сцэнарыі святаў на беларускай мове

Маргарыта ЯЎХІМАВА. Роднае слова 09.1992

«Мне за ўсе даражэй небазвод Нарачанскі...»

Матэрыялы да вечарыны, прысвечанай Максіму Танку

Заслона адкрываецца. Сцэна прыгожа аформлена.
Выходзіць 1-шы чытальнік (юнак).

1-шы чытальнік.
Калі трэба была песня —
Ні ў чые не грукаў дзверы.
Я яе знаходзіў дома,
Як пад лаваю сякеру,
Як у прыпечку — цяпельца,
У сальніцы — жменю солі,
На дрывотні — кій дарожны,
Жаўрука — на родным полі.
А калі зноў песні буду
Я патрэбны, добра знаю:
Мяне знойдзе яна ў хаце
Ў тым жа нарачанскім краі
Ці за плугам, ці ў дарозе,
Ці ў дубраве рана-рана,
А не знойдзе — хай пакліча.
Я і з-пад кургана ўстану.
Калі трэба была песня...

На словах «А калі зноў песні буду я патрэбны» пачынае гучаць песня «Расцвітай, Беларусь» (верш А. Бачылы, муз. Ю. Семянякі) або іншая беларуская песня. Пасля вымаўлення слоў «Я і з-пад кургана ўстану» 1-шы чытальнік ідзе са сцэны, выходзяць 2-гі і 3-ці чытальнікі. Яны ўвесь час павінны адчуваць сваю ўзаемазалежнасць, сувязь. Заўважым яшчэ, што 2-гі і 3-ці чытальнікі не стаяць увесь час на адным месцы, але і не злоўжываюць рухамі па сцэне; пажадана стрыманае, але абавязковае выкарыстанне жэстаў, мімікі.

2-гі чытальнік. Пачынаем літаратурную вечарыну, прысвечаную Максіму Танку, яго мудрай і спеўнай паэзіі.
3-ці чытальнік. Мы найбольшую ўвагу ўдзелім сёння тым творам нашага выдатнага песняра, у якіх ён піша пра Беларусь, родную песню, матчыны казкі, пра перажытае, перадуманае, пра свае родныя мясціны — нарачанскі край.
2-гі чытальнік. Тут, як пра гэта з гумарам расказвае сам паэт, набыў ён
За прададзеныя лапці і венікі
Вялізнае рэшата.
I калі пачаў на ім —
Жменьку за жменькай
Прасяваць нашу зямлю,
Убачыў на дне рэшата
Песні.
Як я стаў паэтам

3-ці чытальнік. Гэтыя песні настоены на соках роднай зямлі, лясоў, на водары роднага паветра, насычанага легендамі, паданнямі, спадзяваннямі народа.
2-гі чытальнік. Таму «паэзія Максіма Танка трывала і неад’емна ўвайшла ў духоўнае жыццё нашага народа — так, як у хату ўваходзіць хлеб надзённы... Хлеб танкаўскай паэзіі, чорны і духмяны, салёны і горкі, наскрозь прапах крутымі этапамі і шляхамі — кайданнымі, вогненнымі, заклапочана грамадзянскімі» 1.
3-ці чытальнік. «Талент Максіма Танка быў выкліканы да жыцця ў паэзіі адной з самых высокіх, уздымных хваль нацыянальна-вызваленчай і рэвалюцыйнай барацьбы...
2-гі чытальнік. Разгарніце дзённікавыя запісы («Лісткі календара») паэта — і павее з іх навальнічнасць вятроў, пякельнасць допытаў у катоўнях, насілле судзілішчаў, крывавых трагедый у Вільні, Львове, Кракаве.
3-ці чытальнік. Вось у гэтай атмасферы змагання з нечуваным уціскам, з паланізацыяй выспела ў бунтоўнага юнака з-пад Нарачы Яўгена Скурко прага творчага і рэвалюцыйнага дзеяння, патрэба абавязковага ўзрушэння самасвядомасці народа» 2.
2-гі чытальнік. «Чытаеш многія вершы з «давераснёўскіх» кніг Максіма Танка («На этапах», «Пад мачтай», «Журавінавы цвет»), захапляешся іх унутранай сілай і незвычайнай ёмістасцю — і зноў жа дзівішся: як далася маладому сялянскаму хлопцу з невялікай нарачанскай вёсачкі Пількаўшчына такая духоўная моц, што ён можа за ўсю Заходнюю Беларусь, быццам сэрца народа чуючы, сказаць пра ўсю яе крыўду і гіра вялікую сонечную надзею, пра нязломнасць духу і гераізм яе змагароў, пра драматызм жыцця і змагання...» 3.
3-ці чытальнік. «Спрэчка паэта з рэжымам уціску і асіміляцыі вядзецца з характэрным смехам, што агаляе ўсю недарэчнасць зламысных намераў:
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога,—
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?

