сцэнарыі святаў на беларускай мове

Г. А. Капецкая, настаўніца гімназіі г. Светлагорска; Т. А. Гаўрыленка, настаўніца СШ № 4 г. Светлагорска. Пачатковае навучанне Май 2012 г.

«Юр’я светлы ключык адамкнуў зямлю»

Фальклорнае свята

Мэты: пашырэнне кругагляду вучняў; азнаямленне з беларускім народным календаром, гульнямі і абрадамі на прысвятак Юр’я; стварэнне ўмоў для выяўлення творчых здольнасцей школьнікаў.

Афармленне залы: на задніку сцэны вісяць маскі хатніх жывёл, пастухоў ражок і пуга, на сцэне — вогнішча з галля, над якім вісіць кацялок.

На сцэну выходзяць дзяўчынкі і хлопчыкі ў беларускіх нацыянальных касцюмах, спяваюць юраўскую песню:

На Юр’я Бога клікала,
Да падай, Божа, ключыкі
Адамкнуці зямліцу
Ды выпусціці травіцу.
Ды на буйнае жыта,
Ды на цёплае лета.
Ды на волікі ярмачко.
Ды на кароўкі малачко.

Выходзіць Дзед Юрай (вучань апрануты ў вышытую кашулю, у лапцях, у саламяным капелюшы, з пугай у руках).
Дзед Юрай. Добры дзень добрым людзям!
Дзеці. Добры дзень, дзед Юрай!
Дзед Юрай. Не сядзіце склаўшы рукі. Трэба карагоды ля вогнішча павадзіць, таначкі станцаваць, у гульнячкі пагуляць!

Уваходзіць Знахарка (дзяўчынка ў беларускім нацыянальным касцюме, лапцях, хустцы, з кошыкам, у якім знаходзяцца зёлкі і печыва — жаваронкі).

Знахарка. Добры дзень добрым людзям!
Дзеці. Добры дзень, цётка Лёля!
Дзед Юрай. Добры дзень, добрага здароўя, Лёля-знахарка!
Знахарка
Хлапчукі-пастушкі,
Дзяўчаткі, дачушкі мае,
Падыходзьце да мяне,
Час ужо таночкі шукаць.
Час ужо песенькі пеяць.
Дзед Юрай. Пачакай з песнямі. А ці ведаюць хлапчукі і дзяўчаткі, якое сёння свята?
Знахарка. А вось мы зараз у іх запытаемся. Раскажыце дзеду Юраю, якое сёння свята і што ў вашай вёсцы ў гэты дзень робяць.
Дзеці па чарзе расказваюць:
- Юр’я, або Ягор’я, святкуюць 6 мая. У нашай вёсцы лічаць, што менавіта на Юр’я пачынае куваць зязюля.
- А ў нас выходзяць сяляне з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі.
- Святы Юрай ахоўвае хатнюю жывёлу і з’яўляецца валадаром ваўкоў. Ён на белым кані замыкае пашчы дзікім звярам, каб яны не нападалі на скаціну.
- Статак на Юр’я выганяюць зарань на цудадзейную расу, каб было многа малака.
- Перад тым як выгнаць жывёлу, гаспадар тройчы абыходзіць яе з запаленай грамнічнай свечкай і апырсквае свянцонаю вадою.
- Гаспадыня акурвае жывёлу падпаленымі купальскімі зёлкамі.
- Выганяюць скаціну з двара, пасцёгваючы асвячонымі на Вербніцу галінкамі вярбы, затым галінку ўтыкаюць ў хляве ад злых духаў.
- На парозе хлява перад жывёлай кладуць яйка, каб ваўку заткнуць ім пашчу і каб каровы былі круглыя і поўныя малаком.
- А калі пасля праходу жывёлы яйка заставалася цэлае, лічаць, што і жывёла застанецца цэлаю, яе не зачэпіць воўк.
- А яшчэ пад нагамі жывёлы замыкаюць замок — так замыкалі пашчу ваўку на ўсё лета.
- Наматваюць на парозе ніткі ад кроснаў — каб змяя не пакусала жывёлу.
- Юр’я лічыцца святам пастухоў. Для іх рыхтуюць гарбату і пачастунак.
- Выходзяць сяляне на поле з загорнутым у абрус караваем, спяваюць юраўскія песні і водзяць карагоды, дзяўчаты выконваюць абрад «Ляльнік».
Знахарка. А мае вы дзетачкі даражэнькія, як жа вы ўсё ладненька і складненька апавядалі! Вось вам за гэта мой гасцінец — сама жавароначкаў напякла. (Частуе дзяцей жаваронкамі.)
Дзед Юрай. Пачакай, пачакай, не ўсё яшчэ расказалі. А хто такая Ляля?
Дзяўчынка. Ляля — багіня вясны, маці Ярылы. Мы сёння будзем Лялю выбіраць.
Знахарка. А што будзеце з ёю рабіць, як выберыце?
Дзед Юрай. За мяне замуж аддаваць.
Знахарка. От, жартаўнік! Шанаваць яе трэба, благаслаўлення і прыгажосці прасіць.
Дзед Юрай. 3 добрым жартам вясёлае ігрышча. Аднак пара прыгледзецца, каго сёння Ляляю выберам, пара карагод пачынаць. Дзяўчаткі ідуць па правы бок ад мяне, а хлопцы — на левы, пакладзіце рукі адно аднаму на плечы.
Знахарка. Патанчым «Проса»!

