сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера НАВУМІК, Валянціна НЕТКАЧАВА, Вера ШАМЯЦЮК. Роднае слова.

“Нам засталася спадчына...”

Па старонках любімых казак
Клуб вясёлых і знаходлівых

Мэты. Абагульніць веды вучняў пра вусную народную творчасць, увесці іх у непаўторны свет казачных герояў, абудзіць творчую фантазію, выхоўваць высокія мастацкія якасці.
Абсталяванне. Эмблемы для камандаў, плакаты з выказваннямі пра фальклор, казкі; грам- запіс песні “Спадчына”, выстава малюнкаў да казак, “ліст”, “телеграмы”, ручнікі.
ПЛАН ГУЛЬНІ
I. Уступнае слова настаўніка.
II. Конкурсы:
1. Прывітанне.
2. Размінка.
3. Найлепшы знаўца казак.
4. Конкурс капітанаў.
5. Пазнай казку (для гледачоў).
6. Хатняе заданне.
7. Шукаем гаспадара (для гледачоў).
8. Пазнай адрасанта.
IIІ. Падвядзенне вынікаў гульні.
IV. Заключнае слова настаўніка.

Уступнае слова настаўніка. Ён распавядае пра КВЗ, які праходзіць у рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры, зачытвае эпіграф:
Усіх гадуюць нас матчыны казкі,
Яны вучаць
Родную мову любіць,
На крылах юнацтва
Уздымацца пад хмары,
3 няпраўдай змагацца,
А з праўдай дружыць
І аб недасяжным
І сонечным марыць.

Максім Танк.

На сцэну выходзіць вядучы і паведамляе, што гутарка пойдзе пра казкі, выказвае спадзяванне на актыўны ўдзел у гульні аматараў і знаўцаў беларускіх казак, сярод якіх неабходна выявіць самых знаходлівых, кемлівых, смелых, вясёлых. Гледачам тлумачаць правілы гульні “Па старонках любімых казак”, што будзе праходзіць у форме КВЗ. У ёй прымаюць удзел дзве каманды. Але перш чым запрасіць іх на сцэну, вядучы распавядае пра ўмовы гульні.


1. У праграме прадугледжаны конкурсы як для камандаў, так і для іх заўзятараў*.
* Заўзятар - заўзяты аматар спартыўных спаборніцтваў.
2. Калі каманда не можа даць адказ на нейкае пытанне, яно перадаецца прыхільнікам гэтай каманды. Калі ж і яны не могуць даць адказ, пытанне адрасуецца камандзе-суперніцы.
3. Калі заўзятары даюць правільны адказ, балы налічваюцца камандзе.
4. Асобныя конкурсы прадугледжаны спецыяльна для гледачоў. Па іх выніках вызначаецца самы актыўны глядач, які атрымае ўзнагароду.

Заўзятараў просяць не перашкаджаць камандам, не падказваць ім, паКуль не папросяць.
На сцэну запрашаюцца каманды. Пакуль яны выходзяць, вядучы называе ўдзельнікаў гульні. Пасля прадстаўляе журы, паведамляе, што першы конкурс - “ПРЫВІТАННЕ” - ацэньваецца ў 3 балы.

Вядучы. Прывітанне каманды “Асілак”.
“Асілак” шчыра ўсіх вітае,
Удачы “Несцерку" жадае.
Кемлівасць і розум усім яго вядомы.
На перамогу цяжка спадзявацца.
Ды хлопец ён спагадлівы, вядома,
Мы думаем, не будзе зазнавацца.
Калі ж мы раптам пераможам,
То сябру мы заўжды паможам.

Вядучы. А зараз прывітанне каманды “Несцерка”.
У "Асілку" суперніка годнага бачым,
Але для сябе мы вось што зазначым:
Не заўжды толькі сіла перамагае,
Часта і розум з бяды. выручае.
Мы просім журы: “Не судзіце нас строга,
Бо цяжкай бывае да праўды дарога".
Жадаем мы ўсім добра павесяліцца,
Сябрам пераможаным — не вельмі журыцца.

Вядучы. Дзякую камандам. Наперадзе ў вас цікавыя спаборніцтвы. Жадаем поспехаў. Займіце, калі ласка, свае месцы за столікамі. А я перадаю слова журы.

Журы каментуе першы конкурс, падводзіць вынікі.

