сцэнарыі святаў на беларускай мове

Ф. А. ПАЛАЧАНІН, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (г. Докшыцы). Беларуская мова і літаратура 8/2012

Духоўныя святы

Вусны каляндар для вучняў сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту

На авансцэне ўстаноўлены стэнд з прэзентацыяй вуснага календара, на кожнай старонцы якога змешчаны фотаздымак іконы дванадзясятага свята і адпаведны надпіс. Вучань, які выходзіць на сцэну, адкрывае сваю старонку і распачынае аповед.

Настаўнік. Самым галоўным хрысціянскім святам з’яўляецца Светлае Хрыстова Уваскрэсенне (Пасха), якое ў народзе называецца Вялікдзень. Пасха Гасподняя бывае не раней 22 сакавіка (4 красавіка па н. ст.) і не пазней 25 красавіка (8 мая па н. ст.), у першую нядзелю пасля вясновай поўні.
Затым на працягу года адзначаецца дванаццаць вялікіх свят, якія заснаваны ў гонар і славу Бога і Госпада Ісуса Хрыста і Прачыстай Яго Маці Дзевы Марыі і называюцца дванадзясятымі. Большая частка іх святкуецца штогод у адзін і той жа дзень і таму мае назву непераходных. Такіх свят дзевяць. У календары іх даты пазначаны па новым стылі. Даты іншых свят залежаць ад дня, на які прыпадае Вялікдзень. Гэтыя святы называюцца пераходнымі.
Богаслужэбны царкоўны год пачынаецца 1 верасня (14 верасня па н. ст.), а гадавы цыкл богаслужэнняў складаецца адносна свята Пасхі.

21 верасня — Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы (Другая Прачыстая)

Першы вучань. Кожны год 21 верасня Святой Праваслаўнай Царквой святкуецца Нараджэнне Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі. У Палесціне, у невялікім гарадку Назарэце, у праведных Іаакіма і Ганны нарадзілася дачка, якую Царква ва ўсім свеце праслаўляе як Маці Божую.
Другі вучань. Дзева Марыя нарадзілася ў маленькім гарадку, які размясціўся ў Галілеі, паўночнай частцы Палесціны, удалечыні ад дарог і караванных шляхоў. Паломнікі, якія наведвалі Назарэт, кажуць, што неба над ім нейкага асаблівага, не параўнальнага ні з чым блакітнага колеру.
Першы вучань. Блакітны колер — гэта сімвал Божай Маці, Яе духоўнасці і чысціні, маўчання і нявіннасці, глыбокіх, як блакіт, нябёсаў.
Другі вучань. Бацькі Божай Маці ўсё сваё доўгае жыццё малілі Бога, каб паслаў ім дзіця. Яны далі зарок прысвяціць сваё дзіця Богу. У састарэлых Іаакіма і Ганны ўжо на схіле іх жыцця нарадзілася Дачка. 3 першых дзён жыцця бацькі стараліся акружыць Яе тым, што гаварыла б дзіцячай душы пра Бога. Нішто дрэннае не трапіла Ёй ні на слых, ні на вочы. На восьмы ад нараджэння дзень Ёй далі імя Марыя, што азначае ‘ўзвышаная’.
Першы вучань. Першымі словамі, якія Яна навучылася вымаўляць, былі імя Божае і малітва. Разам са сталеннем раскрывалася ў Яе сэрцы вялікая любоў да Бога.
Другі вучань. Усё жыццё Прасвятой Багародзіцы — яркі промень дабра і святла. Ніякая цёмная сіла да Яе нават не наблізілася. Яна — адзіная Дзева, душа Якой не была затуманена ні на момант ніводным грахом.

