сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ларыса БОЙКА настаўніца гісторыі, выхавальніца гімназічнага класа Салігорскай гімназіі. Роднае слова 06/2000

“Мой край, мой рай бульбяна-жытны!”

Сцэнар свята

Зала адпаведна ўбрана. На засланых ільнянымі абрусамі сталах — беларускія народныя стравы, прыгатаваныя вучнямі (часткова — з дапамогай бацькоў).
Гучыць “Беларусь мая снілася мне”; (верш Г. Бураўкіна, муз. Л. Барткевіча) у выкананні Данчыка і Леаніда Барткевіча.

Вядучая.
Мой край, мой рай бульбяна-жытны!
Зеленадолы, залаты!
Як спеў матулі — старажытны,
Як песня любай — малады!

Якіх ты меў на зайздрасць свету
I цесляроў, і муляроў,
I летапісцаў, і паэтаў,
I музыкантаў-дудароў!

Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, —
То ўмее ён і смачна з’есці
I — адпаведна — згатаваць!

Таму — дастойна, без
эфекту — Прымай падзяку-пахвалу —
I беларускаму палетку,
I беларускаму сталу!
Ніл Гілевіч. Родныя дзеці.

Цудоўную, багатую спадчыну маюць беларусы. Яна стваралася нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гаварыць пра яе можна бясконца... Мне б вельмі хацелася, каб сённяшняе свята дапамагло вам уявіць традыцыйнае жыццё нашых продкаў, каб вы больш даведаліся пра звычаі і абрады беларусаў, звязаныя з харчаваннем. Кожны дзень мы карыстаемся спадчынай продкаў, нават не задумваючыся пра гэта. А ці заўсёды былі на нашым стале хлеб, каша, бульба, іншыя стравы? Давайце зазірнем у мінулае...
1-ы вучань. Калісьці людзі харчаваліся толькі тым, што давала ім прырода. Яны палявалі на дзікіх звяроў, лавілі ў рэках і азёрах рыбу, збіралі ягады, грыбы, арэхі, ядомыя карані і расліны. Каля 3 тысяч гадоў таму на тэрыторыі Беларусі старажытныя плямёны пачалі займацца земляробствам.
2-і вучань. У першую чаргу асвоілі такія культуры, як гарох, боб, проса, ячмень, пшаніцу. Самым старажытным хлебам можна лічыць груцу. Гэта быў тоўчаны ячмень, разведзены вадой і спечаны на вогнішчы. Такія праснакі доўгі час заставаліся галоўным печывам у беларусаў.
3-і вучань. Пазней нашыя продкі навучыліся гатаваць з зерня розныя кашы. У беларускіх народных казках і песнях каша прысутнічае як абавязковая страва, сімвал багацця і дабрабыту. Даўней на вяселлі не было караваю, а гасцей частавалі кашай. На радзінах і сёння можна паспытаць салодкай “бабінай кашы”. Нельга ўявіць памінальны ці калядны стол без традыцыйнай куцці — кашы з ячных круп.
4-ы вучань. Дарэчы, выраз “з ім кашы не зварыш” таксама мае старажытнае паходжанне. Калісьці нашыя продкі пры ўчыненні мірнай дамовы гатавалі разам з былымі ворагамі кашу, якая была сімвалам прымірэння. Таму і кажуць пра ўпартага чалавека, з якім ні пра што немагчыма дамовіцца: “3 ім кашы не зварыш”.
Вядучая. 3 цягам часу галоўным прадуктам харчавання стаў хлеб, які выпякалі з квашанага цеста. Гэта была вельмі адказная справа. Гаспадыня з вечара рашчыняла хлеб — разводзіла цёплай вадой у дубовай дзяжы закваску (трошкі цеста, пакінутага з папярэдняга разу), ставіла ў цёплае месца, а раніцай дасыпала мукі і добра вымешвала цеста. Звычайна хлеб пяклі раз на тыдзень — 5-8 вялікіх боханаў. Хлеб саджалі ў печ драўлянай лапатай, папярэдне паклаўшы на яе кляновае, дубовае, капуснае лісце, лісце хрэну. Кожны бохан акуратна ссоўвалі разам з лісцем на ачышчаную чарэнь і засланялі печ. Існавала шмат звычаяў, звязаных з выпяканнем хлеба: гаспадыня павінна быць чыста адзетая і ў добрым настроі (інакш хлеб будзе нясмачны); забаранялася, пакуль хлеб у печы, гучна размаўляць, смяяцца, ляжаць на печы, бо ўсё гэта — крыўда для хлеба, знявага, ён можа патрэскацца, выйсці няўдалым. Дастаўшы хлеб з печы, клалі яго на ручнік, пырскалі боханы вадою, каб скарынка была мякчэйшая. Хату напаўняў найлепшы водар — хлебны пах...
Вучань.
Нібыта ў жыце перапёлка,
Устрапянулася душа.
П’ю хлебны пах. Ён лепш за зёлкі,
Лепш сырадою з гладыша.

