сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. Р. ЕРМАКОВА, Т. П. НАВУМАВА, СШ № 13 г. Жлобіна. Пачатковая школа 9.2012

Кніг запаветныя старонкі

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Мэта: сістэматызаваць веды пра ўзнікненне кнігі, развіваць навыкі выразнага чытання, выхоўваць беражлівыя адносіны да кнігі, павагу да роднай мовы, мастацкі густ.
Папярэдняя праца: дзеці выбіраюць прыказкі і прымаўкі, змяшчаюць іх у самаробныя кніжачкі, рыхтуюць прэзентацыі дзіцячых кніг, вучаць вершы на памяць.

Ход мерапрыемства


Настаўнік. Вітаю вас, сябры! Сёння нас чакае падарожжа па Краіне мастацкага слова. Адгадайце, да каго мы завітаем: яе называюць крыніцай ведаў, ёй прысвечаны 2012 год.
Хто са мною пасябруе,
Той ужо не засумуе.
Языка хоць і не маю,
А пра ўсё распавядаю.
Дык што гэта?
Вучні (разам). Кніга.
Настаўнік. Наша свята называецца “Кніг запаветныя старонкі”. I галоўная дзеючая асоба на гэтым свяце — Яе Вялікасць Кніга.
Пад мелодыю песні “Спадчына ” (музыка I. Лучанка) вучні выносяць кнігі, выстаўляюць іх.
Настаўнік. Гэта героі нашага свята. Яны запрашаюць нас у падарожжа па сваіх старонках. А ці ведаеце вы, як да нас прыйшла кніга?
Вучань. На чым толькі не пісалі людзі даўней — на лістках дрэў, на бярозавай кары! А ў далёкай Афрыцы — на папірусе.
Вучаніца. А яшчэ пісалі на гліняных дошчачках — размочвалі іх і палачкай рабілі знакі.
Вучань. Таксама пісалі на скуры цялят, ягнят, казлянят. На адну кнігу ішло шмат скур.
Настаўнік. Шмат часу мінула, пакуль кніга стала такой, якой мы яе бачым. А хто першым на нашых землях стаў друкаваць кнігі?
Вучаніца. Францыск Скарына.
I было гэта вельмі даўно — аж 500 гадоў таму.
Настаўнік. Дзе можна сёння ўбачыць кнігі, якія надрукаваў Францыск Скарына?
Вучні (разам). У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Настаўнік паказвае фотаздымак бібліятэкі.
Вучань.
Стагоддзямі ззяе слава Скарыны, Птушкай яна абляцела краіны. Наш першадрукар пакінуў унукам Кнігі святыя дабра і навукі.
Вучаніца.
Цагліну да цагліны —
I будзе новы дом.
А літару да літары —
I слова мы складзём.
Радзіма. Мова. Мама.
Буквар. Кіно. Балет.
Вучы іх — і таксама
Адкрыеш дзіўны свет.

Вучань.
Я часта ў кнізе па лесе блукаю, Дзівосныя скарбы яго я збіраю: Зязюль кукаванне і песні драздоў, Грыбное маўчанне і звон раўчукоў,
I смутак сасновы, і пах чабаровы, Рабіны цяпло і бярозак святло.
Я самы шчаслівы, багаты. Вяртаюся з лесу дахаты.
Настаўнік. Дзівосныя скарбы сёння будзем збіраць і мы. Нам дапамогуць у гэтым кнігі.

Вучаніца.
Казка любіць небыліцы,
Хоць і праўды не баіцца.
Быццам птушка залатая,
Свет шырокі аблятае.
Настаўнік.
Чытайце казкі і ў дабро
Заўсёды, дзеці, верце!
Святлом і шчырасцю яны
Напоўняць нашы сэрцы.
Вучань.
Добрая прыказка
Як пры мяшку прывязка.
Вучаніца.
Хто прыказку скажа —
Мяшок вузлом завяжа.

Настаўнік. Запрашаем вучняў з кніжкамі-малышкамі.
Вучні паказваюць самаробныя кніжкі. 3 іх па чарзе зачытваюць прыказкі і прымаўкі, якія найбольш спадабаліся.

