сцэнарыі святаў на беларускай мове

НАВУМОВІЧ Ірына Міхайлаўна - музычны кіраўнік дзіцячага сада N° 67 г. Бабруйска. КАБАНАВА Таццяна Іванаўна - музычны кіраўнік дзіцячага сада №18 г. Бабруйска.
Музычнае і тэатральнае мастацтва: праблемы выкладання 3/2004

Музычны кірмаш

Сцэнарый восеньскага свята

Паважаныя калегі, чытачы часопіса! Прапануем вашай увазе сцэнарый свята “Музычны кірмаш”. У яго аснову пакладзены музычны сюжэтна-гульнявы комплекс Л.С.Хадановіч “Весёлые музыканты”. Зрабілі мы гэта для таго, каб перайсці на гульнявую форму арганізацыі музычных заняткаў і свят. На пачатковым этапе мы пазнаёміліся з інавацыйнай педагагічнай тэхналогіяй Л.Хадановіч на аўтарскіх курсах у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Потым пачалі прымяняць атрыманыя веды на практыцы: вывучылі гульні, падрыхтавалі музычна-дыдактычныя дапаможнікі, фанаграмы, песенны рэпертуар да сюжэтных музычна-дыдактычных гульняў і да музычных сюжэтна-гульнявых комплексаў. Пасля развучылі гульню з дзецьмі. Нас парадавала, што яны праяўлялі вялікі інтарэс да гульнявых персанажаў, з задавальненнем пераўвасабляліся ў герояў і вырашалі гульнявыя праблемы. Самае галоўнае — дзеці змаглі стварыць свае творчыя кампазіцыі-імправізацыі. У свабоднай гульнявой творчай дзейнасці дашкольнікі лёгка засвойвалі элементы нотнай граматы і маглі самастойна прымяняць гэтыя веды ў сваіх імправізацыях.
Дзіцячы сад № 67 г. Бабруйска на працягу некалькіх гадоў працуе па далучэнні дашкольнікаў да беларускай культуры. Для нас, музычных кіраўнікоў, вялікай знаходкай і падмогай у азнаямленні дзяцей з беларускім музычным фальклорам сталі сюжэтныя музычна-дыдактычныя гульні, распрацаваныя Л.Хадановіч, такія як "Зязюлька”, а таксама яе музычныя сюжэтна-гульнявыя комплексы. Са згоды аўтара мы пераклалі гульнявы комплекс “Весёлые музыканты" на беларускую мову, увялі ў сцэнарый новага персанажа — Сымона-музыку, гульню “Зязюлька”, падабралі песенны рэпертуар, і атрымаўся сцэнарый свята “Музычны кірмаш”.
Падчас свята дзеці паказалі высокі ўзровень ведаў нотнай граматы, дзіцячага і беларускага народнага аркестра, яны свабодна валодалі дзіцячымі інструментамі, умелі аркестраваць вядомы твор, сальфеджыравалі. Нашы калегі, якія прысутнічалі на “Музычным кірмашы”, адзначылі, што тэхналогія Л.Хадановіч дазваляе на практыцы дасягаць добрых вынікаў і, галоўнае, дапамагае раскрываць творчыя магчымасці дзяцей.

Пад музыку У.Прохарава "Сувенір" дзеці ўваходзяць у музычную залу, становяцца ўрассыпную.
Вядучы. Усе тут ці не?
Дзеці. Усе!
Вядучы. Што, сябры, для жыта трэба?
Дзеці. Ну, вядома, трэба глеба.
Вядучы. А для птушкі?
Дзеці. Вышыня!
Вядучы. А для казкі?
Дзеці. Цішыня.
Вядучы. Ну, а што для весялосці?
Дзеці. Каб часцей бывалі госці!
Вядучы. Дзеці, сёння ў нас кірмаш, але не звычайны. а музычны. Падыдзіце да мяне. Я вам раскажу цікавую гісторыю.

Дзеці падыходзяць да вядучага.
Вядучы. Жылі-былі вясёлыя музыканты. На сваіх музычных інструментах яны так натхнёна выконвалі розныя музычныя творы, што ў кожнага чалавека рабілася на душы лёгка і радасна. і ад гэтай цудоўнай музыкі ўсе станавіліся добрымі. Прыслухайцеся! Ці не іх гэта аркестр гучыць?

Гучыць фанаграма твора У.Іванова “Беларуская вясёлка".
Вядучы. Спадабаўся вам аркестр вясёлых музыкантаў?
Дзеці. Так!
Вядучы. А ці пазналі вы музычныя інструменты, якія гучалі?
Дзеці. Пазналі!
Вядучы. Давайце пагуляем у гульню “Чый аркестр лепшы?”. Падчас яе мы раскажам пра тыя музычныя інструменты, якія прагучалі. Калі мы выканаем правілы гульні, то, можа, і самі вясёлыя музыканты завітаюць да нас у госці!