Ля печы маці б’е паклоны,
I кожны з іх, як адкрыццё.
На залатых далонях клёна
Ляжаць не боханы — жыццё.

I так захочацца — аж слінкі —
Акрайчык адламаць цішком
Ад той пахучае скарынкі,
Што млее там, пад ручніком.

Як светла стала ў нашай хаце,
Аж вокны зіхацяць яе.
У сенцы хлеб выносіць маці —
Яму пашану аддае...

А памяць пільная вартуе
Хвіліну тую праз гады, —
Як рэжа, стоячы, матуля
На лусты бохан малады.
Сяргей Законнікаў. Хлеб.

Вядучая. Свае адносіны да хлеба народ адлюстраваў у шматлікіх прыказках і прымаўках, казках і песнях. Спадзяюся, вы добра ведаеце вусную народную творчасць. Толькі прыказак і прымавак, у якіх ёсць слова “хлеб”, я налічыла больш за 50. Давайце разам прыгадаем хоць частку. Я пачынаю прыказку, а вы — канчаеце.
Хлеб — усяму галава.
Без працы няма чаго хлеба шукаці.
Хто рана ўстае, у таго хлеба стае.
Хлеб ад зямлі, а моц ад хлеба.
Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы.
Колькі ні думай, а лепш хлеба-солі не прыдумаеш.
Без золата пражывеш, а без хлеба — не.
Без солі не смачна, без хлеба не сытна.
Маліна то маліна, але каб хлеба скарына.
Без кавалка хлеба — кепская бяседа.
Калі ёсць хлеба край, то і пад кустом рай.
Зямля — маці, а хлеб — бацька.
Але не толькі хлеб пяклі з цеста. Любяць беларусы бліны, аладкі, наліснікі, сачні, каржы, хрушчы і іншае печыва.
1-ы вучань.
Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
I ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці... Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі,
Або смяяліся, спявалі.
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
I апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
I кідаў цеста ў скавародкі.
2-і вучань.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
I ў жар стаўлялася пякельны;
I там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,
I ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі.
А дзеці іх даўно сачылі
I на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
3-і вучань.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі —
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас — і ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цікава;
А для дзяцей найбольша свята
Абы наесціся багата.
Якуб Колас. Новая зямля.

Вядучая. Думаю, вам цікава будзе даведацца, што больш за 250 гадоў таму кухар караля Рэчы Паспалітай Верашчака прапанаваў новы спосаб падачы на стол каўбасы. Яе рэзалі на вялікія кавалкі, палівалі соусам і елі лыжкай. Новая страва стала вядомай пад назвай верашчака ў гонар яе вынаходніка. Беларусы часцей ядуць яе з блінамі — мачаюць, і таму называюць мачанкай.
1-ы вучань.
Тым часам маці даставала
Чыгунчык з печы, лыжку брала
I верашчаку налівала.
А за сталом на верашчаку
Падгатаўлялі ўжо атаку, —
На гэта хлопцы былі хваты,
Аладкі кроілі ў квадраты
(Хоць геаметрыі не зналі)
I на відэльцы іх чаплялі.
Як бы на тычкі тыя вешкі,
Каб не адстаць, не мець замешкі У часе дружнае яды.
2-і вучань
Чуць міска ткнулася сюды,
Дык у яе, як па прыказу,
Відэльцаў з восем лезе зразу.
Гаворка моўкне, смех сціхае:
Цяпер мінуціна другая,
Бо ўсіх займае міска стравы;
Другія моманты, праявы, —
Усе пафукваюць ды студзяць
I верашчаку тую вудзяць...
Колас. Новая зямля.

