сцэнарыі святаў на беларускай мове

КРАЎЧАНКА Вольга Львоўна - музычны кіраўнік сада №297 г. Мінск

Весела промні вандруюць

Сцэнарый для малодшай групы

(Ддзеці ўваходзяць у музычную залу пад гукі музыкі і становяцца паўкругам)

Вядоўца1.
Сёння сьвята! Сёння сьвята!
Сьвята ўсіх бабуль і мам.
Вас віншуюць дашкаляты
І дабра жадаюць вам.

Дзіця 1.
Мамачка любімая,
Мілая мая!
Ад душы жадаем мы
Шчасця і дабра!

Вядоўца2.
Сёння дзень прыгожы самы,
Сёння – свята нашых мам!
Слава мамам! Слава мамам!
Слава маміным рукам!
В. Лукша

Дзіця 2.
Мама – наша сонца, што так светла ззяе.
Любая матуля – мудрасць і святло.
Дзіця 3.
Сонца гэта свеціць усім на свеце,
Дзецям і дарослым – усім дае цяпло!
Дзіця 4.
Як сонца, матуля
Найлепшая ў свеце.
Пяшчотай атуліць,
Усмешкай асьвеціць.

Песня “ Мамачка, сонейка” муз. Я. Жабко

(Сядаюць на месцы. Калі дзеці селі на месцы, вядоўца звяртае ўвагу на Сонейка. Яно сядзіць на пянёчку.)
Вядоўца1.
Сонца-сонейка, уставай,
І цяпло-святло нам дай! (чакае, але Сонейка спіць)
Дзеці, давайце паклічам Сонейка!

Дзеці.
Сонейка, Сонейка,
Ты прыходзь, як ласка!
Сонейка, сонейка,
Ты прыходзь, як казка!

Вядоўца1.
Моцна Сонейка заснула,
Як яго нам разбудзіць?
Трэба ветра папрасіць.
Давайце ўсе разам падзьмем на Сонейка.

Дзеці пачынаюць дзьмухаць на Сонейка. Тое пачынае варушыцца, пацягвацца.
Сонейка.
Хмарка чорная хавала
Ад усіх мяне тры дні.
І гайдала, і люляла,
Моцна, Сонейка, засні!
Спаць мне хочацца яшчэ,
Як жа сон сагнаць з вачэй?

Вядоўца1. Не турбуйся, Сонейка. Нашыя дзеткі табе дапамогуць. Яны і пагуляюць з табой, і патаньчаць з табою, і ў аркестры сыграюць. Вой, у цябе тут кошык, а што ў ім?
Сонейка. Гэта мае праменьчыкі. (дастае кіёчкі са стужкамі рознакаляровымі)
Вядоўца2. Колькі рознакаляровых праменьчыкаў!!! (бярэ кіёк з жоўтай стужкай) Якога колеру гэты праменьчык? (Адказы дзяцей)
Цікава, куды праменьчык мяне павядзе? (Пачынае маніпуляваць стужкай, круціць, і рухацца да хаткі. Грукае у дзверы. Адчыняецца акенца і выглядае Вожык)
Вожык. Хто тут грукоча? Хто мне спаць перашкаджае?
Вядоўца2.
Вожык, Вожык, уставай!
Вочкі, Вожык , адкрывай!
Да нас усіх ідзе вясна –
Радасць нам нясе яна!

(Вожык выходзіць з хаткі.)
Вожык. Добры дзень, госцейкі! (Чакае адказ) Якія ўсе прыгожыя. Што тут адбываецца?
Вядоўца2. Сёння мы святкуем 8 Сакавіка, сьвята матуль, бабуль і жанчын ва ўсім сьвеце. Гэтае сьвята прыходзіць разам з вясной. Вось мы разам і весялімся тут. Пагуляй з намі, Вожык!

Гульня з Вожыкам муз Насауленка (“Колокольчик” №28)

Дзеці (спяваюць)
Вожык, Вожык, пакажы
Нам свае калючкі.
Кажуць, Вожык, добры ты,
А калючкі злючкі.

Супыняюцца. Пляскаюць
Пакажы, пакажы
Нам свае калючкі.
Кажуць, Вожык, добры ты,
А калючкі – злючкі!

Вожык (кажа)
Я клубочкам закручуся,
Па сцяжынцы пакачуся.
Хто наткнецца на мяне –
Той заплача і ўцячэ!

(Спрабуе злавіць малых)
Вожык. Сёння сьвята восьмага Сакавіка. А як вы матуль віншуеце?
Вядоўца2. Паслухай песеньку і усё зразу зразумееш.
Песня “Пернік для матулі”
1. Маме пернік падару
Смачны і духмяны.
Еш хутчэй матулечка
Гэты пернік мятны
Ля-ля-ля-ля
Гэты пернік мятны.

2. Мама, я цябе люблю
Моцна, моцна, абдыму.
Я на вушка запяю
Ціха песеньку сваю
Ля-ля-ля-ля
Ціха песеньку сваю.

