сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. Н. САЦУТА, культарганіэатар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Іванава. "Выхаванне і дадатковая адукацыя". Снежань 2013 г.

Калядны фестываль гульні

Гульнявы падворак

Мэта і задачы: стварэнне атмасферы вясёлага народнага свята, далучэнне дзяцей да трацыцый народнай культуры, развіццё пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, іх творчага патэнцыялу, веры ў сябе і свае магчымасці.
Умовы правядзення: тэрыторыя ў двары ўстановы адукацыі святочна афармляецца і дзеліцца на гульнявыя пляцоўкі:

На пляцоўцы таксама стаяць 2—3 лаўкі з надпісам "Адпачні".

Ход мерапрыемства

Дзяцей сустракаюць Шчодра, Жораў, Каза, Мядзведь, Механоша. Гучыць песня "Каляды" словы А. Вольскага, музыка У. Галя).

Каляда! Каляда!
Каляда! Капяда!
Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі!
Надышлі Калядкі —
На стале аладкі.
Мы надралі таркаю
Дранікаў духмяных,
Хочаш — еш са скваркаю,
Хочаш — са смятанай.
Вось вам, калі ласка,
3 жэрдачкі каўбаска,
Вось кавалак пірага,
Каб не брала вас туга.
Ой, ладачкі-ладкі,
Мы мядок салодкі
Да лясной гарбаткі
Наліём у сподкі.
I запахне рутай,
Верасам,чаборам,
Каб зімою лютай
Вам не знацца з горам.
Ой, ладачкі-ладкі,
Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі,
Святкуем Калядкі!

Шчодра. Добры вечар! Шчодры вечар!
Каза.
3 песняй шчыраю калядуем мы
У святочны дзень пад шатром зімы.
Шчодра.
Мы прыйшлі да вас пажадаць дабра,
Ад усёй душы, як сваім сябрам.
Каза.
Каб былі у вас дабрабыт і плён,
Многа радасці, вера светлых дзён.
Мядзведзь.
А ў нас сёння сход Каляд —
Сабірайцеся у рад!
Танчыць, весела гуляць
Ды з Калядамі вітаць!
Жораў (грае на скрыпцы).
Калі вы нам рады —
Ўсім падорым радасць,
Бо без скрыпкі і дуды
Ходзяць ногі не туды.
Каза.
Хай вам даспадобы
Будуць жарты, песні,
Бо без песні нецікава,
Сумна — хоць ты трэсні!
Пяюць калядную песню.
Шчодра.
Прыйшла Каляда, калядуючы,
А за ёю дзеўкі, шчадруючы.
Пайшла Каляда ў адну хату,
А ў гэтай хаце куцця багата.
Мядзведзь.
Пайшла Каляда ў другую хату,
А там серабро звініць.
Жораў.
А ў трэцяй хаце золата блішчыць.
Каза.
А ў чацвёртай — сала шыпіць.
Шчодра.
А ў нашай хаце колькі гасцей!
Пець, гуляць трэба хутчэй!
Усе (разам). Добры вечар! Шчодры вечар!.
Шчодра (водзіць Казу, якая выконвае названыя дзеянні).
А ты, Каза, не ляніся!
Сюды-туды павярніся,
Ножкамі пастукачы,
Рожкамі паляскачы.
Паскачы для народа,
Каб жыта ўрадзіла
У новым годзе!
Каза.
А вы, госцейкі, не сядзіце.
Казу-весялуху ў карагод вазьміце.
Хто з Казой танцуе — таму шанцуе!
Персанажы ідуць да дзяцей, водзяць з імі карагод пад вясёлую народную мелодыю.

Гульня "Лапці"

Шчодра (дае Казе лапці і спявае).
Каза лесам ішла,
Ў лесе лапці знайшла.
Стала Козачка гадаць,
Каму лапці тыя даць.

Каза падыходзіць да каго-небудзь з дзяцей, якія стаяць у крузе, і прапануе абуць лапці, а затым выйсці на сярэдзіну круга і патанцаваць з Казой пад вясёлую мелодыю.
Шчодра частуе танцораў цукеркамі.
Каза (выцірае з ілба пот).
Замарылась танцаваць!
Табе, Жораў, час скакаць.
Жораў.
Прыехала Капяда звечара
Ды прывезла дудак рэшата.
Станем рэшата перадаваць —
Трэба ж дудкі разабраць!

