сцэнарыі святаў на беларускай мове

Маргарыта Барысаўна ЯФІМАВА — літаратуразнаўца, крытык. Кандыдат філалагічных навук. Роднае слова 8. 2001

"Прыпаў сэрцам да зямлі сваёй..."

Літаратурна-музычная кампазіцыя да 150-годдзя Янкі Лучыны

Удзельнічаюць два вядучыя (дзяўчынка і юнак), чытальнікі, гурт вучняў-эрудытаў, пажаданы ўдзел вакальнага і танцавальнага калектываў.
Гучыць мелодыя песні "Спадчына" (словы Янкі Купалы, музыка Ігара Лучанка). Выходзяць вядучыя.

1-ы вядучы.
Янка Лучына!
Святло імя твайго
Вятры стагоддзяў не згасілі,
I стала сімвалам яно
Любові і адданасці Айчыне.
2-і вядучы. Так, таленавіты беларускі паэт-дэмакрат Янка Лучына любіў Беларусь. Змалку прыпаў сэрцам да зямлі сваей, любіў і тонка адчуваў прыгажосць беларускай прыроды, цікавіўся жыццём беларускай вёскі, народным побытам, традыцыямі, звычаямі, абрадамі.
1-ы вядучы. Прываблівалі Янку Лучыну песні, казкі, паданні беларускіх сялянаў, прыгожая, спеўная мова народа. Паэт разумеў яе вялікія мастацкія магчымасці, імкнуўся рэалізаваць іх у сваёй творчасці.
2-і вядучы. Ён быў адным з першых пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, прыклаў нямала намаганняў, каб сцвердзіць права бела­рускай мовы гучаць на роўных з мовамі іншых народаў.
1-ы вядучы. Паэт-дэмакрат Янка Лучына шчыра сімпатызаваў сялянам, паважаў іх за працавітасць, душэўную шчырасць, добразычлівасць. Спачуваў сялянам, бо бачыў, у якіх неспрыяльных умовах, у якой беднасці жыве працавіты араты, "у лапці абуты, у сярмяжную світку адзеты".
2-і вядучы. Янка Лучына перажываў разам з народам яго клопаты і гора, зліў свой голас з голасам і настроем сялянаў, якія настойліва шукалі лепшай, праўдзівай долі.
1-ы вядучы. Звернем увагу, як удала знойдзены паэтам гэты змястоўны эпітэт — праўдзівая... Праўдзівая доля. Але дзе шукаць яе? Як дачакацца тую долю?

Гучыць музыка.

1-ы вядучы.
Ой! Скажэце, скажэце,
Як жыць трэба на свеце?
Хмары скрылі сонца.
Вецер вые над нівай...
У каторай старонцы
Шукаць долі праўдзівай?
2-і вядучы. Так пісаў Янка Лучына ў вершы "За годам год". Тая самая думка пра будучыню, пра шчаслівую долю ўвасоблена ў вершы "Вясна". Тут вясна не толькі жаданая пара года, але і сімвал спрыяльных сацыяльных пераменаў, но­вай долі, якую так прагне, так чакае селянін. Але, хоць і наладзіў ужо гаспадар саху, і буслы прыляцелі, а вясны ўсё няма...

Гучыць музыка. Выходзяць 2 чытальнікі. Яны дэкламуюць верш "Вясна".

1-ы чытальнік.
Кажуць людзі: "Вясна!" — піша так каляндар.
Хто ж пазнае яе? — калі сыпле ўсё снег?
Дарма ладзіў саху на той час гаспадар.
2-і чытальнік.
Дый і бусел да нас прыляцеў як на смех.
Жураўлі ўжо лятуць з крыкам звонкім—ключом,
Кінуў вырай кулік, чайка недзе скігліць,
1-ы чытальнік.
А ўсё север як дуў, дзьме па полю па том,
Гул па лесе ідзе: "Яшчэ летку — не быць!"
2-і чытальнік.
Ой, ты доля мая! — так, як гэта вясна.
Да мяне ты не йдзеш, — хоць даўно бы пара!
3 горкай чаркі як піў, так і п'ю я да дна,
I не свеціць яшчэ у пацёмках зара.
1-ы чытальнік.
Адзавіся! — гдзе ты? — за табой я пайду
На край свету шукаць! — на якой ты мяжы?..
Адзавісь, зашчабеч салавейкам ў саду!
Яснай зоркай ўзгляні!
2-і чытальнік.
Дзе ты, доля, скажы!