27 верасня — Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга

Першы вучань. У памяць аднойдзення (рус. обретения) Крыжа Хрыстова і Яго ўздзвіжання Святая Праваслаўная Царква заснавала свята Уздзвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Яно святкуецца 27 верасня.
Другі вучань. У 326 годзе маці роўнаапостальнага Канстанціна Вялікага царыца Алена па даручэнні свайго сына адправілася ў Іерусалім, каб знайсці Крыж, на якім быў распяты Ісус Хрыстос. Доўгі час пошукі былі беспаспяховымі, але адзін састарэлы яўрэй, імя якога Іуда, паведаміў, што Крыж кінуты ў адну пячору і завалены смеццем і зямлёй, а зверху пабудаваны язычніцкі храм. Царыца Алена загадала разбурыць гэты будынак і адкапаць пячору.
Першы вучань. Пасля раскопак пячоры знайшлі тры крыжы і дошчачку з надпісам: «Ісус Назаранін, Цар Іудзейскі», якая ляжала асобна ад іх. На адным з гэтых крыжоў быў распяты Збавіцель, на двух іншых — два разбойнікі. Але як пазнаць Святы Крыж Гасподні? Іерусалімскі патрыярх Макарый і царыца Алена цвёрда верылі і спадзяваліся, што Бог укажа на Святы Крыж Збавіцеля.
Другі вучань. Здарылася, што ў гэты час па дарозе рухалася пахавальная працэсія. Патрыярх Макарый па чарзе стаў ускладаць крыжы на памерлага. Калі Крыж Гасподні дакрануўся да мёртвага — ён ажыў. Родныя ўваскрэслага заплакалі ад радасці. Жыватворны Крыж быў узняты так высока, каб яго здалёк маглі бачыць усе, хто прыйшоў на Галгофу, і пакланіцца яму.

4 снежня — Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы

Першы вучань. Святая Праваслаўная Царква штогод 4 снежня святкуе ўвядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы. Свята заснавана ў памяць таго дня, калі праведныя Іаакім і Ганна прывялі ў Іерусалімскі храм сваю трохгадовую дачушку Марыю, каб па зробленым абяцанні прысвяціць Яе служэнню Богу. У гэты ж дзень Прасвятая Дзева ўступіла ў Святое Святых.
Другі вучань. Пры ўваходзе ў храм было пятнаццаць прыступак. Іаакім і Ганна паставілі Дзеву Марыю на першую і на развітанне далі Ёй бацькоўскі наказ: «Дзіця, ідзі і будзь Таму, Хто ўсё Табе даў, узнясеннем і салодкай духмянасцю! Увайдзі ў тую глыбіню, уступі ў тую тайну, дзе няма ніякіх дзвярэй. Рыхтуйся стаць месцам усялення Самога Бога...».
Першы вучань. Прасвятая Дзева пакінула бацькоў, з якімі Ёй было так добра, сваіх сябровак і пры ўсеагульным здзіўленні сама па сабе ўзышла на самую высокую прыступку. Там Яе сустрэў першасвятар і адразу благаславіў, а потым сказаў, што па натхненні Духа Святога ўвядзе ў Святое Святых, бо Дзева Марыя дастойна ступіць у свяшчэннае месца: Яна прызначана стаць Маці Сына Божага. I Прасвятая Багародзіца першая ступае ў Святое Святых. Не кранутая ні адным грахом, Яна сэрцам адклікаецца на святыню.
Другі вучань. Праведныя бацькі Іаакім і Ганна вярнуліся дадому, а Прасвятая Багародзіца засталася ў храме, Там Яна разам з іншымі дзяўчынкамі навучалася Закону Божаму, чытала Святое Пісанне, займалася рукадзеллем, строга захоўвала пост і многа-многа малілася.

