сцэнарыі святаў на беларускай мове

Вера Савельеўна ГЕНАШ — старшы метадыст, выкладчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны.
Валянціна Іванаўна СМЫКОЎСКАЯ — метадыст, дацэнт кафедры белоруской літаратуры Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Кандыдат філалагічных навук(1967). Роднае слова 9.2002

Паклон прымі ад нас, пясняр!

Сцэнар літаратурна-музычнай кампазіцыі да 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа

Са старонак самых першых, прачытаных па складах кніг прыходзіць у. наша жыццё гэтае імя — Якуб Колас. Прыходзіць, каб падарыць велізарны паэтычны свет, напоўнены фарбамі, гукамі, пахам роднай зямлі. Свет гэты ўвабраў у сабе гарачую любоў да чалавека, спакойную мудрасць і дабрыню народа, вялікую веру ў яго шчасце. Багатая спадчына Якуба Коласа належыць не толькі нам, беларусам, а і ўсяму свету, а сам пяснярбыў і застаецца вялікім сынам свайго часу і сваёй краіны.
3 лістапада 2002 г. на Беларусі будзе шырока адзначацца знамянальная дата — 120 гадоў з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры. У школах і іншых навучальных установах рэспублікі будуць праведзены юбілейныя мерапрыемствы, якія патрабуюць асабліва ўважлівага падыходу да методыкі іх падрыхтоўкі і арганізацыі.
Адной з дзейсных формаў выхаваўчай працы можа стаць літаратурна-музычная кампазіцыя, якая дае магчымасць глыбей зразумець жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа, шматграннасць яго таленту, вялікі уклад у развіццё нацыянальнай літаратуры.
Да юбілейнай вечарыны афармляюць залу, у цэнтры якой — партрэт Якуба Коласа, перавіты гірляндамі з жывых кветак. Пад ім даты 1882 — 1956, вышэй — лічба 120. У зале — плакаты наступнага зместу.

Кнігі Коласа нам і калыскай, і школай былі.
І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі.
Пімен Панчанка.

Ён не паспеў аб нашым слаўным часе
Ўсяго сказаць, усіх паэм злажыць,
Пайшоў пясняр, а песня засталася,
Памёр паэт, а песня будзе жыць!
Сяргей Грахоўскі.

Вялікі гуманіст, ён заўсёды быў пранікнуты клопатам пра чалавека.
Іван Шамякін.

Жыта хвалюецца... Сэрца на ўздыме.
Сэрца чакала такога даўно.
Слаўлю таго, хто абраў сваім імем
Колас, напоўнены спелым зярном.
Раман Тармола.

Творчасць Якуба Коласа — гэта своеасаблівы летапіс жыцця народа, летапіс праўдзівы і хвалюючы.
Міхась Лынькоў

Самым дарагім для нас імем у беларускай літаратуры побач з імем незабыўнага Янкі Купалы з'яўляецца імя Якуба Коласа.
Кандрат Крапіва

Да вечарыны рыхтуецца спецыяльны выпуск-насценнай газеты пра Якуба Коласа, дзе можна змясціць артыкул пра жыццё і творчасць пісьменніка, рэцэнзіі вучняў на кнігі класіка, вершы, дарожныя нататкі наведванне коласаўскіх мясцін. Можна аформіць і літаратурную паласу "Падслуханыя размовы", на якой — выказванні вучняў пра пісьменніка і яго герояў.
На кніжнай паліцы расстаўляюцца творы Якуба Коласа і крытычныя матэрыялы пра яго творчасць. Рыхтуюцца праграмка (на узор звычайных тэатральных), аб'ява пра вечарыну, запрашальныя квіткі з эмблемай жытнёвага коласа.
Перад пачаткам імпрэзы ў фае школы гучыць запіс мелодыі песні "Мой родны кут" (тэкст Якуба Коласа; муз. Ігара Лучанка)* у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры".
Вечарына пачынаецца кароткім уступным словам настаўніка пра тое, што гэтае вялікае свята беларускай літаратуры і культуры грамадскасць краіны адзначае у золаце восеньскага ўбрання, а ў нядаўнім мінулым шырока святкаваўся юбілей паплечніка і сябра Якуба Коласа — Янкі Купалы.
Адкрываецца заслона. На сцэне ўдзельнікі літаратурна-музычнай кампазіцыі. Усе разам прамаўляюць:

Вітаем словам радасным таго,
Чыё імя Радзіма ўшанавала, —
Сяўца, што сеяў праўду з году у год,
Каб век яна квітнела-расцвітала.