Чытальнікі ідуць са сцэны.

1-ы вядучы. Вы адчулі меладычнасць, мяккасць гучання верша "Вясна". Напісаны ён у народна-песеннай традыцыі, вызначаецца лірызмам, багатай вобразнасцю, глыбінёй пачуццяў, веданнем побыту, мараў, рамантычных, свабода-любных парыванняў сялян. I сёння мы аддаём належнае і гуманістычнай скіраванасці верша, і яго мастацкай вартасці.
2-і вядучы. Цяжка паверыць, што напісаны гэты твор каля 120 гадоў таму. I напісаны паэтам, які нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у горадзе і паходзіў са старадаўняга дваранскага роду. Яшчэ ў час татара-мангольскага нашэсця за перамогу ў адной з бітваў далёкі продак Янкі Лучыны ў 1246 годзе атрымаў ад князя Конрада Мазавецкага Цехановіцкае графства ў Драгічанскай Зямлі.
1-ы вядучы. У гэтым графстве быў маёнтак Неслухі (Неслух), ад яго назвы і пайшло прозвішча Неслухоўскіх.
2-і вядучы. Дакументы сведчаць, што ў 1621 — 1808 гадах прозвішча Неслухоўскі мела дадатак Лучыўка і пісалася і гучала тады так: Лучыўка-Неслухоўскі. 3 часам дадатак Лучыўка адпаў, засталася толькі асноўная частка прозвішча.
1-ы вядучы. Аднак у родзе Неслухоўскіх захавалася памяць пра той дадатак Лучыўка. Сугучнасць слова Лучыўка з знаёмым і блізкім сялянству словам "лучына" падказала паэту Івану Неслухоўскаму прыгожы і змястоўны псеўданім — Лучына.
2-і вядучы. Лучына— выток, крыніца святла. А як слаўна паядналіся, гарманічна загучалі ў псеўданіме паэта словы "Янка" і "Лучына"! Прамаўляеш "Янка Лучына" — і міжволі прыгадваецца іншы, таксама па-народнаму мілагучны і багаты сімвалічным падтэкстам псеўданім Янка Купала!
1-ы вядучы. Дарэчы, як і Янка Купала, Янка Лучына нарадзіўся падчас Купалля — 6 ліпеня.

Гучыць мелодыя песні "Купалінка", пад яе на сцэну выходзяць дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях, некаторыя з іх яшчэ як бы даплятаюць свае вяночкі, потым спяваюць, вядуць карагод і, калі ідуць са сцэны, мелодыя "Купалінкі" гучыць больш прыцішана і нарэшце сціхае.

2-і вядучы. А зараз давайце думкамі перанясемся ў 1851 год, у тагачасны Мінск.
1-ы вядучы. 24чэрвеня (па новым стылі 6 ліпеня) 1851 года ў Мінску ў сям'і вядомага адваката, чалавека высокай культуры Люцыяна Юр'евіча Неслухоўскага нарадзіўся сын. Назвалі яго Іванам, а ў дзяцінстве клікалі цёпла і ласкава — Ясь, Ясік.
2-і вядучы. Нарадзіўся Ясь Неслухоўскі ва ўласным доме бацькі, нават вядомы дакладны адрас: Мінск, вул. Юр'еўская, дом № 23. Аднак не толькі дома, нават самой той вуліцы Юр'еўскай ужо даўно няма.
1-ы вядучы. Ёсць меркаванне, што дом адваката Люцыяна Неслухоўскага знаходзіўся там, дзе цяпер узвышаецца будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
2-і вядучы. А вось будынак былой класічнай гімназіі, якую ў 1870 годзе паспяхова закончыў Янка Неслухоўскі, захаваўся.

1-ы вядучы паказвае дыяпазітывы (слайды) гэтага будынка і некаторых іншых будынкаў і мясцін тагачаснага Мінска.

1-ы вядучы. А зараз...

Да вядучага падыходзіць вучань і перадае яму запіску з залы. Пажадана, каб іншыя вучні не ведалі, што гэта загадзя спланавана. Такая нечаканая дэталь кампазіцыі ўнясе пэўную "жывінку", актывізуе ўвагу вучняў.
1-ы вядучы бярэ запіску, разгортвае, да яго падыходзіць 2-і вядучы.

