сцэнарыі святаў на беларускай мове

АленаМАСКЕВІЧ, педагог. Роднае слова Студзень 2013 г.

Стрэчанне

Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства

Дзейныя асобы: Дзед Янка, Баба Паўліна, Маня - іх унучка, Скамарохі, Вясна, Зіма, Грамоўнік (Красавік), Баба Яга, Цыган, хлопцы, дзяўчаты, суседзі.

Карціна першая

Пакой у вясковай хаце. Маня робіць урокі. Баба Паўліна чытае газету. У пакой уваходзіць дзед.
Дзед Янка. Седзіце над кнігамі ды газетамі, а на дварэ цёпла, са стрэх капае, вясною пахне. Сапраўды, зіма з вясною страчаюцца.
Баба Паўліна (адклаўшы газету ўбок). Ой, Яначка, трэба курэй выпусьціць на двор, няхай нап’юцца веснавой вадзіцы.
Дзед Янка. Ужо выпусьціў, ці я прыкмет не ведаю. Дык певень адразу ж і павёў курэй да лужынкі, што са страхі нацякла.
Маня (загарнуўшы кнігу, весела). Хоць дзясяты клас - гэта не жартачкі, але на сёння хопіць (складае кнігі і сшыткі).
Дзед Янка (прыслухоўваючыся). Калі так, то ідзі на свежае паветра, галаву праветрыць.
Маня (сур’ёзна). Дзядуля і бабуля! Запрашаю вас на тэатралізаванае грамнічнае прадстаўленне.
Выходзяць на двор.

Карціна другая (казачная)

1-ы скамарох.
Добры дзень вам, добрыя людзі!
2-і скамарох.
Хай вам радасці прыбудзе!
1-ы скамарох.
Усіх на свята  запрашаем!
2-і скамарох.
3 вясной, Грамніцамі вітаем!
1-ы скамарох.
Ну, то слухайце аб’яву...
2-і скамарох.
Абяцаем усім забаву!
1-ы скамарох.
Цяпер мы слова сваё скажам:
Людзей паглядзім, сябе пакажам!
2-і скамарох.
А народу, глянь, багата. Значыць, будзем ладзіць свята!
1-ы скамарох.
Пабачце, як Зімка ды з Вясною страчаюцца.
2-і скамарох.
Каму царства ладзіць, каму саступіць - спрачаюцца.
Скамарохі не бачаць  што ў адчыненых весніцах іх слухае Зіма. Яна ў белым кажуху, белых
валёнках, белай пуховай хустцы, у руках трымае белы ад "снегу" кій.

Зіма (падыходзячы бліжэй да людзей). Добры дзень, паважаныя! Але гляджу на вас, людзі, ды дзіву даюся: гэта ж трэба з цёплых хат выйсці на халодны двор Вясну страчаць! Вой, дзівакі, расселіся на халодных лаўках, цяпла ды святла веснавога чакаюць (смяецца). Ці вы мяне не пазналі?
Галасы. Пазналі, ведаем. Ты - матухна-Зіма. Царыца над мяцеліцай-круцеліцай, над марозам траскучым.
Зіма. Прызналі мяне, але навошта вы слухаеце гэтых балбатуноў, якім сонца зубы нагрэла, і яны паверылі, што цёпла, вясна. Колькі дабра я вам зрабіла! Да гэтай пары вывозіце снег на поле. Вось такія ж поўныя машыны залацістага зерня будзеце вазіць восенню ў засекі. А мой снежны, калядны баль пад завіруху, мароз і жоўтую поўню няўжо забылі? Спявае.
Ой, Калядачкі, бліны, ладачкі,
Ой, люлі, люлі, бліны, ладачкі...
Галасы з натоўпу. Дзякуй!
Скамарохі (выбягаючы).
1-ы скамарох. Твая ласка, Зіма, не забылася!
2-і скамарох. У скарбонку памяці адарылася.
1-ы скамарох. Ой, Вясна, ты, Вёсенка, дзе падзелася?
2-і скамарох. Нам Зіма халодная ўсё ж прыелася!
Зіма (адганяе кіем скамарохаў). Я тут уладарка і пакуль не збіраюся саступаць нікому і ні ў чым! Зараз я вам пакажу, як не слухацца маці-Зіму. (Гукае.) Гэй, памочніца мая, на зямлю апусціся, перада мною хутчэй з’явіся!
Стукае кіем аб зямлю, з’яўляецца Баба Яга з мятлою.

Баба Яга (кланяецца Зіме).
Я над лесам ляцела - прытамілася, 3 горкі з’ехала - пракацілася. Па загадзе тваім з’явілася.
Дык што патрабуецца ад мяне, маці-Зіма? Кажы, я слухаю.
Зіма (паказваючы на людзей). Як ні дзіва, але людзі выйшлі страчаць сястрыцу маю. 3 Вясною я разбяруся сама, а ты "замяці" людзей у хаты, нарабі ім добрай завірухі. Няхай сядзяць і носа не высоўваюць. Мяці! Мяці!

