сцэнарыі святаў на беларускай мове

Алена ШЫРВЕЛЬ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры першай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 24 г. Мінска. Роднае слова Май 2013 г.

Наш доўг – наша памяць

Сцэнарый класнай гадзіны (VII - VIII класы)

Мэта і задачы: садзейнічаць абуджэнню цікавасці да гістарычных падзей Бацькаўшчыны, выхаванню патрыятычных пачуццяў, павагу да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працягваць фарміраваць уменні працы з матэрыялам, удасканальваць навыкі выразнага чытання.

Форма правядзення: вусны часопіс (клас падзелены на групы: паэты, гісторыкі, журналісты).

Падрыхтоўчая работа: за два тыдні да мерапрыемства раздаецца матэрыял па тэме класнай гадзіны, вучні пішуць сачыненні, ствараюць малюнкі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, падбіраюць ілюстрацыйны матэрыял (фотаздымкі, слайды на ваенную тэматыку), знаёмяцца з творамі зборніка апавяданняў "Ніколі не забудзем". Настаўнік выбірае работы для зачытвання.

Умовы і правілы класнай гадзіны: мерапрыемства разлічана на навучэнцаў VI -VIII класаў, клас падзелены на групы паэтаў, гісторыкаў, журналістаў. Паэты вучаць на памяць вершы пра вайну, гісторыкі падбіраюць гістарычны матэрыял па тэме, журналісты шукаюць у тлумачальным слоўніку значэнні слоў вайна, памяць, ветэран.

Эпіграф:
Я вас прашу, не зведаў хто вайны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй,
Каб потым ёй не зарасці травой.
А. Вярцінскі.

Ход мерапрыемства

Уступнае слова настаўніка.
Зварот да эпіграфа.

Настаўнік. Растлумачце сэнс паэтычных радкоў Анатоля Вярцінскага.
Адказы вучняў.
Складзіце асацыятыўны ланцужок да слова вайна.
Адказы вучняў.
Набліжаецца вялікі дзень - Дзень Перамогі. Даўно адгрымелі апошнія залпы Вялікай Ай­чыннай вайны. Загаіліся цяжкія раны: на месцы руін і папялішчаў выраслі новыя гарады і сёлы, зараслі акопы і траншэі. Але боль трагедыі застаўся.

Паэты.
Навекі слава тым,
што ў полі ратным
загінулі за родныя палі,
за наш народ,
за лес народаў братніх,
за дзень наступны усяе зямлі.
П. Панчанка.

Журналісты.
Мы кажам вайна, памяць, ветэраны... А што значаць гэтыя словы, якое іх лексічнае значэнне?
Вайна - гэта адкрытая ўзброеная барацьба паміж дзяржавамі, народамі, плямёнамі... У апошняй вайне загінуў кожны чацвёрты беларус.
Памяць - 1. Здольнасць захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні, вопыт, а таксама сам запас уражанняў, якія захоўваюцца ў свядомасці. Добрая памяць. 2. Успамін пра каго-, што-н. Захоўваць памяць пра якую-небудзь падзею. 3. Тое, што звязана з памерлым (успаміны пра яго, пачуцці да яго і пад.). Прысвяціць манаграфію памяці свайго настаўніка.
Ветэран- 1. Стары вопытны воін. Ветэраны вайны. 2. Стары заслужаны работнік, дзеяч у якой-небудзь галіне. Ветэран навукі.
Вайна для нас сёння - не толькі боль мінулага, але і горкая памяць. Перажытае народам - гэта наш духоўны набытак, скарб нашых сэрцаў.

Паэты.
Ах, жорсткі лес!
Чаму так недарэчна
ты вырашыў з жыццём
іх разлучыць?
Ідуць гады... А памяць
жыве вечна. Недаспяваная
песня ў сэрцы гучыць.

Гучыць запіс песні "Два полі" (сл. А. Вярцінскага, муз. Э. Ханка).
Гісторыкі.
Паслухаем "Хроніку ваенных падзей" (на экране дэманструюцца слайды).

Хроніка ваенных падзей

1941 - 1945 гг. - Вялікая Айчынная вайна.г.
1941 г. - абарона Брэсцкай крэпасці. Абарона Масквы.г.
1942 г. - Сталінградская бітва.г.
1943 г. - бітва на Курскай дузе.г.
1944 г. - вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.г.
1945 г. - бітва за Берлін.9 мая 1945 г.
9 мая 1945 г. - Дзень Перамогі над фашысцкай Германіяй.