1-ы вядучы (чытае). Паважаныя вядучыя! Просім запрасіць на сцэну нашых эрудытаў (называецца клас, імя і прозвішча вучняў). Ім ёсць што расказаць пра Янку Лучыну. (Да 2-га вядучага). Запросім?
2-і вядучы. Запросім!

1-ы вядучы. Калі ласка, названых вучняў (разам з 2-м вядучым) запрашаем на сцэну.

Выходзяць 6-7 вучняў, садзяцца на крэслы, якія могуць адразу прынесці самі, ці вядучыя паставяць іх у той час, калі запрошаныя будуць яшчэ ісці да сцэны.

1-ы вядучы. Цяпер над значна больш!
2-і вядучы. I гаворка мусіць быць жывейшай, унясём цяпер і элементы гульні КВЗ. Хто пачне? Што зацікавіла вас у жыцці, творчасці, у асобе Янкі Лучыны?
1-ы вучань. Мне цікава было даведацца, што Янка Лучына, а ён быў тады яшчэ проста Янка, Ян Неслухоўскі, меў выключныя матэматычныя здольнасці. Нават лепш сказаць, талент матэматыка, таму пасля заканчэння гімназіі ён паступіў на матэматычны факультэт Пёцярбургскага універсітэта. Аднак матэматыкам не стаў. Больш вабіла яго, больш адпавядала яго характару і інтарэсам спецыяльнасць інжынера-чыгуначніка, і ўжо ў 1871 годзе Янка Лучына стаў студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Пасля паспяховага заканчэння ён быў накіраваны ў Закаўказзе. Служыў на чыгуначных складах у Тыфлісе. Не мог Янка Лучына не аддаць належнае велічнай прыродзе Каўказа, пра што сведчыць сама назва верша "Пышны малюнак", але думкі паэта імкнуліся да Беларусі. Не засціла вобраза роднага краю раскоша чужыны.

2-і вучань (чытае ўрывак з верша "Пышны малюнак").
Ды чаму няўцешна зроку,
ІІІто раскошы той кранецца?
Думкі дзесь лятуць далёка...
Ды мацней не б'ецца сэрца!
Бачу горны шчыт, цясніны,
Ды чаму ў край іншы, мілы
Думка мчыцца да хаціны
Той, замшэлай і пахілай?
...Там шумяць, шапочуць дрэвы,
Звонка хор спявае пташшы.
Там якіясь свае спевы,
Свае спевы, думкі нашы...
1-ы вядучы. "Пышны малюнак" быў напісаны на польскай мове, тут прагучаў урывак з гэтага верша, які на беларускую мову пераклаў паэт Мікола Арочка.
3-і вучань. А дэбютаваў у друку Янка Лучына вершам "Не ради славы иль расчета". Твор гэ­ты быў змешчаны ў 1886 годзе ў першым нумары газеты "Минский листок". Пад ім нават не стая­ла прозвішча аўтара, бо верш адрасаваўся чытачам як быццам ад імя выдаўцоў і заказаны быў імі. Між тым у вершы Янка Лучына выказаў уласныя думкі наконт мэты друкаванага слова, падкрэсліў яго высокае грамадзянскае прызначэнне: "Служить стране глухой, забитой, где мрак невежества царит ".
2-і вядучы. Другім надрукаваным творам
Янкі Лучыны быў верш "Раскоша натхнення",
які з'явіўся таксама ў 1886 годзе, але ў польскім выданні і быў напісаны па-польску, ды зместам і пафасам сваім верш "Раскоша натхнення" паяднаны з роднай старонкай, да яе звяртаецца аўтар з усхваляванымі словамі прызнання: "Люблю цябе, край мой, Радзіма         ,
1-ы вядучы. Янка Лучына добра ведаў бела­рускую мову. Яшчэ ў час навучання ў гімназіі ён захапіўся фалькларыстыкай, з вуснаў сялян запісваў фальклорныя творы розных жанраў і ужо тады дасылаў свае запісы, вядомаму рускаму фалькларысту Паўлу Васілевічу Шэйну. Адзін з тэкстаў Шэйн уключыў у сваю фундаментальную працу.
4-ы вучань. Гэта была добра вядомая і цяперашнім малым дзецям беларуская народная песня-забаўлянка, песня-гульня, казка "Сіўка-варонка". 

