сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зінаіда НОВІКАВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Баравухскай сярэдняй школы №15 г. Наваполацка. Родна слова Студзень 2014 г.

Беларуская нацыянальная кухня

Гасцёўня

Мэта: пазнаёміць вучняў са стравамі беларускай нацыянальнай кухні і паэтычнымі творамі, прысвечанымі кулінарнаму майстэрству беларусаў; развіваць майстэрства выразнага чытання вершаў, артыстычныя здольнасці; выхоўваць цікавасць да побыту і культуры продкаў, беларускіх народных традыцый, звычаяў.

Месца правядзення: актавая зала.

Ход мерапрыемства

Школьная зала ўпрыгожана па-святочнаму. Сцэна прыбрана ручнікамі, рэчамі сялянскага побыту. На задніку сцэны прымацаваны вялікія літары, якія ўтвараюць надпіс "Беларуская нацыянальная кухня".
Каля сцэны знаходзяцца сталы, засланыя саматканымі абрусамі. На іх - разнастайныя стравы: поліўка, супы, бліны, аладкі, бабка, дранікі, клёцкі, напоі і г. д. Стравы загадзя прыгатаваны настаўнікамі, бацькамі, вучнямі.

Настаўнік. Добры дзень, дарагія сябры! Мы рады вітаць вас у нашай зале. Кожны чалавек павінен ведаць родную мову, прыказкі і прымаўкі свайго народа, умець спяваць народныя песні, цікавіцца, як беларусы спрадвеку адзначалі святы ў родным краі. А сёння мы пазнаёмім вас, паважаныя госці, са стравамі нацыянальнай кухні. Чаму мы вырашылі гэта зрабіць? Каб вы не забывалі пра непаўторнасць і адметнасць жыцця нашай краіны. Забываць пра гэта нельга, бо мы - беларусы, мы памятаем мінулае, мы шануем сучаснае і будзем ствараць светлую будучыню.

Гучыць песня "Сёння ў нашай хаце свята".

1-ы чытальнік. Беларусы далёка за межамі сваёй краіны вядомы гасціннасцю. Усе, хто прыязджае да нас, адзначаюць гасціннасць як адну з галоўных рыс. Нездарма кажуць: " Госць у хаце - Бог у хаце, і ганьба таму дому, дзе не зробяць усяго, каб госць быў задаволены".
2-і чытальнік. Беларус любіць смачна паесці. Аснова ўсяго - хлеб. Беларус любіць чорны хлеб і сумуе па ім, трапіўшы туды, дзе яго няма. Хлеб у нас жытні, вельмі духмяны. Пякуць яго на подзе, а пасля, папырсканы вадою, астывае хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з'есці.

Вучань уносіць каравай хлеба на ручніку.

3-і чытальнік. Улетку, калі дарагая кожная хвіліна, беларусы елі праснакі (прэсны хлеб). Але вельмі любілі і пірагі. 3 яблыкамі, чарніцамі, кручаныя з макам.
Вучні ўносяць пірагі.

4-ы чытальнік. Хлеб даставаўся цяжка. Кінуць яго было нельга - гэта быў смяротны грэх.
Упусціўшы, трэба было падняць кавалак, пацалаваць і сказаць: "Даруй, Божухна!" Хлеб абагаўлялі.

• Інсцэніроўка казкі "Лёгкі хлеб".