Гульня "Рэшата"

Пад музыку Жораў перадае рэшата па кругу. На кім спыніцца музыка, той бярэ з рэшата "дудку" (у рэшаце могуць ляжаць розныя музычныя інструменты: бубен, маракасы, трашчоткі, лыжкі і інш.). Калі ўсе інструменты апынуцца ў руках дзяцей, ствараецца "аркестр", які акампануе гармоніку і грае вясёлую народную мелодыю.
Мядзведзь.
Сышліся на свята —
I нам тут не цесна,
Бо ўсе з аднаго мы
3 вясёлага цеста.
Я йшоў з Дземяшоў
(Гэта было ўночы) —
Сядзіць жаба на калку,
Вылупіўшы вочы.
Хто першы крыкне,
Той жабу лыкне!

Гульня "Жаба"

Мядзведзь называе імёны дзяцей у множным ліку. Калі ў крузе ёсць дзеці з такімі імёнамі, яны крычаць: "Ёсць!" Але Мядзведзь знарок блытае дзяцей і сярод імёнаў устаўляе выпадковыя (пажадана, смешныя) словы: Алёны, макарона, Светы, катлеты, Алёшы, галёшы, Валеркі, цукеркі і інш. Задача дзяцей — не памыліцца і адгукнуцца толькі на сваё імя, каб не стаць жабай.
Мядзведзь (смяецца). Ну, дзеткі, павесялілі вы мяне! I катлеты ёсць сярод вас, і цукеркі! Будзе чым падсілкавацца.
Шчодра. Не бойцеся, дзеткі! Мядзведзь жартуе. Ён у нас добры і вясёлы.
Ану, Міша, расхадзіся,
Дзеткам нашым пакланіся.
Мядзведзь тупае і кланяецца.
Мядзведзь.
Хто да гульняў скор —
Запрашаем ў наш гульнёвы двор!
Скажу па сакрэту хлапцам і паненкам —
Там Жораў з КАЛОДЗЕЖА выцягне вам цукерку.
Жораў.
Каб атрымаць шакаладку —
Трэба адгадаць загадку!
Каза.
Завітайце і да мяне ў АЛЬТАНКУ,
Будуць там варожбы-пагулянкі.
Мядзведзь.
А я на АРЭЛЯХ пагушкаю вас —
Гульняў старых маю значны запас.
Шчодра.
На ПРЫЗБЕ маёй цяжка будзе ўсядзець:
Прыпеўкі я прапаную прапець.
А калі прыпеўка збоку —
Ногі просяцца ў скокі!
Толькі ў гульні будзем не проста гуляць —
Зоркі калядныя будзем збіраць.
Хто іх дастаткова назбірае,
У апошнюю гульню згуляе:
Дойдзе той да КАЛЯДНАЙ СЦЯЖЫНКІ,
Што прывядзе да святочнай ялінкі,
I атрымае пачастунак ці прыз —
Самы сапраўдны святочны сюрпрыз!
Пачынаюць працаваць гульнявыя пляцоўкі. Дзеці выконваюць заданні гаспадароў пляцовак і збіраюць свае калядныя зоркі.

КАЛОДЗЕЖ МУДРАГЕЛІСТАГА ЖОРАВА

Сярод пляцоўкі знаходзіцца імправізаваны калодзеж, з якога Жораў вядром "выцягвае" розныя заданні:
- загадкі (калядная зорка даецца за 3 адгадкі);
- прадоўжыць або скласці з асобных слоў прыказкі і прымаўкі (калядная зорка — за кожную прыказку ці прымаўку);
- вымавіць хутка 5 разоў прапанаваную скорагаворку (калядная зорка — за хуткасць і правільнасць вымаўлення).

АРЭЛІ ДОБРАГА НАСТРОЮ

Мядзведзь ладзіць з дзецьмі народныя гульні, кожны пераможца атрымлівае зорку.

"Рэмень"
Дзеці становяцца ў круг. Адзін атрымлівае рэмень. Ідучы па-за кругам, ён каму-небудзь ціхенька б’е рэменем па нагах, а сам уЦякае. Калі той, каго стукнулі, дагоніць уцекача, ён адбірае ў яго рэмень і водзіць у гульні.

"Казла вадзіць"
Дзяцей ў гульню набіраюць пры дапамозе песні. Першы ўдзельнік пад песню ходзіць уздоўж карагода:
Як хадзіў наш казёл ды па ельнічку,
Хлопцаў, дзевак збіраў на вяселлечка.
Выбіраю я цябе...
Той, перад кім стаў першы ўдзельнік, становіцца за ім. Разам яны зноў ходзяць уздоўж карагода. Калі дзяцей збярэцца дастаткова, вядучы гучна лічыць: "Раз, два, тры — галава, хвост лаві!" або " Раз, два, тры — хвост, галаву лаві!" Дзеці выконваюць каманду.