- Сіўка-варонка,
Куды паляцела?
- На Іванкаў двор.
- Што Іванько робіць?
- Косу клепча.
- Нашто гэта коса?
- Сенко касіць.
- Нашто гэта сенко?
- Кароўкі карміць...
А пад тэкстам чытаем: "Записано учеником VI класса Минской гимназии Неслуховским".

1-ы вядучы. Янка Лучына запісваў і дасылаў П. Шэйну фальклорныя творы і ў сталыя гады. Ён выкарыстоўваў беларускія прыказкі, прымаўкі, трапныя народныя выслоўі ў сваёй паэзіі і, безумоўна, у сваёй вуснай мове, але пісаць на беларускай мове пачаў пасля адной падзеі, якая зрабіла на яго найвялікшае ўражанне.

Ціха гучыць украінская народная песня — можна і ў магнітафонным запісе.

Хто з вас ведае, якая падзея маецца на ўвазе?
3-і вучань. Гэта сустрэча Янкі Лучыны ў 1887 годзе з украінскімі артыстамі, якія прыехалі на гастролі ў Мінск. "Іх выступленне, — зазначыў тады Янка Лучына, — дало прыклад нацыянальнага самавызначэння". Беларускі паэт быў узрушаны, зачараваны майстэрствам братоў-украінцаў, узрадаваны тым, што яны гожа і з гонарам вынеслі на паказ усяму свету "сваю" гутарку вясковую — мову "святую", "хвацкія песні народныя" і ўзвысілі "праўду светлую, праўду новую".
2-і вучань. Гэтыя словы і пачуццё шчырай удзячнасці, прыўзнята-ўрачысты настрой, абуджаны верай, што і беларусам такое па сілах, увасоблены ў вершы Янкі Лучыны "Усёй трупе дабрадзея Старыцкага* беларускае слова".
Пісаўся верш як слова вітання-ўдзячнасці, з якім Янка Лучына павінен быў выступіць перад украінскімі артыстамі. Сэрцам адчуў паэт, што гэтае вітальнае слова павінна прагучаць на мове яго народа. I ён напісаў і натхнёна прачытаў яго па-беларуску.

Выходзіць чытальнік. Гучыць народная музыка (лепш за ўсё цымбалы).

Чытальнік. "Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова”.

* М. Старыцкі — украінскі пісьменнік, рэжысёр, грамадска-культурны дзеяч. — Заўвага аўтара.

Дзякую Вам, брацікі, сястрыцы родныя!
За Вашы хвацкія песні народныя.
За тую гутарку Вашу вясковую,
За праўду светлую, за праўду новую!

Даўно мы не чулі братняга голасу,
I ніва наша колас па коласу
Ветрам развеяна, градам разбітая;
Стаіць бяздольная, богам забытая...

Ці то над Нёманам, ці то над Шчараю,
Ці над Дняпроўскай затокай стараю —
Ўсюды падобныя, ўсюды знаёмыя
Сказкі і песні, ветрам нясомыя.

Ўсюды сустрэнуць з хлебам і соллю,
I з добрым словам, і са слязамі
Песню святую, пісану боллю.
Ўсюды ахвотна пойдуць за Вамі.

Братцы, сястрыцы! — праўды нясыта
Маці-Зямліца! Ой! не забыта
Роднага слова святая сіла!..
Ёю гаворыць усюды — магіла!

Яе ж паслышыць наша старонка!
Спявайце ж, Братцы, смела і звонка:
Не згіне песня і Украіна!
Будзьце здаровы!
Янка Лучына.