2-гі чытальнік. Паэт ведаў, якім «ганарарам» аплачвае панства, магнатэрыя гарачае заступніцтва за свой народ, за яго правы нацыянальнага самавызначэння. Змагарныя сцежкі паэта тройчы натыкаліся на Лукішкі» 4.
3-ці чытальнік. Лукішкі — турма для палітычных зняволеных у былой Заходняй Беларусі.
«Там, на старонках канспіратыўных выданняў, нібы поціскі брацкіх рук, сустракаліся вершы Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Міхася Машары, Алеся Салагуба...» 5.
2-гі чытальнік. У прысвечаным Якубу Коласу вершы «Тры песні» зноў жа прагучала прага пазнання родных каранёў, той непарыўнай сувязі часоў, без ведання якой дрэва народа супынілася б у далейшым росце:
Кажуць — зрачыся курганаў
і спадчыны!
Кажуць — ісці нам у сцюжу
і сліжу!
Хочуць, каб песні забыліся
матчынай!
Пад акупанцкім схаваліся бытам.
Хочуць, каб самі капалі магілы мы.
Самі, братам сваім,
сёстрам і дзецям...

Музыка сціхае.
3-ці чытальнік. І яшчэ незвычайна каштоўная якасць у творчасці паэта: Максіму Танку ў заходнебеларускі перыяд выпала адкрыць і сцвердзіць, як сказаў Уладзімір Калеснік, «новы тып гуманізму». Паэт разгледзеў у таварышах па барацьбе і ў самім сабе поруч з ідэйнай перакананасцю яшчэ і ўражлівую, высокамаральную натуру, чуйную да ўсяго прыгожага ў прыродзе і ў чалавеку. Згадаем яго вершы «Паслухайце, вясна ідзе...», «На пероне», «Плывуць
стругі», «Ткала я, ткала палотны».
2-гі чытальнік. А якую шырокую вядомасць прынесла Танку як песняру Нарачы славутая паэма пра паўстанне нарачанскіх рыбакоў! 6.
На словах «славутая паэма» пачынае гучаць мелодыя вядомай песні «Нёман» (верш А. Астрэйкі, муз. Н. Сакалоўскага).
3-ці чытальнік. «Мне здаецца, што Нарач пасля гэтай паэмы пачала ўсведамляцца як сімвалічнае ўвасабленне Беларусі. Так, як Нёман у «Новай зямлі» Коласа. У людзей, што дамагаюцца тут свайго гаспадарства, як і ў Нарачы ці Нёмана, той жа непадуладны і бунтоўны нораў — падзеі збіраюць іх глыбока...» 7.
4-ты чытальнік.
Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,
Як вецер густыя туманы развесіць.
Ці снежная пена на хвалях зазвоніць.
Цалуючы зоры, калышучы месяц.
Люблю, калі ў сонцы гарыш
пазалотай,
Раскінуўшы сінія хваляў палотны,
Калі ў непагоду сумуеш маркотна
3 рыбацкаю песняй, з зялёным
чаротам.
Люблю твае буры, твае навальніцы,
У іх чую, бы ў песнях, жыццё
маладое.
I хочацца блізка грудзьмі
прытуліцца
Да чорных ад гневу кіпучых
прыбояў.
3 паэмы «Нарач»

