сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена МАСКЕВІЧ, педагог. Роднае слова Красавік 2012 г.

"Святы Юр’я, устань рана!"

Сцэнарый тэатралізаванага прадстаўлення

Дзейныя асобы: Святы Юр’я, Вясна, Гаспадар, Юрка - сусед, дзяўчаты, хлопцы, Лявон - пастух.

Двор. Выходзіць гаспадар.

Гаспадар. Як хораша кругом, а паветра якое, ажно галаву кружыць!
Сусед. Добрай раніцы, дзядзька! Са святам вас, з вясною!
Гаспадар. Дзякуй, хлопча, за віншаванні, але мяне з адным святам, а цябе, Юрка, з двайным.
Сусед. I вам дзякуй, ледзь не забыўся, што гэты дзень - мае імяніны. Нешта ж пастуха доўга няма. Пайду, дапамагу маці, пастаю каля кароў, каб не збеглі.
Гаспадар. Ды і я з табою. А вунь і пастух.
Пастух, ідучы па вуліцы, гучна выкрыквае.

Пастух.
Сам святы Юрый
На кані едзе,
У трубу іграе,
Кароў выганяе.
Выганяй, гаспадар, кароўку
Ды на першую радоўку,
Каб пад сонцам сагрэлася,
Каб травіцы наелася.

Гаспадар (вітаецца з пастухом). Мая кароўка ўжо на вуліцы. А ты, Лявон, малайчына, што не забыўся на прыказкі, якія даўней казалі, калі ў дзеда ў падпасках бегаў.
Пастух. Дзед Мікіта вельмі ж спраўны быў на розныя прымаўкі ды прыказкі. А пугі якія былі,
з кутасамі на канцы, "стралялі", як з ружжа! Ну, добра, я пайшоў, няма калі стаяць.
Гаспадар. Пачакай, Лявонка, нешта скажу. Па старым звычаі, як рабілі продкі нашы, так і я на кажух поўсцю ўверх паклаў яйка з хлебам і соллю...
Пастух (зацікаўлена). Пераступіла ці абышла кароўка?
Гаспадар. Абышла, разумная. I няхай гэта будзе добрай прыкметай для жывёлы ўсіх гаспадароў. А цяпер шчасліва, Лявонка, з Богам.
Разыходзяцца.
Сусед (гукае). Дзядзька Іван, дзе вы?
Гаспадар. Я тут, у двары. Сусед. Прыходзьце бліжэй да абеду з цёткай Верай на свята. Будзем Юр’я гукаць.
Гаспадар. Дзякуй. Малайцы, што звычаяў не забываеце, прыйдзем абавязкова.
Разыходзяцца.
3-за бярозак выходзіць прыгожа апранутая дзяўчына з вянком з палявых кветак на галаве. Гэта Вясна.


Вясна. Добрага дня, шчасця, радасці, здароўя усім добрым людзям! (Кланяецца.) А дзе ж гэта сябры мае маладыя падзеліся? Тыя, што мяне гукалі, вяснянкі спявалі?
Да Вясны з усіх бакоў збягаюцца хлопцы і дзяўчаты.
Дзяўчына. Дзякуй, Вясна, што на свята да нас прыйшла.
Вясна. Мне так спадабаліся вашы песні, танцы, што я хацела б паслухаць іх яшчэ раз, дый патанцаваць разам з вамі. Калі ласка, музыкі, зайграйце нам вясёлую "Лявоніху".
Усе танцуюць.
Дзяўчына. А цяпер, паважаныя, наша дзявочая, веснавая.
Дзяўчаты спяваюць і водзяць карагод.
1-я дзяўчына.
Ой, казала маці
Кісель памяшаці,
Я не мяшала,
Я ўсё гуляла.
Ой, лёлі, лёлі,
Я ўсё гуляла,
2-я дзяўчына.
Ключы пагубіла,
Мяне маці біла.
Шукала наўкола,
Ножкі калола.
Ой, лёлі, лёлі,
Ножкі калола.
3-я дзяўчына.
Там напаткала,
Дзе я скакала,
Ключыкі-замчыкі,
Мілыя танчыкі.
Ой, лёлі, лёлі,
Мілыя танчыкі.

Вясна. Дзякуй, паважаныя, добра ўмееце і танцаваць, і спяваць. Але сёння не толькі мае свята, яшчэ і Юр’я веснавога. Каб ён прыехаў да нас на белым кані, трэба яго пагукаць. Давайце ўсе разам пагукаем, паўтарайце за мной!
Усе (разам).
Святы Юрый, Божы пасол,
Да Бога пайшоў,
Ды ўзяў ключы залатыя
Адамкнуць кладоўкі зямныя.
Адчыніў зямлю сырусеньку,
Пусціў расу цяплюсеньку
На ўвесь свет, на ўвесь свет!

З’яўляецца Юрый на белым кані, у белым строй На поясе вісяць залатыя ключы. Ён трубіць у пастухоўскі рог.
Хлопцы (разам).
Святы Юрый, дзе бываў,
Што ты бачыў-назіраў?
Юрый.
Я па полі хадзіў, жыта расціў,
Бацьку прасіў: "Радзі, Божа, жыта
Ды на новае лета, людзям на жыцце".
Я па хатах хадзіў, бацьку прасіў,
Каб здароўе дарыў, людзям дзяліў.
Я па хлевах хадзіў, бацьку прасіў,
Каб ваш статак пладзіў
ды вам шчасце насіў!
Усе (разам). Дзякуй, Юрый. Дзякуй за добрыя словы і пажаданні.

Юрый злазіць з каня. Хлопцы падводзяць каня да бярозы і прывязваюць.
Моладзь водзіць карагод і спявае юр’еўскую песню.