 2-і вядучы. Вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Мархель адзначыў у свой час, што, каб выступіць тады на беларускай мове, патрэбная была адвага. А Янка Лучына насуперак неспрыяльным абставінам пісаў па-беларуску. Беларус­кае слова ажыло, загаварыла, шматколерна заззяла ў яго творах. На беларускай мове напісаў ён і гулліва-прыязнае сяброўскае вершаванае вітанне "Дабрадзею артысту Манько".
4-ы вучань. Ні адзін, ні другі верш Лучына не змог апублікаваць. 3 ліку яго беларускамоўных твораў першым у 1889 годзе быў надрукаваны верш "Вясенняй парой" выразна сацыяльнага, антыпанскага гучання. Апублікаваць вершы, тым больш беларускія, было складана. Янка Лучына моцна пакутаваў, перажываў з-за гэтага.
1-ы вядучы. Падоўгу маўчаў. "Без мэты — дакладней без надзеі на публікацыю, — пісаў ён Мітрафану Доўнар-Запольскаму, — мая і без таго кульгавая муза маўчыць, зубы сцяўшы". Але многія беларускамоўныя вершы Янкі Лучыны распаўсюджваліся ў рукапісах, карысталіся папулярнасцю, абуджалі цікавасць да беларускага слова, жаданне пісаць па-беларуску.
2-і вядучы. Якуб Колас, напрыклад, пісаў, што яшчэ да паступлення ў настаўніцкую семінарыю ён пазнаёміўся ў рукапісах з творамі Янкі Лучыны і пад уражаннем ад іх спрабаваў пісаць па-беларуску. Адзін вершык, — зазначыў ён, — выпадкова трапіў у рукі настаўніка Кудрынскага. Прачытаўшы яго, ён сказаў мне: "Вось Ваша сапраўдная дарога". 3 таго часу я пачаў часцей зварачацца да пісання па-беларуску.
1-ы вядучы. Несумненна, Янка Лучына зрабіў адчувальны ўплыў на ўзвышэнне аўтарытэту, на працэс узбагачэння і развіцця беларускай мовы. Гэта быў вельмі патрабавальны да сябе, выключна сціплы мастак, які клапаціўся пра тое, каб вершы краналі сэрцы людзей, былі ім патрэбныя ("прыгодныя", як пісаў Янка Лучына).
2-і вучань. Думкі гэтыя па-мастацку выка­заны ім у вершы "Пагудка". Паслухаем яго.

Гучыць музыка. Выходзіць чытальнік, удумна, нетаропка дэкламуе гэты верш.

Чытальнік.
3 песенькамі, чытацелі, нясмела прад вамі
3 добрай волі станаўлюся... Жартамі, слязамі
Складалася яно тое, што тут на паперы,
Пісалася у час думкі і у добрай веры.
Чы забавы з гэтых песень хоць бы крышку будзе?..
Няхай судзяць братні людзі ды й на братнім судзе.
Назбіралась вязаначка на дар маёй браці
Сярэдзь нашых палей, лясоў, сярэдзь сенажаці.
Не для зыску збіраліся і не дзеля хвалы.
Так—папросту, як збіраем зелле ў дзень Купалы,
Не завадзіць па мазолі мінутка вяселля.
Я стараўся асцерачысь паганага зелля,
А чы гэта удалося?.. чы то зелле знаю?
Чы прыгодзен дар малы братам у родным краю?..
Думкі гэты мучаць душу у вашага брата,
Калі вінен — выбачайце!..
Чым хата багата!..