7 студзеня — Раство Хрыстова

Першы вучань. Аднойчы, калі Дзева Марыя жыла ў Іосіфа-абручніка, Ёй з’явіўся Анёл Гасподні і прынёс радасную вестку аб нараджэнні Сына Божага.
Другі вучань. Калі Марыя была ўжо цяжарная, выйшаў загад рымскага кесара Аўгуста. Дзе б хто ні жыў, дзеля перапісу павінен пайсці ў тое месца, дзе некалі жылі яго продкі. Іосіф і Марыя паходзілі з дома і роду цара Давіда. А родным горадам Давіда быў Віфлеем. Некалі Давід цараваў над усім Ізраілем.
Трэці вучань. Іосіф з Марыяй накіраваліся ў Віфлеем — у далёкую дарогу. Ад Назарэта да Віфлеема болей за дзвесце кіламетраў. На гэтае падарожжа трэба было патраціць некалькі дзён.
Першы вучань. Іосіф і Марыя прыйшлі ў Віфлеем з некаторым спазненнем. У гасцініцах не было месца. Усе месцы былі ўжо заняты такімі ж, як і яны. Іосіф і Марыя пасяліліся ў хляве, які знаходзіўся ў пячоры.
Другі вучань. У гэтай пячоры ноччу ў Прасвятой Дзевы Марыі нарадзілася Дзіця — Сын Божы, Хрыстос, Збавіцель свету. Маці з вялікай любоўю і пяшчотай спавіла і паклала Яго на салому яслях. Дзіця абкружалі нябачныя Анёлы, і цёмнае скляпенне пячоры здавалася прыгожым азораным небам.
Трэці вучань. Гэта вялікая таямнічая ноч, калі нарадзіўся Збавіцель, была незвычайна ціхая. Па ўсім Сусвеце адбываліся цуды. I самым вялікім цудам было з’яўленне віфлеемскім пастухам Анёлаў, якія спявалі: «Слава в вышних Богу и на земли мир, в человецех благоволение». Пастухі паспяшалі пакланіцца Божаму Дзіцяці, аб нараджэнні Якога ім паведамілі Анёлы.
Першы вучань. На паклон да Збавіцеля з Усходу прыйшлі і тры мудрацы-астролагі: Гаспар, Мельхіёр і Валтасар. Яны ўбачылі ў небе новую зорку і зразумелі, што нарадзіўся Вялікі Цар. Мудрацы падарылі Яму золата, ладан і смірну.
Другі вучань.У гонар Раства Ісуса Хрыста Царквой заснавана свята. У хрысціянскіх народаў стала звычаем да гэтага свята ўпрыгожваць ёлку. Лічыцца, што яна сімвалізуе Дрэва Жыцця, вернутае нам з нараджэннем Хрыста Збавіцеля. Упрыгожаная запаленымі свечкамі або лямпачкамі, яна служыць сімвалам духоўнага святла, якое прасвятліла свет з прыходам Хрыста.
Трэці вучань. У дзень Раства на ўсёй зямлі ў дамах і храмах запальваюць свечкі, спяваюць песні пра народжанае на свет Божае Дзіця і Яго Прачыстую Маці.

Гучыць «Рождественская песня».

19 студзеня — Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча)

Першы вучань. Калі Ісусу Хрысту споўнілася трыццаць гадоў, Ён прыйшоў на раку Іардан, дзе Іаан хрысціў народ, і сказаў, што таксама хоча ахрысціцца. Бог адкрыў Іаану Хрысціцелю, Хто падышоў да яго, і той усклікнуў: «Мне трэба хрысціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне». Але Ісус яму адказаў: «Цяпер дапусці, бо так належыць нам здзейсніць усякую праўду». 3 гэтымі словамі Ісус Хрыстос зайшоў у ваду.
Другі вучань. Ахрысціўшыся, Ісус адразу выйшаў з вады. I вось адчынілася Яму неба, і ўбачыў Іаан Духа Божага, Які сыходзіў як голуб і на Ісуса апускаўся. I голас Бога Айца гучна прамовіў: «Гэта ёсць Сын Мой улюбёны, у Якім Мая добрая воля».
Першы вучань. Так у час Хрышчэння Ісуса Хрыста Бог упершыню адкрыўся людзям адначасова ва ўсіх трох Асобах Святой Тройцы: Бог Айцец гаварыў з неба, Бог Сын хрысціўся, Бог Дух Святы ў выглядзе голуба сыходзіў на Бога Сына.
Другі вучань. У дзень Хрышчэння Гасподняга (Вадохрышча) — 19 студзеня — вада асвячаецца як у храмах, так і ў рэках, вадаёмах, студнях. Вернікі, памаліўшыся, ужываюць гэтую ваду кожную раніцу нашча, а таксама выкарыстоўваюць яе для акраплення храмаў, жытла.

15 лютага — Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы)

