сцэнарыі святаў на беларускай мове

Клаўдзія ЖАЎРЫД, настаўніца беларускай мовы і літаратуры САШ № 3 г. Асіповічы. Роднае слова 08/2011

“Ды на родны на парог”

Літаратурна-этнаграфічная кампазіцыя

Эпіграф:
Мой род, мой радавод, мой лёс
У памяці маёй павінен быць,
Каб пылам бездухоўным не занёс
Яго наступны век, у якім нам жыць...
Клаўдзія Жаўрыд.
Мэты кампазіцыі: фарміраваць цікавасць да гісторыі роднага краю; на аснове фонду этнаграфічнага музея і паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” пазнаёміць вучняў з асаблівасцямі побыту беларускага народа; выхоўваць любоў да культурнай спадчыны сваёй Бацькаўшчыны, павагу да продкаў, эстэтычны густ.
Месца правядзення: этнаграфічны музей або адпаведна абсталяваная актавая зала.
Абсталяванне: прадметы побыту беларусаў (драўляныя жорны, церніца, калаўрот, цэп, чыгуны, гліняныя гаршкі, гладышы, маслабойка, драўляныя ночвы, дзяжа), мэбля традыцыйнага сялянскага жылля.

ХОД МЕРАПРЫЕМСТВА
1-ы вядучы. Мы знаходзімся ў школьным этнаграфічным музеі, які пазнаёміць нас з асаблівасцямі побыту беларусаў канца XIX - пачатку XX стагоддзя. Вы даведаецеся, што людзі выкарыстоўвалі ў сваёй паўсядзённай працы і чым штодзень карысталіся, з чаго складаўся інтэр’ер традыцыйнага жылля і як правільна пачаць будаўніцтва сваёй хаты, а галоўнае, як нашы продкі адпачывалі ў святочныя дні.

I. Прылады працы.

2-і вядучы.
На прыгуменні, поруч з садам,
Павець з гумном стаяла радам,
А пад паветкаю прылады:
Вазок, калёсы, панарады,
Старыя сані, восі, колы
I вулляў некалькі на пчолы,
Яшчэ някончаных; судзіна,
Стары цабэрак, паўасміна...

Перад вамі прылады працы, якімі карысталіся беларусы ў гаспадарцы: жорны, церніца, калаўрот, цэп, прасніца, кросны і іншае.
Вядучы прапануе вучням патлумачыць прызначэнне некаторых прадметаў або робіць гэта сам у залежнасці ад падрыхтаванасці вучняў.
Даведка:

Жорны - ручны млын з двух гладка абчэсаных круглых камянёў, пры дапамозе якіх пераціраюць зерне на муку.
Церніца - прылада, якой труць каноплі, лён.
Калаўрот - прыстасаванне для ручнога прадзення, якое прыводзіцца ў рух панажом.
Цэп - прылада для малацьбы збожжа ручным спосабам, у выглядзе доўгай палкі (цапільна) з прымацаваным да яе гужыкам драўлянага біча.
Прасніца - драўляная прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі.
Кросны - ручны ткацкі станок.
Дзяжа - драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клёпак для заквашвання цеста.

II. Інтэр’ер традыцыйнага жылля.

Улічваючы магчымасці школьнага музея, дадзеную частку мерапрыемства можна правесці ў форме камп’ютэрнай прэзентацыі.
1-ы вядучы.
Цяпер разгорнем часаў шаты,
Бліжэй прыгледзімся да хаты...

Хата мела высокі парог і нізкія дзверы, што спрыяла захаванню цяпла ў зімовы час. Дзверы рабіліся з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўняных гнёздах - на бегунах.
2-і вядучы. Падлога ўяўляла сабой глінабітны ці земляны ток, на якім летам у святочныя дні слалі аер. У куце каля печы знаходзіўся качарэжнік (камешнік) - месца, дзе стаялі вілкі для гаршкоў (ухваты), драўляная качарга (кавяня), чапяла, памяло, мяцёлка і інш. Над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася жэрдка (перасоўка), на якой сушылі адзенне, тканіну.
Супраць печы каля ўвахода размяшчаўся гаспадарчы кут (“бабін кут”), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве - драўляныя вёдры, даёнка, карцы, апалушкі, сальніца, бельчык і інш. Над лавай на сцяне кухонная паліца з посудам, побач - лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для лыжак). Каля самых дзвярэй на круку вісела вопратка (світка, бурнос, кажух).
1-ы вядучы. Покуць (“красны кут”) - найбольш шаноўнае месца ў хаце. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў.
2-і вядучы. Частку памяшкання займаў спальны памост - пол, тут ляжалі матрац (сяннік), пуховыя падушкі, посцілкі; часам памост падзяляўся на дзве часткі ўзорным тканым дываном, ці полагам.
1-ы вядучы. Ніжэй вокнаў уздоўж сцен уладкоўваліся шырокія лавы, якія сыходзіліся на покуці. На скрыжаванні лаў, на покуці, ставілі хлебную дзяжу, прыкрытую чыстым ручніком.
Вось прыкладна так выглядала хата беларуса- селяніна. Але не ўсё было так проста...

