сцэнарыі святаў на беларускай мове

Л. М. ЧАРНЯКОВА настаўніца музыкі, У. В. КАТОК, выхавацель ГПД. Пачатковая школа 10. 2012

Запрашаем на вячоркі

Сцэнарый мерапрыемства

Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет.
Я. Колас.

Народная творчасць бярэ пачатак з глыбокай старажытнасці. 3 дапамогай фальклору адлюстроўваліся духоўныя запатрабаванні розных пакаленняў і слаёў грамадства, сацыяльныя, маральна-этычныя, эстэтычна-мастацкія погляды людзей.

Сучасныя дзеці дзякуючы народным творам вучацца любіць родны край, пазнаюць яго гісторыю, даведваюцца, як жылі і працавалі нашы продкі, якія святы ім падабаліся.

Задача педагога — знаходзіць магчымасць для больш глыбокага знаёмства вучняў з духоўнай спадчынай нашага народа. Зрабіць гэта можна на прыкладзе даўняга беларускага звычаю — вячорак. Асеннімі і зімовымі вечарамі нашы продкі збіраліся ў якой-небудзь хаце і бавілі час за вясёлымі гульнямі, песнямі, танцамі, жартамі, цікавымі размовамі і, зразумела, працай, у асноўным рукадзеллем. Правядзенне вячорак у школе спрыяе паглыбленню і абагульненню ведаў пра народныя традыцыі, развівае Цікавасць да абрадаў і звычаяў, выхоўвае пачуццё гонару за нашу багатую спадчыну.

Ход мерапрыемства

Вядучы. Прывітанне, паважаныя госці! У нас існуе добры звычай — вітаць гасцей хлебам і соллю, якія падаюць на ручніку.
Мы звычай зямлі сваёй зберагаем,
Гасцей дарагіх хлебам-соллю вітаем!
(Кладзе хлеб і соль на стол.)

Рака нараджаецца з ручая, дрэва расце з каранёў, чалавечая годнасць і вартасць пачынаюцца з глыбокай адданасці Радзіме, з ведання яе гісторыі, культуры. Каб бліжэй пазнаёміцца з культурай Беларусі, давайце зазірнём у хату да дзядзькі Цярэшкі і цёткі Васіліны.

Ва ўпрыгожанай хаце гаспадыня, спяваючы, вышывае сурвэтку, гаспадар нешта габлюе. Чуецца грукат у дзверы.
Васіліна. Цярэшка, ці не дзяўчаты прыйшлі да нас? Сёння ж у нашай хаце вячоркі!
Цярэшка. Ну, калі так, трэба гасцей сустракаць, пайду дзверы адчыню.
Адчыняе дзверы, у хату ўваходзяць госці.
Госці (спяваюць).
На вячоркі мы ідзём —
Дарагія дзевачкі,
Гарманіст у нас харошы,
Грае нам прыпевачкі.

Васіліна. Добры вечар, дзяўчынкі-весялінкі! Уваходзьце, калі ласка!
Цярэшка.
Ой, сябры! Вітаем вас!
Заходзьце хуценька да нас!
Сёння наша хата
Весялосцю багата!

1-я дзяўчынка. Паглядзіце, як прыгожа прыбрана хата ў цёткі Васіліны!
Дзяўчаты разглядаюць хату, Васіліна паказвае, што дзе ёсць.
Васіліна.
А я сёння рана ўстала,
Ручнік гладдзю вышывала.
Вось які ён у мяне прыгожы атрымаўся!
А гэта вось сатканы абрус з узорам,
Каб стол быў засланы святочным уборам.
А вось ляжыць палавік паласаты —
Гэта ўбор вясковай хаты.
А цяпер, любыя госці,
Просім у вас мілосці,
Каб вы так не сядзелі,
А ў руках справу мелі.
Сядайце, калі ласка.

Усе сядаюць. Хто пляце, хто вышывае, хто кудзелю прадзе, хто клубкі матае. Працуючы, усе размаўляюць паміж сабою.
2-я дзяўчынка.
А мы лён ірвалі,
У снапы вязалі,
Аббівалі, у полі слалі.
Урадзіўся ў нас лянок,
Белы, слаўны кужалёк.

3-я дзяўчынка.
I мы многа працавалі,
Сеялі, палолі, рвалі,
Пражу пралі,
Кросны ткалі.
Выйшлі посцілкі на славу,
Хоць на ложак, хоць на лаву.

Васіліна.
Вось якія чараўніцы,
Вось якія ўсе майстрыцы:
Возьмуць у рукі палатно —
Ажывае ў іх яно.
Каб было лепш працаваць,
Трэба песню заспяваць.

Працуючы, усе спяваюць песню “Як прачнуся я ў панядзелак”. Чуецца грукат у дзверы.
Цярэшка.
Яшчэ нехта грукоча,
Вельмі на вячоркі хоча.
Пайду сустракаць.

У хату ўваходзяць хлопцы.
Хлопчык.
Як павялося пры сустрэчы,
Вітаем шчыра: добры вечар!