Першы вучань. Праз сорак дзён пасля Свайго нараджэння Ісус Хрыстос, згодна з Законам Майсеевым, быў прынесены ў Іерусалімскі храм. Таму і мы праз сорак дзён пасля Раства (2/15 лютага) святкуем у Царкве Стрэчанне (г. зн. сустрэчу) Гасподняе.
Другі вучань. Сустрэча Дзіцяці Хрыста са старцам Сімяонам і прарочыцай Аннай — галоўная падзея гэтага свята. Сімяону было прадказана Духам Святым, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста. Натхнёны Духам, ён прыйшоў у Храм, дзе і сустрэў нованароджанага Месію. Сімяон узяў на рукі Хрыста, падзякаваў Богу і сказаў: «Цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладар, паводле слова Твайго, з мірам, бо ўбачылі вочы мае выратаванне Тваё, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў — Святло для прасвятлення язычнікаў і для славы народа Твайго Ізраіля».
Першы вучань. Прарочыца Анна прысутнічала пры гэтым і, падыходзячы, славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збавення ў Іерусаліме.
Другі вучань. Потым Сімяон благаславіў Іосіфа і Марыю. 3 прарочымі словамі святы звярнуўся да Марыі: «Гэтае Дзіця — на падзенне і паўстанне многіх у Ізраілі. Ён будзе падставай для спрэчак: адны будуць сцвярджаць, што Ён дзеля дабра, іншыя, наадварот, што Ён падманвае народ. I зробяць Яго, паводле прарока Іераміі, мішэнню, у якую страляюць, павесіўшы на дрэве крыжовым, і, як стрэлы, будуць пранізваць Яго цвікі і дзіды. У той час і Табе Самой, Бязмужняя Маці, пройдзе скрозь душу зброя тугі і хваробы сардэчнай, калі пабачыш Ты Сына Твайго ўкрыжаваным і калі Яго нібыта будзеш праводзіць са свету з вялікай скрухаю і слязьмі, і ўзрадуешся Яго Уваскрэсенню, і будуць Табе адкрыты намеры многіх сэрцаў» (Лк. II, 34—35).
Першы вучань. Тады Марыя не ведала, якімі будуць гэты жах і гэтая пакута. Пазней, стоячы каля Крыжа Гасподняга на Галгофе, Яна перажыла іх да рэшты: смутак і гора Маці, Якая бачыць Свайго Сына распятым на Крыжы паводле несправядлівага суда, з нянавісцю тых людзей, дзеля якіх Ён жыў, прапаведаваў, дзеля якіх Бог стаў чалавекам. Бачыла Яна, як паступова згасала Яго жыццё. I, нарэшце, прыняла Яна памерлага Яго на Свае рукі. Гэта Ёй прадказаў Сімяон Богапрыімец. I таму мы, калі святкуем гэты дзень і радуемся нашаму выратаванню, успомнім жа і аб вялікім смутку Божай Маці.
Другі вучань. Існуе звычай асвячаць свечкі, якія выкарыстоўваюцца не толькі падчас грому ці навальніц, але і калі на нас находзіць гром нябеснага пакарання ці навала ад нячыстага, калі гора і бяда прыходзяць у нашу хаціну знянацку. Малітвай шчырай і запальваннем свечак стрэчанскіх перад святымі іконамі мы павінны духоўна граміць усё нядобрае і грахоўнае, што спакушае і адводзіць нас ад Збавіцеля Хрыста, ад святасці жыцця і Веры ў Бога. Вось чаму гэтае свята вядома ў Беларусі пад назвай «Грамніцы».

Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербніца)

Першы вучань. Уваход Гасподні ў Іерусалім інакш называецца Вербнай Нядзеляй, або Вербніцай. Менавіта тады, за тыдзень да Вялікадня, Збавіцель уехаў у горад на асле, у простым адзенні. Нягледзячы на такую сціпласць, Яго сустракалі як Цара. На Яго шляху падсцілалі вопратку і пальмавыя галінкі з воклічам: «Асанна Сыну Давідаваму! Благаславёны, хто прыходзіць у імя Гасподняе! Асанна ў вышніх!»
Другі вучань. А Збавіцель, гледзячы на горад, засмуткаваў. Не аб Сабе — аб горадзе: «...О, калі б ты хоць у гэты дзень твой даведаўся, што служыць для твайго спакою! Але гэта цяпер схавана ад вачэй тваіх. Бо настануць дні, калі ворагі твае абкладуць цябе акопамі і абкружаць цябе, { сціснуць цябе адусюль, і разбураць цябе, і паб’юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені за тое, што ты не даведаўся часу твайго наведвання» (Лк. 19, 42—44).
Першы вучань. Фарысеі забаранялі людзям лічыць Хрыста Царом. Але людзі не слухалі іх, радаваліся. Тады фарысеі сказалі Ісусу, каб Ён вучням забараніў праслаўляць Яго. Але Ісус на гэта адказаў: «Кажу вам, калі яны замоўкнуць, то камяні загалосяць».
Другі вучань. Людзі хацелі бачыць у Ім правадыра, які змог бы вызваліць іх ад улады рымлян. Але Ісус ішоў у іудзейскую сталіцу не для таго, каб стаць зямным царом і ўзвысіць народ яўрэйскі над іншымі народамі, а каб Самому прыняць пакуты і памерці за ўсе народы.
Першы вучань. У нас не растуць пальмы, і таму мы прыходзім у Царкву з галінкамі вярбы, у якой лісцікі распускаюцца раней, чым у іншых раслін. Адсюль і назва — Вербная Нядзеля.