Вядучы. Наступны конкурс - “РАЗМІНКА”. Ён дапаможа выявіць, наколькі каманды падрыхтаваныя да гульні. За кожны правільны адказ каманда атрымае 1 бал. Па ілюстрацыях вы павінны назваць казкі.

Камандам паказваюць па 3 ілюстрацыі, напрыклад, да казак “Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі”, “Піліпка-сынок”, “Ганарыстая варона”, “Жаронцы”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Сынок з кулачок”.

Пасля размінкі каманды адказваюць на пытанні:
1. На якія групы падзяляюцца казкі?
2. Чаму яны вучаць нас?

Журы аб’вяшчае вынікі другога конкурсу.

Вядучы. Працягваем гульню. Наступны конкурс “НАЙЛЕПШЫ ЗНАЎЦА КАЗАК”. Паглядзім, як уважліва вы чытаеце казкі.

Вядучы па чарзе задае пытанні кожнай камандзе.

Успомніце назвы і эпізоды казак.
1. Што гаварыў Рымша, калі звяртаўся да пана, а потым лупцаваў яго?
“Пану навука”.
- Што гэта, пане, бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла.

2. Што шаптала бабка-шаптуха свайму пану?
“Шаптуха”.
- Сіголаў жыў, сіголаў не.

3. Як Баба Яга клікала Піліпку?
“ Піліпка-сынок”.
- Піліпка-сынок, плыві пад беражок, з’еш піражок.

4. Успомніце словы, з якімі звяртаўся дзед да хлопцаў-малайцоў, каб выклікаць іх з рога і схаваць назад?
"3 рога ўсяго многа”.
- 3 рога ўсяго многа! - Ох, усе ў рог!

5. Як Сцёпка характарызаваў панскага лёкая?
“Як Сцёпка з панам гаварыў”.
- Лоб нізкі, нос слізкі, от і відаць, што лізаў панскія міскі.

6. Што адказаў касец ваўку, калі вяртаўся
вечарам дамоў?
“Лёгкі хлеб”.
- З’есці то не з’еў, але пакаштаваў лёгкага хлеба.


Вядучы звяртаецца да журы. Журы абвяшчае вынікі конкурсу.

Вядучы. А цяпер вельмі адказны момант у нашай гульні - конкурс капітанаў. Мы праверым іх на кемлівасць. Здаўна вядома, што дзейсны сродак выхавання і праверкі кемлівасці - загадка. Бывала, што казачным героям прапаноўвалася адгадаць загадкі. Такое выпрабаванне падрыхтавалі і мы для нашых капітанаў.

Капітаны падыходзяць да вядучага. Ён паведамляе, што можна атрымаць 1 бал пры ўмове правільнага адказу. Настаўнік па чарзе загадвае загадкі капітанам.

1. Галавы не мае, шапку на назе трымае. (Грыб.)
2. Што за гаспадыня ходзіць каля гаю, Залатое футра па зямлі цягае? (Ліса.)
3. Навешаныя на дрот вісяць вуха і рот. (Тэлефон.)
4. Ён раскажа і пакажа, як жыве планета
наша.
А няма электратоку - ён без мовы і без зроку.
(Тэлевізар.)
5. У ваду садзіцца, а мокрае не бывае. (Сонца.)
6. Без рук, без ног, а па падлозе скача. (Мятла, мяч.)
7. Жалезны кулак, драўляная рука - не любіць цвіка. (Малаток.)
8. Нашу іх многа год, а ліку ім не маю. (Валасы.)
Вядучы. Капітаны справіліся з заданнем і могуць заняць свае месцы. Прашу журы абвясціць вынікі гэтага конкурсу.

Журы абвяшчае вынікі.
Вядучы паведамляе, што да наступнага конкурсу “XАТНЯЕ ЗАДАННЕ” каманды падрыхтавалі інсцэнізацыю беларускай народнай казкі. Пакуль каманды рыхтуюцца прадэманстраваць сваё акторскае майстэрства, праводзіцца конкурс “ПАЗНАЙ КАЗКУ” для заўзятараў.