Васіліна.
Добры вечар, хлопчыкі-малойчыкі!
Мілосці просім да нас у госці!
Вячоркі чакаюць гасцей.
Уваходзьце ў хату хутчэй!
Сядайце, далучайцеся да працы.

Усе працуюць, гучыць музыка.
Васіліна. Цярэшка, што ты маўчыш як вады ў рот набраўшы? Раскажы што-небудзь цікавае.
Цярэшка.
Зараз, сэрца залатое.
Колісь баба, дзед жылі,
Куры, гусі ў іх былі,
Парасяты і бычкі,
Добра жылі старычкі.

(Уваходзяць баба і дзед, спрачаюцца.)
Пабачце, вось лёгкія на ўспамін — да нас завіталі!
Баба. Я табе кажу: не прадам! Дзед. А я табе кажу: прадасі! Баба. Не прадам!
Дзед. Прадасі!
Васіліна. Пачакайце, пачакайце, а што гэта ў вас за спрэчка?
Дзед.
Вось хвалёна гаспадыня мая,
Мне не мытую сарочку дала,
Не мытую, не качаную,
У суседа пазычаную.

Баба. А ты што, лепшы за мяне — такога бычка хоча збыць!
Дзед.
Ды забярыце вы і кароўку,
Свабадзіце ёй галоўку,
Бо не ўмее ні кароўку даіць,
Бо не ўмее ні цадзілку памыць,
Толькі ўмее па вяселлях хадзіць.

Васіліна. Хопіць вам спрачацца! Кажуць, вы прыгожа спяваць умееце. Паспявайце лепш, а мы паслухаем.
Баба. Спяваць мы вельмі любім, давай паспяваем.
Дзед з бабай спяваюць песню “Сабірайся ў госці, мой дзядок".
Цярэшка. А давайце я вашага бычка куплю.
Баба. А колькі ты за яго дасі?
Цярэшка.
Торбу грошай на ўдачу,
Ды яшчэ мяне ў прыдачу.

Баба.
Ну, калі так, я згодна.
Торбу грошай на ўдачу
Ды Цярэшку ў прыдачу.
(Дзеду.)
Цяпер пойдзеш ты, дзядок,
3 бычком разам у хлявок.

Васіліна. Ну, хопіць жартаваць, я свайго Цярэшку не прадаю, мне і самой ён патрэбны. Сядайце лепей, далучайцеся да нас.
Дзяўчынка. Ой, дзяўчаткі, паглядзіце, Юрасік ідзе. Давайце яго паклічам да нас!
Выбягаюць. Пад рукі прыводзяць Юрасіка. Выконваюць песню Гэй ты, Юрачка”.
Дзяўчынкі.
Гэй ты, Юрачка,
Выхадзі да нас,
Бяры дзевачак
Ды пускайся ў пляс.
Юрасік.
Я б пайшоў скакаць,
Ручанькі баляць,
Ножанькі баляць,
Лепш пайду я спаць.
Дзяўчынкі.
Гэй ты, Юрачка,
Выдзь на ганачак,
Мы дадзім табе
Абараначак.
Юрасік.
Выйду я на ганачак,
Дзе ваш абараначак?

Дзяўчынка вешае вязку абаранкаў Юрачку на шыю.
Юрасік.
Вось цяпер пайду скакаць,
Покуль грае скрыпка,
Ручкі, ножкі не баляць,
Сярэдзінка гібка!
Васіліна.
Цяпер, хлопцы, не зявайце,
Дзяўчат у гурце выбірайце!
Юрасік.
Зараз буду выбіраць,
3 кім мне лепей у пару стаць!
1-шы хлопчык.
А я з той пайду скакаць,
Што ўмее вышываць.
2-гі хлопчык.
А я вазьму тую,
Што добра танцуе.
3-ці хлопчык.
А мне трэба тая,
Што добра спявае.
4-ты хлопчык.
А мне даспадобы тая,
У якой каса тугая.
5-ты хлопчык.
А я з той пайду скакаць,
Што ўмее гатаваць.
6-ты хлопчык.
А мне даспадобы тая,
Што добра хату падмятае.
7-мы хлопчык.
А мне тая спадабалася,
Што адна засталася.
Юрасік.
Гэй, музыка, зайграй,
Жару-пылу паддавай,
Зробім круг вялікі,
Скачуць чаравікі!
Цярэшка.
Зайграйце, музыкі,
У мяне лапці вялікі.
Мне бацька іх сплёў
На Вялікі Пакроў.

