сцэнарыі святаў на беларускай мове

А. У. ЗІНКЕВІЧ, Н. В. НЯБОРСКАЯ, настаўнікі гімназіі № 23 г. Мінска. Пачатковая школа Снежань 2006 г.

Пяшчотная матуліна мова

Сцэнарый ранішніка

Мэта: выхаванне ў вучняў нацыянальнай самасвядомасці праз асэнсаванне нацыянальных каштоўнасцей, традыцый, творчай і сацыяльнай самарэалізацыі кожнага вучня.

Задачы:
1. Фарміраванне сістэмы духоўных каштоўнасцей,
такіх як сям'я (аўтарытэт бацькоў), сяброўства.
2. Выхаванне любові да мастацкага слова.
3. Развіццё цікавасці да вывучэння роднай мовы.
4. Вызначэнне і падтрымка творчага патэнцыялу кожнага вучня.
5. Выхаванне пачуцця ўзаемадапамогі і ўзаемапавагі, а таксама павагі да суседніх народаў і іх моў.
6. Развіццё навыкаў самавыхавання, самакіравання.

Ход мерапрыемства

Гучыць сумная мелодыя, на сцэне дэкарацыі восеньскага пейзажу, з'яўляюцца вучні — вядучы і вядучая.

Вядучы. Прывітанне, Аніка.
Вядучая. Прывітанне, Казік! Чаму ты такі сумны?
Вядучы. Няма настрою. Хацеў матулю павіншаваць са святам, але не ведаю, як! А ты чаму невясёлая?
Вядучая. Нам настаўніца задала вершык вывучыць пра родную мову, а я ніяк не магу выбраць.
Вядучы. А хочаш, я табе дапамагу?
Вядучая. Я тое ж самае хацела табе прапанаваць. Давай думаць разам.
Вядучы. А мне мама казала: "За двума зайцамі пагонішся — ніводнага не зловіш". Як мы будзем дзве розныя справы адначасова рабіць?
Вядучая. Не хвалюйся! Мы ж разам. Акрамя таго, можа, гэтыя справы не такія ўжо розныя.
Разам. Мама, мова, мова, мама...
Вядучы. Ой, прыдумаў!
Вядучая. Ой, прыдумала!

На экране з'яўляецца надпіс "Свята матулінай мовы". Гучыць урачыстая мелодыя. Вядучыя звяртаюцца да гледачоў.

Вядучы. Добры дзень, паважаныя сябры!
Вядучая. Запрашаем вас на свята матулінай мовы!

Вучань чытае верш А. Пысіна "Дала мне маці гэту мову...".

Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет.
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
3 такою моваю не сорам
I да суседзяў — хоць на Марс.
3 любым народам мы гаворым,
I людзі разумеюць нас.

Вядучы. Мама, маці, матуля! Словы гэтыя гучаць музыкай жыцця, шчырасці, пяшчоты.

Вучаніца чытае верш Я. Крупенькі "Мама".

Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
За дзяцей хвалявацца і перажываць.
Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць.
Так, як маці, ніхто цябе не зразумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...

Вядучы. Аніка, як ты думаеш, якое самае запаветнае жаданне нашых мам?
Вядучая. Я думаю — бачыць сваіх дзяцей шчаслівымі.
Вядучы. А шчаслівымі — гэта як?
Вядучая. Ой, Казік, любіш ты загадкі загадваць!
Вядучы. Люблю! Я іх столькі ведаю!
Вядучая. А хтосьці любіць адгадваць загадкі.
Вядучы (звяртаецца да гледачоў). Ну, слухайце! А Аніка мне дапаможа.

Вядучыя загадваюць загадкі па чарзе, пасля адказаў гледачоў на экране з'яўляюцца малюнкі-адгадкі.

Нос вусаты, лоб паласаты,
хвосцік пушысты, сам кіпцюрысты.
(Кот.)

У лазню ідзе чорным, выходзіць чырвоным.
(Рак.)

Дзяўчынка кветку ўзяць хацела, а кветка — пырх і паляцела.
Завецца як жа кветка тая, што крылцы мае і лятае?
(Матылёк.)

Круглы, як мяч, салодкі, як мёд, зверху зялёны, а ўнутры чырвоны.
(Кавун.)

На лузе браточкі з адной сямейкі: залатыя вочкі, беленькія вейкі.
(Рамонкі.)

Чорная карова ўсіх папарола, белая прыйшла — усіх падняла.
(Дзень — ноч.)

Хвалюе водарам, красою, але ня проста ўзяць рукою:
галава — пахучая, тулава — калючае.
(Ружа.)

Маленькі сам, нос доўгі, колкі, танчэй, вастрэй любой іголкі.
Пакуль ляцеў — усё крычаў, а толькі сеў — і замаўчаў.
(Камар.)

Я расту не на ствале, я заўсёды на стале.
Мяне ўкусіш, небарача, дык адразу і заплачаш.
(Цыбуля.)

Уздоўж дарогі сталі ў рад сёстры, нібы на парад.
У спаднічках белых, вузкіх, у зялёных пышных блузках.
(Бярозы.)