7 красавіка — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы

Першы вучань. Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы — гэта адно з вялікіх свят, якое адзначаецца Святой Праваслаўнай Царквой 7 красавіка. Слова «благавешчанне» азначае ‘добрая, радасная вестка, вестка аб тым, што пачалося вызваленне чалавечага роду ад граху і вечнай смерці’.
Другі вучань. Жывучы ў доме праведнага Іосіфа, Прасвятая Дзева Марыя ў вольны ад працы час малілася, чытала Святое Пісанне. Аднойчы ёй з’явіўся Архангел Гаўрыіл, пасланец Божы.

Марыя выходзіць у цэнтр сцэны, становіцца на калені і пачынае ціха маліцца. Неўзабаве каля Марыі з’яўляецца Анёл — юнак у белым адзенні, асветлены яркім промнем пражэктара.

Анёл (да Марыі), Радуйся, ласкаю абдараваная! Гасподзь з табою; Благаславёная ты паміж жанчынамі.

Марыя, убачыўшы Анёла, засаромелася.

Анёл. Не бойся, Марыя, бо ты атрымала ласку ад Бога. I вось ты зачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус. Ён будзе вялікі і назавецца Сынам Усявышняга; і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго. I будзе Ён цараваць над домам Якава вечна, і Царству Яго не будзе канца.
Марыя. Як гэта будзе, калі я мужа не знаю?
Анёл. Дух Святы сыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе, таму народзіцца Святое і назавецца Сынам Божым.
Марыя (з пакорлівасцю). Я — раба Гасподня! Хай сказанае збудзецца.

Анёл знікае, а Марыя нейкі час стаіць у задуменні, потым устае і павольна ідзе са сцэны.

Першы вучань. У Госпада ніякае слова не застаецца бяссільным. Марыя нарадзіла Дзіця, і назвалі Яго Ісусам.

Узнясенне Гасподняе (Ушэсце)

Першы вучань. Узнясенне Госпада нашага Ісуса Хрыста адзначаецца Святой Праваслаўнай Царквой як адно з вялікіх свят, на саракавы дзень ад першага дня Вялікадня. Пасля ўваскрэсення Ісус яшчэ сорак дзён з’яўляўся вучням і гаварыў ім пра Царства Божае.
Другі вучань. Урэшце, сабраўшы вучняў, сказаў ім: «Не пакідайце Іерусаліма, але чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне. Бо Іаан хрысціў вадою, а вы праз некалькі дзён пасля гэтага будзеце ахрышчаныя Духам Святым... Вы прымеце сілу, калі сыдзе на вас Святы Дух, і будзеце Мне сведкамі ў Іерусаліме, і ва ўсёй Іудзеі, і Самарыі, і нават па краі зямлі... Ідзіце па ўсім свеце і прапаведуйце Евангелле ўсім жывым. Хто будзе вераваць і хрысціцца, выратуецца; а хто не будзе вераваць, будзе асуджаны. Хто паверыць, таму будуць спадарожнічаць знакі: імем Маім злых духаў выганяць будуць, гаварыць новымі мовамі будуць; дакранацца да змей будуць; і калі што смертаноснае вып’юць, ім не пашкодзіць. Ускладуць рукі на хворых, і яны здаровымі будуць».
Першы вучань. Ісус Хрыстос, падняўшы рукі Свае, благаславіў вучняў Сваіх і ў іх на вачах узняўся на неба. Воблака засланіла Збавіцеля, і яны больш не бачылі Яго.
Другі вучань. Вучні пакланіліся Госпаду і яшчэ доўга стаялі і глядзелі ўслед Яму. Тады з’явіліся перад імі два анёлы ў белым адзенні і сказалі: «Мужы галілейскія! Што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзнёсся ад вас на неба, прыйдзе такім самым чынам, якім і бачылі вы, калі Ён узыходзіў на неба».

