сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. У. ХМЯЛЬКОВА, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, настаўніца Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Беларуская мова і літаратура 8/2014

Багач

Сцэнарый народнага свята для вучняў VIII—XI класаў

Багач (Багатнік, Багатуха) — старажытнае свята заканчэння ўборкі збожжа. Да гэтага часу таксама заканчвалі ворыва зябліва, пачыналі сяўбу азімых. Асноўны сімвал гэтага свята — сноп, сявенька з жытам і свечкай. 3 гэтымі атрыбутамі жыхары вёскі абыходзілі ўсе двары, пакідалі іх у хаце гаспадара — асабліва працавітага, руплівага і дбайнага. Той, хто атрымліваў сноп і сявеньку з жытам, спраўляў гучнае, прыгожае свята.

Мэта: пазнаёміць школьнікаў з традыцыямі старажытнага народнага свята Багач, перадаць вопыт родавых традыцый, выхоўваць павагу да нацыянальнай спадчыны і культуры.
Абсталяванне: печ, на якой стаяць чыгункі, збоку вілкі, стол, у цэнтры стала хлеб на ручніку, сявенька з жытам і свечкай у сярэдзіне. Таксама цыбуля, яблыкі, буракі і г. д.

Ход мерапрыемства

Гучыць народная песня «Як на нашай ніўцы».
Гаспадыня. Божухна мой, божухна! Я ж так хвалююся, Міхась, так хвалююся. Гэта ж трэба — такі давер. Сама грамада вырашыла нам даць на схову і пашану сявеньку і сноп дажыначны.
Гаспадар. Ой, даражэнькая! Хопіць хвалявацца. Усё будзе добра.
Заходзяць госці-аднавяскоўцы. У цэнтры хлопец, які нясе сноп дажыначны, і дзяўчына, якая нясе сявеньку з жытам і свечкай.
Дзяўчына. Добры дзень вам у хату, гаспадары!
Гаспадар. Добры дзень, дарагія суседзі!
Гаспадыня. Рады бачыць вас у роднай хаце. Хлебам-соллю вас пачаставаці.
Гаспадыня бярэ са стала хлеб на ручніку і падносіць яго гасцям. Яны частуюцца і гавораць прыказкі пра хлеб.
Першы госць. Дзякуй, гаспадынька! Без хлеба няма абеду.
Другі госць. Калі ёсць хлеб ды вада, не страшная ніякая бяда.
Трэці госць. Хлеб — усяму галава.
Xлопец (які нёс сноп). Паважаныя гаспадары! Са снапом дажыначным, з агнём свячоным прыйшлі мы да вас і ўпэўнены, што вы зберажаце гэты дажыначны сноп аж да самай вясны.
Уручае дажыначны сноп гаспадару. Гаспадар ставіць сноп у цэнтр. Гучыць песня «Зялёнае жыта за сялом».
Зялёнае жыта, зялёна — асака.
Прыехалі госці здаляка.
Зялёнае жыта, зялёна — каля хат,
Прыехалі госці: сястра й брат.
Зялёнае жыта, зялёна — ля ракі,
Прыехалі госці — землякі.
Зялёнае жыта, зялёна — за сялом,
Дарагія госці за сталом.
Пасля песні госці ўручаюць гаспадарам падарунак.
Адзін з гасцей. А цяпер падарунак у гэту хату, каб яна была заўжды багатай.
Выбягае козачка.
Хлопец. Дзе ты, козанька, ускокні, расхадзіся,
Гаспадару і гаспадыньцы
Нізка пакланіся.
Козачка (дзяўчынка ў адпаведным касцюме) танцуе з гасцямі пад вясёлую мелодыю. Пасля танца яна рассыпае зерне, дорыць каласкі.
Козачка.
Святкуйце Багачы,
трымайце каласы!
Лавіце рукой, каб добры быў настрой.
Майце ўсяго даволі,
А бяды — ніколі!
Гаспадыня. Што гэта нашы хлопцы засядзеліся, засумавалі.
Гаспадар. Трэба праверыць, як яны ўмеюць з гаспадаркай спраўляцца. Якія яны гаспадары? (Выносіць чыгун з вадой і гаворыць наступныя словы.) Вось чыгун з вадой. Трымай, Васіль! Глядзі, каб ні кропелькі не праліў, а то будзеце скакаць да раніцы.
Іграе музыка, хлопец нясе чыгун з вадой, узяўшы віламі, прытанцоўвае пад музыку, а за ім — яшчэ хлопцы прытанцоўваюць.
Гаспадыня. Малайчына, Васілёк, малайцы, хлопцы! Справіліся з заданнем. Можаце сабе адпачыць, а мы заспяваем.
Гучыць песня «Кругом яра». Адны госці спяваюць, другія танцуюць.
Кругом яра, кругом зелянога,
Кругом яра, кругом зелянога.
Толькі відзен дубок зеляненькі,
Толькі відзен дубок зеляненькі.
Пад тым дубам дзяўчына стаяла,
Пад тым дубам дзяўчына стаяла.
Ды ўраніла залато вядзерца,
Ды ўраніла залато вядзерца.
— А хто ж маё вядзерца дастане,
А хто ж маё вядзерца дастане,
Той са мною ў карагодзе стане,
Той са мною ў карагодзе стане.
Адазваўся казак маладзенькі,
Адазваўся казак маладзенькі.
— А я тваё вядзерца дастану,
А я тваё вядзерца дастану.
Я з табою ў карагодзе стану,
Я з табою ў карагодзе стану.
Кукарэкае певень за кулісамі, а на сцэну выходзіць хлопчык у касцюме пеўня.
Госці. Хто ж гэта пеўня да нас прынёс? Навошта?
Певень. Як навошта? Каб добра было жыць, прыйшоў я вам паваражыць. Калі ласка! Хто першы? Ну! Раз, два, тры!
Дзяўчаты падбягаюць і, заплюшчыўшы вочы, цягнуць запісачкі з кошыка.
Першая дзяўчына. Пярсцёнак. Хутка замуж пайду!
Другая дзяўчына. Грошы. Багатай буду.
Трэцяя дзяўчына. Цыбулінка. Ой, усё жыццё плакаць буду!
Чацвёртая дзяўчына. Шчотка. Муж злосны будзе.
Певень.
Ай, не будзем сумаваць!
Давайце лепш будзем скакаць!
А цяпер зайграй жа нам, музыка,
Каб скакалі ўсе ліха!
Госці.
— Вось Багач дык Багач,
Сапраўднае свята!
— Добра Багач сустрэлі.
— I стол багаты, і нагуляліся добра.
— Пара і дамоў збірацца.
— Пачакайце, пачакайце трошачкі.
— А пажаданні гаспадарам?
Адна з дзяўчат-гасцей выходзіць і гаворыць пажаданні гаспадарам.
Дзяўчына.
Каб у вашай хаце Заўсёды свяціла сонца.
I радасці, і шчасця каб было бясконца.
Жадаю вам часцей усміхацца
I новага Багача зноў дачакацца.

Затым усе ўдзельнікі свята танцуюць і спяваюць:
— Радзі, Божа, жыта на другое лета.
— Радзі, Божа, на другое лета лепей за гэта.
— У поле — снапамі.
— У гумне — капамі.
— У свірне — засекамі.
— Радзі, Божа!
— Ды на корань — каранасты.
— Ды на колас — каласісты.
— Ды на ядро — ядраністы.
— Добрым людзям на здароўе.

Яшчэ на гэту тэму:

Багач     Багач