сцэнарыі святаў на беларускай мове

Таццяна КЛІМЕНКА, метадыст, Наталля ПЕРШЫНА, выхавацель. Пралеска 4-1993

Прыйшла вясна шумлівая

Забава на экалагічную тэму "Сябры лесу” ў старэйшай групе дзіцячага сада

"Добры дзень, сябры!
Сваю працу па адраджэнню беларускай мовы мы пачалі пяць гадоў назад адразу ж пасля адкрыцця нашых дзіцячых ясляў-сада N 5 "Казка" г. Хойнікі. Вельмі цяжка было працаваць, бо не хапала неабходных метадычных распрацовак, літаратуры, таму багата матэрыялу прыйшлося распрацоўваць самім. Зараз "Пралеска" дапамагае нам у працы, за што вам вялікае дзякуй. Але мы хочам падзяліцца сваімі распрацоўкамі. На наш погляд, яны таксама карысныя і цікавыя. Шмат лясоў Беларусі "захварэлі" цяжкай хваробай — радыяцыяй І не могуць вітаць нашых выхаванцаў сваёй прахалодай, спевам птушак і пахам траў (наш садок таксама знаходзіцца ў такой зоне), таму мы кожны год знаёмім сваіх дзяцей з лесам і яго жыхарамі праз заняткі і забавы, якія сёння вам даслалі.
Супрацоўнікі дзіцячага сада N 5 "Казка" г. Хойнікі.

Вядучая. Паважаныя госці, мы сёння сабраліся, каб пагутарыць аб вясне, навакольным асяроддзі, аб прыродзе.
Дзяўчынка.
Ах, вясна маладая мая!
Пад табой ажывае зямля.
Пад табой і звініць, і пяе
Нават жук...
Нават мушка ў траве.

Хлопчык.
Вясною сонца яркае
На небе зіхаціць,
А на зямлі бясконца
Зялёны лес шуміць.

Дзяўчынка.
Дрэўцы вырастаюць
У вялікі бор,
Весела спявае
Ў ім птушыны хор.

(Дзеці выконваюць песню аб вясне. У залу ўваходзіць Гаспадыня лесу.)

Гаспадыня лесу. Добры дзень, дзеці! Я яшчэ здалёк пачула цудоўную песню, і мне захацелася завітаць да вас у госці. А ці ведаеце вы, хто я такая? (Адказы дзяцей.) Так-так, я Гаспадыня лесу. А жыхароў у маім лесе вельмі шмат. Гэта расліны і жывёлы, птушкі і насякомыя. Усе яны — нашы меншыя браты, якія маюць патрэбу ў дапамозе чалавека. Таму неабходна ведаць, што лясных жыхароў нельга трывожыць шумам, разбураць мурашнікі, гнёзды птушак, зрываць кветкі, ламаць дрэвы» А вы хочаце бліжэй пазнаёміцца з маімі насельнікамі?
Пойдзем, дзеці, ў лес вясновы,
Нібы ў дом вясёлы, новы.
Толькі тым, хто ў казку верыць,
Лес свае адчыніць дзверы.
Там, пад дубам, зайчаняткі
Дружна робяць фіззарадку,
Там мядзведзь каля балота
Рамантуе буслу боты.
Песні там і смех усюды.
Але, ведайце, што цуды
Толькі тым вясна пакажа,
Хто не скрыўдзіць і мурашкі,
Хто з прыродаю сябруе,
Птушак і звяроў шануе.

(Дзеці павольна ідуць па зале. Гучаць галасы птушак у грамзапісе.)

Гаспадыня лесу. Вось мы з вамі пабылі ў лесе, але нічога незвычайнага не знайшлі, толькі чулі прыгожыя песні птушак. Усе мае жыхары пахаваліся ад чалавечага вока. А з’явяцца яны толькі тады, калі вы адгадаеце мае загадкі. Вось першая:
Уздоўж дарогі сталі ў рад
Сёстры, нібы на парад.
У спаднічках белых, вузкіх,
У зялёных пышных блузках.
(Бярозкі)

(Выконваецца карагод "Бярозка”.)

Загадка другая:
Яно для ўсіх нас добры сябар,
Хоць дзіваком здаецца,
Што адзяе вясной кажух,
А ўвосень раздзяецца.
(Дрэва)

(З'яўляецца хлопчык у "адзенні" дуба.)

Загадка трэцяя:
I ў сто гадоў я малады.
Маё насенне — жалуды.
(Дуб)

Хлопчык.
Прабіўся на ўзлессі маленькі дубок —
Магутнага дуба вясёлы сынок.
Шырокія голлі ў блакіце шумяць...
Такім жа, як дуб, і дубок хоча стаць.
Глядзіць ён угору, расце-падрастае.
Харошая зайздрасць заўсёды такая!
I. Муравейка. "Дубок"

Гаспадыня лесу. А якія яшчэ дрэвы вы ведаеце? (Адказы дзяцей.) I каго мы называем зялёнымі сябрамі? (Дрэвы, кусты, кветкі, травы.) Так, яны ўпрыгожваюць нашу зямлю, ачышчаюць паветра, даюць смачныя плады, і людзі павінны заўсёды сябраваць з сваімі "зялёнымі сябрамі", берагчы іх. А зараз адгадайце яшчэ адну загадку:
Слаўная дзяўчына ў цёмны лес ідзе
I яшчэ не ведае, што ўжо быць бядзе.
Трэба да бабулі як мага хутчэй.
Але ў змроку свеціць пара злых вачэй.
Хто ёй напаткаецца вунь за тым кустом,
Хто падманна ўвойдзе да бабулі ў дом?
Хто ж дзяўчынка гэта, хто жахлівы звер?
На загадку можаце адказаць цяпер?