2-гі чытальнік. Ад нарачанскіх прастораў, «ад роднае зямлі пачыналася паэтава любоў — з бацькоўскай хаты, з пачутых яшчэ ў дзяцінстве песень і казак, з той спрадвечнай сялянскай справы, «Калі ішоў за плугам і кожную грудку зямлі, кожны камень яе адчуваў сваімі босымі нагамі...» 8.
Музыка сціхае.
3-ці чытальнік. Радзіма... Яе гісторыя, яе паданні. Яе маляўнічыя краявіды. Яе радасць і боль. Яе стагоддзі працы, змагання, мар і спадзяванняў. Яе народ, шчырыя і сумленныя людзі-працаўнікі. («Вучыўся ў іх плесці лапці, араць, засяваць загоны і з сосен, смалістых, гонкіх, трывалыя зрубы стаўляць...» 9)
Гучыць песня «Мой родны кут» (тэкст Якуба Коласа, муз. I. Лучанка).
2-гі чытальнік. «Пра што б ні гаварыў паэт, у якія далечы ні сягала б яго натхненне, ён ніколі не забываецца пра той самы дарагі і запаветны край..., дзе «сэрца званчэйшыя песні вядзе». Ён раз за разам вяртаецца да радзінных вытокаў, да «бацькаўскай прызбы з шэрых валуноў»; да мілых сэрцу нарачанскіх мясцін, адкуль пачалася яго жыццёвая дарога...» 10.
3-ці чытальнік. «Тут яму усе знаёмае і вечна новае. Перамаўляюцца з душою і дораць радасці, адчуванне багацця і разнастайнасці жыцця «верасовішчы, пагоркі, лясы», «маланкамі скрэмзаныя валуны», «жаўрукі над жытам», «конікі ў траве начной...» 11.

Музыка сціхае.
4-ты чытальнік. Хіба ж былі такімі прыгожымі і дарагімі ўсе гэтыя шмат разоў згаданыя ім лясныя куткі «з травой баравой, святаянскай расой, ранішняй сінявой», гэтыя сенажаці, рэкі, аблокі, гэтая дарога, «закалыханая жытам», калі б яны не парадніліся назаўсёды з матчынай песняй, з многімі людскімі клопатамі і справамі. Яны — сведкі і ўдзельнікі народнай гісторыі, яны шчыра даюць людзям свае багацці, акрыляюць і лечаць гаючымі лекамі, яны — добрыя спадарожныя кожнаму ад дзяцінства да сталасці» 12.
На словах «назаўсёды з матчынай песняй» гучыць мелодыя беларускай народнай песні (на выбар настаўніка). Можа прагучаць, напрыклад, мелодыя песні «Ой, рана на Iвана»... Дзяўчаты ў даўгіх белых сукенках з беларускім арнаментам, у вяночках або з кветкамі ў валасах танцуюць і спяваюць гэтую песню. Потым яны стаяць або садзяцца паўкругам на крэслы на сцэне. Музыка сціхае.

1-шы чытальнік. «Максім Танк замацаваў і грунтоўна сцвердзіў у сучаснай беларускай паэзіі адну дужа прывабную тэндэнцыю -— неадольнасць прыцяжэння родных каранёў, духоўнай красы першавытокаў, роднага свету людзей, сярод якіх гадаваўся і мужнеў паэт» 13.
5-ты чытальнік.
Па-рознаму людзі
Прыходзяць на свет.
Адных — знойдуць
У агародзе ці ў красках,
Другіх — прынясе
Бусел, наш дамасед.
Але ўсіх гадуюць нас
Матчыны казкі.
Яны вучаць
Родную мову любіць,
На крылах юнацтва
Уздымацца пад хмары,
3 няпраўдай змагацца,
А з праўдай дружыць
I аб недасяжным
I сонечным марыць.
Таму на сваіх я
Шляхах нарачанскіх
Паставіў бы помнікі
Матчыным казкам.
Казкі

Дзяўчаты танцавальна-харавога гурта, якія знаходзяцца на сцэне, на словах «Бусел, наш дамасед» ціха спяваюць мелодыю беларускай калыханкі. Пасля слоў «матчыным казкам» мелодыя заціхае.
Гучыць першы куплет песні (песню могуць выканаць вучні) «Сонца ў азерцы» (верш Н. Гілевіча, муз. Л. Захлеўнага).
Падчас гучання песні выходзяць 6-ты і 7-мы чытальнікі.