На сцэну выходзіць 1-ы вядучы.

1-ы вядучы. Сёння мы раскажам вам пра паэта, чалавека, грамадзяніна, які ўсё жыццё аддана служыў Радзіме і роднаму народу.
З'яўляецца 2-і вядучы.

2-івядучы. Сёння мы раскажам вам пра пісьменніка, творцу, які паўвека аддаў роднай літаратуры, нёс людзям "агонь душы і сэрца жар".

1-ы чытальнік.
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
2-і чытальнік.

Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
3-і чытальнік.
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
4 -ы чытальнік.

Ад шолаху начэй,
Ад тысячы ніцей,
Усе разам.
3 якіх аснована і выткана жыццё,
I злучана быццё і небыццё —
Збіраўся скарб...

Паказваюцца кадры з фільма "Якуб Колас" (сцэнар Алеся Звонака, рэжысёр П. Шамшур), з кінанарыса "Народны паэт", а калі іх няма — 4-5 кадраў з дыяфільма "Якуб Колас — народны паэт Беларусі". Можна выкарыстаць слайды пра тыя мясціны, дзе нарадзіўся паэт. Дапамогуць фотаальбомы пра Якуба Коласа.

1-ы вядучы. У сям'і лесніка князя Радзівіла, у засценку Акінчыцы, маляўнічым кутку Мінскай губерні, 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — Якуб Колас.

На экране — цудоўныя краявіды, узнёсла апетыя Якубам Коласам, хата, дзе нарадзіўся будучы пісьменнік, леснічоўка ў Ластку, дзе прайшло ранняе дзяцінства.

2-і вядучы. Дзіцячыя і юнацкія гады Кастуся прайшлі ў леснічоўках Альбуць і Ласток, надзвычай маляўнічым кутку Наднямоння, дзе калыханкі хлопчыку спявалі беларускі бор і серабрыстыя хвалі Нёмана, паланіла яго прыгажосць раздольных лугоў і цяністых дуброў. Яшчэ ў дзяцінстве сэрца будучага паэта ўпершыню сціснулася ад болю за свой шматпакутны, добры і шчыры народ. 3 глыбіняў пявучай беларускай мовы пралілася крыніца яго паэзіі...
1-ы чытальнік.
Альбуць!
Юнацкіх год яго
Праўдзівы сведка.
Альбуць!
Чароўны кут
Любімае зямлі!
Тут Колас жыў.
Тут казкі
Бор шаптаў падлетку.
Размову з юнаком
Тут першую вялі.
Алесь Звонак. Альбуць.

Гучыць песня "Дуб" (верш Якуба Коласа, муз. Уладзіміра Алоўнікава).

2-і вядучы. Нібы векавечныя дубы каля Альбуці, што сваімі каранямі ўраслі ў родную зямлю, Кастусь сэрцам палюбіў "вобразы мілыя роднага краю".
2-і чытальнік.
Заміраў тады хлапчынка,
I здавалася яму,
Што ён знае, як травінка
Сваю думае думу,
Што гаворыць жытні колас,
I аб чым шуміць ячмень...
Якуб Колас. Сымон-музыка.

2-івядучы. Чулая душа хлапчука прагна ўбірала жывыя галасы зямлі, пераплаўляючы шолахі і гукі ў радкі першых вучнёўскіх вершаў.
Ён, як і Янка Луцэвіч, прыйшоў да нас з "глыбінь жыватворчых народнага духу", з глыбінь народнага жыцця, назаўсёды звязаўшы свой лес з лесам свайго народа і роднага краю. Таму так усхвалявана гучыць сёння сыноўняе прызнанне ў любові да роднай зямлі.
3-і чытальнік.
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што мае сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я
4-ы чытальнік.
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?
Якуб Колас. Родныя вобразы.

Гучыць песня "Мой родны кут". На экране — краявіды роднай паэту Стаўбцоўшчыны.

