сцэнарыі святаў на беларускай мове

Валянціна ЯКІМОВІЧ, сябра Беларускага саюза фалькларыстаў. Роднае слова Май. 2005г.

Купальскія гульні

Апісанне гульняў

"Душа беларуса шчодра надзелена весялосцю, ён ад прыроды любіць павесяліцца, разгарнуцца, хоць у яго ніколі не было раскошы ці лішняга. І пойдзе ў яго такая весялосць, быццам ён так і нарадзіўся дзеля адных песняў і пляскаў і нэндзы ніякай не ведае", - зазначаў у XIX ст. расейскі этнограф Аляксандр Пыпін. Сапраўды, нават старажытныя, магічныя ў сваёй аснове абрады праз спалучэнне са скокамі і гульнямі набываюць характар свята. Асабліва гэта тычыцца Купалля, калі ў гульнях і забавах удзельнічае да сотні і больш чалавек - самы час моладзі паказаць спрыт, кемлівасць і дасціпнасць, лепш прыгледзецца і выявіць прыхільнасць адно да аднаго. Спрыяюць гэтаму разнастайныя гульні. Адны пабудаваныя ў форме дыялогу, іншыя суправаджаюцца спевамі, музыкай і танцамі, пры гэтым некаторыя з іх можна класіфікаваць як гульнёвы карагод.
Напрыклад, гульні "Баяры" і "Явар" (гл. Роднае слова, 1998, № 3), у якія гуляюць вясной і на Купалле, адначасова з'яўляюцца і маленькімі карагодамі, як і гульня "Цяцерка", што выконваецца пад песню "Дуда".

Цяцерка

Хлопцы адзін за адным і дзяўчаты адна за адной становяцца ў дзве паралельныя калоны, дзяўчаты - справа ад хлопцаў. Дуд ар пачынае граць, усе спяваюць ды ў такт мелодыі прыпляскваюць у далоні і прытупваюць правай нагой, стоячы на месцы. Хлопец, які стаіць першы, - "паляўнічы". Ён бярэ за руку першую ў шэрагу дзяўчыну - "цяцерку". 3 неразнятых рук яны ўтвараюць "арку" і абыходзяць спачатку дзяўчат, потым хлопцаў. Хлопец ідзе звонку, дзяўчына — паміж калонамі.
Як усіх абыдуць, дзяўчына адымае руку і ўцякае, каб стаць на свае месца. Хлопец стараецца дагнаць і пацалаваць яе. Калі пацалаваў, то яны разам становяцца апошнімі, кожны ў сваёй калоне. Калі не дагнаў, — тую самую "цяцерку" вядзе іншы хлопец, які апынуўся першым. Няўдалы "паляўнічы" становіцца апошнім ў шэраг хлапцоў. Гуляюць, пакуль хлопцы-паляўнічыя не пераловяць усіх дзяўчат-"цяцерак".
Калі ў час гульні заканчваюцца словы, то песню спяваюць спачатку.

Ноты песні Я цяцерку пасу
Я цяцерку пасу, ды ух я
На зялёным лугу,
Я цяцерку за хвост,
А цяцёрка у куст!
Былі ў бацькі тры сыны,
Ды ўсе яны Васілі,
Адзін коней пасець,
Другі лапці пляцець,
Трэці сядзіць на камені,
Дзяржыць дуду на рамені.

Як ударыла дуда,
Па ўсім струнам па басам,
Разняслося па лугам,
Па зялёным дубровам!
Ох, ты, дудка мая,
Весялушка мая,
Весяліла мяне
На чужой старане.
Няхай дудка, сама йграе,
Няхай нас развесяляе!

Зап. Р. Шырма ў 1958 г.

Галубоў карміць

Хлопец і дзяўчына стаяць альбо сядзяць спінай ад но да аднаго. Астатнія лічаць да трох. На лік "3" хлопец і дзяўчына паварочваюць галовы ўбок. Калі павернуцца адно да аднаго тварам, то хлопец павінен вуснамі ўзяць травінку, якую ў сваіх вуснах трымае дзяўчына. Калі не павернуцца тварамі за тры спробы, іх месца займае іншая пара.

Вішню рваць

Дзяўчына стаіць на ўзвышшы (прыкладам, на пяньку), трымае ў зубах саломіну. Калі хлопец, падскочыўшы, зловіць тую саломіну вуснамі, ён можа пацалаваць дзяўчыну.

Дзяркач

Удзельнікі танцуюць па коле польку. Адзін з іх (вядучы) стаіць у цэнтры з дзеркачом. Калі ён ударыць дзеркачом аб зямлю, музыкі перастаюць граць, а ўсе, хто танчыў, павінны памяняцца партнёрамі. Мэта вядучага - перахапіць сабе дзяўчыну. Хто застанецца без пары, робіцца вядучым.