Дзеці выконваюць карагод «Проса». Знахарка ім падпяваеі кіруе карагодам, Дзед Юрай грае на жалейцы.
Дзяўчынкі спяваюць, набліжаючыся да хлопцаў:

А мы проса сеялі, сеялі.
Возьмем, Лада, сеялі, сеялі, —
Хлопцы адказваюць.
Ім у адказ спяваюць дзяўчынкі і г.д.:

А мы проса вытапчам, вытапчам.
Возьмем, Лада, вытапчам, вытапчам.
А мы коней выпусцім, выпусцім.
Возьмем, Лада, выпусцім, выпусцім.
А мы коней застанем, застанем.
Возьмем, Лада, застанем, застанем.
А мы коней выкупім, выкупім.
Возьмем, Лада, выкупім, выкупім.
А чым жа вам выкупіць, выкупіць?
Возьмем, Лада, выкупім, выкупім.
А мы дадзім сто рублёў, сто рублёў.
Возьмем, Лада, сто рублёў, сто рублёў.
Нам не трэба тысячы, тысячы.
Возьмем, Лада, тысячы, тысячы.
А нам трэба дзевачка, дзевачка.
Возьмем, Лада, дзевачку, дзевачку.
А нам трэба дзевачка Волечка, Волечка.
Возьмем, Лада, Волечку, Волечку.

Дзяўчынка пераходзяць да хлапчукоў, і карагод паўтараецца.

Знахарка. Ох, добра танчылі. Цяпер і Лялю выбіраць можна.
Дзед Юрай. Бач, якая прыткая! Перш чым Лялю выбіраць, няхай раскажуць, якія яны ведаюць юраўскія прыслоўі і прыкметы.

Дзеці па чарзе гавораць:


Знахарка. Малайцы, мае вы даражэнькія, усё добра ведаеце. Прыйшоў час «Юрыцы»: усім дзяўчаткам трэба сабе сяброўку шукаць. Калі гэтага не зрабіць, то ўвесь год без сяброўкі будзеш.
Дзед Юрай. А ну, хлапчукі-падпаскі і дзяўчаткі-прыгажуні, станавіцеся ў «Ручаёк». Дзяўчынкі, выбірайце сабе сяброўку, выводзьце яе з «Ручайка».

Дзяўчынкі гуляюць у ручаёк пад песню «Юр’я, устань рана».
Юр’я, устань рана,
Юр’я, мыйся бела.
Юр’я, ідзі ў стайню,
Юр’я, сядлай каня.
Юр’я, едзь у поле,
Юр’я, адамкні зямлю.
Юр’я, пусці расу,
Юр’я, цяпленькую,
Юр’я, бяленькую.
Юр’я, устань рана.

