сцэнарыі святаў на беларускай мове

К. А. СУДНІС, настаўніца СШ № 8 г. Віцебска. Пачатковая школа 8.2005

Беларусам я завуся, родным краем ганаруся

Інтэлектуальнае шоу “Свая гульня”

Для ўдзелу ў гульні фарміруюцца дзве каманды па 5 чалавеку кожнай. Гульня праходзіць у два туры. У першым туры каманды гуляюць у поўным складзе. Пытанні, на якія будуць адказваць удзельнікі гульні. маюць розную ступень складанасці, што вызначана вартасцю пытання ў балах (10, 20, 30, 40, 50). Чым лягчэйшае пытанне, тым меншая колькасць балаў. Каманды па чарзе выбіраюць тэму і складанасць пытання, за правільны адказ на яго балы дабаўляюцца, за няправільны — адымаюцца. Калі выпадае “свая гульня”, каманда мае права павялічыць ці паменшыць колькасць балаў у залежнасці ад ступені сваёй упэўненасці ў правільным адказе.
У другім туры прымаюць удзел па аднаму прадстаўніку ад каманд, Спачатку яны ацэньваюць свой адказ ад 1 да 100 балаў, затым атрымліваюць пытанне, на якое павінны адказаць у пісьмовай форме на працягу дзвюх хвілін. Калі адказ правільны, балы дадаюцца, калі не — адымаюцца.

І тур

Пытанні і заданні па тэме “Зямля пад белымі крыламі”
1. Назавіце колеры Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. (Чырвоны, зялёны і белы.) — 10 б.
2. Назавіце колькасць і назвы абласцей нашай краіны. (6. Мінская, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Брэсцкая, Магілёўская.) — 20 б.
3. “Свая гульня”. 3 якімі краінамі мяжуе Рэспубліка Беларусь? (3 Польшчай, Літвой, Латвіяй, Расіяй, Украінай.) — 30 б.
4. Як называецца закон, што вызначае жыццё нашай дзяржавы, правы і абавязкі грамадзян? (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.) — 40 б.
5. Колькі жыхароў пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь? (Больш за 10 мільёнаў чалавек.) — 50 б.

Заданні па тэме “Скарбонка мудрасці”.
Даскажы прыказку

1. Пры сонейку цёпла, пры... (мамачцы добра). — 10 б.
2. Няма лепшае хаткі, чым... (у роднай маткі). — 20 б.
3. Дарагая тая хатка, дзе... (нарадзіла мяне матка). — 30 б.
4. “Свая гульня”. Няма смачнейшай вадзіцы, як... (з ' роднай крыніцы), — 40 б.
5. Родная зямля мякчэйшая, чым... (чужая пярына). — 50 б.

Пытанні і заданні па тэме “Летапіс мужнасці”

1. Які горад у нашай краіне носіць ганаровае званне “горад-герой”? (Мінск.) — 10 б.
2. “Свая гульня”. Назавіце горад, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны прыняў на сябе першы ўдар фашысцкіх захопнікаў. (Брэст.) — 20 б.
3. Назавіце вёску, спаленую ў гады вайны разам з жыхарамі, на месцы якой знаходзіцца мемарыяльны комплекс. (Хатынь.) — 30 б.
4. Калі тэрыторыя Беларусі была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? (У ліпені 1944 г.) — 40 б.
5. Колькі жыхароў Беларусі загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны? (Больш за 2 мільёны.) — 50 б.

Пытанні і заданні па тэме “Мы твае сябры, прырода”

1. Які караняплод беларусы ўжываюць у вялікай колькасці? (Бульбу.) — 10 б.
2. Назавіце самага магутнага звера — жыхара беларускіх лясоў. (Зубр, яго вага складае ад 1000 да 1200 кг.) — 20 б.
3. Як завецца самая вялікая птушка, што гняздуецца на тэрыторыі краіны? (Лебедзь-шыпун, яго вага дасягае 12 кг.) — 30 б.
4.
Прыназоўнік хуткі
Ліку даў руку
I ператварыўся
Ў вялікую раку.
Якую? (Пры-пяць.) — 40 б.
5. У якім годзе была выдадзена Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь? (У 1981 г.) — 50 б.

II тур. Вялікая гульня

Прадстаўнікі ад каманд атрымліваюць аркуш паперы. Колькасць балаў, якую яны разлічваюць атрымаць за адказ на пытанне, яны пішуць на адным баку аркуша, адказ на пытанне — на другім баку.
Пытанне. Пра якое свята расказваецца ў тэксце?
Адно з самых прыгожых свят, прысвечанае найбольшаму росквіту жыватворных сіл прыроды і прымеркаванае да перыяду летняга сонцастаяння, бярэ свой пачатак з часоў старажытнасці. Усю ноч каля вогнішча, якое запальвалі на беразе ракі ці возера, хлопцы і дзяўчаты вадзілі карагоды, спявалі песні, прымалі ўдзел у гульнях, спаборніцтвах, пускалі на ваду вянкі, загадваючы на мужа ці жонку, скакалі цераз агонь, каб ачысціць сябе ад злых духаў.
Адказ. Пра Купалле.
Падводзяцца вынікі гульні, пераможцы ўзнагароджваюцца прызамі.

Яшчэ на гэту тэму:

«Над Белай руссю — белы бусел»     Зямля бацькоў - зямля святая