Вядучая. Радкі Якуба Коласа дапамаглі нам перанесціся ў звычайную сялянскую хату. Вы ўжо ведаеце, што ганаровае месца ў хаце займаў стол. Гэта быў своеасаблівы хатні прастол, святое месца. Тут збіралася ўся сям’я, тут панавалі свае законы...
1-ы вучань.
А за сталом маўчком сядзелі.
Там хлопцы гыркацца не смелі,
Бо там парадак вельмі строгі,
Там падпілуюць табе рогі,
Калі парушыш дысцыпліну,
Ды пад нядобрую часіну
Дадуць там “лэмбуся” і “квасу”,
Каб не круціліся без часу.
I чуць калі што вынікала,
То бацька кідаў так, бывала,
На хлопцаў погляд выразліва,
Што тыя ў лаву баязліва
Траха са страху не ўпаўзалі, Бо гэты погляд добра зналі.
2-і вучань.
Там і цяпер, як і заўсюды,
Макалі ўсе з адной пасуды
I елі дружна, не драмалі,
Нарэшце ўсе па скварцы бралі.
Як верашчака ў дно спадала,
То маці есці пакідала
Ды йшла ў камору па другое,
Яшчэ больш смачнае, ядкое,
I тарабаніла сюды,
Для заканчэння ўжо яды
Тварог, запраўлены смятанай
(Нясла з вялікаю пашанай).
За ёю хлопцы адставалі
I бацьку з дзядзькам пакідалі Над верашчакай завіхацца.
3-і вучань.
...I ўжо к канцу таго снядання
Хлапцы здаволілі жаданне,
I ад мужчын яны адсталі.
Павольней сківіцы жавалі,
Крышылі страву, як нарокам.
I бацька кідае відэльцы,
Рукою гладзіць па камзэльцы,
На абразы ўскідае вокам
I шэптам хрысціцца набожна.
Тым часам міска і парожна,
I маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала.
Якуб Колас. Новая зямля.

Вядучая. Шмат добрых слоў сказалі мы пра хлеб, пра іншыя стравы. Але ж невыпадкова называюць беларусаў “бульбашамі”. Бульбу завезлі ў Еўропу з Амерыкі. Мяркуюць, што да нашых продкаў яна трапіла гадоў 300 таму з Галандыі. Не адразу прыжылася, затое з цягам часу яе пачалі называць другім хлебам. Паслухайце, як піша пра бульбу Уладзімір Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”:«Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбсці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да “клёцак з душамі” (вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам), да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе спосабы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна — дзіва!».
Вучань.
Пасадзілі бульбіну вясною
У цёплую вільготную зямлю.
Сонца нахілялася над ёю,
Воблака паіла дажджавое,
Вецер напяваў ёй: “Люлі-лю!”

Падрамала бульбіна ў зацішку,
Як і сёстры меншыя яе.
Потым паднатужылася крышку —
I да сонца, ветру і хмурынак
Распасцёрла парасткі свае.

Як яна запрэглася ў работу!
Сілы набіралася, расла.
Пад зямлёй яе таўсцела цела,
Вопратка наверсе зелянела —
Цветам светла-бэзавым цвіла.

Адкапалі бульбіну пад восень:
Ну і дзіва! Важыць паўкіло.
Так ужо спрадвеку павялося:
Лепей нашай бульбы беларускай
Анідзе на свеце не было!

