сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. Баравуля. Пачатковая школа Травень 2001 г.

Першая кніга буквар.

Сцэнар выпускнога ранішніка

Клас святочна ўпрыгожаны шарамі, малюнкамі, кветкамі. На сценах — плакаты: "Дзякуй, Буквар!", "Бывай, наш добры дружа!", "Гучы, маё роднае слова!". Стулы стаяць па перыметру класа. 3 аднаго боку сядзяць бацькі, з другога — дзеці. Цэнтр класа — імправізаваная сцэна.
Ролі вядучага і Буквара выконваюць настаўнікі.


Вядучы.
Першае слова — мама,
Першая кніга — Буквар.
Колькі яшчэ не сказана
I не спазнана шмат.
Першыя перамогі
Жыцця адкрываюць абшар.
Першае слова — мама,
Першая кніга — Буквар!
Дзеці, сёння ў нас незвычайны дзень. Мы перагарнулі апошнюю старонку Буквара. Закончаны першы падручнік. Ён навучыў вас чытаць, а значыць, адкрыў вам вялікі свет друкаванага слова. Газеты, часопісы, кнігі — усё гэта цяпер даступна вам. Вы сталі чытачамі — і гэта сапраўдная перамога. Віншую вас!
(Госці свята вітаюць вучняў апладысментамі. Выходзяць хлопчык і дзяўчынка.)

Хлопчык.
Дзень святочны,незвычайны,
Клас аж зіхаціць святлом.
Мы сягоння адзначаем
Развітанне з Букваром.

Дзяўчынка (трымае ў руках Буквар).
Вось кніжка мая першая
3 малюнкамі і вершамі.
Тут словы запаветныя —
I светлыя, і ветлыя.
Я з гэтай кніжкаю якраз
Прыйшла у падрыхтоўчы клас.
Як рада я сустрэчы з ёй —
3 найпершай кніжкаю маёй!
I я крычу на ўвесь абшар:
— Буквар! Буквар! Буквар! Буквар!
В. Лукша, "Кніжка мая першая".

(Выходзіць Буквар.)

Буквар. Добры дзень! Хтосьці клікаў мяне? (Аглядае клас.) Як у вас прыгожа! Напэўна, вы нешта адзначаеце.
Вядучы. Так, ты не памыліўся. Сёння ў нас свята развітання з Букваром.
Буквар. Як, свята? Хіба вам было дрэнна са мной, што вы так радуецеся развітанню?
Вядучы. Не, не! Павер, шаноўны Буквар, нам сумна развітвацца з табой. А радуемся мы таму, што нашы дзеці з тваёй дапамогай навучыліся чытаць. Хіба ж гэта не радасць?
Буквар. Умець чытаць — гэта вялікая справа. I я вас, мае маленькія сябры, віншую. Вы адкрылі для сябе дарогу ў багатае, вялікае і поўнае незвычайных адкрыццяў царства кніг. Я, Буквар, стаю ў пачатку гэтай дарогі, а вы, дзеці, з кожным днём будзеце адыходзіць ад мяне ўсё далей і далей. А потым і зусім пра мяне забудзецеся...
Вядучы. Не хвалюйся, дарагі Буквар. У жыцці рабят сапраўды будзе шмат цікавых кніжак. Але цябе яны не забудуць ніколі. Так, дзеці?
(Дзеці згаджаюцца. Выходзіць вучань.)

Вучань.
Ты — кніжка першая мая,
3 табой чытаць вучыўся я.
Я чытачом заўзятым буду,
Але цябе я не забуду.
I ад душы я гавару...
Вучні (усе разам).
Вялікі дзякуй Буквару!

Буквар. Дзякуй вялікі, дзеці, і вам за добрыя словы. Але ж я стараўся навучыць вас не толькі чытаць. Найперш я хацеў, каб вы палюбілі нашу родную мову і з задавальненнем на ёй размаўлялі.
Вядучы. Я не сумняваюся, што гэты ўрок Буквара дзеці засвоілі выдатна. Яны ведаюць шмат беларускіх слоў і нават могуць расказаць, як узнікла наша родная мова.