Усе танцуюць. Потым чуецца грукат у дзверы.
Васіліна. Яшчэ нехта спяшаецца да нас у хату. Цярэшка, ідзі паглядзі, ты маладзейшы за мяне.
У хату ўваходзіць дзед Цімох, на баку ў яго вісіць вялікая торба.
Дзед Цімох. Добры дзень у вашу хату.
Цярэшка. А вось і дзед Цімох завітаў да нас. I табе, старому, дома не сядзіцца? Заходзь, калі ласка. Якая ў цябе вялізная торба! Што гэта ты ў ёй носіш?
Дзед Цімох. А гэта ж я ў ёй вам шмат падарункаў прынёс.
Цярэшка. Ну, і дзе твае падарункі?
Дзед Цімох. А ты паглядзі.
Цярэшка (глядзіць у торбу). Ніякіх падарункаў я тут не бачу.
Дзед Цімох. Ты што, сляпы? Хіба не бачыш, якая там дзірка вялікая? Гэта ж іду я праз млын, а там зайцоў, зайцоў бегае. Ну дык я іх у торбу, у торбу. Вось і назбіраў поўную торбу, а яны праз гэтую дзірку і паўцякалі.
Васіліна. А каб цябе, дзед Цімох! Гэта ж трэба нам так галаву задурыць, каб разоў дзвесце нахлусіць!
Дзед Цімох праходзіць і сядае на скамейку.
Дзед Цімох. Цярэшка, людзі кажуць, што твая жонка навучылася вельмі смачна гатаваць. Праўду кажуць ці не?
Цярэшка. Усяк бывае, кажуць, што і каўбаса страляе. Гатаваць мая жонка навучылася добра, гэта праўда. Засталося толькі мне навучыцца есці тое, што яна згатуе.
Васіліна. Няўжо я такая дрэнная гаспадыня?
Цярэшка. А вось зараз пабачым, якая ты гаспадыня.
Праводзіцца гульня, хто лаўчэй паставіць гаршчок на прыпечак. Першай спрабуе гаспадыня, потым яна прапануе гэта зрабіць Цярэшку. У яго атрымліваецца дрэнна.
Васіліна. Вось цяпер усе ведаюць, які ты ў мяне гаспадар. Ой, госцейкі мае даражэнькія, я вас чакала ды пірог пякла, а гаспадар квасу нарабіў. Цярэшка, квас нясі.
Цярэшка ідзе па квас, а Васіліна раздае пірог і прыгаворвае:
Сёння мы вячоркі святкуем,
Усіх гасцей пірагом частуем:
I Андрэя, і Алеся, і Колю.
Наядайцеся ўволю.

Не ўсё ж спяваць ды танцаваць. Кажуць так: “Будзе хлеб — будзе і песня". I сапраўды, красна хата не вугламі, а пірагамі. Цярэшка, дзе ты? Хутчэй квас нясі!
Цярэшка (нясе збан з квасам і прыгаворвае).
Чыжык-пыжык, дзе ты быў?
На вячорках квас я піў.
Выпіў квасу кроплі дзве —
Зашумела ў галаве.
Вось Сярожку ды Івана
Напаю з гэтага збана.
Ну, а вы, падружкі,
Падстаўляйце кружкі.

(Налівае квас.)
Дзяўчынка. Цярэшка, які ў цябе смачны квас! Як ты яго рабіў? Можа, рэцэпт дасі?
Цярэшка. А гэта зусім проста. Бярэш вядро вады, тры літры мёду, пуд солі, бутэльку воцату, перамешваеш усё і ставіш на паўгода ў цёплае месца — вось табе і квас.
Васіліна. Што ты вярзеш? Такім квасам атруціцца можна.
Дзяўчынка. Дзякуй за смачны пірог ды цудоўны квас, але позна ўжо, пара дамоў збірацца. Нагуляліся самі, людзей павесялілі дый работу зрабілі. Заўтра рана ўставаць, ісці працаваць, бо без працы няма чаго хлеба шукаці. Давайце заспяваем напаследак.
Выконваецца песня "На вуліцы гармонь грае"
Усе.
На вуліцы гармонь грае,
На вуліцы гармонь грае,
А я пайду пагуляю,
А я пайду пагуляю.
Хлопцы.
У мяне шапка на баку,
У мяне шапка на баку,
А ў кішэні грошы,
А ў кішэні грошы.
Паглядзіце на мяне,
Паглядзіце на мяне,
Які я харошы,
Які я харошы.
Дзяўчаты.
У цябе ў кішэні грошы,
У цябе ў кішэні грошы,
Які ж ты харошы,
Які ж ты харошы.
На вуліцы гармонь грае,
На вуліцы гармонь грае,
Пойдзем разам пагуляем,
Пойдзем разам пагуляем.
Дзед Цімох.
Бывайце здаровы
Ды ў шчасці жывіце.
А прыйдзем у госці —
Дык квасу наліце.

Усе выходзяць пад музыку.
Вядучы. Вось і скончылася наша падарожжа ў мінулае. Мы сустрэліся з добрымі, ветлівымі, дасціпнымі людзьмі, якія ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. Настала пара і нам з вамі развітвацца. Жывіце ў згодзе і радасці, вучыцеся ў нашых продкаў мудрасці. Бывайце здаровы. Да новых сустрэч!

Яшчэ на гэту тэму:

Запрашаем на вячоркі     Беларускія вячоркі