сцэнарыі святаў на беларускай мове

С. Л. РУМЯНЦАВА, настаўніца вышэйшай катэгорыі Баравухскай сярэдняй школы № 15 г. Наваполацка. Беларуская мова і літаратура 5/2010

«Слабае звяно»

Інтэлектуальна-пазнавальная гульня (VIII—IX класы)

Конкурс можна праводзіць як у час Тыдня беларускай мовы і літаратуры, так і на класнай гадзіне. У залежнасці ад гэтага выбару ўдзельнікамі гульні могуць з'яўляцца вучні розных класаў адной паралелі ці аднаго класа.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца восем вучняў. Напярэдадні гульні ім мэтазгодна растлумачыць, што пытанні будуць прапаноўвацца з розных вучэбных дысцыплін, сярод іх будуць і простыя, і больш складаныя. Настаўнік, які праводзіць гульню, павінен зняць эмацыянальнае напружанне, выключыць стрэсавую сітуацыю.

Мэты: садзейнічаць пашырэнню пазнавальных інтарэсаў вучняў, актывізацыі інтэлектуальных магчымасцей асобы; стварыць творчую атмасферу дзейнасці для развіцця ўвагі, лагічнага мыслення, кемлівасці, культуры маўлення; выпрацоўваць уменне трымацца перад аўдыторыяй, выхоўваць культуру міжасабовых паводзін, пачуццё павагі да роднага слова.

Ход мерапрыемства

Умовы гульні
Пасля кожнага раунда выбывае адзін вучань. У адрозненне ад папулярнай тэлевізійнай версіі гэтай гульні, дзе самі ўдзельнікі вызначалі лёс гульца, часта выдаляючы самага эрудзіраванага і кемлівага, прапануецца іншы варыянт. Журы, падлічыўшы колькасць правільных і няправільных адказаў, вызначае сапраўды «слабае звяно» ў гульні. Калі ўзнікла спрэчная сітуацыя, можна задаць вучням дадатковыя пытанні. Працягвае гульню той, хто даў правільны адказ (адказы).
Да фіналу даходзяць тры вучні, якія адказваюць на прапанаваныя пытанні (аднолькавыя для ўсіх) пісьмова. Праз падлік правільных адказаў ці іх магчымых варыянтаў вызначаецца пераможца.
Усе ўдзельнікі гульні ўзнагароджваюцца (узнагароды могуць быць сімвалічнымі, напрыклад, у выглядзе вырабленых з каляровай паперы медалёў).

Першы раунд

(пытанні для васьмі вучняў)
1. Які горад быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага? (Навагрудак.)
2. Вымаўленне аднаго са складоў з большай сілай і працягласцю. (Націск.)
3. Белае поле, чорнае семя, хто яго сее, той разумее. (Кніга.)
4. Беларускі шоўк. (Лён.)
5. Слова, запазычанае з рускай мовы. (Русізм.)
6. Самае высокае дрэва. (Эўкаліпт.)
7. Полацкая князёўна, дачка князя Рагвалода. (Рагнеда.)
8. Як называецца пытанне, якое не патрабуе адказу? (Рытарычнае.)
9. Вышэйшы пункт напружання ў развіцці дзеяння мастацкага твора. (Кульмінацыя.)
10. Назавіце імя і прозвішча майстра, які зрабіў па замове Еўфрасінні Полацкай славуты крыж. (Лазар Богша.)
11. У якім горадзе нарадзіўся Ісус Хрыстос? (Віфлеем.)
12. Назавіце псеўданім Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. (Якуб Колас.)
13. Замяніце сінонімам фразеалагізм «хоць іголкі збірай». (Светла.)
14. Як называецца марфема, якая стаіць пасля кораня? (Суфікс.)
15. Прадоўжыце прыказку: «Якая птушка, такая і...» (Песня.)
16. У якім горадзе знаходзіцца адзіны ў свеце помнік літары беларускага алфавіта ў (нескладоваму). (У Полацку.)
17. Назавіце прозвішча рускага мастака — аўтара 400 карцін пра мора. (Айвазоўскі.)
18. Якой навукай захапляўся вядомых дэтэктыў Шэрлак Холмс? (Хіміяй.)
19. Мастацкі троп, у аснове якога ляжыць супастаўленне дзвюх з’яў. (Параўнанне.)
20. У якім раздзеле мовазнаўства вывучаюцца правілы вымаўлення слоў? (Арфаэпія.)
21. Якога слова не хапае ў прыведзенай схеме аднаго з тыпаў маўлення: тэзіс — доказы — ... (Вывад.)
22. Што сеяла Ульяніца з беларускай народнай песні «Ох, і сеяла Ульяніца...»? (Лянок.)
23. Самая вялікая рака Віцебскай вобласці. (Заходняя Дзвіна.)
24. Назавіце аўтара паэмы «Песня пра зубра». (Мікола Гусоўскі.)

