сцэнарыі святаў на беларускай мове

Н. I. КАРАБАНЬ, настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 1 г. Паставы. Беларуская мова і літаратура Красавік 2005 г.

Святлом павагі сон ваш ахаваем

Урок - мітынг

Мэта:выхаванне патрыятызму, павагі да тых, хто абараніў мір, да тых, каго вайна пазбавіла шчаслівага дзяцінства.

Форма правядзення:мітынг ля помніка загінуўшым воінам і партызанам.

Ля помніка стаяць вучні з кветкамі ў "руках. Яны застылі ў хвіліне маўчання. Гучыць ціхая жалобная музыка.

Настаўнік.
Усім тым, хто стаў бессмяротным і перамог, і прысвячаецца наш мітынг.
Першы чытальнік (выконвае верш Міколы Гамолкі "Магілы сяброў").
Усюды ціш. Замоўклі песні звонкія,
Навіс над лесам цяжкі небасхіл.
Вакол зямля, пакрытая варонкамі
І ўзгоркамі прытоптаных магіл.

Адсюль на Беларусь дарогі вузкія
Назад да родных хат нас павялі,
Ішлі грузіны, беларусы, рускія —
Усе народы нашае зямлі.

Ішлі усе, не ўсім аднак жа суджана
Было дайсці у край мой дарагі.
Каля варонак тых смяротнай сцюжаю
У многіх абарваліся шляхі.

Мы пахавалі іх, любіўшых горача
Свой край, далёкую сваю сям'ю,
І з іх магіл, з маленькіх тых узгорачкаў
Мы родную убачылі зямлю.

Другі чытальнік (выконвае верш Хведара Жычкі "Дзень Перамогі").
Запросім сёння мы на свята
вітаць наступную вясну
і генерала,
і салдата,
і нескупога старшыну,
і маладога запявалу,
і пасівелага шаўца,
і медсястру, што ратавала
жыццё параненым байцам, —
усіх,
хто лёг пад абеліскі,
каго не абудзіў салют,
як самых родных,
самых блізкіх
пасадзім на пачэсны кут.
І будзем з імі, як з жывымі...
успамінаць апошні бой,
спяваць аб тым,
як свішчуць кулі,
як часта сніцца бацькаў дом...
... А пасівелыя матулі
зноў будуць плакаць за сталом.

Трэці чытальнік (выконвае верш Сяргея Чыгрына "Удава").
Чакала з вайны — не прыйшоў.
Чакае з вайны — не прыходзіць...
І дзесяць гадоў прайшло,
І дваццаць гадоў праходзяць.

Наймае касцоў касіць,
Сама запрагае коні...
Партрэт на сцяне вісіць —
Такім маладым яго помніць.

Чакала з вайны — не прыйшоў,
Чакае з вайны — не прыходзіць...
І Дваццаць гадоў прайшло,
І трыццаць гадоў праходзяць.

Старэе, а ён — малады,
Такі, як тады на вяселлі.
На радасць яе,
на яго пекнату
Людзі шчасліва глядзелі.

Зычылі згоды, кахання, дзяцей
Каб нарадзілася многа...
У дом іх вясковы,
у сонечны дзень
Уварвалася хмарай трывога...

Чакала з вайны — не прыйшоў,
Чакае з вайны — не прыходзіць...
І сорак гадоў прайшло,
І пяцьдзесят праходзяць...

Настаўнік. Вось ужо прайшло 60 гадоў, як адгрымелі апошнія залпы вайны і фашысцкая Германія вымушана была капітуляваць. Дзень Перамогі назаўсёды застаецца для нашага народа і нас з вамі святочным і трагічным. Пачуццё перанесенай страты... Ахвяры вайны... Наўрад ці што больш узрушвала чалавечае сэрца ва ўсе часы. Таму і сёння мы помнім кожнага трэцяга...