1-ы вядучы. Па-мастацку выказана ў гэтым вершы думка пра грамадзянскае прызначэнне паэзіі, пра цесную сувязь яе з роднай зямлёй. Выразна вызначыліся тут характэрныя асаблівасці асобы аўтара, яго духоўнасць, творчы неспакой, клопат пра тое, каб, складаючы вершы (песні), ні ў чым не схібіць, каб не трапіла раптам у яго паэзію "паганае зелле".
2-і вядучы. Нездарма Максім Багдановіч пісаў пра Лучыну: "...Паміж твораў Неслухоўскага няма пісьменніцкіх выкідышаў, каторыя так нярэдкі цяпер. Талент яго ўстаў перад чытачамі ва ўвесь свой рост!". Так ацаніў Янку Лучыну як паэта Максім Багдановіч тады (артыкул быў напісаны ў 1910 годзе), калі яшчэ не была сабрана і вывучана творчая спадчына Янкі Лучыны.
4-ы вучань. Таму і гаварыў ён пра маленькую літаратурную спадчыну — толькі тузін вершаў — Неслухоўскага, бо меў на ўвазе сапраўды маленькую па аб'ёме кнігу Янкі Лучыны "Вязан­ка". Выдадзена яна была ў Пецярбургу ў 1903 го­дзе. Каб "Вязанка" ўбачыла свет, паэту давялося схлусіць, бо на "правінцыяльнай" мове (так зняважліва называлі тады беларускую) кніжкі выдаваць забаранялася. Выйшла "Вязанка" як нібыта кніжка балгарскіх апавяданняў.
5-ы вучань. Сапраўдная творчая спадчына Янкі Лучыны, рупліва сабраная даследчыкамі, вучонымі Беларусі, багатая, хоць не ўсё яшчэ ўдалося знайсці. А тое, што сабрана, амаль поўнасцю ўвайшло ў кнігу "Янка Лучына" (укладанне, прадмова і каментар Уладзіміра Мархеля; Мн., 1988).
1-ы вучань. Аказалася, што працаваў Янка Лучына ў розных жанрах: апрача вершаў, пісаў паэмы, драматычныя сцэнкі, ёсць у яго пераклады і наследаванні, нарысы. Сярод раней невядомых твораў Янкі Лучыны — яго паэма "Паляўнічыя акварэлькі з Палесся", якая вельмі высока ацэнена даследчыкамі. У ёй, як адзначае літаратуразнаўца Уладзімір Мархель, адчуваецца водгук рамантычнага настрою паэта, у гэтым творы выявіўся талент Лучыны-псіхолага. Паэма цікавая пільнай увагай да духоўнага жыцця беларускага сялянства. Тут створана "эпічная постаць беларускага лесніка. Па маштабе і ўзроўні мастацкага абагульнення роўных яму, — падкрэсліў Уладзімір Мархель, — няма ні ў беларускай, ні ў іншамоўнай літаратуры другой паловы XIX стагоддзя".
1-ы вядучы. А зараз паслухаем вершы Янкі Лучыны — арыгінальныя і ў перастварэннях, якія сплецены ў паэтычны вянок пад агульнай назвай "О песня мая ты, простая песня!". У гэтую паэтычную нізку ўвайшлі ўрыўкі з твораў "Калыханка", "Рунь", "Не я пяю — народ Божы", "Мерці не хачу я...", "Змрочныя думкі", "Раскоша натхнення", а таксама лірычныя адступленні з польскамоўнай паэмы "Паляўнічыя акварэлькі з Палесся" (пераклаў Генадзь Тумаш).

Гучыць мелодыя песні-калыханкі. Выходзіць чытальнік (дзяўчына).

Чытальнік.
Спі, малы сакол.
Свет увесь заціх,
Лічыць хай анёл
Бег хвілін тваіх.

Ночка на парог,
Ззяе зорак рой.
Спі! Хай моцны Бог
Сон бароніць твой!

Наплывае змрок,
Цішу светла шле...
Ды матулін зрок
Бачыць і у мгле.

Матчына далонь
Гладзіць цёплы лён.
Спі!.. ціхутка ў скронь
Дыхае твой сон...

Спі, малы сынок,
Прыйдзе сон яшчэ!
Золатам уток
Нітка чараў тчэ.

Светлы век міне,
Не прысняцца сны.
У жыцця млыне
Змелеш шмат маны.

Маладосць мільгне,
Сцісне золлю свет
У чароўным сне
Выбуялы цвет.

Спі!.. Жьшцёвы гнеў
Знішчыць мар загон.
Хай жа матчын спеў
Лашчыць светлы сон.
Калыханка.

Мелодыя калыханкі змяняецца іншай. На сцэну выходзяць усе чытальнікі. Колькасць іх вызначаецца тымі, хто рыхтуе вечарыну. У нашым сцэнары тэкст разлічаны на 8 чытальнікаў.

1-ы чытальнік.
О песня мая ты, простая песня!
Дзіця роднай вёскі з-пад берага Нёмна,
Калі ты са мною, аточыць балесна
Радасць таемная, сум задумёны.
Сыдзе агонь на душу і цела,
Стануць пачуцці, як жар раздзьмуханы,
Д думкі так скора, як пругкія стрэлы,
Адна за адною лятуць несціхана.
І гэтых пачуццяў і думак навалу
2-і чытальнік.
Нат сівер чужы замарозіць не можа:
Рвуся да пекнасці, да ідэалу,
Агніста люблю ўсё людское, о Божа!
Люблю цябе, край мой, радзіма,
Лясныя пагоркі і луг зялёны.
Хвалі, што Нёман у гневе уздыме,
Зоркі ў небе распрамянёным.
3-і чытальнік.
Люблю вас, ціхія сосны пагосту.
Крыж пры дарозе стары, пахілы,
Дары у ахвярнае з аздобай простай.
Люблю цябе, люд мой, убогі браце,
I думкі твае, невясёлыя мары.
Мне дорагі хмурныя вашы пастаці
3 глыбокай барознай трывог на твары...
Раскоша натхнення.