6-ты чытальнік.
Прагна аўтобус глытае
Спускі, узгоркі, адхоны.
Краснае і Маладзечна,
Вілія, мост і Вілейка,
Дзе сляпіў некалі вочы
Над эпікурэйцам Маронам.
Клавішамі адклікаюцца
На пераездах рэйкі.
7-мы чытальнік.
За небасхілам цягнуцца
Мядзельшчыны прасторы,
Зрытыя воспай акопаў,
Вытаптаныя лясамі,
Пераліваюцца золатам ніў
3 сінявою азёраў,
I абеліскі, як выбухі,
Высяцца над курганамі.
6-ты чытальнік.
Усё мне тут блізка, знаёма:
Ад хваль Нарачанкі маруднай,
Ад верб-чараўніц, што варожаць
Ля млына над грэбляю Вузлы,—
Да кожнай у плоце жардзіны,
I смагу ўталяючай студні,
I да вартавога спакою і шчасця
Зямлі гэтай — бусла.
7-мы чытальнік.
Ды раптам лясная дарога
Заззяла ўся ў сонечным бляску,
I я асвяжаючы подых
Адчуў, як калісьці на твары,
I ўсе з захапленнем, замёршы,
Глядзім на дзівосную казку —
На Нарач! На Нарач! На Нарач!
Дарога на Нарач

Выходзіць 1-шы чытальнік (хлопец).
1-шы чытальнік.
Спыні, брат-шафёр, машыну!
За тое, што вёз мяне — дзякуй!
Дахаты ісці недалёка.
А тут — столькі сцежак усякіх,
Блакітных азёр, пералескаў,
Вясёлых прыстанішч птушыных,
Арэхавых і журавінавых,
Баравіковых мясцінаў.
Вось толькі я скіну тут боты
Ды выражу кій ялянцовы,
Каб зноў пад нагамі пачуць мне
Апаўшае лісце дубровы
I вільгаць, схаваную ў травах,
У папаратніках асенніх.
I пругкасць жывых, вузлаватых,
Набракшых жывіцай карэнняў.
Не толькі мяне сюды клічуць
Знаёмыя сцежкі і стрэхі
I пошукі першых напеваў
I іх несціханага рэха,—
Я кожны раз тут адкрываю
Усё новыя фарбы, праменні,
Мелодыі, шэлесты, гукі
I новыя іх спалучэнні...
У дарозе

На словах «Каб зноў пад нагамі пачуць мне» ўзнікае мелодыя песні «Белая ружа» (верш Л. Дранько-Майсюка, муз. А. Ціхановіча). Песню могуць спяваць дзяўчаты або толькі ціха весці голасам мелодыю.
Выходзіць 8-мы чытальнік (юнак). Музыка сціхае на словах «3 далёкай і блізкай дарогі».

8-мы чытальнік.
Якія раслі тут бярозы
На гэтых пясчаных наносах!
Калі б ні вяртаўся дадому,
3 далёкай ці блізкай дарогі,
Па іх вузлаватых карэннях
Заўсёды грымелі калёсы,
Нібы гаварылі: — Прачніся!
Ты ўжо ля свайго ля парога...

Ды знішчыла іх навальніца,
Што ў годы вайны бушавала,
Але і сягоння, калі б я
На родныя гоні ні ехаў.
На месцы, дзе некалі ў полі
Знаёмыя дрэвы стаялі,
Мне чуецца бразгат калёсаў —
Юнацтва мінулага рэха.
Якія раслі тут бярозы...

Гучыць мелодыя «Лясной песні» (верш А. Русака, муз. Ул. Алоўнікава).
Адна з дзяўчат хору ўстае і чытае задуменна:
Ля гэтых сосен нельга не спяваць.
Нібы ахопленыя полымем пажару,
Яны, чырвонастволыя, шумяць,
Калышучы вяршаліны, як хмары,
Гуллівыя, густыя, ад якіх
Не знае цішыні-спакою Нарач.
Ля гэтых сосен цяглых, векавых
Не ўспомніць нельга грозных дзён
мінулых. I партызанскіх вогнішчаў, і тых,
Чые курганы слава ахінула.
Яшчэ і сёння з кожнага ствала
Смала слязіцца, дзе ўпілася куля.
Ля гэтых сосен

Зноў выходзіць 1-шы чытальнік.
1-шы чытальнік.
Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае загаіла зямля.
Толькі нічога забыць не магла ты,
Памяць мая!

Скруткі калючага дроту-засекі,
Гул кананады, дарогі вайны.
А на пажарышчах — сосны-калекі
Ды курганы.

Нават і сёння, калі зноў на золку
Я заспяваю з птушынай сям’ёй,—
Чую, іржавыя ныюць асколкі —
У песні маёй.
Дрэвы забылі...