(Выходзяць 5 вучняў і расказваюць "Казку пра мову" М. Маляўкі.)

1 ы вучань (трымае ў руках картку з пытальным знакам).
Ведаю, кожнае слова
Мае плоць і душу.
Як нараджалася мова,
На якой гавару
I пішу?

2і вучань (трымае ў руках малюнкі птушак).
— Куку!..
— Віць-віць!.. —
Гэта зязюлі і ластаўкі
Прыляталі,
Каб слова Вось так,
Па складах, Ажывіць:
— Куку!..
— Віць-віць!..

3і вучань (трымае ў руках некалькі каласкоў і лісточкаў).
Шолах калосся,
Шэпт лістападу
Дабаўлялі у слова
Па складу,
I яно,
Нарадзіўшыся ледзь,
Пачынала
Шаптаць,
Шапацець.

4ы вучань (трымае ў руках карткі з выявамі маланкі і вадаспада).
Грому раскаты,
Гул вадаспада
Дабаўлялі у слова
Па складу,
I яно,
Нарадзіўшыся ледзь,
Пачынала
Грымець,
Грукацець.

5ы вучань (трымае ў руках картку з выявай беларуса ў нацыянальным адзенні).
Потым у кожнае слова
Чалавек удыхнуў душу —
I нарадзілася мова,
На якой гавару
I пішу.

Буквар. Дзякуй, мае даражэнькія, за такую цікавую легенду. Сапраўды, наша мова ўвабрала ў сябе ўсе гэтыя цудоўныя гукі. Яна — адлюстраванне нашай роднай зямлі, нашай Бацькаўшчыны.

(Дзеці выконваюць песню "Бацькаўшчына", муз. В. Волах, сл. А. Касцецкага.)

Буквар. На свята я прыйшоў не адзін. Разам са мною заўсёды мае памочніцы. Хто яны, адгадайце самі.
Чорныя, крывыя,
Ад прыроды ўсе нямыя.
Але толькі стануць ў рад—
Пачынаюць размаўляць.

(Буквар адкрывае папку, дзе знаходзяцца вялікія карткі з літарамі, і паказвае іх дзецям.)

Вядучы. Твае памочніцы, Буквар, сталі добрымі сяброўкамі нашых дзяцей. Яны нават вершы пра іх ведаюць.

(Выходзяць 4 вучні і чытаюць вершы Р. Барадуліна і П. Пранузы.) Глядзі дадатак.

1 ы вучань.
Літары ад А да Я —
Пчолы з дружнага рая.
Носяць мёд у соты ведаў,
Просяць, каб усё ты ведаў.
Паступова, пакрысе
Іх запомніць трэба ўсе.

2і вучань.
Ведай, да навук ахвочы,
Азбука — вучэння вочы.
Азбука ад А да Я —
Спадарожніца мая.
У краіну ведаў шлях
Пачыналі па складах.

3і вучань.
Літары жывуць у згодзе,
Дружбакі яны заўжды.
Іх заменіш — і выходзяць
Словы новыя тады.

4ы вучань.
Што яны па адзіноце?
Хоць бы ўзяць ці "н", ці "с".
У яднанні, у ахвоце
Набываюць думкі сэнс.

Вядучы. Малайцы, дзеці! А як называецца парадак, у якім стаяць літары? Правільна, алфавіт. Вось зараз мы і праверым, як вы яго ведаеце.

(Вядучы і Буквар па чарзе паказваюць дзецям карткі з пэўнымі літарамі, а дзеці хорам называюць 5 наступных за імі літар.)