Ля кастра прыемна ёй сагрэцца,
Вось ляжыць і млее на баку.
А калі на славу падпячэцца —
На далонь шырокую кладзецца
Ў рудавата-шэрым кажушку.
Эдзі Агняцвет. Бульба ў кажушку.

Вядучая. Беларусы славяцца сваёй гасціннасцю. Толькі госць на парог — пачастунак на стол. I паспрабуй тут нечага не пакаштаваць — гаспадыня пакрыўдзіцца...
1-ы вучань.
Вось ты ў гасцях — і нават слоўца
Табе сказаць няма калі:
Вяндлінку з водарам ядлоўца
Мяцеш — зараз па два скрылі!
А побач — зірк! — як цуд, як казка —
3 каляндрай, з перцам, з часнаком —
Ляжыць вясковая каўбаска,
Таксама ўвітая дымком!
К таму ж падсохла на гарышчы —
Дык толькі плеўка шапаціць!
Умэнт кальцо з паўметра знішчыў —
Адно раз'ятрыў апетыт!
2-і вучань.
Калі ж дапаў да вантрабянкі —
Цягаць стамілася рука!
Глядзіш — а ўжо кіндзюк крывянкі
На блюда выклалі з гаршка!
Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
I ў паясніцы, — а на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
I парай дыхае пад столь:
3 бакоў запечаная ў меру,
У бульбе скварачкі тырчаць... —
1 так жа ўслед пайшла на змену —
Хоць замычы — каб не маўчаць!
3-і вучань.
“Усё! — сказаў. — На гэтым дзякуй!”
А на абрус — нясуць бліны
I к ім — мачанку-верашчаку
3 наборам рэбрачак свіных!
Хвіліну выстагнаў ты моўчкі:
“Дзе месца ўзяць? Патоўпіць дзе?”
I неўпрыкмет на два-тры вочкі
Паслабіў пас на жываце...
Ужо не здыхацца! Падпёрла —
Няйначяй крушня камянёў!..
А перад носам... ставяць цёрла
Гарачых, тлустых калдуноў!
4-ы вучань.
Калдун!.. Духмяны, самавіты,
У масле ўсмяглы, а паўзверх —
Смятанкай свежаю паліты!..
Ну, што? Ізноў глядзіш як звер?
I адчуваеш, адчуваеш:
Няхай хоць згэтуль у труну —
А не зганьбуеш, не стрываеш —
Дасі прытул і калдуну!
. . . . . . . . . . . . .
Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, —
То ўмее ён і смачна з’есці
I — адпаведна — згатаваць!
Ніл Гілевіч. Родныя дзеці.

Вядучая. Мне здаецца, на нашых сталах ёсць усё, што мы сёння згадвалі: і аладкі, і хрушчы, і бабка, і дранікі, і нават мачанка. Малайцы! Журы перад пачаткам свята мела магчымасць ацаніць вашыя кулінарныя здольнасці. Зараз мы даведаемся, якія стравы аказаліся самымі смачнымі і самымі незвычайнымі.

Слова журы, падвядзенне вынікаў, прызы пераможцам.

Вось і завяршаецца наша свята. Я спадзяюся, што яно дапамагло вам убачыць адну з яскравых старонак нашай багатай культуры, абудзіла жаданне лепш ведаць абрады і звычаі беларусаў, дало магчымасць адчуць сябе часцінкай беларускага народа. Давайце ж услед за Канстанцыяй Буйло скажам: “Люблю наш край, старонку гэту...”.

Усе разам спяваюць гэтую песню (на ўроках спеваў настаўніца загадзя папрацавала з дзецьмі).

Дзякую ўсім, хто прыйшоў да нас на свята. Перадайце словы шчырай падзякі матулям і бабулям, якія дапамаглі вам прыгатаваць столькі смачных страў. А завершыцца нашае свята ў класах, куды вы зараз пойдзеце, узяўшы свае стравы. Смачна есці! Упэўнена, вы атрымаеце задавальненне ад вынікаў сваёй працы. Хай і надалей не бяднее беларускі стол!

Яшчэ на гэту тэму:

Эх, бульба-бульбачка     Беларуская іншаземка