4-ы чытальнік.
I ў цішы, і ў гудзе
На поўныя грудзі
Любі ўсё ў Айчыне:
I кветку ў даліне,
I поле, і збожжа,
Пагоркаў падножжа,
Гаі, лесасекі,
Азёры і рэкі
Любі і паслухай...

Музыка сціхае.

5-ы чытальнік.
Не я пяю — народ Божы
Даў мне ў песні лад прыгожы,
Бо на сэрцы маю путы
I з народам імі скуты.

3 ім я зліўся з добрай волі,
Чы то ў долі, чы ў нядолі,
Чы гдзе гора абзавецца,
Як асіна, грудзь трасецца.
Чы пра радасць чую весці,
Усё ў грудзь хаваю гдзесьці.

Мне гаворыць вёска, хата,
Мне гаворыць сэрца брата,
Рад збіраю, што пачую,
У грудзі сваёй нашу я,
Аж, як траўка на кургане,
Яно ўзыйдзе — песняй стане.
Не я пяю — народ Божы.

Гучыць музыка, пасля невялікай паўзы чытанне працягваецца.

6-ы чытальнік.
Прыгожы, некрануты край перада мною,
Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю,
Дзе хвой выносістых завершаны стажок,
Як галаву, траха пасерабрыў сняжок,
А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты,
3 разлогаю сукоў магутных, вузлаватых.
Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой,
Каб таямніцы ў глыбіні схаваць лясной.
7-ы чытальнік.
Ціхота... толькі дзятла стук заўзяты, бойкі,
Ці крыкне папялістая ў спалоху сойка,
Ці свіст арэхаўкі, аўсянкі цвірк чуваць,
Ці піск гілёў, што чырванню зімой гараць.
Паляўнічыя акварэлькі з Палесся.

Невялікая музычная паўза.

8-ы чытальнік.
Ледзь сонца дыск заззяў — і ажыла краса,
I заіскрылася вясёлкаю раса,
Мох шэры стаў, хваёвыя галіны ўранні
Як золатам абліты, ў дыяменты убраны.
Йшоў Грышка й пацеры згаворваў:
— Бацька наш...
Святая Маці... Веру... — мармытаў усцяж...
I заспяваў напрыканцы да Маці Божай,
Узрушыўшы мяне прадаўняй песняй гожай,
Ганараваннем Уладаркі Прасвятой,
Хвалою, што ляцела з пусташы зямной,
Прыпадабненнем трапным Панны да заранкі,
Якая дзень папераджае, час світанку.
Паляўнічыя акварэлькі з Палесся.

Невялікая музычная паўза, далей таксама на фоне музыкі чытаецца тэкст.

1-ы чытальнік.
Месячык блакітам
Праплывае, стыне,
Шнур кусціцца жытам
Сцішана ў даліне.

I калыша збожжа
Вецер, нібы хваля,
I, здаецца, гожа
Збожжа сябе хваліць...
3-і чытальнік.
"Вырасла з зямліцы,
3 маткі глебы ворнай
Коласам маліцца,
Жыць красою зорнай.

I мая спагада
Ходзіць над лясамі —
Хмарка шчыра рада
Напаіць слязамі.

Сонца мне за голас
Золатам заплоціць —
Перш зяленіць кол ас,
А пасля залоціць.

5-ы чытальнік.
Колас закрасуе,
Ветрык не гуляе,
Цэлы дзень працуе,
Кветкі апыляе.

Гляне плён багаты
Смела і вясёла,
Зерні-вачаняты
Схіляць колас долу".
Рунь.

7-ы чытальнік.
О, песня мая! Прасветліна свята!
Любоўю маёй сягоння жывеш ты!
I сэрца дрыжыць струною напятай,
А ты застаешся бязгучнаю зрэшты...

Ты, песня, — спараджэнне сэрца!
Цябе чакаю са слязой нярэдка:
Тужліва без цябе на божым свеце!
Што свет калеку?..