Буквар. Дзеці, бачу, нездарма вы чыталі мяне. Літары ведаеце выдатна. Таму справіцца з маім галоўным заданнем вам будзе нескладана. Кожнаму з вас я падару зараз па адной літары. (Раздае карткі з літарамі дзецям.) Я загадаю некалькі загадак. Той вучань, у каго будзе літара, на якую пачынаецца слова-адгадка, выйдзе да дошкі. Картку з літарай трэба будзе трымаць перад сабой. Калі вы адгадаеце ўсе загадкі — прачытаеце імя маёй малодшай сястры, з якой хутка пазнаёміцеся.
Загадкі Буквара:

1. За кругам робіць круг,
Садзіцца ён на луг.
Ні рук няма, ні лап,
А спрытна ловіць жаб. (Бусел.)

2. Летам верасня чакалі,
Школу мы не забывалі.
Сёння радасны званок
Нас паклікаў на... (урок).

3. Што за птах
Зімой іскрыцца?
Не варона, не сініца...
Гэта полымем зары
Палымнеюць... (снегіры).

4. "Цар звяроў!" — яго завуць,
Хоць не страшны ён нічуць.
Я у цырку асмялеў
I сказаў: "Дзень добры... (леў)".

5. Баіцца ён, чырвоны,
На дол упасці з кроны,
Каб не паклаў у кошык
Яго ласунчык вожык. (Яблык.)

6. Яна шануе веды
I знае ўсе сакрэты.
Светлая, як раніца,
Школьная... (настаўніца).

7. Яна — крыніца ведаў,
Яна — рэцэпт ад бедаў,
Ад невуцтва, ад ліха.
Скарынаўская... (кніга).

8. Быццам белы снег на дол,
Пакрывалам лёг на стол.
Рады госцю беларус,
Засцілаючы... (абрус).

(Дзеці адгадваюць загадкі і складаюць з першых літар адгадак слова "Буслянка".)

Буквар (паказвае дзецям новы падручнік). Вось з гэтай кнігай, дзеці, вы будзеце сябраваць у наступным годзе. Яна раскажа вам шмат цікавага аб нашай Радзіме, роднай прыродзе. Вы пазнаёміцеся з творамі вядомых беларускіх пісьменнікаў, з народнымі казкамі, жартамі, забаўлянкамі. Усяго і не пералічыш!

(Гучыць урачыстая музыка. Усе вучні выходзяць на сярэдзіну класа. Буквар раздае дзецям новыя чытанкі.)

1ы вучань.
Букварык родны, любы наш!
Расстацца нам прыйшоў ўжо час.
"Буслянку" будзем мы любіць,
Але цябе нам не забыць!

2і вучань.
3 табой у падрыхтоўчы клас
Прыйшлі асеннім ранкам,
А сёння ўжо нам брацца час
За новую чытанку.

3і вучань.
Зазелянела ўсё вакол,
I жаўрукі ўжо кружаць.
Вучні (усе разам).
Табе мы дзякуем, Буквар,
Бывай, наш добры дружа!

(Буквар развітваецца, вучні выконваюць песню "Мы — першакласнікі", муз. Ю. Семянякі, сл. Э. Агняцвет.)

Песня Бацькаўшчына

Ноты песні Бацькаўшчына
Што такое Бацькаўшчына, знаеш?
Гэта рэчка, сцежачка лясная,
Гэта ў лузе залатая пчолка,
Гэта у вачах тваіх вясёлка.} 2 р.
Бацькаўшчына — гэта дом і школа,
Гэта песні, што звіняць наўкола,
Гэта ты, і тата твой, і мама,
Гэта і сябры твае таксама.} 2 р.

Бацькаўшчына — гэта дзень твой новы,
Гэта словы нашай роднай мовы,
У руцэ маёй букецік кветак,
I нясецца песня над сусветам.} 2 р.
Вось якая Бацькаўшчына наша!} 2 р.

Вакаліз выконваецца калі гучыць уступ.


Яшчэ на гэту тэму:

"Школьны баль, я прашу, не канчайся!"     Вандроўка ў краіну цудаў-ведаў