Знахарка. Дзяўчаткі, донечкі мае, сябровак сабе выбралі, а зараз ідзіце, вяночкі павіце, Лялю прыбярыце, на пасад пасадзіце.

Дзяўчынкі ўбіраюць Лялю пад карагодную песню.

Дзяўчынка 1. Зараз, дзевачкі, вяночкі віце,
Прыгажэйшыя кветкі ў іх кладзіце.
Дзяўчынка 2. Як сонека зямельку прыбірае, Так і мы нашу Лялю прыбяром, убяром.
Дзяўчынка 1. Ляля, Ляля, наша Ляля!
Дзяўчынка 2. Дай нам жытцу ды пшаніцы.
Дчяўчынка 3. Ляля, наша Ляля!
Дзяўчынка 1. У агародзе, сенажаці.
Дзяўчынка 2. Ляля, наша Ляля!
Дзяўчынка 3. Поўныя грады, роўныя з раду!
Дзяўчынкі (разам). Ляля, наша Ляля!
Дзяўчынка 1. Ружачкі на шчочкі!
Дзяўчынка 2. Ляля, наша Ляля!
Дзяўчынка 3. Васілёчкі ў вочкі!
Дзяўчынка 1. Ляля, наша Ляля!
Дзяўчынка 2. Вясны на доўгія гады!
Дзяўчынка 3. Ляля, наша Ляля!

Дзяўчаткі пад музыку каля ног Лялі кладуць хлеб, сыр, яйкі, ставяць гладыш малака і абходзяць вакол яе. Ляля частуе дзяўчат усім, што ляжыць каля яе, і раздае ім вяночкі.
Ляля.
Частую вас хлебам і соллю
На шчасце і долю.
Як у вечары ў кароўкі малако прыбывае,
Няхай у вас прыгажосці прыбывае!
Няхай адыдуць ад вас халады і напасці.
Кожнай дарую радасць і шчасце!
Дзяўчынкі. Ляля, наша Ляля!
Дзед Юрай. Добрая Ляля, прыгожая. А ці ведаеш ты вершык пра Юр’я?
Ляля.
Святы Юрай па межах ходзіць,
Усім людзям дабро робіць,
Зямлю адмыкае, расу выпускае
I густую, і частую,
I цёмную, і мокрую.
На добрае лета, на буйное жыта,
Нагэты свет, на ўсякі цвет,
Каб зямелька ажывала,
Ды дабром нас асыпала.
Дзед Юрай. От жа, дзякуй, мае даражэнькія, добра вы сёлета Юр’я адзначылі. За тое жадаю вам,
Каб Юр’я светлы ключык
Адамкнуў зямлю,
Пусціў расу
I густую, і частую...
Знахарка.
I цёплую і мокрую,
I на ўвесь свет!
I на кожны цвет!
Дзед Юрай. А мы Юраю аддзячым — Польку «Юрачка» паскачам!
Дзед Юрай, Знахарка і дзеці скачуць польку «Юрачка».

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Беларускі фальклор у школе. 2 кл. : дапаможнік для настаўніка / аўт.-уклад. I. I, Сучкоў, Н. I. Шрамава, У. М. Старчанка. — Мінск : Беларусь, 2000, — 175 с.
2. Васілевіч, У. А. Беларускі народны каляндар / У. А. Васілевіч. — Мінск : Ураджай, 1993. — 80 с.
3. Гуд, П. А. Ад Каляд да Пакроваў / П. А. Гуд;.пад, рэд. Л. I. Жук. — Мінск : Красіка-Прынт, 2000.— 224 с.
4. Фядосік, А. С. Народная спадчына / А. С. Фядосік, Г. А. Пятроўская. — Мінск : Народная асвета, 1984. — 208 с.

Яшчэ на гэту тэму:

"Святы Юр’я, устань рана!"     Абрадавае свята «Юр’еўскі карагод»