Вядучы. Колькі цікавага ў нашай мове! Калі мы былі маленькія, мамы вучылі нас першым словам, загадвалі загадкі, спявалі калыханкі.
Вядучая. 3 матчынай калыханкі, бы з чысцюткай крынічкі, пачынаецца ўсё лепшае ў чалавеку.
З'яўляюцца лясныя жыхары (вожычыха, зайчыха, салавей, варона).
Вядучы. Цікава, пра што яны там спрачаюцца?
Вядучая. Давай паслухаем!
Вядучы. А мне мама казала, што падслухваць чужыя размовы непрыгожа.
Вядучая. Гэта калі б мы да іх у лес прыйшлі, а калі яны да нас завіталі, значыць ім наша дапамога патрэбна.
Вядучы. Ну, гэта іншая справа! I няхай яны сябе адчуваюць у нас, як у казачным лесе.
На экране малюнак з надпісам "Казачны лес".
Інсцэніруецца казка А. Ахмедавай "Калыханка" (гл. падручнік "Буслянка". 3 клас / уклад. А. В. Вольскі, I. А. Гімпель. — Мінск, 1997.)- Затым дзяўчынкі выконваюць песню "Калыханка".


Вучаніца чытае верш М. Танка "Усіх нас гадуюць матчыны казкі".
Усіх нас гадуюць матчыны казкі.
Яны вучаць родную мову любіць,
3 няпраўдай змагацца, а з праўдай дружыць
I аб недасяжным і сонечным марыць.

Вядучая. Цікава, лясныя жыхары у нас дапамогі прасілі, а самі нам дапамаглі — нагадалі пра матуліны казкі.
Вядучы. Вось як добра быць гасціннымі і ветлівымі: чаму-небудзь добраму ад гасцей навучышся.
Вядучая. Дарэчы, аб ветлівасці: прыгадаем, як трэба вітацца на нашай роднай мове.
Вучань чытае верш В. Віткі "Чатыры пажаданні".

Добра, калі ты змалку
Можаш вітаць людзей.
Раніцай: "Добрага ранку!"
I апаўдня: "Добры дзень!"
Увечары пры сустрэчы
Знаёмым сказаць: "Добры вечар!"
А соннаму сонейку нанач
I ўсім добрым людзям: "Дабранач!"
Вядучы. Акрамя роднай, беларускай, мы вывучаем рускую, англійскую мову, а некаторыя пачалі вывучаць кітайскую. Цікава, навошта?
Вядучая. Я думаю, што нашаму госцю з іншай краіны будзе прыемна, калі мы зможам павітацца з ім на яго роднай мове.

Вучаніца чытае верш В. Жуковіча "Родная мова".
Мілая мова твая паэтычная, спеўная і гаваркая яна,
Свеціцца ўсёй чысцінёю крынічнаю, водарам дыхае, быццам вясна.

Вучань чытае верш А. Канапелькі "Адкрываю, як свет, нанова...".
Адкрываю, як свет, нанова
Беларускае роднае слова,
Пералівістае — як каменьчык,
Вясёлкавае — як ручай,
Цёплае — як агеньчык
Добрых тваіх вачэй.

Вядучы. Гэтыя словы прысвечаны маці, а таксама прыгажосці роднай мовы, на якой трэба размаўляць так, каб кожнае слоўца зіхацела і пералівалася.

Вядучая. Давайце паслухаем, што ў народзе кажуць пра маці.

Паказваецца відэазапіс з выказваннямі дзяцей:
• Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра.
• Маміна крыло і ў дарозе цёплае.
• Маміны рукі самыя мяккія.
• Мякка спіцца на руках тваіх, мама.
• Смачна спіцца на руках тваіх, мама.
• Добра марыцца на руках тваіх, мама.
• Самыя дбайныя рукі — матчыны.
• Самае чуйнае сэрца — матчына.
• Самае шчырае сэрца — матчына.
• Самая светлая радасць — матчына.

Вядучая. Маці дае нам мову, але і мова не пашкадавала пяшчотных, ласкавых слоў, каб аддзячыць матулям.
Паказваецца відэазапіс з фотаздымкамі мам і выказваннямі дзяцей аб тым, якія ў іх мамы.

Вядучы. Сапраўднае свята ў нас атрымалася: былі і казкі, і песні, і загадкі, і вершы.
Вядучая. Я паспрабую напісаць верш сама, бо я столькі сёння пачула пяшчотных, вясёлкавых, пералівістых слоў, што яны самі сабою складаюцца ў верш.
Вядучы. Я таксама прыдумаю вершык і падару яго маме, бо няма лепшага падарунка, як той, што ты робіш ад шчырага сэрца.
Вядучая. Гэта табе таксама мама казала?
Вядучы. Вядома!

Гучыць музыка. Усе дзеці выходзяць на сцэну і па чарзе гавораць развітальныя словы:
• Дзякуй табе, мова родная, за тое, што падарыла нам гэтае свята!
• Дзякуй вам, матулі, затое, што падарылі нам жыццё!
• Дзякуй вам, госці, за тое, што не забыліся прыйсці на наша свята!
• Дарагія нашы матулі! Мы вас вельмі любім!



Яшчэ на гэту тэму:

Спачатку было слова     "Багата, родная ты мова..."