Зіма кружыцца ў "снежным" танцы, а Баба Яга пачынае "месці" снег. Людзі закрываюць твары рукамі, настаўляюць каўняры, хаваюцца на ганак, аднак у хату ніхто не ўцякае.

Баба Паўліна (выносіць з хаты грамнічную свечку, падымае яе над галавою і кажа словы - зварот да Бабы Ягі).
Знікні, ідзі, Баба Яга,
Касцяная нага!
Ідзі за вадою,
Стань за гарою,
Холад не рабі,
Снег не мяці!
Баба Яга знікае, замятаючы за сабою снег.
Смех, музыка, танцы.

Зіма. Ай-я-яй! Што робіцца?! Вы, мабыць, забыліся, які месяц на календары? То ж малодшанькі сынок мой Люты. Ён вам яшчэ і марозу дасць, падманным цяплом сагрэе і мяцеліцу-круцеліцу ўчыніць. Ды ўсё гэта ў адзін дзень зробіць. Надта ж удалы сынок, хоць і маленькі! Але чаму гэтак цёпла стала, ажно галава разбалелася?
У гэты момант у веснічкі заходзіць малады, прыгожы хлопец, па-вясенняму ярка апрануты.

Красавік (кланяецца). Добры дзень, добрыя людзі! Я - месяц Красавік, адказны за ўсе расліны на зямлі.
Зіма (злосна). Ага, мы вас не чакалі, а вы прыцягнуліся насуперак усім законам прыроды.
Красавік (памяркоўна). Мы ненадоўга прыйшлі, будзеш яшчэ ўладарыць з сынам сваім Лютым.
Зіма (падазрона). А з кім гэта вы прыйшлі?
Красавік. Ды з сястрыцаю вашай Вясной-красной. Трэба ж, каб вы сёння стрэліся, павіталіся, слоўцам-другім перакінуліся.
Зіма (буркліва). Ды заві ўжо, а то ад цяпла мне штосьці не па сабе: галава баліць, у сон хіліць, яшчэ зусім захварэю.
Красавік (гукае). Вясна-красна, пакажыся,
Хоць на момант усміхніся!

У веснічкі заходзіць маладая прыгожая дзяўчына ў яркім адзенні. На яе галаве вянок з рознакаляровых кветак. Кланяецца Зіме, пасля людзям.

Вясна.
Добры дзень, сястрыца Зіма!
Добры дзень, усім добрым людзям!
Я сюды ісці не збаялася,
3 самім Сонейкам прывіталася.
Да сустрэчы з табой рыхтавалася:
Свята першага ледзь счакалася.
Запытаць хачу: як ты маешся,
3 працаю лядовай ці спраўляешся?
Зіма (ветліва).
Хоць і рана, сястра, ты прыехала,
Усё ж паклон табе, што наведала,
Так заўжды было, як страчаліся,
Доўга нельга быць - разбягаліся.
Пайду ў снежную пярыну, адпачну ад святла, цяпла і шуму. Бывай, Вясна-красна, да наступнага свята, бывайце і вы, людзі добрыя, ды не дужа спадзявайцеся на цяпло!
Кланяецца і выходзіць.
Іграе музыка, людзі танцуюць, танцуе і Вясна з Красавіком. У веснічках з’яўляецца Цыган, у руках ён трымае футра.


Цыган. Дзень добры вам у двор! Як жа ў вас добра, весела, цёпла!
(Убачыўшы Вясну і Красавіка.) Вой, вой, вачам сваім не веру: не іначай як Вясна з сваім памочнікам завітала? (Кланяецца.) А я думаю, чаго гэта так цёпла стала? Вось я футра скінуў, хачу прадаць.
Гэй, людзі, грошы не хавайце,
Футра амаль новае - набывайце,
Не падзёртае, не падранае,
Толькі крышачку надзяванае!
Дзед Янка. Якое ж яно новае, ты ж яго і летась прыносіў, дык я ўзяў гэтае футра ды ў каморы павесіў, каб зімой табе зноў вярнуць!
Хтосьці зайграў на гармоніку. Цыган і некалькі пар пайшлі танцаваць. Вясна і Красавік непрыкметна зніклі, і адразу ж пахаладала.

Баба Паўліна (Цыгану). То давай ужо футра, аднясу ў камору, забярэш пасля.
Цыган. Гаспадынька, дарагая, паважаная, я перадумаў прадаваць адзежыну - холадна. (Апранае футра.)
Гледачы і ўдзельнікі свята сыходзяць са двара.
Выходзяць скамарохі.
1-ы скамарох. Вось і зноў пахаладала.
2-і скамарох. Зіма холаду нагнала.
1-ы скамарох. Нашай казачцы - канец.
2-і скамарох. Хто глядзеў - той маладзец!