Дзяўчына з хору і 9-ты чытальнік (хлопец) на авансцэне.
Дзяўчына.
На ўзгорку крутым партызан
паміраў, На ўзгорку, дзе вецер шуміць.
Там воран, прысеўшы, пра раны
пытаў:
— Каторая болей баліць?
Музыка сціхае.
Xлопец.
— Што раны мае! — адказаў
партызан,— Іх боль хутка згасне з зарой.
Век будзе крывавіць цяжэйшая
з ран —
У сэрцы матулі маёй.
Таму я прашу цябе, воран, калі
У маёй будзеш ты старане,
Дзе кожнай вясной расцвітаюць палі.
Старой не кажы пра мяне.
Хай думае лепш, што здароў я і жыў,
Што, пэўна, сяброўку знайшоў,
Што я ажаніўся, пра дом свой забыў,
Таму не пішу ёй лістоў,
Хай думае лепш, што здароў я
і жыў...
На ўзгорку

На матыў вядомай беларускай «Балады аб партызанцы Галіне» дзяўчаты спяваюць верш Максіма Танка «Плача хмара без жалю».
Плача хмара без жалю,
Стогне вецер без болю,
Ды не плача дзяўчына
Без прычыны ніколі.

Або крыўда якая,
Нехта сэрца ёй раніў,
Або песня кранула,
Што пяюць партызаны.

Або думы цяжкія
Устрывожылі ноччу,
Або пылам дарожным
Зацярушыла вочы?

Запарушыла вочы,
Калі раненька-рана
Расставалася ў полі
3 маладым партызанам.

Бо не плача дзяўчына
Без прычыны ніколі,
Плача хмара без жалю,
Стогне вецер без болю...
Плача хмара без жалю

5-ты чытальнік.
Гэта было вясной:
Ішоў я лясной дарогай,
I раптам перада мной
Між зарасніку густога
Вярба маладая гарыць
I хоча перарадзіцца
Ўся ў майскія барвы зары,
У зялёнае полымя лісця.
— Адкуль ты,— вярбу я спытаў,—
Успыхнула тут нечакана? —
I зрок я свой затрымаў
На свежых траншэях, курганах,
I я зразумеў: Яна
Прыйшла з далёкага свету,
Скуль нехта хоча да нас
Вярнуцца з вясеннім цветам.
Мо гэта мой брат ці друг,
Па кім я даўно сумую?
I я асцярожна бяру
I тройчы яе цалую.
Гэта было вясной...

Дзяўчаты танцавальна-харавога гурта пад музыку беларускай народнай песні «Вясна-красна на ўвесь свет», якую прыпяваюць, вядуць карагод, утвараюць круг, ідуць у адзін бок, другі, потым бяруцца за рукі і праходзяць парамі (ручаёк).
Сёмы чытальнік або адна за адной дзяўчаты чытаюць верш Максіма Танка «Вясна-красна на ўвесь свет». Словы рэфрэна могуць вымаўляць (або прапяваць) усе ўдзельнікі гурта.

Мінулі завеі, панурыя дні;
Гараць на усходзе зарніцаў агні.
Вясна-красна на ўвесь свет!
Іду валачобнікам я па зямлі,
Вітаю вясну, што прыйшла на палі.
Вясна-красна на ўвесь свет!
Спяшайся, вясна, і маўчанне зімы
Вятрамі, дажджамі грымучымі
змый.
Вясна-красна на ўвесь свет!
Будзі жаўрукамі жытнёвую рунь,
Палі незгасальную ў небе зару.
Вясна-красна на ўвесь свет!
Дай буйную завязь цяністым садам,
Спакойныя хвалі купальскім вянкам.
Вясна-красна на ўвесь свет!
А мне памажы скласці гэты напеў,
Каб век ён у сэрцы народа звінеў.
Вясна-красна на ўвесь свет!
Вясна-красна на ўвесь свет