"Неба"
Выбіраюцца "анёл" і "чорт". "Анёл" дае астатнім дзецям назвы птушак. Пасля гэтага вядзецца дыялог:
- Стук! Стук!
- Хто там?
- Чорт!
- Чаго трэба?
- Птаства!
- Якога?
"Чорт" называе птушку. Калі яна ёсць, то пачынае ўцякаць, а чорт бяжыць за ёй. Калі зловіць — забірае сабе, не зловіць — птушка вяртаецца да "анёла". Калі птушак у "чорта" і "анёла" стане амаль аднолькава, паміж імі кладзецца некалькі пален. Гэта "агонь", праз які дзве каманды павінны перацягнуць адна адну.

"У краскі"
Таксама выбіраюцца "анёл" і "чорт". Усе дзеці атрымліваюць назвы красак (кветак), якія можна раздаць на картках. Падчас дыялогу, падобнага да таго, што адбываўся ў папярэдняй гульні (толькі замест "Птаства!" даецца адказ "Красак!"), "анёл" і "чорт" па чарзе набіраюць сабе каманды (лавіць дзяцей не трэба). Калі ўсе ўдзельнікі размяркуюцца па камандах, яны перацягваюць палку ці канат.

"Ліскі"
Выбіраюць вядучага. Усе ўдзельнікі стаяць у крузе. Вядучы падыходзіць да каго-небудзь, пытаецца:
- Дзе быў?
- У лесе.
- Каго злавіў?
- Ліску.
- Аддай ліску мне!
- Дагані!
Абодва бягуць да каляднай зоркі, але з розных бакоў. Хто прыбяжыць першы — забірае зорку сабе. Наступныя гульцы спаборнічаюць за новую зорку.

"Шавец"
Усе становяцца ў рад адзін за адным. Першы гулец трымае ручнік. Ён пытае:
— А дзе шаўцы?
Усе адказваюць:
— На тым канцы.
Першы гулец бяжыць у канец рада, апошні — уцякае. Да яго трэба дакрануцца ручніком.

АЛЬТАНКА КАЛЯДНАЙ КАЗЫ

Каза праводзіць з удзельнікамі жартоўныя гульні-варожбы. Напрыклад, у мех з зернем кладуць невялікія рэчы. Дзецям прапануецца дастаці? з меха любы прадмет. Каза тлумачыць, якім будзе год для ўладара прадмета: манетка — багаты, цукерка — салодкі, гузік — прыгожы, аловак — паспяховы для вучобы і інш.
Таксама можна паваражыць на бабах. Гулец набірае ў руку сушаных бабоў (ці фасолі, каштанаў) столькі, колькі можа ўтрымаць. Каза па чарзе называе падрыхтаваныя загадзя прадказанні на будучы год. На кожнае прадказанне гулец выкладвае адзін боб. Калі бабы скончацца — прагучыць прадказанне менавіта для гэтага чалавека.
Кожны ўдзельнік гульні-варажбы атрымлівае калядную зорку.

ПРЫЗБА ШЧОДРЫ

Шчодра прапануе ўдзельнікам свята музычныя гульні і танцавальныя конкурсы.

"Вясёлы бубен"
Бубен перадаецца са словамі: Ты каціся, спрытны бубен, Хутка-хутка па руках. У каго вясёлы бубен, Той і танцаваць мастак. Гулец, у руках якога апынуўся бубен, выходзіць на сярэдзіну круга і танцуе.

"Вясёлы саліст"
Удзельнікі гульні па чарзе выцягваюць карткі з назвамі розных жывёл і выводзяць пэўную мелодыю гукамі, якія вымаўляюць гэтыя жывёлы.
Таксама могуць праводзіцца вядомыя музычныя гульні "Пазнай мелодыю", "Музычнае крэсла", "Танец на газеце" ці інш.

СЦЕЖКА ДА НАВАГОДНЯЙ ЯЛІНКІ

Усе, хто атрымаў калядныя зоркі, маюць магчымасць прайсці па святочнай сцежцы да навагодняй ялінкі і зняць з яе салодкі пачастунак або сувенір. На сцежцы — 12 слядоў. Каб рухацца па іх, на кожны трэба пакласці адну калядную зорку. Калі зорак не хапае, дзеці могуць набыць іх. Для гэтага ім трэба расказаць навагодні верш ці праспяваць навагоднюю песню. Дзеці, якія маюць больш за 12 зорак, маюць права падараваць іх іншым удзельнікам свята.