сцэнарыі святаў на беларускай мове

Нэлі ТРАЙКОВІЧ, Наталля ЯРАШАВА, выкладчыкі Магілёўскага педагагічнага каледжа. Пралеска

Вось прыйшлі мы ў лес зімовы

Прыродазнаўчая забава "У зімовым лесе" для дзяцей старэйшай групы.

Мэта: удакладніць веды дзяцей аб жыцці жывёл у лесе зімой, прыстасаванні да халадоў у розных жывёл (цёплае футра ў зайца, бярлога і зімовы сон у мядзведзя, дупло ў дзятла). Вучыць правільна падбіраць корм для розных жывёл, практыкаваць у правільным вырашэнні экалагічных сітуацый, выхоўваць цікавасць да прыроды, жаданне ўдзельнічаць у яе ахове.

Арганізацыя і методыка правядзення

Музычная зала стылізавана пад лясную палянку, пад елкай — зайчык, у кустах мядзведжая бярлога, на выяве дрэва на сцяне ілюстрацыя дзятла, у кутку домік, па баках ад якога злева і справа лаўкі.
Выхавацель прапануе адгадаць, хто завітаў да дзяцей раніцай і з якой ён казкі.

Калабок.
Я, Калабок, Калабок,
Па кадушцы шкрэбены,
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны,
Ды ў масле спечаны,
На акенцы стужаны.
Я ад дзеда ўцёк
I ад бабы ўцёк
За дапамогай у садок.

Выхавацель. Дзеці, здагадаліся, хто гэта? 3 якой казкі? (Дзеці адказваюць.) Калабок, а што здарылася?
Калабок. Да мяне прыйшло пісьмо ад дзеда Лукі-лесніка, які жыве ў лесе, дзе я сустракаў зайца, ваўка, мядзведзя, лісу. Ён просіць знайсці яму памочнікаў
— сяброў лесу. У лесе здарылася, напэўна, бяда, і лесніку аднаму з ёй не справіцца. Вось я да вас хутчэй і прыкаціўся, бо ведаю, што вы любіце прыроду, прыходзіце на дапамогу звярам і птушкам. Мы пойдзем у зімовы лес. Там марозна, холадна, я пакуль да вас каціўся, замерз.
Выхавацель разам з дзецьмі прапануе апрануцца і Калабку, але яму нічога не падыходзіць.
Нічога не зробіш, давядзецца так каціцца, можа, лясныя сябры мне што-небудзь параяць. Возьмем толькі лясным жыхарам пачастункі, бо ім зімой у лесе патрэбна ежа.
Пад музыку "Тройка" Г. Свірыдава дзеці ідуць у лес, выходзяць на палянку.
Выхавацель.
Вось прыйшлі мы ў лес зімовы,
Скуты ў снежныя аковы.
Толькі кружацца сняжынкі,
Дрэмлюць елкі,
Дрэмлюць сосны,
Бачаць белы сон дзівосны...

Паглядзіце, хто за елачкай ад нас схаваўся?
Улетку шэранькі,
Узімку беленькі,
Доўгія вушкі мае,
Хутка ў лес уцякае.
Давайце яго паклічам.

Пад музыку з-пад елкі выскаквае Зайчык. Дзеці вітаюцца з ім.
Калабок. Гэта мой добры знаёмы. Зайчык, раскажы, як табе зімой у лесе жывецца.
Зайчык спявае песеньку.
1.
Я павінен вам сказаць,
Цяжка ў лесе зімаваць.
Да зімы я пабялеў,
Футра белае надзеў.
2.
Пад кусточкам прысяду,
Прытулюся да сасны.
Тут сава мяне не знойдзе,
Не пазнае звер лясны.
3.
Ох, як цяжка мне бывае,
Калі прыйдзе ў лес мароз.
Ежы ў лесе не хапае,
Мерзнуць вушы, мерзне хвост.
4.
Ў снезе ягадку шукаю,
Што пакінуў зімаваць,
Ды кару з асін здзіраю,
Цяжка ўзімку, што казаць!