Трэба падзяліць дзяцей на дзве групы. Для кожнай групы падрыхтаваць карткі з выявамі розных музычных інструментаў беларускага народнага аркестра (домры, баяна, барабана, цымбал, ліры, скрыпкі, дудачкі). Пад гучанне аркестра вясёлых музыкантаў кожная група на сваім фланелеграфе выкладае карткі з выявай таго музычнага інструмента, які ў гэты момант саліруе.

Вядучы.
Раз, два, тры!
Карткі выбіраем,
Гульню пачынаем!

Гучыць аркестр беларускіх народных інструментаў. Дзеці самастойна выкладаюць карткі ў пэўным парадку.

Каб праверыць, ці правільна кожная група вызначыла саліруючыя музычныя інструменты, адзін чалавек ад кожнай групы адначасова з пачаткам гучання саліруючага інструмента паказвае адпаведную картку, а вядучы паведамляе правільную назву інструмента. Калі інструмент групай вызначаны правільна, то картка выкладаецца на фланелеграфе малюнкам уверх, а калі няправільна, то ўніз. Калі картку паказалі пасля таго, як вядучы назваў інструмент, адказ групы не залічваецца, і картку таксама кладуць малюнкам уніз. Перамагае група, якая правільна вызначыла найбольшую колькасць саліруючых інструментаў.

Вядучы. Малайцы, дзеці! Вы вельмі добра ведаеце, як гучаць розныя інструменты і іх назвы. А давайце мы цяпер адначасова з аркестрам вясёлых музыкантаў зайграем на дзіцячых музычных інструментах! і ў нас загучыць не адзін, а два аркестры!

Раз, два, тры!
Карткі выбіраем,
Гульню пачынаем!

Дзеці выбіраюць сабе картку з любым дзіцячым музычным інструментам (бубен, румба, маракас, металафон, ксілафон, дудачка). Ставяць картку на фланелеграфе ў тым парадку, у якім будуць іграць у аркестры.

Вядучы. А цяпер вазьміце музычныя інструменты і займіце свае месцы ў аркестры. Памятайце, што мы будзем іграць адно за адным і кожны свой рытм, Пачынае каманда-пераможца.

Дзеці аркеструюць п'есу У.іванова “Беларуская вясёлка".

Вядучы. Якія цудоўныя аркестры ў нас атрымаліся! Цяжка сказаць, які з іх лепшы. Усе добра ігралі і прыдумалі вельмі цікавыя рытмы. Перамагла музыка і дабрыня!

Гучыць беларуская народная мелодыя “Перапёлачка". Уваходзіць Сымон-музыка са скрыпкай у руцэ.

Вядучы. Дзеці, хто гэта да нас прыйшоў?
Дзеці. Сымон-музыка!
Сымон-музыка (сумна). Добры дзень, дзетачкі! Малайцы, што пазналі мяне. Усе ведаюць, што я музыкант, як і вы.
Вядучы. А чаму ж ты такі сумны?
Сымон-музыка. Я чуў, што ў вас сёння музычны кірмаш, і мне так захацелася пайграць у вас! Ды вось бяда — скрыпка мая не іграе! Не разумею, што здарылася?! Прапала музыка!
Вядучы. Дзеці, трэба памагчы Сымону-музыку. Як вы думаеце, чаму скрыпка не іграе?
Дзеці (па чарзе). Ноты вельмі любяць гуляць у розныя гульні. Яны, мабыць, захацелі пагуляць у хованкі, Пабеглі хто куды і схаваліся і не могуць знайсці адна адну. Таму і музыка прапала.
Сымон-Музыка. Правільна, дзеткі! Каб атрымалася музыка, трэба яшчэ і ноты ведаць! Давайце згуляем у гульню "Чыё імя?”.

Сымон-музыка паказвае малюнкі. Дзеці знаходзяць у назве малюнка адпаведны склад—імя ноты і імя музыканта. Напрыклад, у слове "факел” ёсць склад, які адпавядае ноце фа”. На адваротным баку малюнка замацоўваецца медальён з партрэтам вясёлага музыканта. У верхнім вуглу на нотным стане намалявана адпаведная нота.

Сымон-Музыка.
Вельмі добра!
Раз, два, тры!
На малюнак паглядзі,
Імя ноты назаві!

Таму, хто першы называе ноту, Сымон-музыка чапляе на гузік медальён з партрэтам вясёлага музыканта.

Вядучы. Вось мы і знайшлі ўсіх вясёлых музыкантаў! Але што гэта?
Гучыць фрагмент народнай песні “Чэшка і Смешка ” ў апрацоўцы В.Купрыяненкі.

Вядучы. Ды гэта ж нам музычны падарунак дараць вясёлыя музыканты! (Музыка сціхае).
У каго ёсць партрэт музыканта, той і сам стаў вясёлым музыкантам. А ўсе астатнія дзеці -- іх сябры. А цяпер патанцуем, давайце пакажам, якія ж яны, гэтыя вясёлыя музыканты!

Дзеці выконваюць індывідуальныя танцавальныя кампазіцыі пад музыку песні “Чэшка і Смешка". Пасля заканчэння музыкі дзеці застаюцца на сярэдзіне залы.

