сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. I. ПЕТРУШЭНКА, выхавальніца ГПД СШ № 5 г. Калінкавіч. Пачатковая школа 12.2002

Рэпка

Гульня-спаборніцтва

Вядучы. Дапамагаць іншым — надзвычай важная і ўдзячная справа. Для гэтага трэба быць не толькі добрым, але і спрытным чалавекам, бо дапамога заўжды павінна быць хуткай. Захварэе хто-небудзь — спяшаецца на дапамогу ўрач. Сапсуецца тэлевізар — імчыцца тэлемайстар. А ў якой казцы хуткую дапамогу аказвалі бабуля, унучка, Жучка, кошка, мышка? (Указцы “Рэпка".)
Сёння мы правядзём гульню-спаборніцтва па матывах гэтай казкі, пад час якой кожны зможа праявіць свой спрыт, дапамагчы сваім сябрам у выкананні агульнай справы. Найперш нам трэба выбраць вучняў, якія будуць выконваць ролі герояў казкі. Першы з іх — дзядуля. Прэтэндэнтамі на гэтую ролю стануць тыя, хто зловіць паветраны шар з літарамі “Дз”.
(Гучыць музыка. Вядучы падкідвае рознакаляровыя шарыкі. Два вучні, якія злавілі “дзядулевы” шарыкі, удзельнічаюць у першым конкурсе. Астатнія шары збірае вядучы.)
Вядучы. Дзядуля — сапраўдны агароднік. Ён усё ўмее.
I грады капаць, і рэпку садзіць, і ўраджай вартаваць. Таму для прэтэндэнтаў на ролю дзядулі мы правядзём конкурс “Пудзіла” (апранае ўдзельнікаў у касцюмы пудзіл). Уявіце, што вам трэба ахоўваць агародніну ад вераб’ёў ды варон. Калі я скажу слова “верабей” — узмахвайце рукамі, “варона” — пляскайце ў далоні над галавой, праганяйце злодзеяў! Калі ж пачуеце словы "сініца”, “шпак”, “ластаўка” — здымайце капялюш, каб прывітаць гасцей.
(Праводзіцца конкурс. Вызначаецца пераможца. Вядучы ўручае “дзядулю” маску і саджае яго на вызначанае месца.)
Вядучы. Наступная гераіня казкі — бабуля. Прэтэндэнтаў на гэтую ролю мы вызначым з дапамогай паветраных шароў з літарай “Б”.
(Дзеці ловяць паветраныя шары, два вучні ўдзельнічаюць у наступным конкурсе.)
Вядучы. Што мы ведаем пра бабулю? Яна — галоўны чалавек у справах, што датычаць хатняй гаспадаркі. Кіруе бабуля халадзільнікам, кухоннай плітой, пыласосам, швейнай машынай. А апранае яна хустачку ды фартух. У наступным конкурсе пераможа той, хто першым завяжа хустачку на два вузлы і апране фартух, а яго тасёмкі завяжа банцікам.
(Праводзіцца конкурс. Вызначаецца пераможца. Вядучы ўручае “бабулі” маску і саджае яе побач з “дзядулем".)
Вядучы. На дапамогу бабулі спяшаецца ўнучка. (Два прэтэндэнты на гэтую ролю вызначаюцца з дапамогай паветраных шароў з літарай “У”.)
Вядучы. Любяць бабуля і дзядуля чай з самавара піць. Але, каб вада закіпела, спачатку трэба вугольчыкі пакласці, а потым раздзьмухаць іх. Вось тут ім унучка і дапамагае.
Праводзім спаборніцтва ветрадзьмухаў! Хто з прэтэндэнтаў на ролю ўнучкі праз паўхвіліны надзьме большы паветраны шарык, той гэтую ролю і атрымае.
(Праводзіцца конкурс. Вызначаецца пераможца. Вядучы ўручае “ўнучцы” маску і саджае яе побач з “бабуляй”.)
Вядучы. Надышла чарга Жучкі.
(Два прэтэндэнты на гэтую ролю вызначаюцца з дапамогай паветраных шароў з літарай “Ж”.)
Вядучы. Якія асаблівасці маюць сабакі? Сабакі вельмі добра распазнаюць пахі. Зараз я дам прэтэндэнтам на ролю Жучкі мяшэчкі з раслінамі. (Першаму ўдзельніку — кроп, другому — палын.) Панюхайце і запомніце пах расліны з вашага мяшэчка. Затым па майму сігналу з завязанымі вачамі адшукайце “свой” мяшэчак сярод некалькіх іншых.
(Вызначаецца “Жучка”. Яна займае месца побач з “унучкай".)
Вядучы. Выбіраем кошку.
(Два прэтэндэнты на гэтую ролю вызначаюцца з дапамогай паветраных шароў з літарай “К".)
Вядучы. Кошкі вельмі любяць ціхенька паласавацца чым-небудзь смачненькім. Паглядзім, хто ж у нас сапраўдная кошка. Перад вамі талеркі, на якіх ляжаць цукеркі. Па маёй камандзе кожны ўдзельнік павінен дабегчы да сваёй талеркі, узяць зубамі цукерку і перанесці яе на свой стул — у ціхае мястэчка. Потым трэба вярнуцца за другой цукеркай, за трэцяй. Пераможа той, хто першым перанясе ўсе цукеркі са сваёй талеркі.
(Вызначаецца “кошка". Яна займае месца побач з "Жучкай".)
Вядучы. Апошняя гераіня нашай казкі — мышка.
(Два прэтэндэнты на гэтую ролю вызначаюцца з дапамогай паветраных шароў з літарай “М”.)
Вядучы. У адной вядомай казцы мышка разбіла яечка. Памятаеце, дзед біў-біў — не разбіў, баба біла-біла — не разбіла? А мышка бегла, хвосцікам махнула — калі ласка, хоць яечню смаж!
Гэта казка дапаможа нам вызначыць сапраўдную мышку. Курынае яйка падобнае на тэнісны шарык. Прэтэндэнты па майму сігналу павінны стукнуць тэнісным шарыкам аб падлогу. У каго шарык падскочыць вышэй, той — пераможца.
(Вызначаецца “мышка”. Яна займае месца побач з “кошкай".)
Вядучы. Нарэшце ўся сямейка ў зборы. Ролю рэпкі будзе выконваць другая каманда (6 чалавек). Каб узначаліць яе, трэба добра ведаць сваіх сяброў па агароду. Назавіце агародніну, у якой, як і ў рэпкі, ёсць хвосцік. Хто першым адкажа, той — капітан.
(Дзеці называюць агародніну і ўтвараюць каманду “Рэпка”.)
Вядучы. Вырасла рэпка вялікая-вялікая! Пара яе цягнуць. Увага! Каманда казачных герояў гатова? Каманда “Рэпка” гатова? Аб’яўляецца галоўнае спаборніцтва нашай гульні — перацягванне каната. Перамагчы ў ім зможа толькі самая дружная, самая з’яднаная каманда.
(Вядучы размяшчае каманды, праводзіць лінію, за якую патрэбна перацягнуць хоць бы аднаго ўдзельніка з каманды праціўніка.
Праводзіцца спаборніцтва. Вызначаецца каманда-пераможца.)