1-ычытальнік.
Але нявіднымі ніцямі
Я моцна-моцна звязан з вамі,
Малюнкі роднае краіны!
Эх, зараслі вы, пуцявіны
У гэты мілы мой куточак,
Дзе жоўценькі пясочак
I дзе смутнай пазалотай
Над самым Нёмнам срэбраводным,
Так сэрцу блізкім-блізкім, родным.
Якуб Колас. Новая зямля.

Гучыць сумная беларуская песня.

2-і вядучы. Матчыны сумныя песні пра сялянскую долю-нядолю, што ў "агні згарэла, у вадзе патанула", вясёлыя — пра музыкаў-песняроў, пра "сівых галубоў, што п'юць воду каля броду", народная мудрасць, цудоўныя дзядзькавы каз­кі — вось тая глеба, на якой узрос спелы колас, вось тая крыніца, якая жывіла талент.
1-ы вядучы. Жыццёвыя шляхі-дарогі, сцежкі-пуцявіны прывялі будучага народнага паэта, пас­тушка, сына лесніка з Альбуці ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Тут ён трапіў у імклівае студэнцкае жыццё. Тут пачаў пісаць вершы.
2-і вядучы. Пазней у аўтабіяграфіі творца скажа пра гэты час: "Беларускае гора-няшчасце стукала ва ўсе куткі маёй душы". Гора народа, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт напаўнялі творы паэта болем і спачуваннем, гневам і верай.

2-і чытальнік.
Эх, мілы край адвечнай мукі!
Пракляты будзьце вусны, рукі,
Што на цябе ланцуг кавалі
I ў твар зняважліва плявалі!
Няхай агонь і жар пакуты
Навекі спаліць здзек той люты,
Які спрадвеку там пануе,
Над тым, хто родны скарб шануе
I хто ўсім сэрцам і душою
Астацца хоча сам сабою.
3-і чытальнік.
Жыві ж, наш край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы і мацнее,
Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце!
Якуб Колас. Новая зямля.

1-ывядучы. Мужным змаганнем была педагагічная праца Канстанціна Міцкевіча — маладога настаўніка. Пераадольваючы цяжкасці, ён кідаў зярняты народнай праўды ў чулыя душы сялянскіх дзяцей, абуджаў у іх чалавечую годнасць, прадказваў ім вялікую будучыню. Дзеля гэтай будучыні ён працаваў у глухіх палескіх школах, узнімаў свой голас за навучанне на роднай мове, напісаў "Другое чытанне для дзяцей беларусаў".
4-ы чытальнік.
Багачы і панства,
Нашы "дабрадзеі"!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!
I на грозных межах
Часаў пераходных
Смела вас пытаем,
Прагных і нягодных:
1-ы чытальнік.
"Чыімі рукамі
Вы дабро збіралі?
На чые вы слёзы
Дабрабыт куплялі?
I за што,скажэце,
Палкамі нас білі,
Секлі-катавалі,
Голадам марылі?"
Якуб Колас. Ворагам.

2-і вядучы. Суровая паэзія жывіла спакутаваныя душы людзей. I сёння з твораў Якуба Коласа перад намі паўстае Беларусь жабрацкая, Беларусь лапцюжная: пакрыўленыя хаціны з парослымі мохам стрэхамі, рыззём у вокнах замест шкла.

Паказваюцца кадры з кінафільмаў пра беларускую вёску дакастрычніцкай пары.

2-і чытальнік.
Пазіраюць сумна вёскі,
Глянеш — сэрца забаліць.
На дварэ — паленне, цёскі,
Куча сметніку ляжыць.
3-ічытальнік.
А туманы, як пялёнка,
Засцілаюць лес і гай,
Ой ты, бедная старонка!
Ой, забыты богам край!
Якуб  Колас.  Наш  родны  край.
1-ывядучы. Як нявесела і непрытульна выглядаеш ты, мужыцкае поле, "сірата між людской будовы"!
4-ы чытальнік.
Поле убогае, поле пясчанае!
Кепска ты плаціш за працу людзям.
Злітае потам, слязьмі абліванае,
Дзікае зелле прыносіш ты нам!
Якуб Колас. Роднае поле.

2-і вядучы. Выхадзец з народа, сын беззямельнага селяніна-лесніка, Якуб Колас адчуў "горкую долю", спазнаў цяжкасці жыцця беларуска мужыка.

