сцэнарыі святаў на беларускай мове

Галіна КУХТА, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 1 імя П. В. Сухога г. Глыбокае. Роднае слова 2017/2

Свята роднага слова

Пазакласнае мерапрыемства (VIII - IX класы)

Мэта: актуалізаваць веды па беларускім фальклоры, паэзіі, вучыць выкарыстоўваць веды на практыцы, выпрацоўваць уменне выступаць перад аўдыторыяй; фарміраваць станоўчую матывацыю да вывучэння беларускай мовы; садзейнічаць папулярызацыі беларускай мовы, абуджэнню цікавасці да гісторыі народа.
Абсталяванне і афармленне: дошка, эмблемы для каманд (трох колераў) і гледачоў, карткі для конкурсаў, малюнкі вучняў, стэнд “Смак беларускай мовы”, плакат “Маё першае слова на беларускай мове”, выстава “Нашы любімыя вершы”, выстава кніг “Чытаем разам па-беларуску”, выказванні пра мову беларускіх пісьменнікаў, мультымедыйны праектар.
Падрыхтоўчая работа: запрасіць паэтаў, прапанаваць вучням і настаўнікам загадзя ў друкаваным выглядзе прынесці любімыя вершы на беларускай мове, з якіх наладзіць выставу.
За тыдзень да мерапрыемства прапанаваць вучням спіс неабходнай літаратуры для самастойнай падрыхтоўкі да конкурснай праграмы; напісаць сачыненні на тэмы “Чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску?” “Як выратаваць родную мову?” падрыхтаваць фотаздымкі пра Беларусь. У якасці гледачоў запрасіць вучняў VIII - IX класаў і класных кіраўнікоў.
У дзень мерапрыемства наведвальнікаў і гасцей школы сустракаюць вучні ў нацыянальных строях і просяць напісаць любімыя беларускія словы на агульным плакаце-ватмане “Маё першае слова на беларускай мове...”.
Правілы гульні: удзельнічаюць 3 каманды па 5 чалавек (з трох класаў). У кожнай камандзе прысутнічае адзін паэт. Кожны конкурс ацэньвае журы з чатырох чалавек.

Ход мерапрыемства

Перад уваходам у залу. Выходзяць вядучая, хлопчык і дзяўчынка ў нацыянальных строях.

Вядучая. Добры дзень, паважаныя сябры!
Хлопчык. Мы рады сустрэчы з вамі! Запрашаем вас на свята спеўнага, звонкага, жывога, непаўторнага роднага слова.
Дзяўчынка. Хто хоча праз люстэрка жыцця беларускага народа (уваход аформлены ў выглядзе люстэрка) трапіць на сустрэчу з беларускімі песнямі, прыказкамі, загадкамі, вершамі?
Вядучая. Калі ласка, называйце беларускае слова, атрымлівайце эмблему (эмблемы ўдзельнікам каманд: 5 блакітнага колеру, 5 - зялёнага, 5 - чырвонага, паэтам загадзя раздаюцца запрашэнні такіх жа колераў, гледачам - белага колеру) і праходзьце на свята. Спрабуйце, падыходзьце. Спадзяюся, сябры, што вы даведаецеся шмат цікавага і новага на гэтай вечарыне. Разам з тым вы праверыце свае веды.
Госці праз “люстэрка” праходзяць у залу.

Вядучая. Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаецца Дзень роднай мовы.
Хлопчык. У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць прыгажосцю і непаўторнасцю, іншыя - мілагучнасцю.
Дзяўчынка. Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася ўнікальная мова.
Вядучая. Падчас апошняга перапісу 74% насельніцтва Беларусі назвалі беларускую мову роднай. Сёння мы будзем размаўляць на жывой, сатканай з “легендаў і казак” беларускай мове. Паводле даследаванняў ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай. Наша мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі. А зараз павітаемся як сапраўдныя беларусы.
Прысутныя называюць ветлівыя словы адно аднаму (прывітанне, добры дзень,рады бачыць і інш.).
Вядучая. Вось якія малайцы! I настрой адразу палепшыўся.
Хлопчык.
Я - беларус, я нарадзіўся
На гэтай казачнай зямлі,
Дзе між лясоў і пушчаў дзікіх
Адвеку прашчуры жылі.
Я - беларус, я ганаруся,
Што маю гэткае імя:
Аб добрай славе Беларусі
У свеце знаюць нездарма.
Я - беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
I зблізку чую і здаля.
Н. Гілевіч.

Вядучая. Сустракаем знаўцаў роднага слова, літаратуры і гісторыі.
Вучні і паэты аб’ядноўваюцца ў каманды паводле колеру эмблемы і запрашэння. Такім чынам, у нас склалася тры каманды.
Каманды пад апладысменты гледачоў займаюць свае месцы.
Час пазнаёміцца з журы. На нашым свяце прысутнічае... (пералік імён і прозвішчаў журы).
Дзяўчынка. Вось мы ўбачылі нашых удзельнікаў, а іх здольнасці праверым падчас конкурсаў.