Вершнікі

Адзін хлопец садзіцца на плечы другому. Той, хто ўнізе, - "конь", а той, хто зверху, -"вершнік". Насупраць яшчэ адзін "вершнік" на "кані". Пары разыходзяцца, потым сыходзяцца. Хлопцы-"коні" гарцуюць, а хлопцы-"верш-нікі" пачынаюць змагацца. Кожны імкнецца скінуць суперніка. У каго гэта атрымаецца, той – пераможца.

Шуляк

Гульцы выбіраюць са свайго асяродку "матку" і "шуляка". "Матка" становіцца спераду, а за ёю астатнія удзельнікі гульні, моцна трымаючы адно аднаго за паясніцу. "Шуляк" садзіцца на кукішкі перад "маткаю" і капае ямку. Адбываецца размова "маткі" з "шуляком":

— Шуляк, шуляк, што ты робіш?
— Ямку капаю.
— Навошта табе ямка?
— Мяса варыці.
— Навошта табе мяса?
— Дзяцей карміці.
— А дзе ты мяса возьмеш?
— А ў цябе за спінаю.
— А я не дам!
— А я вазьму!
— Мяса хачу!
— З'еш жабу на карчу!

Са словамі "А я вазьму" "шуляк" пачынае лавіць апошняга. "Матка" імкнецца перашкодзіць гэтаму. Чарада кідаецца з боку ў бок. Усе сочаць за рукамі "шуляка". Злоўлены ўдзельнік гульні адыходзіць убок. "Шуляк" такім чынам стараецца пералавіць усіх.

Поцяг

Роўная колькасць хлопцаў бяруцца за вяроўку з абодвух канцоў і спаборнічаюць, хто каго перацягне.

У птушкі

Дзяўчаты дамаўляюцца пра размеркаванне назваў птушак паміж сабой. Да іх падыходзіць адзін з хлопцаў, і пачынаецца дыялог:
Хлопец. "Дзінь-дзін".
Дзяўчаты. Хто там?
Хлопец. Пятро (кожны гаворыць свае імя).
Дзяўчаты. Па што прыйшоў?
Хлопец. Па птушку.
Дзяўчаты. Па якую?
Хлопец. Па зязюлю!

Дзяўчына, якая назвалася зязюляй, выходзіць да хлопца, яны цалуюцца, праходзяць два колы полькай пад гармонік. Пасля адыходзяць убок, утвараюць першую пару. Гэтаксама ўсе хлопцы абіраюць "птушак"-дзяўчат. Пары выстройваюцца ў калону адна за адной і танцуюць польку.
Калі адзін з удзельнікаў застаецца без пары, то ён становіцца перад калонай і крычыць: "Задняя пара, на бакі!" Апошняя пара разлучаецца і бяжыць з двух бакоў калоны, і хлопец, які застаўся без пары, стараецца пераняць дзяўчыну. Калі гэта яму ўдаецца, то новая пара становіцца першай у калону, а ўжо другі хлопец выклікае наступную з канца пару і г. д.

Мажлівы прыклад танцавальнай мелодыі да гульні "У птушкі".

Мелодыя для гульні

Падчас гульні "Вішню рваць" ці турніру "Вершнікі" могуць гучаць песні-пераклічкі жар-таўлівага зместу.

Й дзеж ты, Купала, ноч начавала?

Ноты песні Й дзеж ты Купала, ноч начавала?
—   Й дзе ж ты, Купала, ноч начавала:
Ці з Мікітам пад карытам,
Ці з Цімошкам пад лукошкам?
—   Ні з Мікітам пад карытам,
Ні з Цімошкам пад лукошкам -
Начавала ночку на зялёным лужочку.
—   Што ж ты, Купала, ды вячэрала?
—   А вячэрала рыбку з перцам,
Рыбку з перцам, кашку з алейцам,
А варэнічкі з чорным макам.

Зап. К. Анікіевіч у Чэрыкаўскім павеце.

Засею я лён, лён, канапелькі

Ноты песні Засею я лён
Засею я лён, лён, канапелькі*,
Павадзілісь пташкі-вірабейкі,
Паклявалі лён-лён, канапелькі.
— Пусці-пусці, татка, пагуляці,
Пташак-вірабеек паганяці.
— А цябе пусціўшы не даждаці.
— Не дажадай, татка, у нядзельку,
А дажадай, татка, к панядзелку.
Не дажадай, татка, з белым сырам,
А дажадай, татка, з малым сынам.

*кожны радок паўтараецца

*     *     *     

У бару бяроза шумела*.
Ў майго свёкра клетка гарэла.
А я, маладзенька, тушыла,
Рэшатам вадзічку насіла.
Насіла, насіла - не нанасіла,
Тушыла, тушыла — не затушыла.

*кожны радок паўтараецца

*     *     *     

За гарою дзеўка пшонку жнець*.
— Паглядзі-тка ж, дзеўка, тучка йдзець.
— А я етай тучкі не баюся.
А ў етай тучкі мамка мая,
Ў етай балацінкі татка мой.

Зап. 3. Мажэйка ў в. Забор'е Расонскага раёна.


Яшчэ на гэту тэму:

Купальскі карагод     Купалле