Другі раунд

(пытанні для сямі ўдзельнікаў)
1. Якую назву меў пашыраны і папулярны ў мінулыя часы на Беларусі лялечны тэатр? (Батлейка.)
2. Назавіце імя полацкага князя, празванага ў народзе Чарадзеем. (Усяслаў.)
3. Краіна, сімвалам якой з’яўляецца дэкаратыўнае дрэва — сакура. (Японія.)
4. Эпічны твор вялікай формы. (Раман.)
5. Ліст якога дрэва змешчаны на сцягу Канады? (Кляновы.)
6. Манах-стоўпнік, епіскап, прапаведнік, майстар красамоўства. Сучаснікі называлі яго Златавустам. (Кірыл Тураўскі.)
7. Навука хоць намучыць, але жыць ... (Навучыць.)
8. Якая дэталька меншая: маленькая, мікраскапічная ці мініяцюрная? (Мікраскапічная.)
9. Як мы называем сухую траву? (Сена.)
10. Назавіце свецкае імя Еўфрасінні Полацкай. (Прадслава.)
11. Дзяржава ўсходніх славян, якая ўзнікла ў IX стагоддзі. (Кіеўская Русь.)
12. Язычніцкі бог грому і маланкі. (Пярун.)
13. Апісанне жыцця. (Біяграфія.)
14. Сугучнасць слоў або іх частак у вершаванай мове. (Рыфма.)
15. Друкаваны адбітак на паперы, які шырока выкарыстоўваўся ў выданнях Францыска Скарыны. (Гравюра.)
16. Назва адзінай прыжыццёвай кнігі Максіма Багдановіча. («Вянок».)
17. Самае вялікае абарончае збудаванне на Зямлі, бачнае нават з арбіты касмічнага карабля, на будаўніцтва якога пайшло дзесяць гадоў. (Вялікая Кітайская сцяна.)
18. Ці мае кактус лісце? (Не.)
19. Дзіцяня якой жывёлы праводзіць першыя шэсць месяцаў свайго жыцця ў мамінай сумцы, а наступныя шэсць — на мамінай спіне? (Каалы.)
20. Назавіце раку, на якой адбылася бітва,
апісаная невядомым аўтарам у паэме «Слова
пра паход Ігаравы». (Няміга.)
21. Самая доўгая рака. (Ніл.)