Інсцэнуецца верш Якуба Коласа "Мужык". На сцэну выходзяць "мужыкі" ў сярмяжнай вопратцы і лапцях.

1-ы мужык.
Я — мужык, бядак пахілы,
Ўсе ўшчуваюць мужыка.
Цягнуць кроў з яго і жылы,
Надрываюць яго сілы,
Ў мазалях яго рука.
На сцэну выходзіць другі "мужык".
2-і мужык.
Я — мужык, я — сын пакуты,
На мякіне вырас я,
Гічанамі пуза ўздута,
Ногі ў лапцікі абуты,
Бедна вопратка мая.
Да іх далучаецца трэці і працягвае.
3-і мужык.
Я — мужык, я — сын бядоты,
Недаем і недасплю,
Гне мяне цяжар работы,
Дзень працую за два злоты,
Здзекі ўсякія цярплю.

"Мужыкі" пра нешта спрачаюцца, размахваючы рукамі, даказваючы нешта адзін аднаму. Выходзіць яшчэ адзін "мужык".

4-ы мужык.
Я — мужык, а гонар маю.
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
"Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!"
1-ы вядучы. Коласаўскія героі ўмеюць не толькі "зносіць лаянку і крык". У іх расце пачуццё пратэсту супраць несправядлівасці і ўціску. Гэта яны, коласаўскія мужыкі, кідаюць гнеўны выкрывальны прысуд сваім "дабрадзеям".
Мужыкі (усе разам).
Багачы і панства,
I ўсе вы брадзягі!
Убок з дарогі, каты!
Бойцеся сярмягі!
Ўжо даўно вяроўкі
Вас, паны, чакаюць,
I па вас асіны
Слёзы праліваюць.
2-і вядучы. Паэзія Якуба Коласа будзіла народ, давала яму сілы верыць у лепшую будучыню
1-ы чытальнік.
На небасхіле зарніцы мігцяць,
Громам узрушана грозная раць.
Мрок насядае глыбей і цяжэй
Грымні ж ты, бура, ды грымні дужэй!
Якуб Колас. Будзе навальніца.

1-ы вядучы. Край гора і нядолі людской, Беларусь апынулася на скрыжаванні складаных грамадскіх перамен. Новы паварот гісторыі — і новыя творы Коласа-паэта, Коласа-песняра.
2-і чытальнік.
Куды ні гляне мае вока,
Ўсё поўна згоды, дабраты...
Ты маеш выгляды прарока,
Наш край пакуты, край святы!
Якуб Колас. У палях Беларусі.

Гучыць песня "Радасць" (верш Якуба Коласа, муз. Юрыя Семянякі, Аляксея Туранкова, Ісака Ронькіна).

2-і вядучы. Натхнёны перспектывамі, што адкрыліся перад Беларускай рэспублікай, Якуб Колас аддаваў усе свае сілы служэнню радзіме і яе народу: пісьменнік не толькі пісаў новыя творы, але і працаваў школьным інструктарам, выкладаў у Мінскім педагагічным тэхнікуме, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. Ярка раскрыўся ў гэты час яго паэтычны талент.
1-ы вядучы. Сапраўднымі перлінамі творчасці песняра і ўсёй беларускай літаратуры сталі яго паэмы "Новая зямля" і "Сымон-музыка", трылогія "На ростанях".
3-і чытальнік.
Кнігі Коласа нам і калыскай, і школай былі,
I па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі.
Пімен Панчанка. Сорак год.

4-ы чытальнік.
Колас.
Купала...
У гуках імён іх люлянку я чую,
Якую матуля калісь
Над калыскай маёй спявала —
Колас.
Купала...
1-ы чытальнік.
Я чую ў іх звонкія гуслі
I гулкасць
Той сілы,
Якая ў былінах сівых гусляроў ракатала —
Колас!
Купала!..
2-і чытальнік.
Адвечную песню народа,
Што горда
жыла ў ім
I кленчыць прад ворагам не дазваляла!
Колас.
Купала.
3-і чытальнік.
Падобны на словы замовы
Імёны,
Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла —
Колас...
Купала...
Уладзімір Някляеў. Словы замовы.

