сцэнарыі святаў на беларускай мове

Распрацавана метадычным аб'яднаннем настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Беларуска-славянскай гімназіі № 36 г. Гомеля імя I. Мележа. Выхаванне і дадатковая адукацыя. 03/2012

«Славутыя сыны зямлі беларускай»

Літаратурна-музычная кампазіцыя да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа

1-ы вядучы.
Ад прадзедаў спакон вякоў
мне засталася спадчына,
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
2-і вядучы.
Аб ёй мне баюць казкі-сны,
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены.
1-ы вядучы. Добры дзень, паважаныя госці. Сёння адбудзецца свята беларускай паэзіі і музыкі.
2-і вядучы. I невыпадкова прагучаў урывак вядомага верша вялікага паэта і пісьменніка Янкі Купалы. Гэтыя цудоўныя радкі з’явіліся сімвалам бясконцай любві да роднай зямлі, яе народа. Сімвалічна і месца правядзення нашага свята — сквер Янкі Купалы, адзін з найпрыгажэйшых у нашым горадзе.
Гучыць песня «Між жытнёвых ніў» (муз. Э. Зарыцкага, сл. М. Есялёніса).
1-ы вядучы. Даніну памяці і павагі Янку Купале і Якубу Коласу аддаём сёння мы. Давайце пройдзем жыццёвымі сцяжынкамі, прыгадаем цудоўныя радкі з іх твораў, зазірнём таямніцы шчырай беларускай душы, адданай свайму народу, сваёй зямлі.
2-і вядучы. Вельмі прыемна, што на наша свята сабраліся сапраўдныя знаўцы беларускай паэзіі і музыкі, мы рады бачыць нашых гасцей — паэтаў горада.
1-ы вядучы.
Калі душа паэзіі жадае,
Я зноў і зноў да іх радкоў вярнуся.
Слаўныя сыны — Колас і Купала -
Ствараюць славу маці Беларусі!
2-і вядучы.
I кожны, прамовіўшы Колас Якуб,
Адразу ж прыпомніць — Янка Купала.
1-ы вядучы. Рускі пісьменнік Максім Горкі пісаў: «У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала — вельмі цікавыя хлопцы... Проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы крыху гэтых якасцей. Вось бы добра было».
2-і вядучы. Імкліва бягуць гады. Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці людзей Янка Купала і Якуб Колас - выдатныя народныя паэты, без якіх немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру. Іх імёны вымаўляюць заўсёды разам. Іх псеўданімы — з народнага жыцця і фальклору.
1-ы вядучы. Паэты нарадзіліся ў адзін год. I мэту выбралі для сябе адну: служыць абуджэнню духоўнасці беларускага народа.
Гучыць мелодыя песні «Спадчына» (муз. I. Лучанка, сл. Я. Купалы).
2-і вядучы. Янка Купала... Любоўна вымаўляем мы гэтыя словы, і перад намі паўстае родная і дарагая Беларусь: вёска Вязынка, дзе нарадзіўся паэт, вакол зялёны бор? прасторныя лугі, звілістыя дарогі. I народзіны Янкі Купалы прыпалі на народнае свята Купалле: таямнічая папараць-кветка квітнела прыгожымі песнямі, паданнямі, легендамі.
Песня «Купальская балада» (муз. М. Сацуры, сл. А. Бадака ).
1-ы вядучы. У Вязынцы сям’я Луцэвічаў жыла нядоўга. Бацька быў арандатарам панскай зямлі, сваёй не меў, таму яны часта пераязджалі з месца на месца ў пошуках жылля і заробку. Пазней пра свае жыццёвыя ўніверсітэты паэт напіша ў вершы «Мая навука».
Чытае верш «Мая навука».
1-ы вучань. Творы Янкі Купалы надзвычай лірычныя, прасякнутыя пачуццём адданай любові да сваёй зямлі. Напэўна, нездарма і вядомыя кампазітары, і малавядомыя складаюць цудоўныя песні на словы Янкі Купалы, песні, якія ведаюць усе, — і дарослыя, і дзеці.
Песня «Матцы» (сл. Я. Купалы, муз. В. Яўсеёнка).
Гучыць мелодыя песні «Мой родны кут».

2-і вядучы. Нялёгкім было жыццё і Якуба Коласа. Як і Янка Купала, зведаў ён шмат пуцявін, таму піто быў сынам лесніка, якому па волі князя Радзівіла прыходзілася перабірацца з месца на месца. Школьныя і юнацкія гады будучага паэта прайшлі ў вёсцы Альбуць — надзвычай маляўнічым кутку Наднямоння. Менавіта гэты куточак з такой любоўю апісаны ў яго паэме «Новая зямля».
Гучыць урывак з паэмы «Новая зямля» (Каля пасады лесніковай...).
Песня «Мой родны кут» (сл. Якуба Коласа, муз. I. Лучанка).

1-ы вядучы. Янка Купала і Якуб Колас — два шчырыя сябры, два волаты беларускай літаратуры, яе гордасць і слава. I як бы ні распараджаўся лёс, куды б ні закідваў паэтаў, яны захоўвалі ў сваіх сэрцах і думках вобраз Беларусі.
Песня «Развітанне з Радзімай» (муз. М. Агінскага, сл. С. Сокалава-Воюша).
2-і вядучы.
«I народ свята захоўвае
У сваім сэрцы памяць
Аб лепшым сваім сыне, які
Прайшоў разам з ім слаўны
Шлях.барацьбы ў імя лепшых чалавечых ідэалаў», — так казаў Якуб Колас пра Янку Купалу.