III. Будаўніцтва жылля ў народнай традыцыі.

Сядзяць суседзі, размаўляюць.
Васіль. Дзядзькі, я надумаў будаваць хату. Чуў ад людзей, што існуюць пэўныя прыкметы, перасцярогі, звязаныя з будоўляй. Можа, вы нешта ведаеце пра гэта?
Дзядзька Лявон. Канешне, ведаем, а як жа.
Васіль. Дык раскажыце, калі ласка.
Дзядзька Лявон. Чаму не. Слухай. Для будоўлі хаты не бяры вывернутае непагаддзю дрэва, бо яго чорт для сябе выбраў і разам з дрэвам можа пасяліцца ў хаце.
Дзядзька Пятрок. Не выкарыстоўвай і тое дрэва, што звісла над другім, бо хутка ўся пабудова можа згарэць.
Васіль. Ды ну!
Дзядзька Пятрок. А ты думаў! На падмурак ніколі не бярэцца каменне з могілак, бо ўвесь час будуць непрыемнасці.
Васіль. Дзякуй, што папярэдзілі. Усё?
Дзядзька Лявон. Не, не ўсё. Важна яшчэ і тое, дзе будзе стаяць новая хата.
Дзядзька Пятрок. Гэта праўда. Калі аблюбаваў нейкую мясціну, пастаў на тым месцы чыгунок, пасадзі туды павука. Калі за ноч ён сатчэ павуціну, то месца пад хату выбрана ўдала.
Дзядзька Лявон. Ды не забудзься пра ахоўніка свайго жытла - дамавіка. Пакладзі пад вугал хаты манеты, кавалак хлеба ці сыру або галаву пеўня.
Васіль. Гэта ахвяраванне дамавіку?
Дзядзька Лявон. Так.
Васіль. А што яшчэ?
Дзядзька Пятрок. Яшчэ, калі будзеш класці першы вянок, сачы, куды паляціць першая трэска.
Васіль. Навошта гэта?
Дзядзька Пятрок. А вось навошта: патрапіць трэска ў сярэдзіну чатырохвугольніка - значыць, будуць прыбыткі ў хаце.
Дзядзька Лявон. А ёсць і такі звычай: пад чатыры вуглы кладуць пасвечаныя зёлкі, каб засцерагчы дом ад перуноў.
Дзядзька Пятрок. I за дзень да пераезду гаспадары пускаюць у хату ката ці пеўня, якіх баяцца нячысцікі.
Васіль. Вялікі дзякуй вам за навуку. Я абавязкова ўсё ўлічу, чакайце запрашэння на наваселле.

IV. Святочная кухня беларусаў.

Святочна накрыты стол, за сталом госці.
Гаспадыня.
Рады мы ўбачыць
Вас у роднай хаце,
Нашым караваем
Вас пачаставаці!

Гучыць песня "Гуляць дык гуляць”(сл. Уладзіміра Някляева, муз. Валерыя Іванова), госці за сталом ажыўлена размаўляюць, інсцэніруюць святочнае застолле.
Першы госць.
А на стале тым - рай, ды годзе,Што рэдка трапіцца ў народзе,
Ляжала шынка, як падушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Другі госць.
Кілбасы-скруткі, як падковы,
Між сцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсвінак,
Чысцюткі, свежы і румяны,
Як бы паніч той надзіманы.
Муштарда, хрэн - адно дзяржыся,
У рот паложыш - сцеражыся!
А пірагі, як сонца, ззялі,
I ў роце бабкі раставалі.
Трэці госць.
Для ўсіх ласкава і пачціва,
Як бы пад ветрам тая ніва,
Гасцей частуе гаспадыня
I на ўсіх чыста вокам кіне,
То сыр, то масла ім падносіць
I закусіць так шчыра просіць...
Гаспадыня.
Ну закусеце ж, калі ласка!
Вось проша сыру, проша мяска
Ці кумпячка або каўбаскі,
Ну, пірага хоць закаштуйце!
Бярэце масла, не шкадуйце!
Гаспадар.
Дарагія госці!
Хлеб на стале, рукі свае.
Ешце бульбу, мачайце,
А на рэшту выбачайце.
Ды блінцы яшчэ ад рання
Пякліся вам на сняданне.
Гаспадыня.
Частуйцеся, госці,
Просім вашай мілосці,
Каб вы пілі, елі,
Вясёленька сядзелі,
Харошыя мыслі мелі,
Вясёлыя песні пелі.
Госці танчаць.
Першы госць.
На свеце ўсё канец свой мае,
I ты, мінуціна змяркання,
Спяеш нам песню расставання,
I госці свой банкет канчаюць,
Адны другім дабра жадаюць,
А ў час апошні развітання
Стаялі цмокі цалавання.
Гаспадар.
Ну, выбачайце, не крыўдуйце!
Калі што кепска, то даруйце!

Гаспадыня. Каб вам смачна спалася і лёгка ўставалася!
Другі госць. А мы ў сваю чаргу жадаем, каб сталы ў вашых хатах былі багатымі! А душы і сэрцы - шчодрымі!
Усе паварочваюцца да залы.
Першы госць. Будзьце добрымі і шчырымі, любіце сваіх бацькоў, Радзіму!
Другі госць. Не цурайцеся родных каранёў, памятайце, хто вы на гэтай зямлі!
Усе разам. Бывайце здаровы!!!
Гучыць песня "Бывайце здаровы”(сл. Адама Русака, муз. Ісака Любана).

Спіс літаратуры
Колас, Я. Новая зямля. Казкі жыцця / Я. Колас. - Мінск, 2001.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: больш за 65 000 слоў / пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. - 3-е выд. - Мінск, 2002.
Цітоў, В. Этнаграфічная спадчына: Беларусь : Традыцыйна-бытавая культура / В. Цітоў. - 2-е выд. - Мінск, 2001.

Яшчэ на гэту тэму:

Прыгажосць і ўтульнасць беларускай хаты     “Свая хатка - як родная матка”