Танцавальная група выконвае вясёлы беларускі танец

4-ы чытальнік.
Адзванілі званы на званіцах,
I збуцвелі, паніклі крыжы,
Знакі цемры-імжы.
Новы край тут паўстаў з навальніцаў...
------------------------------------
Не пазнаць, Беларусь, цябе сёння!
Разагнуўся працоўны твой люд...
Якуб Колас. Краіна Саветаў.

1-ы вядучы. Такія радкі мог напісаць толькі чалавек, улюбёны ў свой родны край, бязмежна адданы свайму народу.

Раптам пачынаюць гучаць трывожныя гукі трубы. Удзельнікі кампазіцыі застылі ў чаканні. Праз эпідыяскоп паказваюцца кадры падзей пачатку Вялікай Айчыннай вайны (можна выкарыстаць і ўрыўкі з дакументальных фільмаў пра вайну). Гучыць мелодыя песні "Свяшчэнная вайна" (словы Васіля Лебедзева-Кумача, муз. Аляксандра Аляксандрава). На яе фоне прамаўляе вядучы.

2-і вядучы. Як набат, загучала Коласава слова: "Цяжкае выпрабаванне выпала на тваю долю, родны беларускі народ, у гэтыя грозныя дні! Няхай жа не дрогне тваё сэрца перад жахам крывавай вайны, перад нашэсцем разбураючых, бязлітасных ордаў разбойніка Гітлера".
1-ы вядучы. Вайна разлучыла Коласа з род­ным краем (прытулак паэту даў далёкі Узбекістан). У поўных жальбы радках чутныя балючы смутак і туга.

1-ы чытальнік.
Я чую голас несціханы —
Зямля мая мяне заве
I кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.
----------------------------------
О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
I сілу даць у барацьбе!

2-і вядучы. У грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас стварыў патрыятычныя вершы і паэмы, прасякнутыя пачуццём сыноўняй любові да роднага краю, маці-радзімы.

Гучыць мелодыя песні, на фоне якой чытаецца верш.

2-і чытальнік.
Дык гуртуй жа магутныя сілы —
Вораг люты штурмуе наш дом.
Ты абруш на яго прах магілы,
Разразіся над ім перуном!
Якуб Колас. Народу-барацьбіту.

Гучыць мелодыя песні "Абеліскі" (верш Міхася Ясеня, муз. Дзмітрыя Смольскага). На яе фоне — словы вядучага.

1-ы вядучы. Збыліся словы беларускага песняра — народ выйшаў пераможцам з жахлівай вай­ны. Якуб Колас вярнуўся ў спаленую і разбураную Беларусь. Вярнуўся, каб славіць "час урачысты і новы", узначальваць навуковую дзейнасць рэспублікі ў якасці віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі.
2-і вядучы. Пасляваенная творчасць вялікага паэта — узнёслая і радасная песня ўслаўлення Радзімы.
1-ы чытальнік.
Разнімае плечы-крылы
Праметэй раскуты.
Нашы дні — паэмы-былі,
Сказ нідзе нячуты.
Якуб Колас. Раскуты Праметэй.

1-ы вядучы. Якуб Колас валодаў незвычайным талентам — талентам чалавечнасці, дабрыні і сардэчнасці, якія заварожвалі кожнага, хто сустракаўся з ім.
Уважлівы да розных праяў жыцця, Якуб Колас спяшаўся на сустрэчы з чытачамі, маладымі аўтарамі. Дапытлівы і чулы, народны паэт любіў жыццё і людзей, імкнуўся аддаць ім агонь сваёй душы і шчодрасць вялікага сэрца.
2-і вядучы. Дарогі Беларусі! Жыццёвыя дарогі Коласа... Дарогі, па якіх яму давялося хадзіць 74 гады. Памёр пясняр 13 жніўня 1956 г. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
1-ы чытальнік.
Вайсковыя могілкі Мінска
Не будуць варот зачыняць.
Спыніся — далёкі ці блізкі —
Тут маршалы нацыі спяць.
Купала і Колас...
Раптоўна
Адчуеш свабодна зусім —
Не толькі радком загалоўным —
Ты ўсім абавязаны ім.
Рыгор Семашкевіч. Вайсковыя могілкі Мінска...

На сцэне — 1-ы і 2-і вядучыя з газетамі ў руках.

