сцэнарыі святаў на беларускай мове

К. А. СУДНІС, настаўніца СШ № 8 г. Віцебска, настаўнік вышэйшай катэгорыі. Пачатковая школа Жнівень 2004 г.

Мову матчыну шануйце

Ранішнік да Дня беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня. Сёлета 5 верасня асноўныя ўрачыстасці пройдуць у старажытным Тураве.
У школе да гэтага дня можна прымеркаваць правядзенне тэматычнай выставы малюнкаў, конкурсу на лепшага чытальніка мастацкіх твораў і інш. Свята запомніцца дзецям, калі яно пройдзе ў выглядзе цікавага ранішніка.

Настаўнік. Добры дзень, дзеці! Сёння мы завітаем у госці да нашай роднай мовы. Якая мова з'яўляецца для нас роднай? Чаму вы так думаеце?
Мы з вамі жывём у Беларусі. Беларусь — на¬ша Радзіма. Тут мы вучымся, тут будзем працаваць. Тут жывуць нашы мамы і таты, дзядулі і бабулі. Кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць народныя песні, танцаваць народныя танцы, ведаць, як адзначаліся спрадвеку святы на нашай зямлі.
Чуецца стук у дзверы, уваходзіць дзед Абыдзісвет у беларускім адзенні, з торбай за спінай.

Дзед Абыдзісвет. Добры дзень, дзетачкі — дзяўчаткі-кветачкі, хлапцы-малайцы. Мяне завуць дзед Абыдзісвет. Я ўжо і не памятаю, колькі мне год, кожны дзень крочу па белым свеце, гляджу, як людзейкі жывуць, што ў свеце робіцца. За тое і празвалі мяне Абыдзісвет. Вось і да вас завітаў, а ў маёй торбачцы ёсць для вас падарунак. Можа, хто адгадае, што гэта такое?

Хоць сама яна нямая —
3 чалавекам размаўляе. (Кніга.)

Той, хто сябруе з кнігамі, шмат чаго ведае, і таму жыццё яго цікавейшае. А самыя лепшыя кнігі — на роднай мове. Ці пагодзіцеся вы са мной?
Падрыхтаваныя вучні чытаюць верш К. Цвіркі.

1-ы вучань.
Мы прыйшлі ў кнігарню з мамай.
На паліцах — безліч кніг!
Тоўстых, тонкіх — розных самых.
Цэлы свет — у кніжках тых.
2-і вучань.
— Я куплю табе вось гэту...
Гэту й гэту варта ўзяць...
Ты пра ўсе краіны свету
3 гэтых кніжак будзеш знаць.
3-і вучань.
— Ой, як добра! Дзякуй, мама!
Я пра іх чытаць люблю.
Толькі знаць хацеў таксама
Я пра нашую зямлю.

I яшчэ — за што, няйначай,
Буду ўдзячны я ўдвайне —
Ты купі на мове нашай,
Беларускай, кніжку мне.
4-ы вучань.
То ж айчыны нашай мова,
Мова прадзедаў, бацькоў.
У той мове што ні слова —
Дыямент жывы вякоў.

Невук — хто яе не цэніць.
Ці ж магу я здраджваць ёй:
Я ж не нейкі адшчапенец,
Я ж не нейкі чужаземец
На святой зямлі сваёй.

Настаўнік. Ці заўсёды беларусы шанавалі сваю родную мову? А ці ведаеце вы, хто надрукаваў самую першую кнігу на беларускай мове? Давайце папросім нашага госця расказаць пра той даўні час.
Дзед Абыдзісвет (расказвае паданне паводле твора А. Вольскага).