Трэці раунд

(пытанні для шасці ўдзельнікаў)
1. Від рэлігійнай літаратуры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой. (Жыціе.)
2. Даслоўная вытрымка з якога-небудзь выказвання, кнігі ці дакумента, ужытая для ілюстрацыі або з мэтай пацвярджэння думкі. (Цытата.)
3. Від зброі, які выкарыстоўваўся ў сярэднія вякі пры паляванні на зуброў. (Кап’ё.)
4. Без станка, без рук, а кросны тчэ. (Павук.)
5. Вершаваны твор, меладычны па сваім інтанацыйным малюнку і прызначаны для спявання. (Песня.)
6. Якое возера называюць беларускім морам? (Нарач.)
7. Пінгвін — птушка ці жывёла? (Птушка.)
8. Прадоўжыце прыказку: «Радзіма — матка, чужына — ...» (Мачаха.)
9. Першы касманаўт СССР. (Юрый Гагарын.)
10. Вышэйшы духоўны тытул служыцеля праваслаўнай царквы. (Патрыярх.)
11. Язычніцкі бог урадлівасці, кахання і апякун дзікай жывёлы. (Ярыла.)
12. Каменяломнік — гэта рыба, расліна ці птушка? (Расліна.)
13. Самая маленькая птушка. (Калібры.)
14. Падбярыце сінонім да фразеалагізма «на шапачны разбор». (Позна.)
15. Хто такі кінолаг? (Спецыяліст, які вывучае сабак.)
16. Ці ёсць кроў у насякомых? (Ёсць.)
17. Як называюцца ўсе склоны, акрамя назоўнага? (Ускосныя.)
18. Якая марская жывёла самая вялікая? (Сіні кіт.)

Чацвёрты раунд

(пытанні для пяці вучняў)
1. Часціна мовы, якая абазначае дзеянне або стан прадмета. (Дзеяслоў.)
2. Надрадковы знак у выглядзе коскі. (Апостраф.)
3. Слова з процілеглым значэннем. (Антонім.)
4. Раздзел мовазнаўства, які вывучае сістэму гукаў. (Фанетыка.)
5. Лірычны верш з чатырнаццаці радкоў з асаблівай рыфмоўкай. (Санет.)
6. Чалавек, які ведае шмат моў. (Паліглот.)
7. Якое дрэва выклікала ў беларускага народа негатыўныя асацыяцыі, яго лічылі «нячыстым»? (Асіна.)
8. Што з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам беларускай хаты, які замяніў старажытныя ачагі: яму надавалася асаблівая павага і пашана? (Печ.)
9. Назавіце духа дома, які аберагае дабро гаспадара, спрыяе яго дабрабыту і здароўю. (Дамавік.)
10. Той, хто зможа ў поўнач адшукаць і сарваць яе, стане самым багатым чалавекам, будзе валодаць незвычайнымі здольнасцямі. Што гэта за расліна? (Папараць-кветка.)
11. Казачны жыхар лесу ў вобразе калматага чалавека ў звярынай шкуры з вялікімі вушамі. Ён выводзіць з лесу тых, хто заблудзіў, паказвае грыбныя і ягадныя мясціны. (Лесавік.)
12. Пазнайце і яшчэ аднаго героя. Гэта крыважэрны люты звер, падобны на ваўка, казачнае стварэнне, вампір. (Ваўкалак.)
13. Як мы называем фальклорны твор, які падаецца і ўспрымаецца як верагоднае, хоць яно і не пацверджана гістарычнымі фактамі? (Легенда.)
14. Назавіце птушку, якую вельмі шанавалі нашы продкі. Лічылі тую хату, дзе яна зладзіць сваё гняздо, шчаслівай, а Пярун ніколі не ўдарыць нават паблізу гнязда. (Бусел.)
15. Як называюць мовы, што зніклі з ужытку? (Мёртвыя.)

Пяты раунд

(пытанні для чатырох вучняў)
Знайдзіце агульнае слова да двух прапанаваных. Напрыклад, машыннае ці сметанковае (масла).
1. Застойны ці ледніковы — (перыяд).
2. Шарыкавая ці дзіцячая — (ручка).
3. Родны ці хросны — (бацька).
4. Кулямётная ці льготная — (чарга).
5. Шахматны ці хакейны — (матч).
6. Дзіцячы ці вішнёвы — (сад).
7. Шлюбаразводны ці гістарычны — (працэс).
8. Гандлёвая ці геаграфічная — (кропка).
9. Жыццёвы ці хімічны — (вопыт).
10. Дзявочая ці пясчаная — (каса).
11. Партыйны ці слыхавы — (апарат).
12. Хімічны ці злачынны — (элемент).