Вядучы. Героям якіх казак належаць словы:
1. Апамятаўся хлопчык, пачаў брыкацца ў воўчым жываце, пачаў крычаць:
- Гэй, воўк, нясі мяне дахаты! (“Сынок з кулачок”.)
2. — Перадай дачцэ, каб яна да мяне не пехатою прыйшла, не на кані прыехала, не голая і не адзетая, і каб падарунак прынесла, а я каб не мог яго прыняць. ( Разумная дачка’’.)
3. - Іду я гэта па пекле, разглядаю, як там і што. Аж бачу — панаў бацька-нябожчык - худы, босы, абшарпаны - свіней пасе. (“Пан і казачнік”.)
4. — Жыццё, сынку, пражыць — не поле перайсці: усё можа здарыцца. Так я думаў, так і рабіў. (“Стары. бацька”.)
5. - Дык вось, каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль. (“Пшанічны каласок”.)
6. - Не, я заплаціў за вала гаспадару і еў як свайго. Таму я і пасыцеў. А ты як сядзеш за стол, дык страх адразу на шыю скок - і душыць. Праз гэта яна і худзее. Ад крадзенага, брат, не пасыцееш. (“Ад крадзенага не пасыцееш”.)

Журы вызначае пераможцу конкурсу, абвяшчае яго прозвішча, падводзіць вынікі гульні. Вядучы абвяшчае конкурс “Xатняе заданне”, за які каманда можа атрымаць 5 балаў. На сцэну запрашаецца каманда “Асілак”, паказвае казку “Шаптуха”.

На лаўцы сядзіць бабка.

Аўтар. Жыла ў адным сяльцы старэнькая бабка. Сяльцо было маленькае, хат з дзесяць. І на самым канцы стаяла бабчына хатка. Была яна старэнькая, як і сама бабка. Знайшоўся якісьці добры чалавек, нарабіў хатцы падпорак і абклаў яе прызбаю. Вось і стаіць яна, бо не ведае, у які бок паваліцца. Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца. Вядома, старому і ўлетку халодна. Калі ёсць што, то з’есць, а няма - і так абыдзецца.

Павольна выходзіць пан і падыходзіць да бабкі.

Ехаў аднаго разу праз тое сяльцо пан. Убачыў ён знаёмую бабку і здзівіўся:
Пан. Хіба ж ты яшчэ жывая?
Бабка. Жывая, паночку. Не ідзе смерць па мяне.
Пан. А колькі ж табе гадоў?
Бабка (уздыхае). Ды я сваім гадам і ліку не ведаю...
Пан (здзіўлена). А як жа ты жывеш?
Бабка. Якое маё жыццё. (Махае рукой.) Як так жыць, то лепей гніць: рабіць не магу, а дзеці і ўнукі ўсе даўно паўміралі. Адна я цяпер, як тая былінка ў полі. Няма каму і вады падаць. Ці не памог бы ты, паночку, старому чалавеку?
Пан. Чаму ж ты, старая, не шэпчаш ці не варожыш?
Бабка (паціскае плячыма). Не ўмею, панок.
Пан (сядае да бабкі). Дык я цябе навучу.
Бабка (ажыўлена). А навучы, галубе, навучы, каб і я дарэмна свет не займала.
Пан. Як паклічуць цябе да хворага, ты пахукай на яго тройчы і шапчы: “Сіголаў жыў, сіголаў не”. Пашапчы трохі, дай яму выпіць вады з бутэлечкі - ён і ачуняе. А не ачуняе (махае рукой), то сіголаў яго бяры.
Бабка і пан пакідаюць сцэну.
Аўтар. Падзякавала бабка пану і пачала шаптаць, як ён навучыў. Павалілі да тае бабкі людзі адусюль. Нясуць і вязуць ёй усякага дабра. Жыве бабка і паміраць не хоча. Тым часам паехаў пан на паляванне ды захварэў: села яму скула ў горле. Пан і да аднаго лекара, і да другога - ніхто не можа скулы тае вылечыць. А яна вось-вось задушыць яго.

Пан ляжыць з завязаным горлам. Жонка завіхаецца каля яго.

Жонка пана (згарнуўшы рукі на грудзях). Што ж нам рабіць? (Да пана.) Можа, давай
шаптуху паклічам?
Пан (спалохана). Не, не трэба!
Жонка. Але ж дактары табе не памаглі. Што ж будзе?
Пан (падумаўшы). Ну, добра, давай шаптуху.

Жонка прыводзіць шаптуху.