Усе (разам).
Ой, хадзіў Юр’я
Па ўсёй зямлі,
Нівы людзям радзіў,
У хаты дзетак насіў.
Дзе ні зірне –
Там шчасце цвіце.
Куды ні гляне –
Хораша стане.
Пусціў расу –
На маці-зямлю,
Веснавую зелень,
Траву-мураву.

Юрый. Дзякуй за песню. А што сястрыца Вясна вам прынясла? Кажыце, не маўчыце.
Дзяўчаты.

Вясна-красна нам прынясла,
Дзяўчаткам сыру.
Хлопцы.  
А хлопцам кія,
А хлопцам кія
Волікаў гнаці.
Дзяўчаты.

Дзяўчынкам сыру
Вёсенку зваці.
Хлопцы.   

Для хлопцаў пугі
Каровак гнаці.
Дзяўчаты.

А для нас кветак
Вяночкі віці.
Хлопцы.  

Яшчэ плужочкі
Зямлю араці.
Дзяўчаты.
Для нас сярпочкі,
Каб потым жаці.
Вясна. Дзякуй, што не забыліся на мае падарункі. Іду я сёння пад узгорак, аж бачу, ляжыць мяшэчак скорагаворак. Хто без памылак, а галоўнае, хутка вымавіць, той атрымае ад нас з Юр’ем смачны пачастунак. Слухайце. Тры дрывасекі на трох дварах дружна дровы сякуць.
Удзельнікі паўтараюць. Вясна ўзнагароджвае салодкімі прызамі.
Пад музыку выходзіць карабейнік у нацыянальнай вопратцы з каробкай ласункаў і рознага печыва.

Карабейнік (весела, гучна), Паважаныя Вясна, Юрый і усе добрыя людзі, дазвольце і мне песню праспяваці, каб тавар добра прадаці.
Вясна і Юрый
(разам). Дазваляем. Спявай. Карабейнік спявае на манер "Каробушкі".

Карабейнік.
Вам гасцінцы й пачастункі
I за грошы, і на прызы,
Свае і заморскія ласункі
У свята Юр’я і Вясны.
Набягайце, расхапайце,
Што тут грошы шкадаваць!
Усё ўмомант раскупляйце,
Пасля пойдзем танцаваць.
Абаранкі й шакалады,
Ззяе ярка апельсін,
Усім цудоўныя прынады,
Набірайся, дружа, сіл!

Вясна. Малайчына, карабейнік, добрую рэкламу даў свайму тавару.
Юрый. Зараз усё і раскупяць.
Карабейнік (весела). Самае смачнае засталося на прызы. Дый скорагаворка ў мяне таксама ёсць. Правучыць сароку - адна марока, сорак сарок - сорак марок.
Хлопец. Можна я?
Вясна. Паўтарай. Хлопец спрабуе паўтарыць.
Вясна. I апошняя. Ткач тчэ тканіну на хустку Анікіне.
Вясна. Так, чакаю самых гаваркіх.
Удзельнікі паўтараюць і атрымліваюць гасцінцы.

Дзядзька. А яшчэ дазвольце сказаць слова трапнае наконт свята, як казалі калісьці нашы продкі.
Вясна. 3 задавальненнем паслухаем.
Дзядзька. Юр’ева раса, не трэба каню аўса. Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб і ў дурня. Калі прыйдзе Юрый, не ўгледзіш у жыце куры!
Юрый. Вялікі вам дзякуй за добрую сустрэчу ды за пашану. (Да моладзі.) А давайце пагуляем.
Хлопец. Давайце ў "Пастуха і Ваўка".
Вясна. Цікава, расказвай, як у яе гуляць. Трэба выбіраць, мабыць, "пастуха" і "ваўка".
Хлопец. Правільна. "Пастух" становіцца спераду, а ўсе астатнія за ім, моцна трымаюць адзін аднаго за пояс. "Воўк" падыходзіць да "Пастуха" і пачынаецца размова:
- Ты хто?
- Пастух.
- А што робіш?
- Коней пасу.
- А навошта?
- Каб лепш араць.
- Араць, араць, мне б хоць аднаго дастаць!
"Воўк" кідаецца да апошняга з "коней". Пастух стараецца не дапусціць гэтага. Злоўлены ў гульні не ўдзельнічае. "Воўк" імкнецца пералавіць увесь "табун".
Праводзіцца гульня.

Юрый. А цяпер салодкі прыз атрымае той, хто адгадае, як называецца мой любімы танец. Думайце, называйце, цукеркі зарабляйце.
Удзельнікі прапаноўваюць назвы танцаў.

Дзяўчына. Гэты танец напэўна мае назву "Юрачка".
Юрый. Дзякуй, вось твой прыз. А цяпер музыкі зайграйце нам "Юрачку".
Гучыць мелодыя танца, моладзь танчыць і спявае.
Усе (разам).
Ой, ты, Юрачка,
Што не жэнішся?
Прыйдзе зімачка,
Дзе падзенешся?
Юрый.     
А я ў сад пабягу,
Я схаваюся,
Дзеўкі есці прынясуць –
Развітаюся.
Вясна (пасля танца).
Са святам Юр’я вас вітаем.
Шчасця, здароўя, даўгалецця жадаем!
Юрый.
Дай жа, Божа, усім добрае жыцце!
Жывіце заўсёды ў дабрабыце!
Яшчэ нас з Вясною дарога чакае,
Мы пойдзем далей па родным краі.

Вясна і Юрый кланяюцца. Вясна адвязвае каня, і яны пад музыку спускаюцца з узгорка. Усе разыходзяцца.


Яшчэ на гэту тэму:

Абрадавае свята «Юр’еўскі карагод»     «Юр’я светлы ключык адамкнуў зямлю»