Чаму ж, чаму не ведаў я зарана,
Што будзеш, песня, лесам маім потым,
Што паўставаць табе наканавана
3 мае істоты?

8-ы чытальнік.
Сабраў бы мо ў сабе я болей сілы,
Мацнейшым дзелам здолеў бы трымацца?
I сёння лепей бы мяне жывіла
Бадзёрасць працы?

Цяпер я інструмент слабы і кволы,
Хілюся, зломаны, пад крыжам мукі,
3 грудзей пакутных не ўзляцяць вясёла
Жывыя гукі...

Вось хіба толькі мне ў памкненні шчырым
Зайграе любасць да зямлі радзіннай.
Гучыць яна, калі крануся ліры,
У песні дзіўнай.

2-і чытальнік.
За гэту любасць, што ў грудзях сягоння,
О мацерка-зямля, ты мне як сыну
Даруй па немінуча хуткім сконе
Мае правіны.
Змрочныя думкі.

Самотна-задуменная мелодыя змяняецца імклівай, энергічнай, бадзёрай.

3 вясновым дыханнем ажылы
Свет разнамаісціцца хмуры.
Збудзіліся сэрца і сілы,
Ачнуліся грудзі для буры.

3-і чытальнік.
Усё маладое душою
Адмытае радасным раннем,
Спяшае да росту, да бою
3 бадзёрым вясновым дыханием.

Усё, што чакае збавення,
Грыміць ланцугамі з адхланнем,
Парваць хоча мулкія звенні
3 жывучым вясновым дыханнем.
Вясна.

Наперад выходзіць адзін з чытальнікаў.

5-ы чытальнік.
Чую, што ў душы агонь палае божы,
Песнямі, што ў ёй звіняць, замілаваны,
Песні нашых вёсак мне надзею множаць...
Мерці не хачу я ў век незвекаваны.
Мерці не хачу я...

Пасля паўзы.

Усе чытальнікі. Любім цябе, край наш, Радзіма!

Чытальнікі, да якіх далучаюцца харавы ансамбль і ўсе іншыя ўдзельнікі, спяваюць песню, танцавальная група на апошнім куплеце песні вядзе карагод, становіцца на сцэне ў першы рад, адна з удзельніц гэтай групы прамаўляе:

Янка Лучына!
Светлае імя тваё
Вятры стагоддзяў
Не згасілі.
I стала сімвалам яно
Любові і адданасці
Айчыне!

2-і вядучы. Паэму "Паляўнічыя акварэлькі з Палесся" ставяць у адзін шэраг з такімі выдатнымі творамі, як "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага, "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча, што прадвызначылі з'яўленне энцыклапедыі беларускага жыцця — "Новай зямлі" Якуба Коласа.
1-ы вучань. Янка Лучына пісаў на трох мовах— беларускай, польскай, рускай. Таленавіты беларускі паэт быў нястомным працаўніком і жыццялюбам.
2-і вучань. Ён сапраўды пражыў суровае і прыгожае жыццё, якое ўскладнялася і тым, што зусім малады ён быў паралізаваны. Здарылася гэта нечакана ў час прыезду Янкі Лучыны з Тыфліса ў Мінск. У той момант, калі ён выходзіў пасля канцэрта на вуліцу. Пасля шмат гадоў яму давялося хадзіць, абапіраючыся на два кіі...
1-ы вядучы. Але ён не адмовіўся ад сваіх звычак і захапленняў, ад паездак у вёску, дзе з малых гадоў адчуваў сябе як сярод сяброў. А сяброў сярод сялян было ў яго шмат. Не адмовіўся ад рыбалкі, па-ранейшаму хадзіў на паляванне.
2-і вядучы. Янка Лучына любіў людзей, свой народ, родную старонку, верыў у будучыню Беларусь

Гучыць ціхая музыка.
Музыка гучыць мацней. Пасля паўзы.

1-ы вядучы. Закончым нашу сустрэчу ў гонар 150-годдзя Янкі Лучыны словамі Адама Мальдзіса.

Гучыць мелодыя песні "Спадчына".

2-і вядучы. "Сёння мы маем усе падставы гаварыць пра гераізм Лучыны, яго высокую грамадзянскасць, палымяны патрыятызм. Такім ён застаўся ў памяці нашчадкаў.
1-ы вядучы. Памяць пра цябе шануе народ!"