сцэнарыі святаў на беларускай мове

Зінаіда ЕРМАКОВА, кандыдат педагагічных навук, Валянціна ШАБЕКА, кандыдат педагагічных навук

Вясёлая зіма

Беларускія гульні ў дзіцячым садзе

Спартыўная пляцоўка ўпрыгожана снегавымі фігуркамі, рознакаляровымі ільдзінкамі.

Вядучы. Сёння, дзеці, мы адправімся ў вясёлую краіну спаборніцтваў, удзельнікі якіх каманды "Ільдзінка" і "Сняжынка". Іх выступленні будуць судзіць члены журы: загадчык, выхавацель-метадыст, урач. Няма толькі самага галоўнага члена журы — Зімы. Спазнілася яна на наша свята.

(У гэты час пад перазвон званочкаў на пляцоўку на санках прыязджае Зіма. Яна кланяецца гасцям.)
Зіма. Завіруха замяла ўсе дарогі. Цяжка мне было знайсці вас. Але Мішка-мядзведзь дапамог, прывёз на свята. Дазвольце і яму застацца тут.
Вядучы. Мы гасцям заўсёды рады! Запрашаем весяліцца разам з намі і быць галоўнымі членамі журы. (Дзеці пляскаюць у далоні. Зіма і мядзведзь садзяцца за стол журы.) Пачынаем спартыўныя спаборніцтвы.
Заданне 1 —- "Не зваліся". Ігракі дзвюх каманд праходзяць па снегавому валу, на кожны крок яны падымаюць рукі ўгору і апускаюць уніз. Перамагае каманда, якая выканала заданне без памылак.
Заданне 2 - "Збі каўпачок са снегавіка". Кожны ўдзельнік кідае тры снежкі ў каўпак снегавіка. Перамагае каманда, якая большую колькасць разоў трапіць у каўпак снегавіка.
Заданне 3 — "Не згубі камяк снегу". Камяк снегу, заціснуты паміж каленяў, дзеці павінны, скачучы, данесці да снегавіка. Каманда, якая хутчэй закончыць спаборніцтва, лічыцца пераможцай.

На пляцоўцы з’яўляецца Дзед Мароз.
Дзед Мароз.
Я — Мароз белабароды,
Брат завеям-завірухам.
Засцілаю рэчкі лёдам,
Крыю нівы белым пухам.
Мяне ўсюды носяць ногі.
К вам прыйшоў я на хвілінку
Паглядзець на гульні вашы
I зімовую размінку.

Вядучы. Дзядуля Мароз! Усе дзеці рады цябе бачыць. Ім вельмі падабаецца гульня "Замарожаныя". Паспрабуй іх замарозіць.
(Дзеці разбягаюцца па пляцоўцы, а Дзед Мароз імкнецца замарозіць іх — дакрануцца да ігракоў рукой. Замарожаны павінен спыніцца і развесці рукі ў бакі).
Дзед Мароз. Якія ўсе спрытныя! Амаль нікога я не замарозіў. Цяпер вы адпачніце крыху і паспрабуйце адгадаць мае загадкі. Самы кемлівы з вас атрымае прыз.

I ўдзень ён падаў, і ўначы,
I лёг. А як прыйшла пара,
Не ўстаючы, пабег з двара. (Снег)

Дванаццаць братоў
Шмат тысяч гадоў
Жывуць, паміраюць.
Штогод ажываюць.
Ці ведаеш ты?
Хто такія браты? (Месяцы года)

Раку за ноч замураваў
I вокны ўсе размаляваў.
Вавёрцы адмарозіў нос.
Завуць мяне, сябры... (Мароз)

Не ад гонару заўсёды
Ходзім мы з узнятым носам
I дзяцей зімой з ахвотай,
Як на крылах, з горак носім,
Пазнаёмся з намі бліжай,
а завуць нас проста... (Лыжы)

Белы, лёгкі і пушысты,
Ён укрыў зямлю ўсю чыста.
Як прынёс яго я ў дом —
Ён разліўся ручаём... (Снег)

Вядучы. А цяпер вясёлы атракцыён! Будзем рабіць каток. Дзядуля Мароз, прынясі, калі ласка, вёдры з вадой.
(Трое дзяцей ад кожнай каманды павінны перанесці маленькімі вёдрамі ваду з вялікага вядра на другі канец пляцоўкі. Чыя каманда выканае заданне хутчэй, тая і пераможа.)
Вядучы. Працягваюць спаборніцтвы лыжнікі. Эстафета на лыжах.
Пасярэдзіне пляцоўкі праводзіцца каляровая рыса. Дзве каманды на лыжах строяцца ў рад на процілеглых баках пляцоўкі на адлегласці 20-25 м ад рысы. Па сігналу першыя лыжнікі каманд бягуць насустрач адзін аднаму, яны імкнуцца як мага хутчэй праехаць каляровую рысу. Як толькі яны гэта зробяць, бег пачынаюць наступныя лыжнікі каманд. Перамагае каманда, якая першай закончыць эстафету.

Вядучы. Усіх удзельнікаў свята запрашаю прыняць удзел у гульні "Пабелка".

(Цераз вялікую гурбу снегу працягваецца вяроўка. За яе з аднаго і другога боку бяруцца удзельнікі гульні. Яны стараюцца падцягнуць ігракоў процілеглай каманды да гурбы снегу і, такім чынам, "пабяліць" іх).
Гульня заканчваецца. Зіма абвяшчае вынікі спаборніцтваў і ўзнагароджвае удзельнікаў падарункамі (цацкамі, значкамі, кніжкамі).