1-ы вядучы. Пастанова Урада рэспублікі "Аб увекавечанні памяці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча)".
2-і вядучы. 3 мэтай увекавечання памяці на­роднага паэта Беларусі Якуба Коласа (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча) Урад Беларусі пастанавіў:
1-ы чытальнік. Перайменаваць Лагойскі тракт горада Мінска ў вуліцу імя Якуба Коласа.
2-і чытальнік. Перайменаваць Камароўскую плошчу ў Мінску ў плошчу імя Якуба Коласа.
3-і чытальнік. Прысвоіць імя Якуба Коласа Мінскаму паліграфічнаму камбінату, сярэдняй школе № 44 горада Мінска, Дому творчасці пісьменнікаў Мінскага раёна, фундаментальнай бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі, Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі.
4-ы чытальнік. Прысвоіць імя Якуба Коласа школе-інтэрнату ў горадзе Нясвіжы. Устанавіць бюст Якуба Коласа на яго радзіме ў сяле Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Устанавіць помнік Якубу Коласу на плошчы яго імя ў горадзе Мінску.
1-ы чытальнік. Устанавіць мемарыяльныя дошкі на будынку Пінкавіцкай сярэдняй школы, дзе настаўнічаў паэт, на Доме творчасці пісьменнікаў у Каралішчавічах Мінскага раёна, дзе ён жыў і працаваў, на будынку Акадэміі навук.
2-і чытальнік. Стварыць Літаратурны музей Якуба Коласа ў горадзе Мінску і філіял гэтага музея ў сяле Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці — на радзіме паэта.
3-і чытальнік. Устанавіць стыпендыі імя Якуба Коласа для студэнтаў — адну ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і адну ў Мінскім педагагічным інстытуце.
4-ы чытальнік. Даручыць прэзідыуму Акадэміі навук БССР і праўленню Саюза пісьменнікаў БССР на працягу 1957 — 1962 гг. выдаць Поўны збор твораў Якуба Коласа.
1-ы вядучы. Творам Якуба Коласа суджана доўгае жыццё, бо яны — спадчына нашага народа, якая належыць нашчадкам.

На сцэне — кніжная паліца, на якой сабраны творы Якуба Коласа.

2-і вядучы. Сярод напісанага паэтам прыгадаем "Песні-жальбы", "Апавяданні", "Родныя з'явы", "Казкі жыцця", "Водгулле", "Новую зямлю", "У палескай глушы", "Сымона-музыку", "На прасторах жыцця", "У глыбі Палесся "Дрыгву", "Голас зямлі", "Суд у лесе", "Адплату", "На ростанях", "Міхасёвы прыгоды", …старых дубах", "У пушчах Палесся".

1-ы чытальнік.
Ён — гаспадар, што ўстаў раней за сонца,
2-і чытальнік.
Каб зерня для сяўбы нарыхтаваць,
3-і чытальнік.
Было нялёгка вузкія загоны
4-ы чытальнік.
Спустошанае нівы засяваць.
1-ы чытальнік.
Ён — гаспадар. Ён добра ведаў сілу
2-і чытальнік.
Тых слоў, што сейбіт кажа да раллі.
3-і чытальнік.
Сыпнуў ён зерне — буйна ўскаласіла
4-ы чытальнік.
Краса тых слоў на ўсёй яго зямлі.
Генадзь Кляўко. Якубу Коласу

На сцэну выходзяць усе ўдзельнікі кампазіцыі.

1-ы вядучы. Мы і сёння памятаем Ваш наказ дзядзька Колас.
1-ы чытальнік.
Цвітуць палі у кроплях буйных рос, Шумяць бары, а сэрца плача ўголас.
Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,
Што на тваёй зямлі узрос.
2-і чытальнік.
Ён не паспеў аб нашым слаўным часе Ўсяго сказаць, усіх паэм злажыць. Пайшоў пясняр, а песня засталася, Памёр паэт, а песня будзе жыць!
Сяргей Грахоўскі. Песня будзе жыць.
3-і чытальнік.
За ўсё, што ты аддаў народу,
За шчодрасць сэрца, шчодрасць мар,
За кліч свой горды да свабоды
Усе разам. ПАКЛОН ПРЫМІ АД НАС, ПЯСНЯР!


Яшчэ на гэту тэму:

«I сёння з намі Колас і Купала»     "Сагрэты быў пяскамі наднямоння"