Вядучы. Сымон-музыка, табе спадабаліся танцавальныя імправізацыі дзяцей?
Сымон-музыка. Вельмі спадабаліся! Дзеці так выразна танцавалі, што я адразу здагадаўся: гэтыя музыканты вясёлыя і добрыя. Малайцы, дзеткі!
Вядучы. Запрашаю ўсіх сесці, а партрэты нашых вясёлых музыкантаў пастаўце на мальберт, каб усім было відаць. Вясёлыя музыканты рады, што пазнаёміліся з вамі. Яны ведаюць шмат цікавых гульняў і вырашылі вас навучыць, як гуляць у гульню “Дзе маё месца?”. Пагуляем з імі?
Дзеці. Так!
Вядучы. І ты, Сымон-музыка, гуляй з намі.

Кожнае дзіця выбірае партрэт любога музыканта, называе яго імя-ноту і ставіць партрэт на фланелеграф. Потым бярэ сімвал ноты і размяшчае на адпаведным месцы нотнага стана. Далей трэба сыграць ноту на металафоне і праспяваць песеньку- імправізацыю пра яе на гэтай вышыні. Песенькі- імправізацыі, якія найбольш спадабаліся дзецям, яны спяваюць усе разам, Дзеці выкладваюць на нотным стане гаму до мажор.

Сымон-Музыка. Якая цікавая гульня! Вы так добра ведаеце ноты і песенькі. А каб ноты загучалі ўсе адразу, заспяваем вясёлую песню!

Дзеці выходзяць на сярэдзіну залы і выконваюць песню “Музычны кірмаш" (музыка і словы Т.Бокач).

Вядучы. Малайцы, дзеці, вельмі добра вы спявалі. А цяпер заспяваюць адны дзяўчынкі. А вы, хлопчыкі, падыграйце ім на музычных інструментах.
Дзеці выконваюць песню “Мы жывём у Беларусі" (музыка і словы Л. Смык).

Сымон-Музыка. За такія цудоўныя спевы я навучу вас гуляць у "Зязюльку”.

Па лічылцы выбіраецца “зязюлька”, якая становіцца ў цэнтр круга. Дзеці ідуць у карагодзе і спяваюць беларускую народную песеньку “Ты, зязюлька, не кукуй”. Калі песня канчаецца, той, хто спыніўся за спінай у “зязюлькі", павінен закукаваць. “Зязюлька” называе імя таго, хто кукуе. Калі імя саліста вызначана правільна, “зязюлька” і саліст бягуць вакол круга, імкнучыся заняць месца саліста ў карагодзе. Хто прыбег апошнім, той становіцца “зязюлькай”. Гульня працягваецца.

Вядучы. Малайцы, дзеткі! А як вы думаеце, ці спадабалася вясёлым музыкантам на нашым кірмашы? Давайце іх паслухаем.
Гучыць беларуская народная мелодыя “Крыжачок” (урывак).

Вядучы. Што гэта за мелодыя?
Дзеці. Беларуская народная мелодыя “Крыжачок”.
Вядучы. Правільна! Як вы лічыце, спадабалася музыкантам у нас ці не?
Дзеці.Спадабалася!
Вядучы. Чаму вы так думаеце?
Дзеці. Таму што музыка вясёлая, радасная, жывая, добрая!
Вядучы. Правільна, дзеткі! А цяпер вясёлыя музыканты запрашаюць вас пагуляць у гульню “Вясёлы рытм”.

Пад мелодыю беларускай народнай мелодыі “Крыжачок’’ дзеці прастукваюць яе вясёлы рытм на любым музычным інструменце, які яны выбралі. Кожнае дзіця выконвае любы рытмічны малюнак фразы.

Вядучы. Вось які вясёлы музычны кірмаш у нас атрымаўся! Сымон-музыка, а табе спадабалася ў нас?
Сымон-музыка. Вельмі спадабалася! Дзякуй вам за вясёлыя гульні. Да наступных сустрэч, дзеці!

Пад беларускую народную мелодыю “Крыжачок” Сымон-музыка выходзіць з залы.

Вядучы. Вось і скончыўся наш музычны кірмаш. Дзеткі, які ў вас настрой?
Дзеці. Добры!
Вядучы. (звяртаецца да гледачоў). Спадзяёмся, што і ў вас добры настрой. Так прыемна, што нашы дзеці сёння былі сапраўднымі артыстамі і музыкантамі!

Дзеці становяцца ў цэнтры залы, кланяюцца гледачам.

Вядучы. Да новых сустрэч!
Пад музыку У.Прохарава “Сувенір" дзеці выходзяць з залы.

Музычны кірмаш

Музыка і словы Т. Бокач

Ноты песні Музычны кірмаш

Літаратура

Гримать А.А., Ходонович Л.С. Подружись с музыкой. Мн., 2000.
Ходонович Л.С. Ребенок. Игра. Творчество. Мн., 2002.


Яшчэ на гэту тэму:

Святочны кірмаш     Восеньскі кірмаш