Дзень Святой Тройцы (Пяцідзясятніца)

Першы вучань. Праваслаўная Царква асабліва шануе дзень Святой Тройцы, калі адбылося сашэсце Святога Духа на апосталаў. Назва дня Святой Тройцы тлумачыцца тым, што Сашэсцем Святога Духа на апосталаў праявілася Трэцяя Іпастась і адзінства Прасвятой Тройцы — Айца, Сына і Святога Духа. Яшчэ гэты дзень называецца Пяцідзясятніцай, таму што прыпадае на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня. Вось што адбылося ў гэты памятны дзень.
Другі вучань. У дзень Пяцідзясятніцы Божая Маці разам з апосталамі знаходзілася ў Іерусаліме, чакаючы абяцанага сашэсця Святога Духа. Раптам пачуўся шум з неба, быццам моцны вецер, і напоўніў увесь дом, дзе сабраліся апосталы. Потым з’явіліся вогненныя языкі. Апусціліся яны на кожнага апостала. I адразу ўсе натхніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, чаго раней ніколі не было. Апосталы напоўніліся незвычайнай радасцю і натхненнем. Відаць, перад іх унутраным зрокам з’явіліся ўсе справы і словы Хрыстовы, усё, чаму Ён вучыў з самага пачатку. Ім стала ясна тое, чаго яны не разумелі раней. 3 гэтай хвіліны і да канца свайго жыцця яны сталі новымі людзьмі. Цяпер усе яны былі напоўнены непахіснай верай і вялікай сілай у пропаведзі Евангелля Хрыстова.
Трэці вучань. Аднак у той час, калі апосталы прынялі Духа Святога і заставаліся ўсе разам у пакоі, народ, што сабраўся па-за сценамі дома, заставаўся ў няведанні. Многія накіраваліся да жытла апосталаў. Тады апостал Пётр і ўсе іншыя выйшлі да народа і пачалі сваю першую пропаведзь аб Хрысце Распятым і Уваскрэслым. Яны сталі гаварыць на мовах тых паломнікаў, якія ў гэты час напаўнялі Іерусалім, хоць ніколі не вучыліся чужым мовам. Гэта ўразіла ўсіх.
Першы вучань. Спасылаючыся на сведчанні прарокаў Іаіля і Давіда, натхнёным словам апостал Пётр заклікаў усіх да веры ў Хрыста як Сына Божага і Збавіцеля, распятага і ўваскрэслага з мёртвых. Многія слухачы былі ўзрушаны пачутым і звярнуліся да Пятра і іншых апосталаў з пытаннем: «Што нам рабіць, мужы-браты?» Алостал Пётр адказаў ім; «Пакайцеся, і хай хрысціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста, каб дараваліся вам грахі, — і атрымаеце дар Святога Духа, бо абяцанае належыць вам і дзецям вашым, і ўсім далёкім, каго толькі і ўважыць Гасподзь Бог наш» (Дзеі 2, 37—38). У той дзень каля трох тысяч чалавек далучыліся да Царквы Хрыстовай. Гэтыя новыя члены Царквы цвёрда трымаліся вучэння апосталаў і былі ў брацкіх зносінах адзін з адным.
Другі вучань. 3 гэтага вялікага дня і бярэ пачатак Царква Хрыстова. Дары Духа Святога былі пасланы ўсёй Царкве, перш за ўсё апосталам, а праз іх і ўсім вернікам.
Трэці вучань. У дзень Святой Тройцы, яшчэ з даўніх часоў, хрысціяне ўпрыгожвалі храмы і свае дамы свежымі зялёнымі галінкамі дрэў. I самі стаялі ў храме з кветкамі. Дух Святы дае жыццё ўсяму. Свежая зеляніна і кветкі, якія ўпрыгожваюць зямлю, нагадваюць нам пра міласць Божую і пра дзеянне Святога Духа ва ўсім тварэнні Божым.
Першы вучань. У гэты дзень Царква асабліва заклікае вернікаў пакланіцца Трыадзінаму Богу — Айцу, Сыну і Святому Духу.

19 жніўня — Праабражэнне Гасподняе (Яблычны Спас)