5-ы чытальнік. Другі хлеб беларусаў - бульба.
6-ы чытальнік.
Усім, канешне, бульба трэба.
Яе другім завём мы хлебам.
Але для многіх, так здаецца,
Яна і першым мо завецца –
Бо колькі страў з яе гатуем!..
I дарагіх гасцей частуем
Мы дранікамі, калдунамі...
Дый кожны дзень яе мы самі
У розных стравах ужываем.
Так што без бульбы не ўяўляе
Стала ні ў будні і ні ў святы
Любы - і бедны, і багаты.
А на кастры пячонік з прыску! –
Такіх прысмакаў нават блізка
Няма, каб з гэтым зраўнавацца.
7-ы чытальнік.
А з печы бульба маладая?..
То ж - смаката (яшчэ якая!..),
Ды з салам смажаным, з цыбуляй,
3 пятрушкай, кропам!..
Дзе ж вы чулі,
Каб не кранулі беларуса
Такія стравы - як спакуса?!
Дык не дарма, відаць, нас з вамі
Завуць жартоўна бульбашамі.
I беларусу нават дзіўна,
Што ў бульбы не яго радзіма,
А што яна амерыканка,
Але ж у нас не самазванка,
Бо прапісалася, як трэба,
Навек на беларускай глебе.
I ў цяжкі час, мы добра помнім,
Што толькі бульба нас карміла.
Яе ж вялікасць заслужыла,
Каб ёй дастойны ўзвесці помнік.
У Рудзінскі.

8-ы чытальнік. Так, беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, да вялізных клёцак з цёртай бульбы, начыненых мясам. Іх у нас называюць калдунамі або камамі.

9-ы чытальнік.
Калдун! Духмяны, самавіты,
У масле ўсмяглы, а паўзверх –
Смятанкай свежаю паліты!
Ну, што? Ізноў глядзіш, як звер?
I адчуваеш, адчуваеш:
Няхай хоць згэтуль у труну –
А не зганьбуеш, не стрываеш –
Дасі прытулак калдуну!
Вучні ўносяць калдуны са смятанай.

10-ы чытальнік. Вельмі смачная проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна - дзіва! Бяры і еш.
Уносяць бульбу.

Танец Бульба".

1-ы чытальнік. А да бульбы сала, салёныя агуркі і селядзец, масла ці міска кіслага халоднага малака, якое яшчэ і падсольваюць.
Вучні ўносяць пералічаныя стравы.
2-і чытальнік. Дарэмна нас дражняць бульбаю. Ёсць бульба, ёсць і да бульбы. Што ў нас на першае?
3-і чытальнік. Боршч раней варылі досыць рэдка. Галоўнай была капуста з кіслай або свежай капусты. Затым ішлі поліўка, булён.
4-ы чытальнік. Булён - бульбяны суп, запраўлены салам. Любілі беларусы і локшыну, і шчаўе, і славуты халаднік, і малочныя супы, і, урэшце, квас (род супу з буракоў). У чырвоны празрысты адвар клалі мяса, грыбы. Усё, як пісаў Якуб Колас:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі.
5-ы чытальнік. 3 свайго апетыту беларус заўсёды пасмейваўся: "Прадаў на рынку кабана, пайшоў закусіць. З'еў тры міскі капусты з боханам хлеба, сала хатняга з фунт. Тут купіў яшчэ тры порцыі смажанай каўбасы ды ўмяў. Пасля бульбы замамоніў міскі тры. Зноў баршчу міску ўбіў з булкай. А пасля, як успомніў, што брат у салдатах, то як завязала". Чуллівы чалавек, праўда? Есці не можа, калі брату цяжка. Апетыт прапаў.

6-ы чытальнік. Першай стравы, здаецца, насёрбаліся. Пераходзім да другой. Нават не ведаю, з чаго пачаць. Шмат усяго.
7-ы чытальнік. На другое кашы. Усякія. Робяць у місцы з кашай "калодзеж". Наліваюць туды поліўкі з мясам і чэрпаюць па краях. Ну і, вядома, яечня "глазуха" і яешня, запечаная з мясам.
Вучні ставяць на стол міску з кашай, патэльню з яечняй.

Інсцэніроўка казкі "Курачка-раба".

8-ы чытальнік. Вельмі смачнай была мачанка з блінамі. Своеасаблівая поліўка з мясам, падбоўтаная мукой, у якую мачаюць бліны.
Уносяць бліны.