Дзяўчаты ідуць пад музыку ў танцы са сцэны. Музыка сціхае. Застаюцца на сцэне дзве дзяўчыны, яны чытаюць верш Максіма Танка «Жаўрук». Могуць выконваць верш два чытальнікі, напрыклад, 4-ты і 5-ты.
4-ты чытальнік.
Даручылі жаўруку
Свет будзіць на золаку.
Ну і жаўрук!
5-ты чытальнік.
Ён падснежнікам лясным
Загадаў біць у званы.
Ну і жаўрук!
4-ты чытальнік.
Маладым садам — квітнець,
А крынічаньцы — звінець.
Ну і жаўрук!
5-ты чытальнік.
На густых лістах малін
Буйны росы запаліў.
Ну і жаўрук!
4-ты чытальнік.
Клікнуў у сяле народ:
Уставайце, сонца усход! —
Ну і жаўрук!
5-ты чытальнік.
I вітаюць птушкі ўсе,
Што вясна ў такой красе.
Ну і жаўрук!
Жаўрук

Выходзіць на сярэдзіну сцэны 2-гі чытальнік.
2-гі чытальнік.
Добрай раніцы ў полі шырокім
Ветрам-дабравеям.
Каласам умалотным, высокім
Рупным жнеям.
Добрай раніцы

На словах «Добрай раніцы» пачынае гучаць мелодыя песні «Ты мне вясною прыснілася» (верш М. Шушкевіча, муз. Ю. Семянякі).
Выходзяць 6-ты і 7-мы чытальнікі (дзяўчаты).

6-ты чытальнік.
У садочку май,
Май, духмяны ліст,
I ўсю ночку несціханы
Салаўіны свіст.
— Штосьці сон не йдзе.
Мама, дзе мой сон?..
7-мы чытальнік.
— Спі дачушка,
Зараз прыйдзе да тваіх вакон.
6-ты чытальнік.
На сяле, як дзень,
Месяц ясен, чыст.
Цёплы вецер асцярожна
Закранае ліст.
— Штосьці сон не йдзе.
Мама, дзе мой сон?..
7-мы чытальнік.
— Спі дачушка,
Не забудзе твае вочы ён.
6-ты чытальнік.
Хмельны сад цвіце.
Салаўіны свіст.
Чуцен спеў —
Русавалосы грае трактарыст.
— Мама, я пайду
Стаўні адчыніць.
Гэта сон мой на вуліцы
Грае і звініць.
У садочку май

На словах «Чуцен спеў» гучыць мелодыя танца «Беларуская полька». Дзяўчына гарэзліва, захоплена, агніста скача. Не адразу з другога боку сцэны выходзіць хлопец, замілавана глядзіць на дзяўчыну. Тая, убачыўшы яго, спыняецца, падплятае касу, што расплялася ад скокаў, папраўляе каралі. У гэты час хлопец робіць некалькі крокаў у той бок, дзе стаіць дзяўчына, звяртаецца да яе.
Xлопец:
Нашто ты косы заплятаеш,
У танцы кружыш агнявым,
Нашто каралі прымяраеш
Перад люстэркам нежывым?
Музыка сціхае.
Яно маўчыць, яно не можа
I сотай долі перадаць,
Як выглядаеш ты прыгожа,
Як вочы зоркамі гараць.

Ты лепш пакліч мяне, красуня,
Хоць на хвілінку да сябе,
I мне не будзе гэтак сумна,
I я дапамагу табе

Прымераць стужкі, завушнічкі,
I плечы хусткай ахінуць,
I лакавыя чаравічкі
Перад «Лявоніхай» абуць.

На словах «I лакавыя чаравічкі» пачынае гучаць спачатку ціха, потым мацней «Лявоніха». Хлопец ідзе насустрач дзяўчыне, працягвае ёй руку, запрашаючы да скокаў, але яна ўцякае. Хлопец (у залу), нібы думаючы ўслых, кажа:
Ты ўсё мне дараваць не можаш,
Што першы раз як памагаў,
Караляў шнур неасцярожна
Рукой няўмелаю парваў.
Нашто ты косы заплятаеш...

Хлопец ідзе са сцэны. Музыка сціхае. Выходзіць 1-шы чытальнік.
1-шы чытальнік.
Апусцелі хаты
I ў маёй Пількаўшчыне.
На ўсю вёску —
адна калыска,
Якую калыша
Транзістарная калыханка.
Эканамісты гэта тлумачаць
Механізацыяй,
Тэарэтыкі — цягай моладзі
Да больш культурных
Гарадскіх умоў жыцця.
А старая бабка Аўдоцця —
Нейкай пошасцю,
Якая засціць вочы
На роднае наваколле,
Прытупляе слых
На галасы птушак, дрэў
I выветрывае з душы
Пах зямлі.
Апусцелі хаты...

