарыснай, безвыніковай справай, марна траціць час.
Абвесці вакол пальца — спрытна, хітра ашукаць, падмануць каго-небудзь.

Аб'яўляецца конкурс "Па адной літары". Вядучы на дошцы запісвае вертыкальна слова "залацінкі". Удзельнікі каманд павінны падабраць фразеалагізмы, якія пачынаюцца з пэўнай літары слова. Перамагае каманда, якая хутчэй выканае заданне.

3 — замятаць сляды
А — аршын з шапкаю
Л — лавіць варон
А — апусціць рукі
Ц — цягнуць за язык
I — ісці на свой хлеб
Н — насіць на руках
К — кланяцца ў ногі
I — ісці ў людзі

Праводзіцца гульня "Хто больш?". Задача ка­манд — за 3 хвіліны ўспомніць як мага болей фразеалагізмаў, прыказак і прымавак, якія:

Выконваецца заданне "Рассыпаныя прыказкі".

"Рассыпаныя" прыказкі запісаны на картках. Словы неабходна размясціць у патрэбным парадку, а затым зачытаць. Першай дае адказ тая каманда, якая хутчэй справілася з заданнем. Працу другой каманды журы ацэньвае па здадзенай картцы.

А зараз каманды павінны аднавіць "рассыпаныя" фразеалагізмы, — гаворыць вядучы і запісвае на дошцы ў адзін слупок назоўнікі, у другі прыметнікі ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду.
Удзельнікі каманд павінны паспрабаваць злучыць словы (прыметнікам неабходна надаць патрэбную форму) у фразеалагічныя звароты. Перамагае ў конкурсе каманда, якая хутчэй справіцца з заданнем.

кітайскі лета
парахавы іскра
бабін душа
шчодры бочка
божы грамата


— Для каманд, — кажа вядучы, — падрыхтавана картка са сказамі, якія неабходна закончыць фразеалагізмамі. Пераможа ў конкурсе каманда, якая хутчэй выканае заданне.

Картка са сказамі
Чалавек калаціўся як... (асінавы ліст). Кожны блізка, недалёка, кожны з іх жыве... (пад бокам). Здаровы ён у вас, кулаком быка можа зваліць, а ў галаве... (вецер свішча). Нешта, значыцца, здарылася, і мне трэба... (трымаць вуха востра). Максім хутка запамінае новы матэрыял — ... (на ляту схоплівае). За нашу ігру нам доўга пляскалі ў ладкі, і мы былі, як гаворыцца... (на сёмым (дзесятым) небе).

Каманды разгадваюць загадкі-жарты.

Аб'яўляецца конкурс балельшчыкаў.На стол выкладваюцца малюнкі з выявамі бохана хлеба, слоіка мё­ду, шматка сала, кавалка масла. Балельшчыкі кожнай каманды называюць прыказкі і прымаўкі, у якіх упамінаецца гэтая ежа.

Хлеб — усяму галава. Хлеб і вада — то не бяда. Без працы няма чаго хлеба шукаці. Мёд на стале — здароўе ў доме. Адна пчала мёду не наносіць. Дрэннае слова і салодкім мёдам не зап'еш. Сытаму сала не сніцца. Салам без хлеба гасцей не частуюць. Маслам кашы не сапсуеш, але з аднаго масла кашы не зварыш. У добрай гаспадыні ёсць сала і масла ў скрыні.

—   Дома   кожнай   камандзе, —   кажа   вядучы, — неабходна было падабраць фразеалагізмы, якія датычацца дружбы, і скласці з імі гумарыстычнае апавяданне на тэму "Вадой не разліць". Паслухаем апавяданні
каманд.

Напрыканцы мерапрыемства настаўнік дзякуе ўсім вучням, жадае поспехаў у вывучэнні роднай мовы. Журы аб'яўляе вынікі конкурсаў, узнагароджвае пераможцаў.


Яшчэ на гэту тэму:

“Жыві, мая родная мова!”     Вечарына беларускай мовы і літаратуры