9-ы чытальнік. Цяпер пра мяса. Свініна надзейна займае першае месца.
10-ы чытальнік.
О, млечны дзюдзік на талерцы!
Цалком засмажаны ў духу!
Ягоны вобраз будзе ў сэрцы,
Пакуль не стлею на труху!
О, як ляжыць ён маляўніча!
На падагнутых капытках!
Задзёрты ўгору пекны лычык!
3 пахучай траўкай у зубах.
Як той апілачак - румяны,
Са скуркай крухкаю, ядкой,
I грэцкай кашаю напханы -
Не абы-як - абы-якой.
У кашы - яблычак мядовы
Ці ўпрэлы пахкі баравік!
Самлець нядоўга там, панове,
Калі к раскошы не прывык.

1-ы чытальнік. Раней галоўным было сала. Прычым асаблівым шыкам было есці "сала на повен рот, а хлеба толькі для смаку". Цяпер сала ўсё больш саступае месца каўбасам.
Вучні ўносяць сала, каўбасу.

2-і чытальнік.
А побач - зірк! Як цуд, як казка.
3 каляндрай, з перцам, часнаком -
Ляжыць вясковая каўбаска,
Таксама ўвітая дымком.
К таму ж падсохла на гарышчы!
Дык толькі плеўка шапаціць!
Ушчэнт кальцо з паўметра б знішчыў -
Адно раз'ятрыў апетыт!
Калі ж дапаў да вантрабянкі -
Цягаць стамілася рука!
Глядзіш - а ўжо кіндзюк крывянкі
На блюда выклалі з гаршка.
Вучні ўносяць крывянку.

3-і чытальнік.
О, гэты зверху і сысподу!
Наскрозь усмажаны каўбух!
За чатырох змалоў-уходаў,
Хоць сам ты лічыш, што за двух!
Паспеў адчуць, што ўжо не слабка
I ў паясніцы, а на стол
Тым часам едзе ў місе бабка
I парай дыхае пад столь.
Уносяць бабку.
3 бакоў запечаная ў меру,
У бульбе скварачкі тырчаць -
I так жа ўслед пайшла на змену,
Хоць замычы, каб не маўчаць.
4-ы чытальнік. Ну і, вядома, птушка займае сваё месца на стале. Дужа смачная качка з бруснічным варэннем, яблыкамі.

Інсцэніроўка казкі "Як кемлівы мужык дзяліў качку".

5-ы чытальнік. Належнае месца займаюць стравы з рыбы! Гатавалі цудоўную юшку, празрыстую, бурштынавую ад таго, што цыбулю туды кладуць, зняўшы толькі верхнія лушпайкі. У ежу ідуць амаль усе гатункі рыбы.
Вучні ўносяць страву з рыбы.

6-ы чытальнік. Любяць беларусы і малако. I салодкае, і кіслае, і смятану, і тварог. Якуб Колас пісаў у паэме "Новая зямля":
Тварог, запраўлены смятанай,
Нясла з вялікаю пашанай.
Уносяць малочныя стравы.
7-ы чытальнік. Безумоўна, і жур, узвар, яблыкі, свежыя і мочаныя, памідоры і агуркі. I мёд ядуць, вядома, калі ён ёсць.
На стол падаюцца жур, яблыкі, агуркі, мёд.
8-ы чытальнік. А якія смачныя чарніцы, суніцы! Чарніцы ядуць, заліўшы малаком. Рот робіцца чорны, затое ж смачна!
9-ы чытальнік. Робяць беларусы і напоі: квас, бярозавік. (Падаюцца напоі.) Робяць таксама віно з яблыкаў, наліўкі.
Настаўнік.
Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць –
То ўмее ён і смачна з'есці,
I адпаведна - згатаваць!
Таму дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу –
I беларускаму палетку,
I беларускаму сталу.
Запрашаем усіх да стала. Смачна есці!


Яшчэ на гэту тэму:

Свята нацыянальнай кухні