Бабка (хукае і шэпча). Сіголаў жыў, сіголаў не...
Аўтар. Слухаў, слухаў пан, а потым як зарагоча - дык скула ў горле і лопнула.
Пан (сеў да бабкі). І гэта ты ўсё так лечыш, як я цябе навучыў?
Бабка. Эге ж, панок, так і лячу.
Пан (здзіўлена). Ну, а як жа ты ўгадваеш?
Бабка. Ды як прыйдзецца.
Пан. Угадай жа, што я цяпер думаю?
Бабка (уважліва прыглядаецца). Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не?
Пан (засмяяўся). А няхай цябе, бабка, качкі стопчуць: як жа ты ўгадала?
Бабка. А гэта, пане, кожны ўгадае, хто цябе ведае...

Вядучы. Дзякуем камандзе “Асілак”. А зараз каманда “Несцерка” пакажа нам казку “Зам кай”, што ў перакладзе з польскай мовы абазначае “замыкай, зачыняй”. Калі ласка, “Несцерка”!

На сцэне пан і мужык. Ходзяць, бы нешта разглядаюць.

Аўтар. Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на кірмаш шукаць аўса. Ходзіць па кірмашы ды распытваецца, хто прадае авёс. Падышоў і да таго чалавека, якога ўчора дагнаў на дарозе. Людзей на кірмашы шмат, і пан яго не пазнаў.
Пан (падыходзіць да мужыка і спыняецца). Ці но чуваць тут аўса?
Мужык. Аўса?
Пан. Але, аўса.
Мужык. Пачакай, пане, зараз даведаемся. (Залазіць на "воз" і нюхае.) Не, пане, не чуваць.
Пан (прыглядаецца). Ці не ўчарашні ты?
Мужык (усміхаючыся). Бадай цябе, пане, качкі стапталі! Мне ўжо гадоў за сорак мінула, а ты кажаш - учарашні!
Пан (пачынае злаваць). Чый ты, мужык?
Мужык. Мар’янін.
Пан. А хто Мар’яна?
Мужык (з годнасцю). Жонка мая.
Пан (яшчэ больш злуецца). А хто ў вас старшы?
Мужык (хітравата). Ёсць у нас, пане, адна бабка, Даміцэля, дык ёй ужо гадоў за сотню мінула: яна за ўсіх старэйшая.
Пан (нецярпліва). Я не пра тое цябе пытаю! Каго вы слухаеце?
Мужык (разважліва). А то так бы і сказаў! Ёсць у нашай вёсцы хлопчык гадоў васьмі ці дзевяці. Ён як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць.
Пан (крычыць). Ды не! (Тупае.) Я пытаюся, каго ты баішся?
Мужык (спакойна). А-а... Ёсць у нашага Піліпа сучка паганая, дык мы ўсе яе баімся. Хто каля Піліпавага двара ідзе, палку нясе.
Пан (раззлаваўшыся). Вось жа бесталковы мужык! Я пытаюся, хто ў вас вышэй за ўсіх?
Мужык. А ёсць у нас, пане, мужык Аўдзей - ён за ўсіх вышэй.

Пан і мужык пакідаюць сцэну.

Аўтар. Бачыць пан, што з мужыком не згаварыцца, пачаў у другіх дапытвацца, чый гэта мужык, якога пана. Дапытаўся і паехаў да таго пана.

2-і пан сядзіць, да яго падыходзіць 1-ы пан.

1-ы пан. Твой мужык з мяне жартуе!
2-і пан. Цівун!

Уваходзіць цівун, кланяецца свайму пану.

Цівун. Што, пане?
2-і пан (загадвае). Пакліч мне таго мужыка!
Цівун. Слухаю, пане. (Кланяецца.)
Аўтар. Павёў цівун мужыка ў панскія пакоі. Мужык ішоў за цівуном і не зачыніў за сабою дзверы.

На сцэне з’яўляецца цівун, за ім мужык. Пан бачыць гэта.

2-і пан (крычыць). Мужык, замыкай!
Мужык. Му-у!
2-і пан (схапіўся за галаву). Ну, бачыш, ён і з мяне жартуе! Што нам з ім рабіць?
1-ы пан. Даць розаг!
2-і пан. Гэй, цівун, даць мужыку розаг!

Цівун выходзіць і вяртаецца з розгамі.

Мужык (падбягае да цівуна і бярэ ў яго розгі). Дзякуй вам, паночкі, за розгі: яны мне ў гаспадарцы спатрэбяцца.

Паны застылі ў здзіўленні.

Вядучы. Дзякуем за цікавую казку.

Чуецца стук.