Конкурс 1. “Тры словы”

Вядучая. Вам прапануецца тры словы: ураджай, гітара, каханне. Ваша задача - скласці замалёўку. На выкананне задання 3 хвіліны.
Каманды працуюць, прысутныя глядзяць відэаролік.
• Прагляд відэароліка “Цудоўнае роднае слова”.
Вядучая. Час для абмеркавання скончыўся. Пачне гульню каманда, якая першая адкажа на пытанне: “Хто аўтар вершаваных радкоў?”.
Дзяўчынка.
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына.
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Янка Купала.
Вядучая. Паважанае журы, ацаніце замалёўкі па 10-бальнай шкале, улічваючы арыгінальнасць ідэі, яе падачу.
• Музычны нумар (песня “Родны мой горад”).
Вядучая. Паважанае журы, агучце, калі ласка, вынікі першага выступлення каманд.
Хлопчык. Увага, другі конкурс!

Конкурс 2. “Перакладчыкі”

Вядучая. За 30 секунд камандам неабходна правільна і перакласці на беларускую мову як мага больш слоў. За кожнае правільна перакладзенае налічваецца 1 бал. Каманда, якая набрала менш балаў у мінулым конкурсе, выступае першая. Пачнём!
Прыкладнае заданне для 1-й каманды: кузнечик (конік), лампа (лямпа), дикий кабан (дзік), очки (акуляры), кисточка (пэндзлік), утро (раніца), обезьяна (малпа), учитель (настаўнік), стул (крэсла), карандаш (аловак), август (жнівень), зеркало (люстэрка), журнал (часопіс).
Прыкладнае заданне для 2-й каманды: земляника (суніцы), белка (вавёрка), колесо (кола), железная дорога (чыгунка), сахар (цукар), утка (качка), звезда (зорка), запад (захад), сундук (куфар), носки (шкарпэткі), лепесток (пялёстак), платье (сукенка).
Прыкладнае заданне для 3-й каманды: цветок (кветка), шоссе (шаша), серьги (завушніцы), стекло (шкло), обои (шпалеры), петух (певень), тыква (гарбуз), перчатки (пальчаткі), стихотворение (верш), октябрь (кастрычнік), вилка (відэлец), радуга (вясёлка), путаница (блытаніна), арбуз (кавун), пример (прыклад).

Журы падводзіць прамежкавыя вынікі конкурснай праграмы.

Вядучая. Мудры чалавек сказаў: “Дзе не загінула слова, там і справа не загінула”. Што ж трэба рабіць, каб слова роднае, каб беларуская мова жылі і квітнелі, працягвалі “справу” - жыццё і духоўны росквіт народа?

Конкурс 3. “Што рабіць, каб мова жыла?”

Дзяўчынка. Конкурс міні-сачыненняў “Што рабіць, каб мова жыла?”.
Вядучая. Вашы думкі абмяркуйце ў камандзе. На выкананне задання 5 хвілін. (Звяртаецца ў залу.) Ці думалі вы, чаму ў беларусаў столькі песень? Менавіта Народная песня - крыніца, з якой мы чэрпаем слова, прыгожае, мілагучнае, ласкавае.
Музычны нумар (“Чароўная мая краіна” сл. і муз. Л. Савіцкай).
Вядучая. Што рабіць, каб мова жыла і на ёй размаўлялі, нам адкажа каманда... (называецца каманда).
Хлопчык. Пакуль журы падводзіць вынікі. трэцяга конкурсу, вучні выканаюць для нас танец.
• Танцавальны нумар.
Журы агучвае вынікі трэцяга конкурсу.

Конкурс 4. “Паэтычны”

Вядучая. Увага! Чацвёрты, перадапошні кон курс. Запрашаю па адным удзельніку ад кожнай каманды. (Прадстаўнікі каманд цягнуць карткі з заданнем.) Вам прапанаваны асобныя радкі верша. Паспрабуйце скласці яго першапачатковы варыянт. На выкананне задання 3 хвіліны.
Верш для конкурсу.
Многа моў на гэтым свеце.
Многа слоў у іх букеце.
Многа думак, многа згадак,
Многа гукаў і загадак.
Але ёсць адна такая,
Словы ў ёй нібы звіняць,
Трэлі гукі разліваюць
I ляцяць, ляцяць, ляцяць...
• Гульня з гледачамі.
Вядучая (звяртаецца ў залу). Запрашаю прысутных да гульні. Ці добра вы ведаеце законы і правілы роднай мовы? За кожны правільны адказ атрымліваеце літару. Хто збярэ найбольшую колькасць літар у канцы свята, атрымае прыз.
1. Якія гукі абазначаюцца дзвюма літарамі? (Дз, дж.)
2. Назавіце словы, якія маюць сто зычных. (Стог, стол, стогн, стоп, стос.)
3. Чым канчаецца тыдзень? (Літарай ь.)
4. Якую частку слова заўсёды знойдзеш у зямлі? (Корань.)
5. Якія гукі ёсць у беларускай мове, а ў рускай няма? (Дз, дж, ў.)
6. Колькі галосных гукаў у беларускай мове? (6.)
7. Якія літары ёсць у рускай мове, а ў беларускай няма? (Щ, ъ.)
Вядучая. Малайцы! А цяпер паслухаем вершы, складзеныя камандамі, і параўнаем іх з арыгіналам (на экране).
Хлопчык (звяртаецца да дзяўчынкі). Давай палічым, каму першаму пачынаць.
Опа, опа, опа,
Амерыка, Еўропа,
Азія, Афрыка, Індыя,
Кітай...
А дзе наш край?
Падвядзі да мяжы
I ўсім дзецям пакажы.
Вось яна - відаць здаля
Беларуская зямля...
Каманды зачытваюць вершы.
• Загадкі.
Вядучая (да гледачоў). Загадкі любяць усе? Да нас на свята завітала бабуля Агапка са сваімі загадкамі (уваходзіць бабка Агапка). Хто адгадае найбольш загадак, той у канцы вечарыны атрымае прыз.
Бабуля Агапка.
Колькі вас усіх тут ёсць,
Кожны дарагі мне госць
Хай паслухае загадку.