(Адказы дзяцей.)
Глядзіце, да нас сапраўды спяшаецца Чырвоная Шапачка. (Забягае дзяўчынка ў чырвонай шапачцы з букетам пралесак.) Дзяўчынка, хто цябе напалохаў? А якія прыгожыя кветкі! Дзеці, хто можа расказаць пра гэтыя кветкі верш?
Дзяўчынка.
Прыгрэла сонца на узлеску,
I чуўся птушак спеў здаля.
Стаяла, слухала пралеска,
Як ціха дыхала зямля,
Як шышкі лушчыла вавёрка,
3 бярозы цёк салодкі сок
I ўсё журчаў, імчаў з пагорка
Ў лагчыну быстры ручаёк.

Чырвоная Шапачка. Я кветак у лесе нарвала, а потым бачу — за мною воўк гоніцца.
Вядучая. Нездарма, відаць, гнаўся за табою воўк, ён ведае, што губіць так багата кветак нельга. Чым больш мы знішчым кветак у лесе, тым меней іх застанецца. А кветкі гэтыя карысныя, яны занесены ў Чырвоную кнігу. А твае кветкі, Чырвоная Шапачка, мы паставім у ваду, каб яны ўпрыгожылі наша свята.
(Гучыць музыка, у залу, валюхаючыся, уваходзіць мядзведзь.)
Гаспадыня лесу. Дзеці, відаць мы разбудзілі магутнага жыхара майго лесу. Ён усю зіму праспаў у сваёй бярлозе. Але яму даўно час прачнуцца, вясна прыйшла. Праходзь, мішка, мы падрыхтавалі табе ў падарунак мёд.
Мядзведзь. О, дзякуй вам за пачастунак, бо вельмі згаладаўся я за зіму.
Гаспадыня лесу. Што ж ты прыйшоў адзін? Дзе ж твае лясныя сябры?
Мядзведзь. Усю зіму я праспаў і нікога-нікога не бачыў.
Гаспадыня лесу. Ну, сядай, адпачні, а мне давядзецца зноў загадваць загадкі.
Рыжая дзяўчына
Залезла ноччу ў двор —
Курэй пералічыла
I ўсіх панесла ў бор.
(Ліса)

(З’яўляецца ліса.)

Ліса. Добры дзень вам, госці, я ўжо даўно з-за кусточка сачу за вамі, бачу — вы людзі добрыя, мішку падарункі прынеслі і мяне, напэўна, не пакрыўдзіце. А я з вамі пагуляць хачу.
(Праводзіцца гульня "Хітрая ліса". Паяўляюцца птушкі.)
Вядучая.
Раскажыце, птушкі,
Дзе вы пабылі?
Раскажыце, птушкі,
Што вы бачылі?

Шпак.
У спякотных краінах
Спякотнае лета.
Няма ні зімы там,
Няма там ні лета.

Грак.
Там растуць дрэвы-ліяны,
Там растуць на пальмах бананы.

Вядучая.
Ці хораша жылося
Далёка ад дому?

Шпак.
Сумавалі мы па вёсцы,
Па знаёмаму ручаю,
Па шпакоўні і па дрэвах,
Па суседу вераб’ю.

(Уваходзяць тры хлапчукі.)
Вядучая. Давайце паглядзім, як гэтыя хлапчукі ўмеюць будаваць шпакоўні. (Выконваецца танец "Будуем шпакоўні".) А зараз пагуляем з птушкамі ў гульню "Займі сваю хатку”.
Гаспадыня лесу. Паслухайце апошнюю загадку.
Каля сосен, каля елак
Збудаваны дом з іголак.
Можа, вам знаёмы ён?
Жыхароў у ім мільён.
Ўсе працуюць урачыста,
Вось чаму навокал чыста.

Хто адкажа, што гэта за жыхары? (Адказы дзяцей.) Так, гэта мурашы. Яны вельмі карысныя насякомыя. Таму нельга разбураць мурашнікі. Можа, хто-небудзь верш раскажа пра мурашак?
Дзяўчынка.
Што за грукат,
Што за гром
У лясочку за сялом?
Працавітыя мурашкі
Там сабе будуюць дом.
Цягне кожны мураш бервяно,
Але яму зусім не цяжка, хоць яно
У дванаццаць раз даўжэй за яго.
На падбор будаўнікі,
А запал ва ўсіх які!
Вось чаму не моўкне гром
У лясочку за сялом.

Гаспадыня лесу. Мне вельмі спадабалася на вашым свяце, і я лічу, што вы ўсе будзеце сябрамі лесу. Я прымаю вас у "зялёны патруль". (Раздае жэтоны-лісточкі.) I памятайце: усё, што знаходзіцца вакол нас — і лес, і кветкі, і звяры, і птушкі, — гэта наша Радзіма, і мы павінны яе берагчы. (Выконваецца на выбар выхавацеля песня пра Беларусь.)


Яшчэ на гэту тэму:

«Над Белай руссю — белы бусел»     Благаслаўляем вас лясы