Выхавацель прапануе пачаставаць Зайчыка і знайсці яму ў кошыку гасцінец.
Выхавацель. Зайка, а ты ведаеш, якая з Калабком бяда здарылася? Ён зусім змёрз, не ведае, як сагрэцца. Чаму табе не холадна? Як ты зімой саграваешся?
Зайчык прапануе апрануцца ў зімовы цёплы белы кажушок, але ён Калабку не падыходзіць. Таму ён раіць пабегаць, паскакаць, так таксама можна сагрэцца.
Прапаную ўсім пагрэцца. Давайце правядзём музычную гульню "Не выпусцім", пасля якой запросім Зайчыка да лесніка Лукі,
Раптам раздаецца рыканне Мядзведзя, які ўваходзіць пад музыку.
Мядзведзь. Што тут здарылася? Што за шум? Хто мяне разбудзіў? Колькі тут дзяцей! I ты. тут, Зайка!
Зайчык. А гэта мой стары знаёмы, Калабок.
Калабок. Ты не крыўдуй, Міша, што мы так у лесе расшумеліся. Замерзлі дзеткі і Зайчык, а мацней за ўсіх я, таму гулялі, грэліся. Бачыш — зіма ў лесе. Зайка апрануў цёплы кажушок, і яму не холадна. А вось я і зімой, і летам у аднолькавым адзенні. Ні адзін кажушок мне не падыходзіць.
Выхавацель. А як ты, Мядзведзь, абараняешся ад марозу?
Мядзведзь. Я ж восенню сабе цёплую бярлогу зрабіў, і зімой у мяне адна работа — моцна спаць, вясны чакаць.
Выхавацель тлумачыць дзецям, як мядзведзь робіць бярлогу: знаходзіць ямку пад дрэвам, кустом, усцілае яе сухой травой, яловымі галінкамі і кладзецца спаць да першага снегу, які ўкрывае яго дом белай коўдрай.
А што вас, дзеці, у лес прывяло?
Малыя расказваюць.
Выхавацель. Ці ведаеш ты, Мішка, дарогу да хаткі лесніка?
Мядзведзь. Ідзіце вось на гэты стук (чуваць пастукванне малаточка ў музычным афармленні). Гэта Дзяцел, ён жыве на елцы каля доміка лесніка. А мне час ісці ў бярлогу.
Дзеці частуюць Мядзведзя цукеркамі, падыходзяць да елкі.
Выхавацель.
Тук, тук, тук —
ад сасны да сасны
рэха нясецца.
Лечыць сасну
доктар лясны.
Як ён завецца?
(Дзяцел)

Давайце яго паклічам, каб ён да нас зляцеў, расказаў, як яму ў лесе жывецца?
Уваходзіць маленькі Дзяцел.
Ты скажы мне, Дзяцел, што за перастрэлка?
Дзяцел.
Я, доктар-дзяцел,
аглядаю елку.
Кожную галінку
пільна правяраю,
шкодныя лічынкі
пад карой знішчаю.
Выхавацель.
Стук пачуўшы ў лесе,
прыгадай з падзякай:
гэта ўмела лечыць
дрэвы доктар-дзяцел!

Дзеці, а вы ведаеце, дзе гэтая птушка жыве зімой, хаваецца ад марозу? (Адказы дзяцей.)
Дзяцел прапануе Калабку схавацца ад холаду ў яго дупле на дрэве. Калабок спрабуе на яго забрацца, але ў яго не атрымліваецца.

Давядзецца нам пагрэцца ў хатцы лесніка, вунь яна, недалёка. Дзяцел, правядзі нас!
Дзяцел. Праходзьце, размяшчайцеся на лавачках. Дзе ж дзед Лука?
У лесе з раніцы да вечара
Дзяжурыць дзед Лука,
Дрымучы лес даверліва
Страчае лесніка.
Глядзіць ён,
Каб лес не хварэў,
Каб жук кару не еў,
Каб дрэўцы былі моцнымі,
Звяры былі ўсе сытымі.
Усім на дапамогу
Прыходзіць дзед Лука.

Уваходзіць ляснік з дзецьмі-птушкамі (снягір, сінічка, верабей), вітаецца з малымі, расказвае пра бяду, што здарылася ў лесе, просіць дапамогі.
Ляснік. Пачалі ў лес прыходзіць два хлопчыкі, парушальнікі ляснога спакою. I паглядзіце, што здарылася. Пра гэта разам з ляснымі жыхарамі мы вам і раскажам.
Птушкі.
Нам паставілі кармушкі,
А што есці любяць птушкі?
Сінічка. Мы, сінічкі, любім сала.
Снягір. Харч найлепшы снегірыны — арабіны, журавіны.
Верабей.
Вераб’і, шчыглы, аўсянкі —
нам давай свае прыманкі:
проса, хлеб, авёс, каноплі —
падзяўбём усё да кроплі.

Выхавацель прапануе пачаставаць з кошыка сінічку, снегіра, вераб’я. У гэты час да хаткі падбягаюць парушальнікі (Птушкагуб — з рагаткай у руцэ, Моцнасвіст — са свістком, на шыі розныя бразготкі).
Калабок. Хто вы такія?
Парушальнікі (хорам). Мы — сябры лесу, бо яго вельмі любім.
Птушкагуб. Я, Птушкагуб, больш за ўсё птушак люблю: лаўлю іх сілком, страляю з рагаткі, размяшчаю ў клеткі.
Моцнасвіст. А я, Моцнасвіст, як свісну, зазвіню, усё вакол шуміць: і дрэвы, і кусты, і птушкі крычаць, мяне вітаюць.
Выхавацель. Дзеці, ці праўда, што гэта сябры лесу? Як мы можам дапамагчы лясным жыхарам і лесніку? Запросім іх у дзіцячы сад, дзе яны шмат чаго даведаюцца аб прыродзе, пра лес і аб тым, як патрэбна сябе ў ім паводзіць.

Нас у любую пару года в
учыць мудрая прырода:
птушкі вучаць пець,
павучок цярпець,
вучыць нас пчаліны рой
жыць па працы і справядлівасці,
адлюстраванне у вадзе
вучыць нас праўдзівасці.

Усе развітваюцца з лесніком і пад музыку адпраўляюцца ў дзіцячы сад.