Даўно гэта было... Здарылася так, што людзі аднаго краю палічылі, быццам мова, на якой гаварылі іх бацькі, дзяды і прадзеды, непрыгожая. — I чаму, — абураліся адны, — у нас "р" толькі цвёрдае, а ў суседзяў ёсць і мяккае?
— Так, так, — згаджаліся другія, — у суседзяў "г" гучнае. А ў нас — амаль як "х".
Што ж рабіць? Думалі, думалі і надумалі ўрэшце пазычыць мову ў суседзяў. Яна, маўляў, і багацейшая, і прыгажэйшая. Хоць і вельмі блізкая да тутэйшай. I пазычылі. I ніякіх, быццам, складанасцей. Многія ж словы аднолькава ў абедзвюх мовах гучалі. Такія важныя і патрэбныя, як, напрыклад, "хлеб", "соль", "мір", "дом", "поле", "лес"...
Але былі і несупадзенні, праз якія здараліся розныя недарэчнасці. Часам смешныя. А часам і не надта смешныя.
Справа ў тым, што ў абедзвюх мовах некаторыя словы гучалі аднолькава, але мелі розны сэнс. Напрыклад, у суседскай мове слова "благие" абазначае "добрыя", а ў тутэйшай мове "благія" — "дрэнныя, кепскія". I столькі падобных выпадкаў было, што і не злічыць.
I зноў задумаліся людзі. Што рабіць? Пайшлі да самага старога і разумнага чалавека. Спыталіся. А самы разумны чалавек і кажа:
— Кожны народ сваю мову мае. Кожнаму народу яна — родная. I не шанаваць, не любіць яе — тое самае, што выракацца маці і бацькі, той зямлі, дзе мы нарадзіліся, якую родным краем завём. Адно магу вам параіць: шануйце мову родную і суседскую паважайце...
Паслухалі людзі самага старога ды самага разумнага чалавека. I неўзабаве зразумелі, што ні адной на свеце мовай не выкажаш так дакладна свае думкі і пачуцці, як роднай. I яшчэ ўпэўніліся, што дарма гналі яе. I багатая яна, і мілагучная. Не горшая за суседскую і ўсе іншыя мовы.
А яшчэ пазней адзін разумны і мудры чалавек, якога звалі Францыск Скарына, надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Зараз — праз 500 гадоў — кнігі Скарыны можна знайсці ў нас толькі ў самай галоўнай Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Але на звычайных паліцах іх там не ўбачыш. Гэтыя кнігі захоўваюць у спецыяльных памяшканнях, дзе заўсёды падтрымліваюцца пэўныя тэмпература і ступень вільготнасці, каб старая папера і друк маглі захавацца як найдаўжэй.

Настаўнік. 3 той пары, калі жыў Францыск Скарына, мінула шмат часу, але ўдзячныя людзі памятаюць яго. У горадзе Полацку ёсць помнік знакамітаму друкару, а ў Мінску яго імя носіць цэнтральны, самы прыгожы праспект. I кожны новы навучальны год добрым словам успамінаюць гэтага чалавека маленькія першакласнікі і паважныя выпускнікі.
Дзед Абыдзісвет. А вы, дзеці, сябруеце з кнігай? Раскажыце, аб чым вы даведаліся з кніг.

5-ы вучань.
Не проста ў словы я гуляю,
На мове роднай размаўляю.
У час дасветны,вечаровы
Кажу пяшчоты цёплай словы:
Дзень добры, сонейка над гаем,
Свяці над мілым, родным краем.
Дзеці выконваюць песню аб родным краі.

6-ы вучань.
Я часта ў кнізе па лесе блукаю,
Дзівосныя скарбы яго я збіраю:
Зязюль кукаванне і песні драздоў,
Грыбное маўчанне і звон раўчукоў,
I смутак сасновы,і пах чабаровы,
Рабіны цяпло і бярозак святло.
Я самы шчаслівы, багаты,
Вяртаюся з лесу дахаты.

Дзед Абыдзісвет. А я вам зараз таксама раскажу і нават пакажу гісторыю, якую зусім нядаўна ўбачыў у лесе.
Паказваецца інсцэніроўка. На сцэне елачка, а пад ёй пянёк. Прылятаюць Варона з Вараняняткам.

Дзед Абыдзісвет.
Маму просіць Варанянятка...
Варанянятка.
Пачынаюцца заняткі!
Кар-кар-кар!
Мамачка, купі буквар!
Дзед Абыдзісвет.
Клопату было для мамы,
Увесь горад абышла
I аблётала ўсе крамы,
Але кніжку ўсё ж знайшла.
Варона.
Ну, сядай, маё дзіцятка,
Пачынай хутчэй, сынок,
Зараз будзе, Варанянятка,
Самы першы твой урок.
Дзед Абыдзісвет.
Дзёўбнула буквар дзіцятка.
Варанянятка.
Ну дык гэта ж не зярнятка!
Кар-кар-кар!
Мама, ой нясмачны твой
Буквар!

Дзед Абыдзісвет. Вось якое неразумнае малое Варанянятка. Не ведае, што кнігу трэба чытаць, а не есці. Што яе трэба берагчы. А вы, дзеці, ведаеце, як трэба абыходзіцца з кнігай, каб яна служыла доўга доўга?
Дзеці называюць правілы беражлівых адносін да кнігі

7-ы вучань.
Вучаць кнігі радзіму любіць
I сумленнымі, добрымі быць.
Вучаць кнігі старых шанаваць
I цудоўныя казкі казаць.

Вучаць мудрасці і чысціні —
I святлейшымі робяцца дні.
Зоркі-літары свецяць ўначы
I ад ведаў нам дораць ключы.

Дзед Абыдзісвет. Ну, дзеткі, вельмі вы парадавалі мяне, старога. I чытаць вы ўмееце, і мову родную шануеце, і да кніг паважна ставіцеся. Цікава мне было сустрэцца з вамі, але надышоў час развітвацца. Чакае мяне далёкая дарожка, а вас — дарога па краіне Ведаў.
Поспехаў вам на ёй! Да пабачэння.


Яшчэ на гэту тэму:

Пяшчотная матуліна мова     "Словы родныя люблю я..."