Вайна... Чаму? Дзеля чаго? Навошта? Войны... Яны з'явіліся на зямлі разам з чалавекам, шмат тысячагоддзяў таму. I цяпер зямля час ад часу агаляе раны. Памяць - гэта сумленне ў адносінах да мінулага. Чалавеку трэба ведаць сваю гісторыю не толькі розумам, але і сэрцам. Нездарма гаварылі мудрацы: "Той, хто не памятае свайго мінулага, будзе вымушаны перажыць яго зноў". Пры слове вайна мы перш за ўсё згадваем воінаў, іх мужнасць, гераізм.
Ёсць яшчэ адна катэгорыя людзей, якія непасрэдна дакрануліся да суровых ваенных выпрабаванняў. Гэта дзеці і падлеткі.

Паэты.
Ім не спявалі маткі калыханкі,
Яны не чулі казак ад дзядоў,
Палохаў іх ахрыплы голас танка,
Трывожыў іх журботны енк удоў.
Яны не плакалі бяссоннымі начамі,
Калі ад бомбаў неслі іх у склеп.
I словы першыя, якім іх навучалі,
Былі пра немцаў, пра вайну і хлеб.
П. Панчанка.

Гісторыкі.
Першымі сустрэлі дзень 22 чэрвеня 1941 г. абаронцы Брэсцкай крэпасці і іх дзеці. Іх імёны: Сцяпан Аксёнаў, Пеця Кацельнікаў, Валодзя Казьмін, Пеця Васільеў, Валя Зенкіна, Нюра Кіжаватава, Пеця Клыпа, Улас Данцоў, Валодзя Ізмайлаў, Коля Новікаў. Ім было па 13,14,15 гадоў. Вельмі дарагой цаной дасталіся нам мір і шчасце, свабода і незалежнасць.
3 фашыстамі змагаліся юныя партызаны і падпольшчыкі. У партызанскіх атрадах Беларусі іх было 25 000 дзяўчат і юнакоў, якія не дасягнулі прызыўнога ўзросту. Рызыкуючы жыццём, яны былі сувязнымі, разведчыкамі, здабывалі для партызан ежу, зброю, адзенне, абутак.

Паэты.
Успомнім іх паіменна,
успомнім іх, вечна жывых.
Гэта трэба не мёртвым,
гэта трэба жывым.

Гісторыкі.
Іх імёны: Марат Гурло, Юра Жданко, Марат Казей, Саша Ульянаў, Алег Сямёнаў, Антон Азаркевіч.
Дзеці вайны... Няма ў свеце такіх лекаў, каб загаіць усе іх раны. Бо яны не толькі на целе; іх раны на сэрцы і ў душы, глыбокія і пякучыя, як не залечвай, - заўсёды крывавяць.
На фоне мелодыі песні "Жураўлі" настаўнік чытае вытрымкі з сачыненняў.

1. Вайна - толькі ад аднаго гэтага жудаснага слова становіцца не па сабе.
Усім вядома, што вайна - гэта заўсёды боль, несправядлівасць і жорсткасць. Яна не шкадуе нікога. Тысячы, мільёны людзей гінуць на вайне.
Гэта адно з самых цяжкіх выпрабаванняў, якое толькі можа выпасці на лес чалавека.
Мы жывём у мірны час і ўсё роўна адчуваем на сэрцы страх, калі гаворым пра вайну, а як жа адчувалі сябе тыя, хто жыў у час вайны, хто ваяваў?
Колькі людзей марылі аб добрай будучыні! Колькі парушаных лёсаў, забітых людзей - і ўсё гэта вайна - несправядлівая, жорсткая, жудасная.
Можна толькі ўяўляць, як было страшна, як хацелася жыць людзям у той час.
Мы не павінны, мы проста не маем права забываць тых мужных людзей, што змагаліся дзе­ля нас, за нашу незалежнасць.
Дзякуючы ім сёння мы жывём на мірнай зямлі.
2. Жудасная і страшэнная вайна прыйшла на беларускія землі ў саракавыя гады. Яна прынесла шмат гора і пакут. Колькі людзей загінула!
Беларусь страціла кожнага чацвёртага жыхара.
Людзі аддавалі жыццё, каб уратаваць гісторыю і незалежнасць Радзімы.
Мы ведаем, якіх мужных і адважных герояў нарадзіла наша сінявокая Беларусь.
Дык давайце ж будзем жыць так, каб маладым хлопцам і дзяўчатам не даводзілася паміраць, каб выратаваць сваю Бацькаўшчыну, каб не чулася плачу дзяцей і жанчын і кроў не лілася на зямлі нашай Радзімы.
Кожны з нас павінен зразумець гэта і зрабіць усё, каб вайна больш ніколі не паўтарылася.