Чацвёрты чытальнік (выконвае верш Сяргея Крыўца "Вайна").
Сарвалася лавінай жалезнаю,
Закруцілася бурай шалёнаю,
Разлілася стыхіяй бязмежнаю,
Саранчою апала зялёнаю.
Застагналі палі пад калёсамі,
Задрыжала зямля пад ударамі,
Узвіліся дымы пад нябёсамі,
Старана засвяціла пажарамі.
Свет напоўнены грукатам, рокатам,
Бабы носяцца проставалосыя,
Людзі падаюць, коцяцца покатам,
Быццам тая травіца пад косамі.

Пяты чытальнік (выконвае верш Уладзіміра Караткевіча "Нашы бярозы").
Танкі з крыжам ляцелі на лес празрысты.
Дым мяшаўся з зямлёю. Сцяліўся пажар.
Папала бярозка, танюткая, чыстая,
Без стогну,
Як Жанна д'Арк.
У дрэўцы, кволенькім, як мімоза,
Цякла зямлі маёй мужная кроў...
Я знаю, як гінуць нашы бярозы:
Без плачу.
Шапкі далоў!

Шосты чытальнік (выконвае верш Пятра Прыходзькі "Не, не будзе мой край любімы...").
Не, не будзе мой край любімы
Пад фашысцкай пятою
стагнаць.
Беларуса дастойнае імя
Я нікому не дам зганьбаваць.
Не, не будзе пад белай бярозай
Маці ўранку, пазбыўшыся сну,
Праліваць там гаручыя слёзы
І спіну пад ярмом сваю гнуць.
Не на тое матуля радзіла,
Каб я трусам вярнуўся ў свой дом,
І дзяўчына заве мяне мілым
Не за усмешку адну пад акном.
Я сваёю клянуся крывёю,
Што ні кроку назад не ступлю,
Ненавіджу я зло ўсёй душою.
І жыццё ўсёй душою люблю.

Настаўнік. Вялікае гора перажыў наш народ. Але выстаяла Беларусь — адважная партызанка, змагарка за свабоду.
Сёмы чытальнік (выконвае верш Анатоля Астрэйкі "Дзень Перамогі").
Якое сонца над зямлёю устала —
Ім любавацца будуць людзі век!
Якой красою ўся зямля заззяла,
Зялёным шумам ніў і звонам рэк!

Няхай гудзе, як першы гром вясною,
Усцяж па ўсёй зямлі, па ўсіх марах
Жывая слава пераможцам бою,
Паборнікам і праўды, і дабра.

Хай слава асяніць, крылом атуліць
І хату воіна, і сінь нябёс,
Адорыць шчасце кожную матулю,
Каторай сын цяжар ваенны нёс.

Хай будзе ж славен наш народ навечна,
Што цемру зброяй праўды перамог,
На белым свеце самы чалавечны
І грозны ў час вайны, у час трывог.

Вучань. На досвітку 3 ліпеня 1944 г. воіны ўзнялі над Домам урада сцяг Перамогі. 3 таго часу беларускі народ адзначае гэты дзень — 3 ліпеня — як свята вызвалення, свабоды і незалежнасці.
Вучаніца. Сёння наш святы абавязак — успомніць нашых землякоў-ветэранаў, выказаць слова ўдзячнасці салдатам, якія загінулі ў гады вайны.
Вучань.
Успомнім усіх пайменна,
Горам успомнім сваім...
Гэта трэба не мёртвым!
Гэта трэба жывым!


Вучні чытаюць прозвішчы, якія ўвекавечаны на помніку, г ўскладаюць кветкі да падножжа. Затым называюць імёны землякоў-ветэранаў: Надзея Асяненка, Ганна Маслоўская...

