сцэнарыі святаў на беларускай мове

М. Дзюбак. Бібліятэка прапануе. Жнівень 2010 г.

Свята першага званка

Сцэнарый школьнага свята

1 вядучы.
Жоўты ліст, як пасланец сусвету,
У танцы апускаецца да долу.
Радасцю нас адарыла лета.
Верасень паклікаў зноў у школу.

Вядучы 2.
Летнім сонцам шчодра
Вабілі нас рэчка, лес і поле.
Доўга жыць нам успамінам гэтым.
Верасень - і зноў мы ў роднай школе.

Вядучы 1.
Верасень! Ты клічаш так заўзята
Нас на урок, у клас, на свята Ведаў.
Гэта найгалоўнейшае свята
Патанае сёння ў моры кветак.

Вядучы 2.
Аднакласнікі, так рады вы сустрэчы!
I маўклівы стане мнагаслоўным.
Але дзе ж наш першы клас, дарэчы?
Ён сягоння самы ў нас галоўны.

Вядучы 1.
Першы клас! Мы вас вітаем,
На лінейку запрашаем!

Выпускнікі вядуць за руну першакласнікаў. Адны і другія становяцца ў строй.

Вядучы 2.
Лінейка, прысвечаная Дню ведаў, аб’яўляецца адкрытай.
Вядучы 1.
Каб трапіць у краіну Ведаў,
Важна курс патрэбны ўзяць.
Каб пазбегнуць многіх бедаў,
Трэба суднам кіраваць.

Вядучы 2.
Нашым школьным капітанам
Быў дырэктар наш заўжды.
Нас вядзе ён курсам слаўным
Ужо многія гады.

Вядучы 1.
Вядзе ўпэўнена і строга
Ён наш школьны карабель,
Вядзе правільнай дарогай,
Каб не селі мы на мель.

Слова мае дырэктар школы.

Вядучы 2.
Летам мы адпачывалі,
Мы й бацькам дапамагалі.
Вядучы 1.
У саўгасе працавалі,
У раджа й мы ўбіралі.
Вядучы 2.
Справу добрую зрабілі,
Сабе грошай зарабілі.
Вядучы 1.
Багацее наш саўгас.
Аграгарадок у нас.
Вядучы 2.
Домікі, ну, адно слова,
Выглядаюць адмыслова.
Вядучы 1.
Школа - люба паглядзець.
Нам за партамі сядзець
Будзе зручна і камфортна,
Будзе дзе займацца спортам,
Бо спартыўная наша зала
Ну зусім сучаснай стала.
Вядучы 2.
Вокны, сцены, ацяпленне
-Усё - проста заглядзенне.
Дзякуй нашаму ураду.
Ды й мясцовая ўлада
Усё зрабіла, што змагла,
Каб так школа ажыла,
Каб яна памаладзела,
Каб дзятва ў ёй хацела
I вучыцца, і гуляць,
Свае веды папаўняць.

Слова мае дырэктар базавай гаспадаркі.

Вядучы 1.
За руку ўзяўшы першакласнікаў,
Прывялі ў школу іх бацькі.
Новенькія формы, ранцы, банцікі.
Памятны ў іх сёння дзень які!

Вядучы 2.
I хаваюць мамы хваляванне
На парозе школьнага жыцця.
Ці не здасца цяжкім навучанне?
Як з нагрузкай справіцца дзіця?

Вядучы 1.
I, гатовыя прыйсці на дапамогу,
Зразумець і ночы недаспаць,
Даць наказ на доўгую дарогу
I сардэчным словам падтрымаць.

Слова - бацькам першакласнікаў. Выходзяць са строю Нязнайка і Вучаніца. У Нязнайкі з партфеля выглядваюць венік і электрычны прас.

Нязнайка.
Лічбы, літары вучу.
У школе быць даўно хачу.
Вучаніца.
Ну, вучыся сабе ў нас.
Ды навошта табе прас?
Нязнайка.
Ну, а як на форме - пляма?
Прас патрэбен мне таксама.
Вучаніца.
А вось венік тут пры чым?
Не ўцямлю я зусім!
Нязнайка.
Ну, а раптам я насмечу? -
Няма больш патрэбнай рэчы.
Вучаніца.
Разумею, ды аднак,
Я скажу, што ты - дзівак,
Во ў партфелі кніг няма,
А без іх хадзіць дарма
У школу будзеш ты, Нязнайка.
Эх, Нязнайка-забывайка!
Падкажыце, першы клас,
Што важней за ўсё для вас?