Вядучы. Калі ласка, заходзьце!

Уваходзіць вучань у форме паштара.

Паштар (дастае з сумкі канверт з лістом). Добры дзень! На адрас вашай гульні прыйшоў ліст з “Бюро чароўных знаходак”.
Вядучы. Прачытайце нам яго, калі ласка!
Паштар (чытае). Дарагія сябры! Пішуць вам супрацоўнікі “Бюро чароўных знаходак”. Да нас трапіла шмат згубленых рэчаў. Гаспадары іх да гэтага часу не знайшліся. Таму мы вырашылі звярнуцца да вас па дапамогу. Спадзяемся, што па малюнках, якія мы вам даслалі, вы зможаце знайсці гаспадароў. Поспехаў вам!
Вядучы. Думаю, мы зможам дапамагчы работнікам “Бюро чароўных знаходак”. Давайце паглядзім, што тут намалявана.

Вядучы праводзіць конкурс “Шукаем гаспадара”. Ён паказвае малюнкі прыхільнікам камандаў, тыя называюць, каму належаць згубленыя рэчы.
На малюнках - сіняя світа з казкі “Сіняя світа налева пашыта”, пяро з казкі “Залаты птах”, каса з казкі “Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі”, хвасты з казкі “Чаму барсук і ліса ў норах жывуць”, рог з казкі “3 рога ўсяго многа”.

Паштар. А яшчэ ў мяне ёсць для вас тэлеграмы. Іх даслалі казачныя героі, але забыліся падпісацца. Я думаю, вы здагадаецеся, хто іх мог даслаць.
Вядучы. Я лічу, што нам трэба паклікаць на дапамогу каманды. Калі ласка, займіце свае месцы. Вам трэба пазнаць, хто з казачных герояў мог даслаць такія тэлеграмы. “П а з н а й а д р а с а н т а”- так называецца гэты конкурс. За кожны правільны адказ каманда атрымае 1 бал.
Паштар (чытае тэлеграмы па чарзе для кожнай каманды. Адпаведна падаюцца адказы).
1. Умею гаварыць з панам. Магу навучыць і вас. (Сцёпка з казкі “Як Сцёпка з панам гаварыў”.)
2. Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка - маладзец! (Певень з казкі “Як курачка пеўніка ратавала”.)
3. Простае яечка ўжо знесла. (Курачка Раба з аднайменнай казкі.)
4. Маю тры капейкі. Магу пазычыць. (Салдат Іванька з аднайменнай казкі.)
5. Спяваю не горш за паўночнага салаўя. Магу выступіць з сольным канцэртам. (Ганарыстая варона з аднайменнай казкі.)
6. Умею вельмі добра дзяліць гусей. Магу абмяняцца вопытам. (Мужык з казкі “Як мужык гусей дзяліў’’.)
7. Дзевяцігаловага Цмока і цара Хапуна перамог. Чакаю новых прыгод! (Хведар Набілкін з казкі “Хведар Набілкін і сапраўдныя асілкі".)
8. Калі ўцякаў ад Іванькі, згубіў тры пёркі. Дапамажыце іх адшукаць. (Залаты птах з аднайменнай казкі.)
Паштар. Дзякуй вам за дапамогу. Але мне трэба ісці, бо мяне чакае яшчэ шмат працы. Да пабачэння!
Вядучы. Да пабачэння! Прашу каманды выйсці на сцэну. Гэта быў наш апошні конкурс на сёння. Слова мае журы.

Журы абвяшчае вынікі гульні, называе каманду-пераможцу, а таксама самых актыўных заўзятараў.
Узнагароджанне камандаў і гледачоў.

Настаўнік. Дзякуем камандам за гульню, журы - за напружаную працу. Спадзяемся, што наш КВЗ атрымаўся цікавы і карысны. Вы яшчэ раз змаглі пераканацца, якія цудоўныя і павучальныя беларускія казкі. У іх сабраныя жыццёвы вопыт і мудрасць не аднаго пакалення, таму на развітанне мне хацелася б згадаць словы Ніла Гілевіча, адрасаваныя маладым чытачам:

Вам, маладым будаўнікам і творцам,
Каб меншыя цярпець няўдачы-страты,
У наш вучоны век я раю моцна:
Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!
Навукі мудрай - край там непачаты!
Таму й кажу вам: у жыцця на старце -
Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!
Старыя казачкі часцей чытайце!