3. У цэлым свеце мамачка
Самая радная.
Мамачку прыгожую
Зараз прывітаю.
Ля-ля-ля-ля
Зараз прывітаю.
Вожык. Вялікі дзякуй вам, дзетачкі! Пабягу і я свае справы хутчэй рабіць. Сваіх дарагіх матулю і бабулю віншаваць. Да пабачэння!!!
Сонейка. Цікава, а куды мяне павядзе чырвоны праменьчык? (накіроўваецца да дзвярэй)
Сонейка.
Адчыняю хутка дзверы –
Пад дзвярамі зайка шэры!
Моркву ў лапках ён трымае,
Вачаняткамі міргае.

(Музыка. У залу скача Зайка.)
Зайка. Добры дзень! Даведаўся я, што тут Сонейка да вас завітала. (да Сонейка)
Падымайся, Сонейка, уверх вышэй,
Бо азяб я да вушэй!
Адубелі, нібы ў жабкі,
Мае босенькія лапкі!

Вядоўца2. Не хвалюся, Зайчык. Станавіся разам з Сонейкам і нашымі дзеткамі танцаваць, ў танцы ты сагрэешся.

Парны танец.

Зайка. А што вы святкуеце?
Вядоўца2. Сёння свята матуль. І мы песенькай павіншуем нашых мам. Паслухай нас, Зайчык.

Песня “Мамачка” муз. С. Галкінай

(Сядаюць на месцы)
Зайка. Сагрэўся я. Цёпленька стала, дзякуй вам.
На лугах, лясах шумлівых
Буйна кветкі расцвітуць.
Я туды паскачу,
Ды пралесачак збяру.
Любай маме падару,
Яе моцна абдыму.
Да пабачэння!!!!

Сонейка. Добра з вамі мне гуляць. А ў аркестры любіце вы граць?
Вядоўца1. Так. Нашы дзеці сапраўдныя музыкі. Вельмі добра граюць. І з вялікай ахвотай іграюць у аркестры. (дзеці бяруць музыкальныя інструменты)

Аркестр

Сонейка. Застаўся у мяне яшчэ адзін праменьчык. Цікава, а ён якога госця да нас прывядзе?
(Сонейка рушыць са стужкаю па зале і ідзе да нашых дзвярэй кабінета. Адтуль, пад гукі музыкі, выходзіць Вясна)
Вясна.
Лёгкаю іду хадою, абуджаю ўсё жывое,
Траўку з глебы выпускаю, ліст бярозы распускаю.
Дзе ні йду я, гляньце, дзеткі, распускаю ўсюды кветкі.
I пачуўшы гоман мой, вяртаюцца гурбой
Птушкі з выраю ў кут свой.
I звіняць, спяваюць тут.
А навокал — навізна,
Гэта я прыйшла, Вясна!

Вядоўца2. Якая прыгажосць, да нас Вясна завітала!!!
Вясна.
Рада вас я прывітаць,
Ды калечкі вам раздаць.

Вядоўца. Будзем разам танцаваць!!!
(Дзецям раздаюцца па два калечкі і яны становяцца на танец)

Танец з калечкамі.

(Дзеці стаяць на месцах. Выхавацелі збіраюць калечкі. Вясна і Сонейка выходзіць наперад)
Сонейка.
Трэба мне ісці хутчэй,
Каб усім было святлей.
Людзі ўсе мяне чакаюць,
І па ўсёй зямлі вітаюць!
Вясна.
Хоць прыйшоў ісці нам час
Падарункі ёсць для вас.

(Пад гукі музыкі Вясна і Сонейка праходзяць паміж дзяцей і частуюць чыпсам у выглядзе кветачкі).
Вядоўца1. Дзякуй, Сонейка, за твае вясёлыя праменьчыкі! Дзякуй і табе, Вясна, за салодкія падарункі.
Прыйшоў час з сонейкам развітацца,
Каб яму на небачка вяртацца!
Вядоўца2.
І час Вясне ісці на вуліцу.
Няхай людзі ёй любуюцца.
Усе разам.Да пабачэння!!!
(Сонейка і Вясна пакідаюць музычную залу. Выхавацелі яшчэ раз віншуюць матуль са святам. І ўсе разам выходзяць з залы.)

Дадатак

Песня Свята мам. Ноты і словы.
Свята мам
Сёння свята нашых мам:
Прыйдуць мамы ў госці к нам.
Мы ўсім садам іх чакалі,
Падарункі рыхтавалі.
Хто хусцінку вышываў,
Хто карцінку маляваў,
Кожнай маме - падарунак,
Кожнай маме - пацалунак.
Павіншуем мам сваіх,
Мам любімых, дарагіх.
Дружна шчасця пажадаем,
Дружна песьню заспяваем.
Вельмі рад, вельмі рад
Мам сустрэць дзіцячы сад.
(Артур Вольскі)



Яшчэ на гэту тэму:

“Светлы месяц сакавік...”     Свята усмешкай матулі сагрэтае...