1-ы вядучы.
«Жыві, мілы Колас,
Многа летаў, зімаў
З ясным сонцам побач
На зямлі радзімай», — пісаў Янка Купала пра Якуба Коласа.

2-і вядучы. Купала і Колас — не толькі цудоўныя паэты. Іх пяру падуладныя любыя віды і жанры літаратуры — паэзія, проза, драматургія. Многія нашы паэты лічаць сябе вучнямі Янкі Купалы і Якуба Коласа, выказваюць удзячнасць за іх паэтычнае слова, што натхняла на высокую паэзію.
1-ы вядучы.
«Мы з імі выходзілі заўжды ў дарогу,
А як акрыляла нас іхняе слова,
Што сказана простаю,
Матчынай мовай,
Мы з вамі адолелі буры і хвалі...
Купала і Колас, вы нас гадавалі!», — пісаў Пятрусь Броўка.

2-і вядучы. Жыццё і творчая дзейнасць слаўных сыноў беларускай зямлі для ўсіх нас — прыклад адданага служэння свайму народу, сваёй Радзіме.
1-ы вядучы.
Слова паэта — наша багацце,
Скарбніца, што засталася на шчасце.
I скарб гэты трэба ўсім захаваць,
Каб потым нашчадкам сваім перадаць.
2-і вядучы.
Штодзённымі клопатамі поўна людское жыццё.
Але, калі зварухнецца душа чалавека,
Толькі песня здолее спатоліць яе.
Шануйце ж песні свае!

1-ы вядучы. Беларуская паэзія нараджаецца з жыцця і адлюстроўвае яго ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці.
Выступленні паэтаў горада.
2-і вядучы.
Адкрываю, як свет, нанова
Беларускае, роднае слова,
Пералівістае — як праменьчык,
Вясёлкавае — як ручай.
1-ы вядучы.
Цёплае — як агеньчык
Добрых тваіх вачэй,
Светлае — як маланка,
Гнеўнае — як пярун,
Ціхае — як калыханка,
Вечнае — як Беларусь.

Песня «Свята дзяцінства» (муз. М. Сацуры, сл. Н. Гілевіча).
2-і вядучы.
Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае адвечныя законы
Не для забаў, не для гульбы -
А пошук ісціны да скону.
1-ы вядучы.
Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.
2-і вядучы.
Зямля бацькоў — цудоўная зямля.
Дае нам сілы чыстая крыніца.
Куды б мяне дарога ні вяла.
Табе хачу я нізка пакланіцца.
1-ы вядучы.
Хачу сардэчна пакланіцца
Палям Айчынным і лугам,
Напіцца з роднае крыніцы...
2-і вядучы.
Хачу пачуць спеў жаўруковы,
I гоман белавежскіх дрэў,
I гукі беларускай мовы,
I песні роднае напеў...

Песня «Айчына-Радзіма» (муз. В. Яўсеенка, сл. А. Барскага).
1-ы вядучы. Паэзія — невычэрпная крыніца духоўнага хараства. Гісторыя існавання чалавецтва, сацыяльнае і нацыянальнае адраджэнне, пераломныя гістарычныя моманты, мірная праца, сённяшні дзень, наш сучаснік — усё гэта знайшло сваё ўвасабленне ў паэтычных радках.
2-і вядучы.
Беларусь, мая старонка,
Голас чысты, голас звонкі,
Шум дубровы, звон крыніцы,
I дубы, нібы званіцы,
Я люблю цябе бясконца.
Ты і радасць, ты і сонца...
Дык квітней, мужней заўсёды
3 кожным днём і з кожным годам!

Песня «Радасная песенка» (муз. Д. Добрэва, сл. В. Яўсеенка).
Вучань 1.
Бацькоўская зямля, мая Радзіма!
Мае ўсе думкі звязаны з табой.
Гасцінны дом і песні на радзінах,
Край беларускі, вечна я з табой.
Вучань 2.
Я параўнаю з дзівасілам
Зямлю, што дадзена мне ў спадчыну.
Дзе па вясне дужэюць крылы,
Вяртае вырай мова матчына.
Вучань 3.
Магчыма, тым і ганаруся,
Што з нашай глебы прарасло.
I сонца вечнай Беларусі,
I мовы роднае святло.

Песня «Галасы. зямлі» (муз. Л. Захлеўнага, сл. У. Някляева).
1-ы вядучы.
Верны будзь слову.
Якім Купала,
Прарок народны,
Сэрцы ўзрушыў.
2-і вядучы.
Верны будзь слову,
Якое ўпала
3 матчыных вуснаў.
Як з неба ў душу.

1-ы вядучы. Свае першыя спробы ў беларускай паэзіі прадстаўляюць вучні Беларуска-славянскай гімназіі № 36 г. Гомеля.
Гучаць вершы вучняў гімназіі.
Песня «Беларусь» (муз. і сл. В. Яткоўскага ).

На гэтым свята беларускай паэзіі і музыкі заканчваецца. Дзякуй усім гасцям.


Яшчэ на гэту тэму:

Паклон вам, песняры!..     "Ён і сёння з намі, наш Купала"