Фінал

1. Звычайная ў сялянскай гаспадарцы рэч, да якой ставіліся як да жывой істоты. Паважалі яе, шанавалі. Набыўшы яе, не карысталіся адразу, а імкнуліся «задобрыць». Гэта рэч выкарыстоўвалася і ў народнай медыцыне, а таксама калі аддавалі дзяўчыну замуж (садзілі на пасад). Адна частка яе выкарыстоўвалася як абрадавы паднос. Але галоўная яе роля звязана з прыгатаваннем хлеба. Што гэта за рэч? (Дзяжа.)
2. Назавіце прозвішча жывапісца, якога называюць мастаком адной пары года. Пэндзлю гэтага мастака належыць каля 300 карцін пра вясну. (Вітольд Бялыніцкі-Біруля.)
3. Выдаваў газету «Мужыцкая праўда», кіраваў нацыянальна-вызваленчым паўстаннем на Беларусі. (Кастусь Каліноўскі.)
4. Імя якога беларускага вучонага XVI стагоддзя носяць паўднёваамерыканскі партовы горад, горы ў Андах, мінерал і фіялкавая кветка? (Ігната Дамейкі.)
5. Амонімамі называюцца словы, якія маюць аднолькавы гукавы склад, але рознае сэнсавае значэнне. Аднолькава патрэбна і матэматыку, і паляўнічаму, і барабаншчыку. (Дроб.)
6. У Старажытнай Русі грашыма служылі сярэбраныя брускі — іх называлі грыўнамі. Калі рэч каштавала меней, чым увесь брусок, то адсякалі палову. Як называлі адсечаную частку сярэбранага бруска? (Рубель.)
7. Сто куранят з’ядаюць за сто дзён сто кілаграмаў зерня. Колькі кілаграмаў зерня з’ядуць дзесяць куранят за дзесяць дзён? (1 кілаграм.)
8. У 910 годзе ва Уланхерскім храме ў Канстанцінопалі перад калекам Андрэем і яго вучнем Епіфаніем паўстала Боская маці. Яна звярнулася да Бога з малітваю аб уратаванні свету і збавенні ад наканаваных лёсам няшчасцяў. Царква ўшаноўвае гэту падзею — адзначае свята. У гэты дзень у прыродзе адбываюцца значныя змены: зямля замыкаецца на зіму. У народзе пра гэтае свята казалі: «Святы... накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам». Што гэта за свята? (Пакровы.)
Дадатковыя пытанні
1. Мастак-палачанін, аўтар нацюрморта «Кветкі і садавіна». (Іван Хруцкі.)
2. Пра які святочны дзень у народзе кажуць: «...да абеду плачуць, па абедзе пашуць, а к вечару скачуць»? (Радаўніца.)
3. Што азначае слова «біблія» ў перакладзе з грэчаскай мовы? (Кніга.)
4. Як называецца з’ява прыроды, калі месяц знаходзіцца паміж Сонцам і Зямлёй на адной прамой лініі? (Сонечнае зацьменне. Месяц закрывае Сонца.)
5. У час навальніцы мы нярэдка бачым успышку маланкі, а потым праз некалькі секунд чуем грукат грому. Чаму грукат грому мы чуем пазней, чым успышку маланкі? (Хуткасць святла большая, чым хуткасць грому.)
6. Як раней называлі канікулы? (Вакацыі.)
7. Атрамант — устарэлае слова. Якое слова выкарыстоўваем замест устарэлага сёння? (Чарніла.)
8. Аднакаранёвыя словы, якія належаць да адной часціны мовы, маюць блізкае гучанне, але рознае значэнне. (Паронімы.)
9. Хто больш небяспечны: злы ці люты? (Люты.)