Выходзіць 3-ці чытальнік. Гучыць мелодыя беларускай народнай песні «Рэчанька».

Сёння мяне наведалі
Надрэчныя сябры і жыхары.
Запрасілі на пахаванне
Ракі.
Божа, і хто б падумаў,
Што мы яе перажывём!
Столькі у ёй было жывучасці,
Гаючасці,
Гарэзлівасці вясной!
На пахаванне ракі

Пабраўшыся за рукі, ціха напяваючы песню «Рэчанька», выходзяць дзяўчаты танцавальна-харавой групы. Яны вядуць карагод, чытальнік працягвае:
1-шы чытальнік.
Колькі тут
На гэтай рэчцы было
Жартаў, смеху,
Калі, вяртаючыся з сенажаці,
Па гальцы стронгавай,
Пявучым жвіры,
Яе ўброд
Пераходзілі дзяўчаты,
Баючыся, каб як
Не замачыць сваіх спадніц
Або калі мы пераносілі
Іх на руках.
Колькі тут...

3-ці чытальнік.
Ад развітальных слоў,
Якія гаварылі Знаёмыя буслы,
I жураўлі, і чаплі,
I плакальшчыцы-кнігаўкі,—
Нат здрыганулася
Стальное сэрца экскаватара,
Які капаў канаву для ракі,
I трэба было пасылаць
Па «хуткую дапамогу...»

Дзяўчаты ў танцы ідуць са сцэны.
Музыка сціхае.

1-шы чытальнік.
А так усё было нармальна.
Нехта нават прэмію
За гэта пахаванне (ракі)
Атрымаў.
На пахаванне ракі

Гучыць мелодыя песні «Палескае танга» (верш Л. Пранчака, муз. I. Лучанка). Песню могуць праспяваць школьнікі. На фоне мелодыі песні «Палескае танга» чытаюць вершы паэта.
7-мы чытальнік.
Аварыя ў Чарнобылі!..
I хоць я знаю,
Што ўтаймавалі
Атамнага джына,
Што жыццё ёсць жыццё,
Толькі цяпер мне заўсёды
Ачмуральная музыка,
Розныя фестывальныя вар'яцтвы
I застольныя тосты
Здаюцца адгалоскамі балю
У часе чумы,
А травы,
Лісты на дрэвах
I вандроўныя аблокі —
Сцягамі жалобы,
Што зацямняюць вочы,
Атуляюць сэрца,
Засланяюць сонца.
Пасля аварыі

Музыка гучыць мацней, потым сціхае.
1-шы чытальнік.
Спрадвеку Зямля
Сваімі травамі, лясамі, акіянамі
Усім, каму давала жыццё,
Пела калыханкі.
Пела і чалавеку,
Хоць крыўд ад яго
Найбольш зазнала.

Сёння, прыпаўшы
Да грудзей Зямлі,
Я пачуў яе глыбокую трывогу.
Не знаю,
Чым карміцельку суцешыць.
Мо старой,
Калісьці чутай песняй:
«А ўсе беды — вон, вон,
На зямельку —- сон, сон...»
Усе беды вон-вон

2-гі чытальнік.
«Творчасцю сваёй Максім Танк увесь час пацвярджае ўменне актыўна жыць усімі трывогамі веку, успрымаць кожным напружаным нервам зямлю ў яе глабальным маштабе і ў кроўнай неадлучнасці ад зямлі, што ўзгадавала паэта, што запаўняе кожнае імгненне яго быцця пахам свежай баразны і блакітам цёплых верасоў, верай у жывучасць роднай мовы і ў здаровае калашэнне маладога засеву, што прарастае ў будучыню» 14.
Гучыць мелодыя песні «Спадчына» (верш Янкі Купалы, муз. I. Лучанка).
1-шы чытальнік.
Не толькі ўзяў таму я гэту мову,
Што на ёй рэкі, пушчы гаманілі,
Шумелі ў полі каласы і травы,
Пераклікаліся на гнёздах птушкі,
Што з ёю лёгка было стаць чым
хочаш:
Пявучай скрыпкай,
жаўруком,
паэтам.
Я гэту мову ўзяў сабе, таму што
Зашмат у ёй было гаротных песень.
I мне хацелася прынесці болей
Ёй чалавечай радасці і сонца.
Таму цяжэй мне, як другім, калісьці
На гэтай мове стаць было паэтам.
Не толькі ўзяў таму...