Настаўнік. А цяпер давайце паслухаем пра брацкую магілу воінаў і партызанаў на вуліцы Чырвонаармейскай, каля якой мы зараз стаім.
Вучаніца. Тут пахаваны 333 воіны і партызаны, якія загінулі ў баях супраць фашысцкіх захопнікаў ці памерлі ад ран. Сярод пахаваных — байцы 145-й стралковай дывізіі, якія аддалі свае жыцці за Радзіму пры вызваленні г. Паставы і Пастаўскага раёна ў ліпені 1944 года, у тым ліку і Герой Савецкага Саюза Васіль Паўлавіч Кірычук.
Вучань. В. П. Кірычук нарадзіўся 16 студзеня 1924 года ў сяле Славацічы Ківерцаўскага раёна Валынскай вобласці ў сялянскай сям'і. У Вялікую Айчынную вайну на фронце з сакавіка 1944 года. Вызначыўся 25 чэрвеня 1944 года на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Наводчык супрацьтанкавай гарматы радавы В. П. Кірычук адным з першых пераправіўся праз Заходнюю Дзвіну, агнём прыкрываючы пераправу роты. Пры вызваленні Паставаў быў цяжка паранены. Памёр ад ран 13 ліпеня 1944 года. Дваццаць другога ліпеня 1944 года яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Вучаніца.
Людзі! Перад абеліскамі і помнікамі
Галовы нізка схіліце.
Людзі! Маўчаннем вы
Светлую памяць ушануйце
Тых, хто насмерць стаяў,
Хто наша жыццё адстаяў,
Хто нам мір на зямлі завяшчаў.


Настаўнік. У смутку аб загінуўшых застыла скульптура воіна з прыспушчаным сцягам у руках. Святлом павагі ахоўваюць пастаўчане вечны сон салдатаў і партызанаў, загінуўшых пры вызваленні нашага горада.
Восьмы чытальнік (выконвае верш Уладзіміра Някляева "9 Мая").
Спытае нехта: як жывеш?
І ты ў адказ кіўнеш: нічога...
Пасля спытай сябе самога:
Як ты жывеш? Ці так жывеш?

Прыйдзі да Вечнага агню
І, моўчкі стаўшы на калені,
Правер агнём свае сумленне
На праўду і на чысціню.

Калі ж устанеш прысягнуць
Усім, хто не вярнуўся з бою, —
Ты не шукай іх за спіною.
Яны наперадзе ідуць.


Дзевяты чытальнік (выконвае верш Змітрака Астапенкі "Паклянёмся любіць наш. край.'..").
Паклянёмся любіць наш край!..
Паклянёмся, што ў нашыя сэрцы
Не ўкрадзецца ні страх, ні адчай,
Ні спалох немінучае смерці.

Мы у гэтым кляліся калісь —
У гады залатога юнацтва.
Гэты час і пара надышлі —
Клятвы нашыя мусяць спагнацца.

Той, хто вырас на гэтай зямлі,
Хто ўсмактаў яе цяжкія сокі, —
Ведай: час і пара надышлі
На геройства, на подзвіг высокі.

І цяпер, калі грому гармат
Кулямёт падпявае па-брацку,
Ўспомні брата забітага, брат,
Ўспомні, сын, скатаванага бацьку!

Будзем помніць, як цяжкі кашмар,
Як баёў і нягоды выснову, —
Ненавіснага ворага твар,
Ненавісную ворага мову.

Паклянёмся Радзіму любіць!
Яна з верай на нас паглядае.
Ў нашых сэрцах жыве й будзе жыць
Наша даўняя клятва святая!

Настаўнік. Дзеці, няхай гэты ўрок-мітынг будзе данінай павагі і ўдзячнасці героям вайны, усім тым, хто абараніў мір. Будзьма прадаўжальнікамі іх слаўных спраў, захаваем памяць пра іх подзвіг дзеля жыцця на зямлі. "Хто не спытаў хоць раз трывогі, жыццю не ведае цаны". Гэтыя словы Алеся Звонака будуць тэмай вашага дамашняга сачынення.


Яшчэ на гэту тэму:

"І боль душы, і светлая сляза..."     "Абараняючы родную зямлю"