Першакласнікі:
- Азбука!
- Алоўкі!
- Сшыткі!
- Папка!
- Ручкі!
- Сціркі!
- Кніжкі!

Вучаніца.
Каб чытаць, пісаць умець,
Усё гэта трэба мець.

Нязнайка задумаўся.

Вучаніца.
Ты, Нязнайка, не сумуй,
Усё гэта падрыхтуй.
Нязнайка.
Ну, пайду я рыхтавацца,
Буду ў школе я займацца,
3 кнігай буду сябраваць,
Буду веды набываць.

Слова мае першая настаўніца.
Лета праляцела непрыкметна,
Рэхам адгукнулася ў бары.
I паклікала краіна Ведаў
Да сябе вас, юныя сябры.

Пойдзем мы прыступка за прыступкай
Гэтую краіну пакараць.
Растлумачу вам я ўсё даступна
I не буду вельмі дакараць,

Калі цяжкай здасца вам навука,
Буду вас заўсёды выручаць,
Будзем мы вучыцца без прынукі,
Маму, тату каб не засмучаць.

Я хачу, каб вы не сумавалі
I ўсе сілы буду аддаваць,
Каб сапраўднымі людзьмі вы сталі,
Каб умелі моцна сябраваць.

Каб здаровым, дружным і вясёлым
Быў заўсёды мой любімы клас.
Хай жа ганарыцца вамі школа.
Юныя сябры, у добры час!

Выступаюць першакласнікі. Дзве дзяўчынкі спяваюць прыпеўкі.
Дзень святочны, урачысты.
Сёння я хвалююся.
Выглядаю, як артыстка,
На сябе любуюся.
Як былі яшчэ малымі,
У садок тады хадзілі,
А цяпер мы падраслі,
Дружна ў школу мы прыйшлі.

Форма, банты - усё да твару,
Аб дзесятках толькі мару.
Я – ужо дарослая,
Дзяўчынка сур’ёзная.
Мне няма калі, сябры,
З лялькамі вазіцца,
Трэба ўрокі мне зубрыць,
Бо я - вучаніца.

Хто дурэе на уроках,
3 тым не буду сябраваць,
I настаўніцу без толку
Я не буду турбаваць.
Не шумець на перапынках
I не бегаць, не скакаць,
Я культурнай быць павінна,
Да парадку прывыкаць.

Першы раз у першы клас
"Мы прыйшлі вучыцца.
Вам усім «У добры час!»
Скажам урачыста.

Выпускнікі ўручаюць падарункі першакласнікам і віншуюць іх наступным вершам.
Дарагія першакласнікі!
Мы віншуем сёння вас.
Вы гулялі ўчора ў класікі.
Сёння вы ўжо - першы клас.
Сёння свята незвычайнае,
Свята Ведаў сёння ў нас.
Сустракае школа слаўная
Ваш вясёлы першы клас.
Будзе сонца, будзе непагадзь.
Будзе удача, будзе зрыў.
Толькі хвалявацца нечага.
Каб вяршыні пакарыць,
Трэба моцнымі быць, смелым
I настойлівымі быць,
Каб усё змаглі, сумелі вы,
Каб умелі дружна жыць.
Каб дзесяткі недасяжныя
Сталі звыклымі для вас,
Каб цікавыя і важныя
Справы здзейсніў першы клас.
Каб здароўе не падводзіла,
Каб вясёлым быў настрой.
Каб стаялі ўсе, як водзіцца,
За сяброў сваіх гарой.

Вядучы 1.
Лета праляцела, аж не верыцца.
Час імчыцца хваляй хуткаплыннаю.
Кліч не кліч, яно да нас не вернецца.
У свой клас ужо ісці павінны мы.

Вядучы 2.
Празвініць званок - і без прынукі,
Весела па класах мы разыдземся.
I пачнецца зноў навука.
Ох, нялёгкая то штука!
Толькі без яе мы не абыдземся.

Вучань адзінаццатага класа і першакласніца даюць першы званок.

Вядучы 1.
Свята без кветак - хіба гэта свята?
У вас у руках розных кветак багата.
Вядучы 2.
Вучні! Настаўнікаў шчыра віншуйце,
Кветак для іх і любві не шкадуйце!

Вучні ўручаюць кветкі настаўнікам і разыходзяцца па класах.


Яшчэ на гэту тэму:

Мы школьнікамі сталі     Свята першага званка