3 аднаго і другога бакоў сцэны выходзяць удзельнікі танцавальна-харавога гурта. Яны ціха вядуць матыў песні «Спадчына». Адна з дзяўчат харавога гурта выходзіць наперад.
Дзяўчына:
— Накрыйце мяне рунню! —
Просіць зямля.
— Накрыйце мяне зорным небам! —
Просіць вада.
— Накрыйце мяне імглой! —
Просіць лес.
— Накрыйце мяне цішынёй! —
Просіць дарога.
А я перад сном:
— Накрыйце роднай песняй.
Перад сном

На словах «Накрыйце мяне цішынёй» музыка сціхае. Пасля слоў «Накрыйце роднай песняй» танцавальна- харавы гурт спявае беларускую народную песню «Пасеялі дзеўкі лён» (або іншую на выбар). Потым палова гурта пад музыку ідзе за кулісы ў адзін бок, другая — у другі.
Музыка сціхае. На цэнтр авансцэны выходзіць першы чытальнік.

1-шы чытальнік.
Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаў толькі адну зорку —
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні.
Святло якой
Вечна струменіць.
Не знаю, ці ёсць

Можна закончыць вечарыну кароткім заключным словам настаўніка, якое прамаўляецца на фоне або народнай беларускай песні (на выбар), або песні «Спадчына» (верш Янкі Купалы, муз. I. Лучанка), ці песні «Расцвітай, Беларусь» (верш А. Бачылы, муз. Ю. Семянякі). Мелодыя пачынае гучаць яшчэ на наступных словах папярэдняга верша «На якой выраслі мы, наш хлеб, нашы песні».
У заключным слове прыводзяцца асобныя біяграфічныя звесткі пра Максіма Танка, падкрэсліваецца, што гэта мастак сусветнага маштабу. Асоба Танка і яго паэзія прыцягваюць увагу шматмільённага чытача. Яму прысвяцілі свае вершы дзесяткі пісьменнікаў нашай планеты. Рыгор Барадулін гаварыў, што «вершы гэтыя не памясціліся б у тоўсты том, як не змясціўся б ні ў які самы велічэзны анкетны ліст пералік ганаровых званняў і грамадскіх абавязкаў паэта — Народны паэт Беларусі, дэпутат, акадэмік...
У любую вольную хвіліну імкнецца Максім Танк хаця б думкай да возера свайго маленства і рэвалюцыйнага юнацтва — да Нарачы» 15. Тут выток яго песні, тут і сёння растуць тыя «неабсяжныя дрэвы», кожная галінка якіх — «зялёны прамень», а
кожны прамень —
гэта некалькі звонкіх жалеек.
3 кожнай жалейкі, калі зайграеш,
То салаўі вылятаюць,
то кнігаўкі,
то жаўрукі...
О, не сячыце дрэў гэтых пявучых,
Калі свае любіце песні.
Растуць на радзіме маёй...

Зберажом жа дрэвы гэтыя пявучыя, ушануем зямлю сваю беларускую, паклонімся ёй за шчодры і светлы талент, якім яна надзяліла Яўгена Іванавіча Скурко — нашага Максіма Танка.
Абвяшчаецца заканчэнне вечарыны.
__________________
1 Арочка Мікола. Шчодры дар свегапазнання // Беларусь. 1987. № 9.— С. 10.
2 Тамсама.— С. 10.
3 Бечык Варлен. Песня аб Радзіме / У кн.: Выбранае. Літаратўрна-крытычныя артыкулы.— Мн., 1989.— С. 187.
4 Арочка Мікола. Шчодры дар светапазнання.— С. 10.
5 Тамсама.— С. 10.
6 Тамсама.- С. 10.
7 Тамсама.— С. 10.
8 Бечык Варлен. Песня аб Радзіме.— С. 190.
9 Тамсама.— С. 190—191.
10 Тамсама.— С. 192.
11 Тамсама. — С. 192— 193.
12 Тамсама.— С. 193.
13 Арочка Мікола. Шчодры дар светапазнання.— С. 11.
14 Тамсама.— С. 11.
15 Барадулін Р. Дарога да сэрца чытача / У кн.: Максім Танк. Лірыка. - Мн., 1987,— С. 7.

Яшчэ на гэту тэму:

Цудоўныя казкі Максіма Танка