сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. М. САВАНЕЦ, настаўніца пачатковых класаў Ніжнечарніхоўскай школы Баранавіцкага раёна. Пачатковая школа 12/1993

Ніжнечарніхоўскія калядкі

Вясковая хата. У ёй — бацька, маці, дачка.
БАЦЬКА. Нешта вы позніцеся!
МАЦІ. Ды ў нас ужо ўсё гатова!
Уваходзяць Шчодра і Цярэшка.
ЦЯРЭШКА.
Каляда, калядкі!
везлі бліны, аладкі
у маляваным вазочку
на вараненькім канёчку.
Шаноўныя гаспадары, ці прымеце вы дзядзьку Цярэшку і цётку Шчодру на калядкі?
МАЦІ. А як жа!
БАЦЬКА. Калі ласка, госцікі дарагія!
ШЧОДРА.
Прыехала каляда ўвечары
ды прывезла пірагі ў рэшаце,
паставіла пірагі на стаўпе,
а сама села на куце.

Гульня «Шчодра схавалася».

ШЧОДРА. Ці бачыш мяне, Цярэшка?
ЦЯРЭШКА. Не бачу.
ШЧОДРА. Каб жа ты не бачыў за стагамі, за капамі, за вазамі, за снапамі свету!
ЦЯРЭШКА. Ці бачыш, ты мяне, Шчодра?
ШЧОДРА. Не бачу!
ЦЯРЭШКА. Каб жа ты не бачыла за гуркамі, за гарбузамі, за капустаю, за буракамі свету!
ШЧОДРА. Каб твае словы ды праўдаю сталі!
ЦЯРЭШКА. Каб было шчодра на стале і ў гародзе, мая бабка ранкам пад абрус сена клала або жытнюю салому. Шчодра, трэба гэтак зрабіць! (Засцілаюць стол.)
Пад музыку ўваходзяць калядоўшчыкі — юнакі і дзяўчаты — з зоркаю, з касою, з чортам.

1-Ы КАЛЯДОЎШЧЫК.
Добры вечар таму,
хто у гэтым даму!
Нам не хочацца чакаць,
загадайце калядаваць!
2-і КАЛЯДОЎШЧЫК-
А ці тут, дома,
Цярэшка і Шчодра?
Спяваць загадайце нам добра!
3-і КАЛЯДОЎШЧЫК.
Шчодрык, Шчодрык,
добры вечар!
Адкажы нам, Чалавеча,
ці ісці, ці сесці,
ці каўбаску з'есці?..
4-ы КАЛЯДОЎШЧЫК.
Добры вечар вам,
ці рады вы нам?
ЦЯРЭШКА. Мы то рады, ды хто вы такія?
1-ы КАЛЯДОЎШЧЫК.
Мы люд не просты,
з далёкага краю,
людцы мы ўсе сталыя
з-пад самага раю.
ЦЯРЭШКА. Адкуль ідзяце?
2-і КАЛЯДОЎШЧЫК.
Ідзём ад пана года,
што носіць бараду
шыроку, як лапату
сіву і калмату!
Мы к лету ідзём,
казу вядзём,
радасць нясём.
Ці шырока сцэна,-
каб нам патанцаваці?
Ці добра гаспадыня,
каб нас пачаставаці?
ЦЯРЭШКА.
Гаспадыня добрая і нават шчодрая.
Ды за што ж частаваці?
Спачатку трэба паспяваці!

Песня «На нова лета».

3-і КАЛЯДОЎШЧЫК.
Добры гаспадару!
Вынесь каўбас пару.
Ой, пахадзі ты каля печкі,
пашукай нам перапечкі!
4-ы КАЛЯДОЎШЧЫК.
Вынесь сала, не скупіся!
Каб твой ячмень урадзіўся!
Каб пажалі 100 коп жыта!
Каб сям'я была ўся сыта!
Каб скацінка вадзілася!
Каб пшаніца радзілася!

Гаспадары дзякуюць і раздаюць пачастункі Калядоўшчыкі кладуць іх у мяшок.
Песня і танец «Го-го-го, каза».
ДАЧКА (падыходзіць да акна). Ой, дзяўчаткі, паглядзіце! Нехта пад’ехаў канём... Напэўна, пан Быкоўскі.
Уваходзіць пан Быкоўскі.
БЫКОЎСКІ. Пахвалёны ў хату!
УСЕ. Навекі, навекі!
БЫКОЎСКІ. Віншую гаспадароў са святам! I маладую панечку таксама (цалуе руку). Ой, дык у вас ужо шмат гасцей! I калядоўшчыкі таксама тут!
ЦЯРЭШКА. Усе тут, толькі пан нешта прыпазніўся!
БЫКОЎСКІ. Але ў гэтым вінават мой жарабец! Як панёс з гары, што каля Прытыкаў, і воз зламаў, і мяне выкінуў. Аж мусіў другую калымажку ўзяць, праз тое і замарудзіў!
ЦЯРЭШКА. Каб ён толькі даехаў! Не збрэша — жыць не будзе!
ДАЧКА. Музыканцікі, сыграйце! Так і хочацца з панам Адольфам лявоніху сыпнуць!
БЫКОЎСКІ. Фі, я такіх мужыцкіх танцаў не танцую!
ДАЧКА. А якія ж танцуеце?
БЫКОЎСКІ. Гэрц-польку, падзі спаць, манчыз, падзі кварту.
ШЧОДРА. I ўсё? Давайце, дзяўчаткі, навучым пана Быкоўскага нашым танцам.
Танец «Полька».
ДАЧКА. А можа, спеяце, пан Быкоўскі, што-колечы? Я чула, голас пекны маеце!
БЫКОЎСКІ. Які там пекны! Канечне, лепшы, як у іншых!
УСЕ. Заспявайце!
БЫКОЎСКІ.
Гляджу я без толку на хладную шаль,
- I чорную душу терзает печаль!

Усе смяюцца...
МАЦІ. Сцяпан, глядзі, да нас яшчэ госцікі ідуць!
Танцавальная група танцуе «Кадрыль».
ЦЯРЭШКА.
Ці свет ці світае,
Ці на зоры займае.
Пара госцікі, збірацца —
гаспадарка чакае!
ШЧОДРА.
Ноч калядная адыходзіць —
песню ладную мы заводзім!
Песня «Дзед і баба».
Усе выстройваюцца на сцэне пад апошні куплет песні.
1-ы КАЛЯДОЎШЧЫК. Што ж, сябры нашы, бывайце!
2-і КАЛЯДОЎШЧЫК. Гора чорнага не знайце!
3-і КАЛЯДОЎШЧЫК. Плённа працуйце, дзетак гадуйце!
4-ы КАЛЯДОЎШЧЫК. Свайго не цурайцеся, праўды трымайцеся!
5-ы КАЛЯДОЎШЧЫК. Моцна кахайце!
УСЕ. На гэтым бывайце!
ЦЯРЭШКА.
Бывайце здаровы —
дарым на шчасце падковы!

Дзеці выносяць падковы.


Яшчэ на гэту тэму:

"Добры вечар, шчодры вечар!.."     "Ідзе каляда, калядуючы..."