Гісторыкі.
Спалена больш за 9000 вёсак, 628 з якіх было знішчана разам з людзьмі.
Вайна, быццам агонь, які знішчае ўсё, што ў яго трапляе.

Паэты.
Страціла Радзіма мая
Столькі сыноў,
Колькі ў лесе дубкоў,
Столькі дачок,
Колькі ў лузе кветак.
Праліла столькі слёз,
Колькі ў полі рос...
Пакланіцеся гэтай
Зямлі на развітанне.
А. Грачанікаў.

Вучні дзеляцца ўражаннямі па прачытанай кнізе "Шкот не забудзем".
Заслухоўваюцца тры вусныя водгукі вучняў.
Журналісты.

Мы заўсёды павінны помніць і пра тых пісьменнікаў, што ваявалі і пісалі пра вайну: Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Барыс Сачанка, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Пімен Панчанка, Анатоль Вярцінскі, Ніна Тарас, Анатоль Грачанікаў, Уладзімір Караткевіч, Яўген Крупенька, Еўдакія Лось, Пятрусь Макаль, Яраслаў Пархута і многія іншыя.
Пісьменнікі заклікалі нас да чалавечнасці, міласэрнасці, добразычлівасці, захавання цяпла душы, бо кожны разумее, што страта гэтых якасцей страшнейшая за любую вайну.

Паэты.
Лічым, чацвёрты кожны...
А можа, кожны трэці?
Голадам падкошаныя,
паміралі дзеці.
Яшчэ мы не ўлічылі тых,
што лячылі раны,
раны не залячылі –
рана паміралі.
А. Вярцінскі.

Гісторыкі.
"Баграціён" - кодавая назва наступальнай аперацыі Чырвонай Арміі, у выніку якой уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена з-пад нямецкай акупацыі. Лічыцца адной з найбуйнейшых аперацый у сусветнай гісторыі. Гераічныя старонкі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ўпісалі беларусы Л. Даватар, Ф. Смалячкоў, А. Гаравец, 3. Тусналобава, П. Купрыянаў і іншыя, хто аддаў свае жыццё ў барацьбе на палях Расіі пад Масквой, Сталінградам, Курскам.

Паэты.
Слоў няма, каб цяпер гаварыць, -
яны анямелі,
Слёз няма, каб наўзрыд праліць, -
яны скамянелі.
На руінах стаю адна ў суровым маўчанні,
А навокал - вайна, вайна...
Н. Тарас.

Журналісты.
Ніколі не згасне памяць пра тых, хто аддаў свае жыцці, каб мы маглі сёння збіраць кветкі, любавацца прасторамі роднага краю, вывучаць яго багацці...

Гучыць запіс песні "Жураўлі".
На дошку вывешваюцца заклікі.
1."Людзі, беражыце жыццё і мір на зямлі!"
2."Мы - за блакітнае і сонечнае неба надгалавой!"
3. "Мы - супраць вайны!"

Заключнае слова настаўніка.
Памяць... Яна ўжо шмат гадоў гарыць, палае ў сэрцах мільёнаў людзей незагойным болем.
Няхай яна гарыць і ў нашай душы. На зямлі павінна перамагчы жыццё. Жыццё - гэта аснова, а таму давайце будзем жыць так, каб вайна больш ніколі не паўтарылася. Як пісала адна з вучаніц у вершы "Мірнае неба":
Вайна - гэта боль,
вайна - гэта жаль.
Мірнага неба, Божа,
нам дай!
Усмешкі на тварах
будуць няхай!
Сонца хай свеціць,
быццам бы май.
Мірнага неба, Божа,
нам дай!

Зварот да эпіграфа, вучні тлумачаць значэнне выразу "Наш доўг - наша памяць".

Запальваецца свечка, хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць загінулых.


Яшчэ на гэту тэму:

Хай будзе ясным неба над зямлёй!     "Мы захаваем для нашчадкаў мір!"