Настаўнік. Многія пісьменнікі прысвяцілі сваё жыццё працы з беларускім словам. Вось партрэты песняроў беларускай зямлі. (Паказвае партрэты пісьменнікаў.)
А ці добра ведаеце вы беларускія вершы? Я зачытаю ўрыўкі, а вы падкажаце мне апошнія словы.
— Коцік, коцік
Дзе ты быў?
— Я ўсю ноч
Мышэй... (лавіў).
Белыя бярозы
Спалі на ўзлеску,
А сваю галоўку
Узняла... (пралеска).
Мама-мыш купіла кніжку
Для сваёй дачушкі... (мышкі).
На пальчыках ходзіць Ірына.
Ёй хочацца стаць... (балерынай).

Настаўнік. Зараз мы пазнаёмімся з кнігамі беларускіх пісьменнікаў.

Прэзентацыя прачытаных кніг вучнямі.

1-шы вучань. Кніга Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык” пазнаёміць вас з цікавымі вершамі для дзяцей. ( Чытае на памяць верш “Хлопчык і лётчык".)
2-гі вучань. Я з задавальненнем прачытаў кнігу Уладзіміра Ліпскага “Я тут жыву”. Чытаеш яго апавяданні і нібы падарожнічаеш па Беларусі. Я ганаруся, што і пра наш раён будуць ведаць ва ўсёй краіне.
3-ці вучань. Пра жывёл Беларусі даведаецеся з кнігі Уладзіміра Ягоўдзіка “Ці вернецца князь Кук?”. Вам цікава, хто такі князь Кук? Яго шукае ў лесе зязюля. Таму і заве: “Ку-ку, ку-ку”.
Настаўнік. Дарога прывяла нас да ручайка.

Вучні чытаюць вершы па ролях.

— 3 чаго ты, ручаёчак,
Сярэбраны званочак?
— Я з кроплі дажджавой,
Што ад святла зіхоча.
— Куды ты, ручаёчак,
Сярэбраны званочак?
— Туды, дзе акіян
I дзень, і ноч плюскоча.
— Што любіш, ручаёчак,
Сярэбраны званочак?
— Каменьчыкі — на дне,
На беразе — пясочак.
Ю. Някрошус.

— Чаму ты, бярозачка, гэтак прыбралася?
У госці да клёна, напэўна, сабралася:
На кожнай галінцы вісяць завушніцы,
Сукенка — сама пазайздросціць царыца.
— Хто з добрай душою — жаданы мой госць,
Для іх мой убор і мая прыгажосць.

Настаўнік. Дзе можна набыць кнігі? (Дзеці адказваюць.)

Інсцэніроўка “У кнігарні”

Вучань.
Мы прыйшлі ў кнігарню з мамай,
На паліцах — безліч кніг!
Тоўстых, тонкіх — розных самых,
Цэлы свет у кнігах тых.
Вучаніца.
— Я куплю табе вось гэту.
Ды і гэту варта ўзяць.
Ты пра ўсе краіны свету
3 гэтых кніжак будзеш знаць.
Вучань.
— Ой, як добра! Дзякуй, мама!
Я пра іх чытаць люблю,
Толькі знаць хацеў таксама
Я пра нашую зямлю.
I яшчэ — за што, няйначай,
Буду ўдзячны я ўдвайне —
Ты купі на мове нашай,
Беларускай, кніжку мне.
То ж айчыны нашай мова,
Мова прадзедаў, бацькоў.
У той мове што ні слова —
Дыямент жывы вякоў.
К. Цвірка.

Настаўнік. Кніга — верны сябар. А да сяброў трэба ставіцца з павагай. Давайце ўспомнім правілы карыстання кнігай.
✓ Не бяры кнігу нямытымі рукамі.
✓ Не чытай кнігу, калі ясі.
✓ Не пішы і не малюй на яе старонках.
✓ Не кладзі ў кнігу аловак або ручку.
✓ Не вырывай з кнігі старонкі.

Вучань.
Вучаць кнігі Радзіму любіць
I сумленнымі, добрымі быць.
Вучаць кнігі старых шанаваць
І цудоўныя казкі казаць.
Вучаць мудрасці і чысціні —
І святлейшымі робяцца дні,
Зоркі-літары свецяць уначы
I ад ведаў нам дораць ключы.

Настаўнік. Цудоўнае свята кнігі ў нас атрымалася. Спадзяюся, што вы, дарагія вучні, будзеце чытаць кнігі кожны дзень!

У матэрыяле выкарыстаны ўрыўкі з вершаў А. Вольскага, В. Вярбы, I. Муравейкі, Н. Галіноўскай.


Яшчэ на гэту тэму:

Ты з кнігай дружы