Першы вучань. Слаўнае Праабражэнне Госпада нашага Ісуса Хрыста святой Праваслаўнай Царквой святкуецца 19 жніўня.
Другі вучань. Каб падтрымаць веру ў вучнях Сваіх перад Яго пакутамі, Ісус Хрыстос паказаў ім Сваю Божую славу.
Першы вучань. Незадоўга да Сваіх пакут Ісус Хрыстос узяў траіх вучняў -- Пятра, Якава і Іаана — і з імі ўзышоў на высокую гару памаліцца. Там Ісус пераўвасобіўся перад імі: аблічча Яго заззяла як сонца, адзенне Яго пабялела як святло. Нечакана для вучняў у славе з’явіліся ім Майсей і Ілія. Яны размаўлялі з Ісусам пра тое, што Яму трэба будзе зрабіць у Іерусаліме. Тады Пётр сказаў Ісусу: «Госпадзе! Хораша нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Іліі». Сказаў ён гэта таму, што баяўся і ад страху не ведаў, што кажа. Калі ён яшчэ гаварыў, светлае воблака накрыла іх, і вось голас з воблака сказаў: «Гэта ёсць Сын Мой улюбёны, у Якім Мая добрая воля, Яго слухайце».
Другі вучань. Пачуўшы гэты голас, вучні вельмі напалохаліся і ўпалі ніцма. Ісус Хрыстос, падышоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся». Вучні ўсталі і ўбачылі Ісуса Хрыста ў звычайным выглядзе.
Першы вучань. Калі яны спускаліся з гары, Ісус папярэдзіў: «Нікому не кажыце пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых».
Другі вучань. Сваім праабражэннем Збавіцель паказаў нам, якімі стануць людзі ў будучым жыцці, у Царстве Нябесным, і як пераўтворыцца тады ўвесь наш зямны свет.
Першы вучань. У свята Праабражэння Гасподняга ў Царкве асвячаюць яблыкі.

28 жніўня — Успенне Прасвятой Багародзіцы (Першая Прачыстая)