1. Чоран, ды не воран, рагаты, ды не бык, шэсць ног без капыт, ляціць - вые, сядзе - зямлю рые. (Жук.)
2. Кругленькі, маленькі, а за хвост не паднімеш. (Клубок.)
3. Сядзіць Пархом на кані вярхом; сам непісьменны, а чытаць дапамагае. (Акуляры.)
4. Лажыцца вусаты, устае гарбаты. (Кот.)
5. Цяпло прыйдзе - апранаецца, холад настане - распранаецца. (Дрэва.)
6. Усе яго любяць, чакаюць, а глянуць, убачаць - адразу заплачуць. (Сонейка.)
7. Сястра да брата ў госці ідзе, а брат ад яе хаваецца. (Сонца і Месяц.)
8. Ляціць без крылаў, бяжыць без ног, плыве без ветразя. (Воблака.)
9. 3 высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі. (Месяц.)
10. Пакаціўся клубок, рассыпаўся гарох, пачало світаць - не было чаго збіраць. (Месяц і зоркі.)
11. У вадзе нараджаецца, а вады баіцца. (Соль.)
12. Па моры імчыцца, пад ветрам гуляе, да берага дойдзе - адразу знікае. (Хваля.)
13. Стукае, грукае, а нідзе не відаць. (Гром.)
14. Ляціць, а не птушка, вые, а не звер. (Вецер.)
15. Ляцяць птушкі без крылаў, садзяцца - без ног. (Снег, сняжынкі.)
16. На дварэ гарою, а ў хаце - вадою. (Снег.)
17. Хоць побач ідзе, а рукамі не возьмеш. (Цень.)
18. Стаіць на плоце / У чырвоным капоце, / Рана ўстае, / Спаць не дае. (Певень.)
19. 3 людзьмі сябруе, хату вартуе, жыве пад ганкам, хвост абаранкам. (Сабака.)
20. Не араты, не каваль, не цясляр, а першы на сяле працаўнік. (Конь.)
Вядучая. Дзякуй за загадкі. (Бабуля Агапка развітваецца і выходзіць.) Не толькі літаратура і мова натхняюць нас на творчасць, але і беларускі фальклор жывіць нас непаўторнымі вобразамі і ідэямі. Інакш і быць не можа, бо без ведання нацыянальных традыцый і звычаяў немагчыма быць патрыётам. Любіць і берагчы свае карані не толькі абавязак, але і гонар кожнага беларуса. Запрашаю каманды ўзяць удзел у апошнім конкурсе.

Конкурс 5. “Слова - жыцця аснова”

Вядучая. Пакуль нашы госці будуць складаць верш пра роднае слова, камандам трэба выбраць любую прымаўку, намаляваць яе так, каб потым паэты здагадаліся, што гэта за прыказка.
Выступленні каманд.
Дзяўчынка. За кароткі час мы ўбачылі, наколькі таленавітыя нашы ўдзельнікі. Яны складаюць вершы, прыгожа чытаюць, спяваюць.
Вядучая. Чалавеку трэба шмат чаго ведаць: ведаць сваю мову і іншыя, свае казкі і казкі іншых народаў, свае танцы ды танцы іншых народаў. Безумоўна, найперш трэба ведаць роднае.
• Выразнае чытанне вершаў.
Вучні чытаюць вершы запрошаных паэтаў.
• Падвядзенне вынікаў конкурснай праграмы.
Журы абвяшчае вынікі.
• Падвядзенне вынікаў спаборніцтва.
Выступае прадстаўнік журы. Камандзе, якая перамагла, - у падарунак кубак з выявай літары Ў. Астатнім удзельнікам - закладкі для кніг з беларускім арнаментам.
Сярод гледачоў можна правесці аўкцыён. Хто здагадаецца, на якой старонцы закладка, той атрымае кнігу ў падарунак. Самаму актыўнаму ўдзельніку - закладка для кнігі з беларускім арнаментам.


Яшчэ на гэту тэму:

Мову родную, край свой любіце     "Багата, родная ты мова..."