Першы вучань. Незадоўга да сваёй смерці Багародзіца вяртаецца на жыхарства ў Іерусалім. Тут Яна часта наведвала тыя мясціны, з якімі былі звязаны найважнейшыя падзеі ў жыцці Яе Сына, асабліва апошнія дні Яго на зямлі: Віфлеем, Галгофу, Труну Хрыста, Гефсіманію, Елеон. Успамінаючы пра Яго пакуты, Багародзіца плакала і шчыра малілася, а на месцы ўваскрэсення і ўзнясення вельмі радавалася. Молячыся на Елеонскай гары, Маці Божая ў зямных паклонах схілялася, і адначасова з Ёй дрэвы схілялі свае верхавіны да зямлі, затым выпростваліся.
Другі вучань. Іудзеі рыхтавалі замах на жыццё Багародзіцы. Яны выставілі сваю варту ля магілы Ісуса Хрыста. Але калі Маці Божая наведала Сынаву магілу, варта іудзейская была аслеплена.
Трэці вучань. Прасвятая Багародзіца пастаянна жадала адысці да Свайго Сына. Аднойчы ў час Яе малітвы на Елеоне Архангел Гаўрыіл паведаміў, што праз тры дні закончыцца Яе жыццё зямное, і ўручыў Ёй райскую галінку — сімвал нятлення і перамогі над смерцю. Пачуўшы гэтую вестку, Яна стала радавацца і пачала рыхтавацца да сваёй хуткай смерці. Расказала свайму нарачонаму сыну Іаану пра вестку і дала яму несці перад ложам райскую галінку.
Чацвёрты вучань. Пра дзень блізкай смерці Божай Маці апостал Іаан паведаміў апосталу Якаву, які ў той час быў епіскапам Іерусалімскай Царквы. Той загадзя паведаміў пра гэта іерусалімскім і навакольным хрысціянам, і яны прыйшлі на Яе пахаванне. Багародзіца пераказала ім словы архангела, паказала райскую галінку, потым зрабіла апошнія распараджэнні. 3 уласнай маёмасці Яна мела толькі два хітоны, якія прасіла аддаць дзвюм бедным удовам, што шчыра служылі Ёй. Пахаваць сябе Яна завяшчала ў Гефсіманіі паміж магіламі сваіх праведных бацькоў і абручніка Іосіфа.
Першы вучань. Іншых апосталаў у той час не было ў Іерусаліме. Яны разышліся ва ўсе канцы свету, дзе прапаведавалі вучэнне Ісуса Хрыста. Прасвятая Багародзіца вельмі хацела развітацца з імі. Раптам пачуўся шум, які па сіле нагадваў раскаты грому, і ў дом уварваўся віхор. Гэта па загадзе Божым анёлы падхапілі і прынеслі на воблаках апосталаў. Самі апосталы, убачыўшы адзін аднаго, выказвалі здзіўленне з нагоды незвычайнай падзеі. Сабраны былі не толькі дванаццаць апосталаў, але і семдзесят. Пазней за іншых з’явіўся апостал Павел. Даведаўшыся, чаму Бог сабраў іх, кожны апостал моцна засумаваў па Маці Божай. Багародзіца як магла шчыра суцяшала, абяцала пасля смерці не пакідаць іх і ўсіх хрысціян, за ўсіх заўсёды маліцца. Затым Маці Божая ўсіх благаславіла.
Другі вучань. Прасвятая Багародзіца ляжала на пасцелі, усыпанай кветкамі, і чакала з’яўлення Свайго Сына. Раптам заззяла незвычайнае святло, дах пакоя адкрыўся, і сышоў Сам Хрыстос з мноствам анёлаў, са святымі праайцамі і прарокамі. Яна звярнулася да Сына са словамі «Велічае душа мая Госпада...» і прасіла Яго благаславідь тых, хто шануе Яе памяць. Багародзіца прасіла таксама абараніць Яе ад цёмнай сатанінскай сілы, г. зн. ад паветраных мытарстваў. Затым Маці Божая бязбольна аддала душу ў рукі Госпада, і ў той жа час раздаўся анёльскі спеў. Апосталы позіркамі суправаджалі душу Багародзіцы, якая адыходзіла да Госпада.
Трэці вучань. У час пахавання Багародзіцы адбываліся многія цуды. Дакрануўшыся да Яе пасцелі, хворыя ацаляліся. Апосталы са спевам псалмоў і малітваў, са свечкамі і кадзіламі на сваіх руках пераносілі Яе цела з Іерусаліма ў Гефсіманію, Над Ёй з’явілася воблачнае кола ў выглядзе вянца, азоранага ззяннем. Гэты вянец плыў над працэсіяй да самага месца пахавання, пры гэтым спевы анёлаў не сціхалі. За Яе прачыстым целам бясконца ішлі людзі. Там былі і іудзеі, якія ў Хрыста не верылі. Даведаўшыся пра гэта, іудзейскія свяшчэннікі і начальнікі страшна лютавалі. Яны паслалі слуг і воінаў разагнаць гэтае шэсце, вучняў Хрыста забіць, а цела Багародзіцы спаліць. Калі наблізілася пагоня, воблачны вянец апусціўся на зямлю і, як сцяной, абкружыў усіх хрысціян. Ганіцелі чулі спеў, але нічога не бачылі за воблакам; многія з іх былі аслеплены. Адны разбівалі галовы аб гарадскія сцены, другія шукалі сабе павадыроў. Іудзейскі свяшчэннік Афоній паспяшаўся перакуліць ложа. Толькі схапіўся за яго, як застаўся без абедзвюх рук. Такім страшным цудам ён быў моцна ўражаны. У той жа момант раскаяўся, і апостал Пётр яго ацаліў. I сярод аслепленых ганіцеляў настала шчырае раскаянне, пасля якога яны ўсе таксама атрымалі выздараўленне.
Чацвёрты вучань. Паклаўшы цела Багародзіцы ў грабніцу, апосталы заставаліся пры ёй трое сутак, спяваючы днём і ноччу псалмы. I ўвесь гэты час у паветры чуўся спеў нябесных сіл.
Першы вучань. Апостал Фама прыбыў у Іерусалім праз тры дні пасля пахавання. На яго сэрцы была вялікая туга ад таго, што не змог развітацца з Божай Маці. Апосталы, злітаваўшыся над ім, адвалілі камень ад магільнай пячоры, каб даць яму магчымасць пакланіцца Прачыстаму целу Багародзіцы. Увайшоўшы ў пячору, яны ўбачылі, што цела Багародзіцы знікла. На яго месцы ляжала толькі пахавальнае пакрывала. Моцна здзіўленыя апосталы ўсе разам вярнуліся ў дом і маліліся Богу, каб адкрыў ім, што стала з целам.
Другі вучань. У час вячэрняй малітвы апосталы пачулі анёльскі спеў і ўбачылі ў паветры Багародзіцу, якая стаяла ў ззянні нябеснай славы. Яна сказала апосталам: «Радуйцеся! Я з вамі ва ўсе дні; і заўсёды буду вашай малітвенніцай перад Богам.
Трэці вучань. Апосталы ў вялікай радасці разам выгукнулі: «Прасвятая Багародзіца, дапамагай нам!»
Чацвёрты вучань. Так Гасподзь Ісус Хрыстос праславіў Сваю Прасвятую Маці: уваскрэсіўшы і ўзяўшы да Сябе, паставіў вышэй за ўсіх анёлаў Сваіх.

Гучыць «Молитвенная песнь Заступнице мира — Пречистой Богоматери».